ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

За аўтарскія правы можна баніць дзве траціны Байнэту

В фокусе

 

Венская канферэнцыя АБСЕ ў пытаннях інтэрнэту лішні раз засведчыла павярхоўнасць нашых анлайнавых (ды і не толькі анлайнавых) медыяў. Россып публікацый быў вытрыманы ў духу гогалеўскага сюжэту “Як пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нічыпаравічам”. То бок Юрый Зісер з Наталляй Радзінай (плюс фонам, з вялікай фуршэтнай талеркай — прадстаўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Уладзімір Рабаволаў, якому перапала з усіх бакоў).

Дзясяткі рэсурсаў пасмакавалі тую сварку. Хто на каго як сказаў, падасць ці не падасць ўладальнік ТUT.BY у суд, ці будзе сустрэчны пазоў ад рэдактаркі “Хартыі”

Зрэшты, цікавасць да смажанага, да скандальнай тэматыкі зразумелая. Прыкрым ёсць іншае: толькі лічаныя медыі паспрабавалі скарыстаць каскад гучных інфармацыйных нагод, каб разабрацца ў сутнасці праблем, якім і была прысвечана тая канферэнцыя. Пры тым што балючых пытанняў у Байнэце — два вазы і цэбар.

 

Ругайн прыціснуў Рабаволава мацней, чым Радзіна

Напрыклад, тэму чорных спісаў Байнэту трохі капнулі хіба што “Радыё Свабода” ды “Еўрарадыё”. У прыватнасці, Віталь Ругайн з “Еўрарадыё” карэктна сфармуляванымі, але вострымі пытаннямі добра прыціснуў таго ж Рабаволава. Для ўдумлівага чытача/слухача карысці ад такой гутаркі непараўнальна болей, чым ад абмену ярлыкамі.

Дарэчы, грунтоўны тэкст “Як мяне “карумпавалі” змясціў у сваім блогу закрануты за жывое Юрый Зісер. Прычым тэкст каштоўны тым, што ў палеміцы з Радзінай аўтар даў добры зрэз праблематыкі Байнэту, россып красамоўнай фактуры.

Для многіх, бадай, стала адкрыццём, што за апошнія паўтара года “Хартыя” страціла вялізную частку беларускай аўдыторыі. Паводле gemiusAudience, у ліпені 2011 года ахоп аўдыторыі быў 13,19%, а ў студзені 2013-га — толькі 6,25%. Што да колькасці унікальных наведнікаў, то за год — са снежня 2011-га па снежань 2012-га — рэсурс спікіраваў з 16-га месца на 52-е.

Пры гэтым Зісер адзначае, што ўсплёск папулярнасці “Хартыі” назіраўся акурат адразу пасля яе ўнясення ў чорны спіс. З чаго робіцца выснова: “На месцы Генпракуратуры, што змясціла сайт у “чорны спіс”, я б прыбраў его адтуль: прысутнасць сайта ў гэтым спісе толькі папулярызуе рэсурс”.

 

Чыноўнікам развязаны рукі

З майго ж гледзішча, найперш варта казаць пра тое, што заганным ёсць сам парадак складання гэтых чорных інтэрнэт-спісаў. Нагадаю, што ён рэгламентуецца пастановай ААЦ ды Мінсувязі № 4/11 ад 29 чэрвеня 2010 года.

Дык вось, паводле гэтага падзаконнага акта, права баніць сайты нададзена Камітэту дзяржкантролю, Генеральнай пракуратуры, самому ААЦ, а таксама “рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання”. Прасцей кажучы, развязаны рукі шырокаму колу чыноўнікаў. Яны могуць караць анлайнавыя рэсурсы без усялякага суда і следства, без грамадскага кантролю.

І тое, што чорныя спісы на сёння невялікія (паводле Рабаволава, у іх 119 сайтаў), выглядае слабым суцяшэннем. У любы момант чыноўнікі могуць пашырыць тыя спісы, наколькі захочуць.

Але Рабаволаў, гледзячы па ўсім, не надта добра ведае і тую пастанову, што складзена ў ягонай жа структуры. Яго падлавілі на недакладнай трактоўцы прычын, паводле якіх у чорныя спісы патрапілі “Хартыя” і “Белорусский партизан”.

У інтэрв’ю “Радыё Свабода” першы намеснік начальніка ААЦ зазначыў: «Наколькі мне вядома, да “Хартыі-97” і “Белапартызана” былі пытанні па аўтарскіх правах і журналісцкай этыцы”.

Насамрэч Генпракуратура ў свой час патлумачыла блакаванне згаданых сайтаў тым, што яны заклікалі да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, а таксама дапускалі знявагі, у тым ліку чыноўнікаў, у каментарах наведнікаў.

Калі ж вывучыць першакрыніцу, то высвятляецца: пастанова № 4/11 наогул не прадугледжвае сярод прычын для блакавання сайтаў ні анонсы мітынгаў (што да экстрэмізму, то гэта трэба яшчэ даказаць), ні парушэнне этыкі ды аўтарскіх правоў.

Такім чынам, нават свой драконаўскі дакумент наверсе трактуюць як левая нага захоча. І за непублічным механізмам чорных спісаў у выпадку згаданых рэсурсаў тырчаць палітычныя вушы.

 

Хто ловіць рыбку у мутнай вадзе

Але гэта адзін бок медаля. З іншага боку, Рабаволаў, як ні сумна, мае рацыю, згадваючы аб праблемах з аўтарскімі правамі ды этыкай.

На жаль, і “Партызан”, і “Хартыя” (дзеля справядлівасці дадамо, што не толькі яны) поўныя прыкладаў некарэктных перадрукаў: з утопленымі спасылкамі, без згадвання пра аўтарства матэрыялаў і г.д. Не буду траціць плошчу на прыклады, тым болей што не аднойчы пісаў пра гэта на Меdiakritika.by.

Зрэшты, адзін свежы прыклад прывяду. 24 лютага на “Хартыі” з’явіўся тэкст “Інвестарам прапануюць лавіць рыбку ў мутнай вадзе”. Гэта перадрук аўтарскага артыкула “Беларусь прапануе інвестарам лавіць рыбку ў мутнай вадзе” з Naviny.by.

Пры гэтым спасылка на першакрыніцу схаваная ў канец другога абзацу тэксту, звыш таго, яна выводзіць не на арыгінал матэрыялу, а на галоўную старонку “Навінаў”.

Акрамя таго, адсечана прозвішча аўтаркі — галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай. Такім чынам, мы маем відавочнае парушэнне закону “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”.

Вось і мяркуйце, хто такім чынам ловіць рыбку ў мутнай вадзе.

 

Аўтарам — брацкая магіла, “качкам” ды хамству — раскоша

Маё маралітэ простае: тое, што рэжым ужывае недазволеныя прыёмы, зусім не азначае, што закон і прафесійную мараль можна ігнараваць тым, хто ўважае сябе за прадстаўнікоў дэмакратычнай журналістыкі. Наадварот, яны мусяць падаваць прыклад, быць узорам таго, як трэба шанаваць адпаведныя каноны. Іначай за што змагаюцца? За рэвалюцыйны “беспредел”?

Нізкай культурай перадрукаў, распаўсюдам неправераных звестак, бязмежным хамствам у каментах грашаць многія айчынныя вэб-рэсурсы. І калі б ААЦ сёння сапраўды надумаў баніць сайты за такія грахі, то капец быў бы палове, а то і большай частцы Байнэту.

Зрэшты, калі быць да канца аб’ектыўным, то варта адзначыць: сітуацыя ўсё ж пакрысе выпраўляецца, зусім ужо нахабнага крадзяжу чужога кантэнту становіцца меней (пры тым што ў пытаннях культуры каментаў, журналісцкай этыкі ў сацыяльных сетках — конь не валяўся).

Нават тая ж “Хартыя” нядаўна перадрукавала адзін мой артыкул амаль што па ўсіх правілах і нават з фота аўтара. І “Партызан” з пэўнага часу стаў рабіць падобным чынам. Але, бадай, таму, што Класкоўскі ўжо плех праеў з гэтымі аўтарскімі правамі.

А вось імёны маіх меней скандальных калегаў, якія між тым таксама ствараюць эксклюзіўны аўтарскі кантэнт, многія сайты, што жывуць з перадрукаў, па-ранейшаму хаваюць ў сваіх брацкіх магілах.

 

Жыццё змусіць вэб-медыі самарэгулявацца

Між тым я аптыміст і ўпэўнены, што эпоха пірацкага інтэрнэту сыходзіць. Не за гарамі час, калі ўсталюецца практыка судовых пазоваў за незаконны капіпаст, і гэта многіх ацвярэзіць.

Паралельна ў Байнэце давядзецца ўзмацняць самарэгуляцыю, выпрацоўваць адмысловыя рэкамендацыі датычна анлайнавай журналісцкай этыкі, як гэта робяць медыйныя рады і амбудсмены ў заходніх краінах.

Там, дарэчы, хоць і дэмакратыя, і няма ніякіх ААЦ, але грамадская рэгламентацыя ў гэтых пытаннях непараўнальна болей жорсткая, чым у нашай дыктатуры. Што цалкам слушна, бо сапраўдная свабода заўжды шчыльна знітавана са сталасцю, адказнасцю, культурай дачыненняў. Да гэтага нашым вэб-медыям яшчэ расці ды расці.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: