ОБ АВТОРЕ

Журналіст, медыяэксперт.

Лаўрэат прэміі «Dot-Журналистика» ў намінацыі «За пределами Рунета» ў 2012, 2013, 2014 гадах

Выпускнік Літоўскага эдукалагічнага ўніверсітэта.

Працаваў рэпарцёрам у газетах «Чырвоная змена» і «Свабода», рэдактарам на радыёстанцыі «Крынiца» Беларускага радыё.

Супрацоўнічаў з радыёстанцыямі «Юность/Молодежный канал» (Масква), «Радыё Рацыя» (Беласток), Deutsche Welle (Бон), газетамі «Экспресс-хроника» (Масква), «Бизнес&Балтия» (Рыга), «Лабрит» (Рыга), «Караван» (Алматы), «Общая газета» (Масква).

З 1995 па 2015 г. - супрацоўнік недзяржаўнага аналітычнага тыднёвіка «Белорусы и рынок», быў загадчыкам аддзела грамадска-палітычнай інфармацыі.

Вы здесь

Ці пагражае смерць беларускай журналістыцы?

В фокусе

Беларускай аўдыторыі не хапае навін, фактаў і меркаванняў. Разам з тым беларусы ў адпаведнасці з сусветнай тэндэнцыяй самі абмяжоўваюць свой доступ да інфармацыі, бо не могуць спажыць лавіну навін, фактаў і меркаванняў, якая ім прапануецца.

Даследаванні кантэнту беларускіх выданняў паказваюць наяўнасць свайго кшталту статкавага інстынкту – адны і тыя ж тэмы фармуюць парадак дня ва ўсіх. Не, канечне, ёсць адрозненні. Напрыклад, дзяржаўныя выданні ў упор не бачаць існаванне палітычнай апазіцыі, а некаторыя незалежныя СМІ разглядаюць яе пад мікраскопам, хаця ўсё роўна больш пішуць пра прэзідэнта. Іншыя тэмы ва ўсіх выданнях збольшага супадаюць, хаця і могуць падавацца з супрацьлеглымі каментарамі. Галоўным ньюзмейкерам для пераважнай большасці СМІ з'яўляецца прэзідэнт Беларусі.

Толькі рэгіянальныя і нішавыя (спецыялізаваныя) выданні выбіваюцца з агульнага натоўпу, бо прынамсі спрабуюць арыентавацца на патрэбы сваёй аўдыторыі. Яны падымаюць "неагульныя" тэмы, якія часам трапляюць у трэнд і робяцца пачаткам хвалі публікацый у астатнім медыйным натоўпе.

Масавыя беларускія выданні вельмі падобныя. Нездарма чытачы цяпер вельмі рэдка набываюць у шапіках "Саюздруку" некалькі газет, бо ўсе пішуць пра адно і тое ж, і вельмі часта гэта не зусім навіны, а іх паўфабрыкат – прэс-рэлізы прэс-службы прэзідэнта, паведамленні інфармагенцтваў. Яшчэ ёсць бязмежныя інтэрв'ю "з кампетэнтным суразмоўцам" (вельмі часта без бачнай нагоды) і агульныя разважанні так бы мовіць публіцыстычнага кшталту на папулярную з часоў Гесіода тэму пагаршэння чалавечага роду, побыту і маралі.

Аўтару гэтых радкоў шмат разоў даводзілася рабіць кантэнт-аналіз публікацый шэрагу беларускіх СМІ. Не толькі тэмы, але нават частотныя словы збольшага супадаюць. У TOP найбольш частотных уваходзяць словы, якія называюць нашу краіну, прэзідэнта, абстрактную ўладу, суседнія краіны, грошы і "чалавек-людзі".

Чаго няма – канкрэтнага чалавека, які плаціць свой кроўны рубель за газету і амаль не мае шансаў прачытаць пра сябе і такіх як ён, пра праблемы, якія яго хвалююць, і пра падзеі, якія могуць тычыцца яго жыцця. Нават лісты ў рэдакцыю досыць часта бываюць менавіта водгукам на публіцыстыку, а не заяўкай на тэму так бы мовіць "маленькага чалавека".

Калі пагугліць запыт са словамі "все чаще" ("усё часцей"), то можна знайсці тысячы дзіўнаватых тэкстаў:

?     "Минчане все чаще уезжают за границу",

?     "Все чаще гомельчане погибают от алкогольной передозировки",

?     "Фото: Белорусы все чаще покупают небелорусские товары",

?     "Жители республики стали все чаще жаловаться",

?     "Минчане все чаще обращаются в ЖЭСы за услугой по ремонту жилья",

?     "Сегодня потребитель все чаще отдает предпочтение полуфабрикатам и продуктам быстрого приготовления",

?     "Жители Брестской области все чаще используют электронную форму общения с властью",

?     "«Сіньхуа»: Беларускі ўсё часцей хочуць выйсці замуж за кітайца",

?     "Высокапастаўленыя міліцыянеры ўсё часцей зводзяць рахункі з жыццём"

і гэтак надалей.

Можна канечне знайсці тэксты, дзе ўжыванне "все чаще" было сапраўды абгрунтавана, але ў большасці выпадкаў гэтае спалучэнне ўжываецца штучна для стварэння на пустым месцы інфармацыйнай нагоды. Разам з назвай жыхароў краіны або пэўнага населенага пункта, або сацыяльнай групы гэтае спалучэнне дае не менш штучнае абагульненне. У выніку ў аўдыторыі мусіць скласціся памылковае ўяўленне пра тэндэнцыю, якой насамрэч няма. Аднак у Беларусі "усё часцей" сустракаюцца пісьменныя чытачы, якія робяць высновы не пра напісанае, а пра таго, хто пісаў, і адмаўляюць яму ў даверы.

Між іншым, гэта "все чаще" можа быць прыкметай не толькі журналісцкага штампа, але і адной з праяў хваробы беларускай журналістыкі. Тэхналагічна справа выглядае так: Белстат дае некалькі лічбаў, а з іх з дапамогай агульнай эрудыцыі і журналісцкіх штампаў аўтар нараджае тэкст, якія спрабуе выдаць за навіну.

У рэдкіх выпадках аўтары звяртаюцца да экспертаў, а яшчэ радзей спрабуюць падаць тэму праз чалавечую гісторыю – ужо не выдаючы яе за навіну. Вось гэтыя рэдкія выпадкі мы гатовы лічыць узорнай журналістыкай, нават калі эксперты не зусім эксперты, гісторыі непраўдападобныя, а іх падбор выглядае тэндэнцыйным.

Значная частка супрацоўнікаў СМІ пераўтварылася ў кабінетных работнікаў, якія чытаюць чужыя навіны, а потым шукаюць для іх уласны каментар. А некаторыя і не шукаюць, але пра рэрайт запазычанага кантэнету будзе крыху пазней. Тут важна, што гэтыя журналісты амаль не выходзяць са сваіх кабінетаў паляваць на навіны, а чакаюць ля ракі паведамленняў інфармацыйных агенцтваў ці не праплыве свежы труп навіны. Не дзіва, што ў выніку СМІ хварэюць на невыразнасць індывідуальных рысаў.

Зрэшты рэгіянальныя і нішавыя СМІ таксама не пазбаўленыя цалкам статкавага інстынкту і публіцыстычнага плачу пра мінанне залатога веку. Яны разам з усімі іншымі вельмі любяць весці хроніку дзейнасці ўлады, цытаваць бюракратаў і далёка не заўсёды факусіруюцца на тым, што канкрэтна мяняецца з прыняццем уладамі таго або іншага рашэння. Да плюсоў мясцовых СМІ – там ёсць апытанні жыхароў горада і расповяд пра здарэнні.

Разам з тым, ёсць цэлая катэгорыя СМІ, дзе практычна адсутнічаюць навіны – гэта FM-радыёстанцыі і мясцовыя кабельныя тэлеканалы (калі не лічыць за навіны прагноз сіноптыкаў і рэкламныя аб'явы).

На гэтым радыё пад відам навін, як правіла, прапануецца сусветны забаўляльны калейдаскоп з дадаткам афіцыйнай хронікі дзеянняў беларускай улады. Вельмі-вельмі рэдка з'яўляецца сервісная інфармацыя для аўтамабілістаў – кшталту новых цэн на паліва або абмежавання руху па пэўных вуліцах.

Выключэнне, канечне, складаюць Першая праграма Беларускага радыё і радыёстанцыя "Сталіца", дзе захаваліся інфармацыйныя службы, здольныя рыхтаваць выпускі навін. Але і тут вельмі часта за навіны выдаюць хроніку дзейнасці ўлады.

Прыватныя і напаўпрыватныя FM-радыёстанцыі пазбавіліся раскошы рабіць навіны прыкладна дзесяць год таму пад ціскам чыноўнікаў ад інфармацыі. Тады ж мясцовыя тэлекампаніі амаль поўнасцю спынілі выраб навінных перадач. Хто не застаў той час, можа нават не паверыць, што такое было, бо каналы ўсяго толькі зрабілі крок назад, калі абмежавалі выраб свайго кантэнту бясконцымі віншаваннямі і спачуваннямі. Там дзе аператараў не скарацілі, яны здымаюць дакументальныя фільмы і відэанарысы.

Многія беларускія выданні выкарыстоўваюць запазычаны кантэнт, хаця і не прэтэндуюць на ролю агрэгатараў навін. У штодзённых газет даходзіць да таго, што толькі 30% матэрыялаў пішуць супрацоўнікі рэдакцыі. Праўда гэтая трыццатка вельмі важкая па колькасці слоў, бо складаецца пераважна з матэрыялаў не інфармацыйных жанраў, якія імкнуцца да вялікага аб'ёму. А навіны яны бяруць у інфармацыйных агенцтваў і нават у агрэгатараў навін. Аўтар гэтых радкоў неаднаразова заўважаў, што ў рубрыцы "найбольш чытанае" на сайтах некаторых выданняў у TOP траплялі не проста перадрукі, а нават перадрукі-перадрукаў, знойдзеныя агрэгатарамі навін...

Ёсць некамерцыйныя медыапраекты, якія ўвогуле не друкуюць навіны і не маюць у рэдакцыі ні воднага чалавека, які б меў абавязкам збор інфармацыі за межамі працоўнага кабінета – нават з дапамогай тэлефона. З другога боку у калекцыі аўтара ёсць прыклад мясцовага рэкламнага выдання, якое мае калонку навін, цалкам узятых у агенцтва БелаПАН. Больш за тое, там пад калонкай навін нават надрукаваны тэлефон і e-mail гэтага інфармагенцтва, каб у выпадку нейкіх пытанняў чытачы зусім не турбавалі рэдакцыю газеты.

Калі параўнаць масавыя нацыянальныя і мясцовыя (нішавыя) выданні, то апошнія з'яўляюцца лідэрамі па эксклюзіўнасці – ім няма ў каго запазычыць кантэнт і даводзіцца самім яго ствараць. А нацыянальныя спасылаюцца на недахоп сродкаў.

Праблема сродкаў сапраўды стаіць вельмі востра. Пасля дэвальвацыі беларускага рубля ў 2011 годзе практычна ўсе выданні скарацілі колькасць вырабу матэрыялаў (некаторыя больш як на палову) і не здолелі ў 2012 годзе вярнуцца на дакрызісны ўзровень. Аднак надалей выдаўцоў чакаюць новыя выклікі, таму хутчэй за ўсё 2011 і 2012 гады шмат хто будзе ўзгадваць як залаты час.

Ёсць сусветная тэндэнцыя крызісу фінансавага стану традыйных медыа: яны скарачаюць выдаткі і колькасць супрацоўнікаў, яны зачыняюць друкаваны выпуск або цалкам выданне, яны прадаюць хмарачосы ў цэнтры горада і арэндуюць офісы на ўскраіне.

Калі вы жадаеце сапраўды зразумець, што адбываецца са СМІ, то звярніце ўвагу як размяркоўваюцца грошы ад рэкламы. Паводле дадзеных міжнароднага рэкламнага агенцтва ZenithOptimedia аўдыторыя традыцыйных медыа год ад году перацякае у інтэрнэт. Для друкаваных выданняў гэта найперш вядзе да падзення накладаў, а адпаведна і даходаў ад продажу асобнікаў. На рэкламным рынку з'явілася ніша інтэрнэт-рэкламы, якая кожны год ад'ядае большы кавалак агульнага пірага ў прэсы, радыё, "наружкі" (outdoor) і нават у тэлебачання. Пры гэтым вядомыя сёння спосабы манетызацыі кантэнту ў інтэрнэце найперш выгодныя для агрэгатараў навін, а не для іх стваральнікаў.

У Беларусі сітуацыя ідзе паводле агульнай тэндэнцыі, але даводзіцца да абсурду з прычыны вельмі малога па аб'ёме рэкламнага рынку. Стваральнікі валавага ўнутранага прадукту з большага знаходзяцца ў руках дзяржавы і не маюць патрэбы ў размяшчэнні ў Беларусі рэкламы, бо свой прадукт прадаюць за мяжой.

Гэтак нават агрэгатарам навін робіцца складана зарабляць, бо ім не хапае не толькі беларускай рэкламы, але і беларускай аўдыторыі, якая мае звычку аддаваць перавагу замежным сайтам і ў Байнеце не бачыць для сябе шмат цікавага. У мэтах эканоміі многія выданні пераносяць цяжар з вырабу кантэнту, на яго запазычанне і пераказ. Цікавага не робіцца болей ні ў традыцыйных, ні ў інтэрнэт медыа. Замкнёнае кола?

Сучасны чалавек сутыкаецца з лавінай інфармацыі, якую ён пры ўсім жаданні не можа спажыць. Можна разважаць пра тое, як сацыяльныя сеткі выконваюць функцыі фільтра гэтай інфармацыі, бо прапануюць чытаць матэрыялы, на якія спасылаюцца твае сябры, а значыць гэтыя тэксты заслугоўваюць тваёй увагі.

Фільтры не спраўляюцца, праз іх прабіваецца шмат спаму. З другога боку ў патоку мала інфармацыі як такавой, цікавай і карыснай менавіта табе, бо яе проста не вырабляюць. Перасталі вырабляць, бо гэта перастала быць рэнтабельным, або не выраблялі ніколі, бо не ведалі, што на такую інфармацыю ёсць попыт.

Як не дзіўна, на сусветным медыарынку ёсць шмат нішаў, якія не занятыя, але патэнцыйна з'яўляюцца прыбытковымі. Нездарма некаторыя інфармацыйныя агенцтва пачалі прадаваць свой навінны паўфабрыкат людзям без пасярэдніцтва газет і часопісаў, а іншыя прапануюць бясплатны кантэнт, а зарабляюць з іншых сервісаў. Яны так бы мовіць зрабілі ўсе стравы ў сваім рэстаране бясплатнымі, але зарабляюць на продажы меню, без якога нельга замовіць у афіцыянта страву.

Зараз традыцыйныя медыа адчулі сябе дыназаўрамі, але некаторыя з іх маюць волю эвалюцыянаваць для існавання ў новых умовах і шукаюць для сябе новую экалагічную нішу. Хай навіны нейкім таямнічым чынам саманараджаюцца ў Сеціве, а традыйныя медыа замест справаздач пра падзеі будуць спецыялізавацца на раскрыцці сутнасці падзей.

Зрэшты ёсць і іншыя нішы. Тыя самыя мясцовыя навіны няма каму іншаму збіраць, як мясцовым выданням, але маштаб нішы змяншае шансы на пракорм вялікай рэдакцыі. Не выключана, што ў выніку мясцовая друкаваная газета пачне выконваць функцыю не крыніцы інфармацыі, а матэрыяльнага доказу прыналежнасці да мясцовай супольнасці, свайго кшталту клубнай картачкі.

Менавіта ў мясцовым выданні прыватныя абвесткі будуць трапляць да мэтавай, менавіта мясцовай аўдыторыі. Разам з тым ужо ёсць прыклады, калі мясцовыя выданні аб'ядноўваюцца да супольнага збору рэкламы ў нацыянальных і міжнародных рэкламадаўцаў, бо маюць магчымасць прапанаваць выхад на рэальную аўдыторыю.

Ёсць папулярная тэорыя, што ў бліжэйшай перспектыве доступ у інтэрнэт і інфармацыя ў ім будуць бясплатнымі, а канвергентная інфармацыйныя агенцтвы будуць зарабляць выключна на розных не звязаных з журналістыкай сервісах. Прафесія журналіста зробіцца зноў элітарнай, а таксама вернецца праблема дэфіцыту патрэбнай інфармацыі, што паграджае новым вітком эвалюцыі і напаўненнем новым сэнсам слова “канвергенцыя”.

Кажуць, што ніхто не можа даць дыназаўрам канструктыўную параду, як выжыць. Напэўна так яно і ёсць. Але некаторыя сучаснікі дыназаўраў перажылі не толькі іх, але могуць перажыць і нас.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з арганізацыяй Index on Censorship

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: