ОБ АВТОРЕ

Окончила факультет журналистики БГУ, Высшую школу журналистики им. М. Ваньковича в Варшаве.

Работала корреспондентом в "Газете Слонімскай", журналистом в онлайн-проекте Ximik.info, была автором и ведущим программы "Асабісты капітал" на телеканале "Белсат".

С 2010 года  координатор кампании ОО "Белорусская ассоциация журналистов" - "За якасную журналістыку".

Член Правления БАЖ.

Руководитель проекта Mediakritika.by

Вы здесь

Падмануць чалавека лёгка, змяніць яго сістэму каштоўнасцей складаней

Интервью

Нягледзячы на тое, што большасць экспертаў схільная лічыць дзяржаўныя медыі Беларусі часткай прапагандыстскай машыны, нават незалежныя аналітыкі не могуць адмаўляць той факт, што ўзровень даверу да іх з боку грамадзянаў краіны вышэйшы за давер да фармальна незалежных СМІ.

Па сцвярджэнню намесніка міністра інфармацыі Уладзіміра Матусевіча, узровень даверу насельніцтва краіны да дзяржаўных друкаваных медыяў – болей за 55%, амаль на гэтым жа ўзроўні знаходзіцца давер да дзяржаўных электронных СМІ. У той жа час па дадзеных Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў (НІСЭПД), давер да недзяржаўных медыя ў грамадстве не перавышае 39%.

У чым тлумачэнне такога стану рэчаў? Хутчэй за ўсё, і пра гэта пішуць у справаздачы НІСЭПД, адна з прычынаў у традыцыйным стаўленні да медыяў з боку аўдыторыі. З савецкіх часоў беларусы прызвычаіліся прымаць на веру паведамленні прэсы і тэлебачання. Усё, што ідзе ад дзяржавы, з самага высокага ўзроўню, проста не можа ўспрымацца інакш.

Аб даверы, медыякампетэнцыі і змене каштоўнасцей у постсавецкім беларускім грамадстве Mediakritika.by размаўляе з медыяэкспертам Алесем Анціпенкам.

– Спадар Алесь, няўжо з савецкіх часоў стаўленне да прэсы ў нас не змянілася?

– Мы цудоўна ведаем, што ўсе таталітарныя грамадствы адрозніваюцца вельмі некрытычным стаўленнем да ўсяго. Любое такое грамадства базуецца на пэўным наборы ідэалагічных пастулатаў, мэта якіх – спаралізаванне любога крытычнага стаўлення. То бок ад носьбіта ідэалагічных догмаў патрабуецца, з аднаго боку, лаяльнасць да ўлады, з другога – татальнае прыняццё на веру ўсяго таго, што прапануюць як самі лідары грамадства, так і тыя медыі, якія з’яўляюцца транслятарамі фактычна аднаго меркавання, меркавання намінклатуры.

У гэтым сэнсе сітуацыя ў Беларусі крыху іншая, як і сітуацыя любога посттаталітарнага грамадства. З аднаго боку захоўваецца традыцыя трансляцыі зверху, то бок вертыкальная мадэль камунікацыі, дзе крыніца інфармацыі, якая знаходзіцца на вяршыні піраміды, ёсць адначасова і крыніцай ісціны. Гэта мадэль стасункаў з грамадствам штучна падтрымліваецца праз фінансаванне з бюджэта дзяржаўных медыяў, праз ідэалагічны адбор тых, хто кіруе гэтымі медыямі, праз негалосную цэнзуру, праз шэраг ідэалагічных фільтраў паміж крыніцай інфармацыі, якая канралюе медыі, і самімі медыямі, а таксама іхнімі аўдыторыямі.

Але ёсць і недзяржаўныя медыі, дзе дазволена “практыкаваць” крытычнае стаўленне да рэчаіснасці, дзе ідэалагічныя пастулаты не ёсць правіламі для карыстання і дзеяння. Але тут таксама не ўсё проста. Калі прааналізаваць змест недзяржаўных медыяў, то можна заўважыць, што ў іх страшэнна вузкі кантэкст суседзяў. То бок, нягледзячы на тое, што ў нашым грамадстве ёсць выспы свабоды слова, мы ўсё роўна існуем у прасторы інфармацыйнай ізаляванасці, якую стварыла ўлада.

Акрамя таго, наш аналіз пакажа, што слоўнік, якім карыстаюцца журналісты, працуючыя ў недзяржаўных медыях, і іхні адукацыйны бэкграунд – савецкі альбо расейскі. І нашыя недзяржаўныя медыі транслююць гэты расейска-савецкі досвед.

Такім чынам, у любым выпадку, маем мы справу з дзяржаўнымі ці недзяржаўнымі медыямі, нам, аўдыторыі, патрэбна мець крытычнае стаўленне да зместу інфармацыйнага прадукту. 

Між тым, зразумела, што спосабы аналізу дзяржаўных і недзяржаўных медыяў павінны быць адрознымі. Бо змест дзяржаўных медыяў  страшэнна ідэалагізаваны, а недзяржаўных можа быць афарбаваным у нейкія журналісцкія прыхільнасці, ці, да прыкладу, схаваны за наборам нейкіх каштоўнасцяў (рэдакцыйнай палітыкай), нібыта нават дэмакратычных.

Але на тое яно і постсавецкае пераходнае грамадства, што самі сістэмы каштоўнасцяў знаходзяцца ў стане трансфармацыі. І калі казаць пра спецыфіку медыяадукацыі ў нашай краіне, то гаворка ідзе пра расшыфроўку гэтых самых няўстойлівых каштоўнасных мадэлей, праз якія і ствараецца змест дзяржаўных і недзяржаўных медыяў.

Як  для чалавека з вялічэзным досведам аналітычнай працы са СМІ для вас відавочная рэдакцыйная палітыка канкрэтных медыяў?

– Зразумець рэдакцыйную палітыку нескладана, бо заўсёды элементарна бачна, на якую аўдыторыю працуе тое, ці іншае выданне, які яго мэседж. Бо рэдакцыйная палітыка, у рэшце рэшт, знаходзіць свае ўвасабленне ў мэседжы медыя. Але мэседж – гэта не лозунг на першай старонцы, ён фармулюецца на падставе чытання выдання ці прагляду перадачаў цягам некалькіх месяцаў. На адным-двух нумарах яго не зразумееш.

Возьмем, напрыклад, “Нашу Ніву”. Які, на вашую думку, яе мэседж?

–  “Наша Ніва”, наўскід, мае некалькі мэседжаў. Адзін з іх – Беларусь як беларусацэнтрычная краіна, пры чым у гэтым мэседжы культура не ёсць важным элементам. Цяперашняя “НН” вельмі моцна адрозніваецца ад той, якая была пры Сяргеі Дубаўцу, калі культура, літаратура і інтэлектуалізм былі вельмі важнымі элементамі мэседжа. На сёння гэты мэседж, хутчэй, базуецца на цікавасці да лакальных падзеяў: “Беларусы – гэта тое, што адбываецца тут, зараз”. Плюс у “НН” ёсць спроба базавання свайго мэседжа на мадэрновых рэаліях. Да прыкладу, абмяркоўваецца беларуская праграма для iPhone…

Увогуле мэседж сённяшняй «НН» скіраваны калі не на тынэйджэраў, то на маладых людзей, адсюль вы там знойдзеце набор усіх элементаў, якія характэрныя для звароту да маладых людзей: там будзе сэкс, сучасная музыка, тэхналогіі.

То бок мэседж сучаснай «НН» можна сфармуляваць каротка: а) быць беларусам, б) Беларусь – твая краіна, в) мы – еўрапейцы, г) мы абсалютна нармальная нацыя.

Каб аналізаваць мэседжы, адрозніваць якасны інфармацыйны прадукт ад няякаснага, трэба быць медыякампетэнтным, ці не так? Але, на вашую думку, ці зацікаўленыя ў падвышэнні ўзроўню медыяпісьменнасці аўдыторыі самі медыі?

– Я б запытаўся нават глыбей, ці патрэбна гэтая медыяпісьменнасць дзяржаве? Мне падаецца цалкам зразумелым, што ў нас краіна не зацікаўленая ў развіцці медыяадукацыі. Улада ўвогуле робіць стаўку на паніжэнне культурніцкага і адукацыйнага цэнзу. Таму патрабаваць ад недзяржаўных медыяў, каб яны заняліся медыяадукацыяй сваіх аўдыторыяў, – гэта тое самае, калі патрабаваць ад іх, каб яны заўтра зрабілі рэвалюцыю.Гэта ўтапічна. Гэта задача вельмі важная для медыяў, але мы павінны разумець, што яны таксама існуюць не ў беспаветранай прасторы, яны існуюць у грамадстве і рэагуюць на яго патрэбы.

І нават калі ёсць гэтая запатрабаванасць у якаснай журналістыцы, то толькі для невялікай часткі аўдыторыі. Бо ў нашым грамадстве, дзе яшчэ не адбылася трансфармацыя сістэмы каштоўнасцей, якая б ясна паказвала, напрыклад, нашую еўрапейскую арыентацыю, запратрабаванасць у якасным інфармацыйным прадукце вельмі нізкая. Гэта не азначае, што яе няма, што медыі не мусяць імкнуцца да таго, каб вырабляць якасны медыяпрадукт. Але гэта працэс, які не можа адбыцца за месяц ці тры. На жаль, на гэтае патрэбныя гады…

Мы ведаем, што грамадскае меркаванне можна змяніць даволі хутка і што маніпуляванне грамадскай думкай звычайна працэс паспяховы. Але вельмі цяжка змяніць сістэму каштоўнасцяў. То бок падмануць чалавека можна, але зрабіць так, каб ён увесь набор новых крытэраў меў унутры, – гэта цяжкі працэс. І калі казаць пра якасны журналісцкі прадукт, то ён патрэбны тым людзям, у каго ўжо змянілася сістэма каштоўнасцяў.

Такім чынам, самі СМІ пытаннем медыяадукацыі аўдыторыі не зоймуцца, можа, тады дзяржава возьме на сабе гэтую ролю? Кажуць жа на розных палітычных узроўнях, што хвалююцца за падлеткаў і моладзь, з-за таго бруду, які л'ецца на іх у інтэрнэце і з экранаў тэлебачання….

– Нізкая медыяпісьменнасць ёсць адной з умоваў ідэалагічнай працы з насельніцтвам. Таму дзяржава не зацікаўленная ў тым, каб падвышаць яе ўзровень. Бо, калі б насамрэч урад паклапаціўся праблемай якаснага прадукту ў інтэрнэце ці на тэлебачанні, то, безумоўна, нейкія б урокі медыяадукацыі былі б уведзеныя ў школьныя праграмы. Пакуль жа, гаворачы пра сметніцу ў інтэрнэце, кіраўнік дзяржавы мае наўвазе  нецэнзураваныя выказванні. І тут лепш і прасцей забараняць нешта, чым адукаваць…

А што ж тады недзяржаўныя грамадскія арганізацыі? Можа, яны павінны ўзяць на сябе гэтую ролю – падвысіць узровень медыяпісьменнасці ў грамадстве?

– З недзяржаўнымі арганізацыямі ў нашай краіне вельмі сур'ёзная праблема, хоць бы таму, што яны не працуюць з мэтавымі аўдыторыямі, а толькі ў коле сваіх прыхільнікаў. Чаму гэта так? Па-першае таму, што яны так і не выйшлі з ценю палітычных партыяў. Быў такі перыяд, калі палітычныя партыі лічылі іх сваімі інструментамі. І медыі, і НДА ў той час актывізоўваліся толькі падчас выбарчых кампаній. Між тым НДА павінны працаваць заўсёды. І заўсёды павінны быць выказнікамі, лабістамі і прамоўтэрамі розных інтарэсаў розных сацыяльных груповак. Па-другое, загнаныя ў падполле, зараз яны ўвогуле не могуць паўнавартасна працаваць, бо трэба браць на сабе элемент рызыкі. І ў гэтым сэнсе незалежныя медыі таксама трапілі ў трэці сектар, як тыя, хто бароніць свабоду слова і публічную сферу, якую дзяржава не мае права кантраляваць…

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: