ОБ АВТОРЕ

Родилась в Минске.

Закончила институт журналистики БГУ по специальности «Журналист радио и телевидение».

Работает в газете «Народная Воля» и гордится этим.

Лауреат премии «Вольнае слова» за 2012 года в номинации «Дэбют».

ЕЩЕ МАТЕРИАЛЫ ЭТОГО АВТОРА

    Материалы отсутствуют

Вы здесь

Містыфікацыя і ніякага махлярства

Падчас чарговых Гарэцкіх чытанняў, што днямі праходзілі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, адбыўся цуд…

Можна спрачацца, але іншай дэфініцыі працэсу, калі міф абрастае рэальнасцю, я прыдумаць не магу. А адбылося менавіта гэта - прыгожая і таленавітая містыфікацыя журналіста і пісьменніка Сяргея Дубаўца стала рэальнасцю.

На пачатку лютага ў сваім блогу на сайце Радыё Свабода Дубавец змясціў допіс “Асколкі літаратурнай перапіскі”, дзе апісаў выдуманыя кавалачкі ніколі не існуючых лістоў знакамітых пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя. Усе лісты тычыліся творчасці Максіма Гарэцкага і яго месца ў сусветнай літаратуры. Містыфікацыя з інтэрнэту перавандравала ў выступленне аднаго з дакладчыкаў на Гарэцкіх чытаннях, а адтуль -- на старонкі “Народнай Волі” у тэкст “Лісты каханай Максім Гарэцкі пісаў штодзённа”. Праўда, ужо ў выглядзе факта медыцынскага, як любіў казаць філосаф і журналіст Аляксандр Грыцанаў.

На шчасце, знайшліся знаўцы, што змаглі ўказаць на памылку, - маўляў, спадарыня Малевіч, а разам з ёю і рэдактура з карэктурай, прагледзелі літаратурны канфуз, павяліся на цытату спецыяліста, не праверыўшы факты. Так бы мовіць, ажывілі містыфікацыю Дубаўца.

Як аўтар таго самага “скандальнага матэрыялу”, не магу вінаваціць іншых у сваёй памылцы. Дый сэнсу не бачу. Цытата з Дубаўца прагучала на сур’ёзнай канферэнцыі з вуснаў паважанага і прыемнага чалавека. Магчыма, гэта быў такі тонкі жарт. З тых, на які трэба рэагаваць рафініраванай усмешкай – ну, мы ж бачым, дзе тут падвох. Ведаеце, я не заўважыла тых самых усмешак. Асабістых ведаў мне не хапіла, каб сказаць: гэта fake, памылка, фальсіфікацыя, а ўслых ці паводзінамі ніхто выступоўцу не расшыфраваў. Што ж, я няправільна расцаніла невербальныя сімвалы, падумаўшы, што маўчанне - прыкмета згоды…

На жаль, Кафка з Гашакам не абмяркоўвалі творчасць Гарэцкага, а Камю не пісаў Сартру пра беларускага класіка. Маглі б. Але не склалася. Містыфікацыя Сяргея Дубаўца толькі намякнула - не забывайцеся, што наш суайчыннік ствараў выдатнейшыя творы, вартыя самай пільнай увагі. Са свайго боку хачу папрасіць прабачэння ў чытачоў, што лічаць сябе падманутымі.

Мусіць, каб канчаткова расставіць усе кропкі над “і”, трэба крыху паразважаць аб агульнай адукацыйнай занядбанасці і, не пабаюся гэтага слова, дэградацыі. Што ж, канстатую: большасць маладых беларусаў ва ўзросце да 30 гадоў увогуле не ведаюць, хто такі Максім Гарэцкі, а калі ведаюць, то не назавуць вам ніводнага твора гэтага пісьменніка. Гэта не перабольшванне, можаце самі правесці апытанне. Можна злавацца, крычаць уголас, але гэта таксама факт. На жаль.

Так што гульню ў ажыўленне містыфікацыі Дубаўца мне прыемней лічыць нагодай для таго, каб яшчэ раз узгадаць імя цудоўнага беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага. Ну а каму хочацца яшчэ раз панаракаць на пануючую ў галовах маладых разруху - калі ласка…

ДАРЭЧЫ

У амерыканскай культуры ёсць такое цікавае паняцце - Easter eggs, ці “велікодныя яйкі”. За акіянам на Вялікдзень прынята хаваць у садзе пачастунак, каб дзеці самі яго шукалі. А яшчэ велікоднымі яйкамі называюць прыхаваныя ў літаратуры, кінематографе і нават камп’ютарных гульнях адсылкі да іншых твораў. Можна сказаць, што такое “велікоднае яйка” схавалася і ў тэксце “Народнай Волі”. Праўда, распавялі нам аб сваёй знаходцы толькі два чалавекі, якія, абураныя, патэлефанавалі ў рэдакцыю. За што ім, канешне, вялікі дзякуй!

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: