Не люблю бруднае бялізны, таму яе аматараў прашу далей не чытаць. Пры тым што ўжыў загаловак-кручок, пастараюся максімальна абстрагавацца ад канкрэтыкі высвятлення стасункаў у межах сюжэту “Чудзянцоў — Зісер — “Хартыя” (плюс фонам мноства драбнейшых суб’ектаў).
Як і вымагае профіль сайта Mediakritika.by, сканцэнтруюся на пэўных уроках, што варта вынесці з чарады падобных сюжэтаў (журналісцкіх войнаў, паводле Яніны Мельнікавай) нашаму цэху медыйных працаўнікоў.
Зісер у пастцы
У прыватнасці, ваш пакорлівы слуга пераканаўся, што напісаны ім у снежні артыкул “Журналіст і ў фэйсбуку — закладнік прафесіі” быў акурат у дзясятку.
У тым тэксце вялося, што журналіст як прадстаўнік пэўнай карпарацыі і фігура публічная мусіць несці асаблівую адказнасць за свае выступы ў сацыяльных сетках. Хоць ён там і “не пры выкананні”, але выказванні ўсё адно асацыююцца з ягонай медыйнай фірмай. І ў пэўных выпадках могуць яе дыскрэдытаваць.
Фактычна так і адбылося ў выпадку з Уладзімірам Чудзянцовым. На пэўным этапе ягонага эпічнага змагання на віртуальных пляцоўках уладальнік Tut.by Юрый Зісер мусіў напісаць у фэйсбуку: “Прыношу свае выбачэнні ад імя партала за ўсе знявагі, якія нанёс Уладзімір у перыяд сваёй працы на партале. Будучы асабістымі і апублікаванымі ў яго асабістых акаўнтах у іншых сацсетках, яны ўсё ж такі ўскосна закранаюць і гонар Tut.by”.
Што і патрабавалася даказаць: імя журналіста непазбежна звязваецца ў свядомасці публікі з ягоным СМІ, хоць ты ў фэйсбуку адпальваеш, хоць дзе.
Чытаем далей: “Але звальняць яго “за біяграфію” мы лічым як мінімум неправамерным. Службовых правіннасцяў, за якія прадпрыемства мае права звольніць работніка, ён не здзяйсняў”.
Зноў жа: што і патрабавалася даказаць. У згаданым артыкуле я пісаў, што на гнілым Захадзе аўтарытэтныя медыйныя брэнды даўно патурбаваліся этыкай паводзін сваіх супрацоўнікаў у сацыяльных сетках і выпрацавалі адпаведныя інструкцыі — social media guidelines.
Зрэшты, тое ж тычыцца і паводзін у афлайне. Па вялікім рахунку, журналісцкая этыка непадзельная. У кампаніі “Нью-Йорк таймс”, напрыклад, прыняты універсальны кодэкс такога кшталту, які ахоплівае розныя бакі жыццядзейнасці супрацоўнікаў.
Звярыны выскал капіталізму
Паводле тутэйшых мерак гэта — абуральны капіталістычны гвалт над свабодай выказвання, як яе разумеюць у нашых палесцінах, каторым ніколі не шэнціла жыць пры дэмакратыі.
Але там ты мусіш выбіраць: або трымаеш марку выдання, або “давай да пабачэння” — і тады ўжо “гані” што хочаш.
Прычым абмежаванні, што накладаюцца гэтымі guidelines, па нашых панятках проста зверскія. Фактычна ў блогу, твітары, фэйсбуку нельга нават ужываць рэзкія палітычныя ацэнкі, не кажучы ўжо пра знявагі, пагрозы, ненарматыўную лексіку.
І ёсць прэцэдэнты, калі журналісты выляталі з працы як корак з шампанскага менавіта за тое, што перайшлі ў гэтым сэнсе мяжу.
Былі б такія guidelines у Tut.by — Юрыю Зісеру давялося б меней пакутаваць (хоць у выніку ён усё ж развітаўся з Чудзянцовым, які пасля выбачэнняў аднавіў віртуальную вайну).
Разам з тым, і прадстаўнікі іншых медыйных брэндаў, уцягнутыя ў сюжэт з Чудзянцовым — Зісерам ды падобныя сюжэты апошняга часу (Блішч — Будзімір, Лукашук — Папова), дазвалялі сабе ў сацыяльных сетках зусім не парламенцкія выразы і сумнеўныя з этычнага гледзішча дзеянні. Гэта апраўдвалася нібыта святой барацьбой з “падонкамі”.
Аднак прынцып “мэта апраўдвае сродкі” можа далёка завесці. Змагаючыся супраць нейкіх дэманізаваных персон, варта стрымліваць усё ж сваіх унутраных д’яблаў. Калі не выскачыць з гэтага заганнага кола, нас чакаюць новыя віртуальныя баі без правіл, у якіх па вушы запэцкаюцца нечыстотамі ўсе ўдзельнікі.
Дарэчы, праблема этычнага рэгулявання анлайнавага жыцця ёсць актуальнай не толькі для журналісцкага цэха. Тое ж тычыцца іншых публічных фігур. Калі нехта з прэтэнзіямі на валадара думак лаецца ў сетках бы п’яны рамізнік, то ў мяне вялікія сумневы, што ён выведзе Беларусь у светлую будучыню.
За ганарар — адно, у фэйсбуку — з дакладнасцю да наадварот
Іншая рэч, што варта Зісеру увесці такія guidelines — і ён умомант выкліча на сябе новы шквал сеціўнага агню: паслугач рэжыму, душыць свабоду выказванняў, усталяваў цэнзуру і г.д.
Карацей, наіўна чакаць, што кіраўнікі вялікіх рэдакцый, а тым болей дробных СМІ, анлайнавых ды афлайнавых, разгоняцца зацвярджаць такія правілы. Але спадзяюся, што, задумаўшыся над праблемамі, пра якія я дзяўбу, уладальнікі ды рэдактары медыяў хаця б трохі прачысцяць мазгі сваім супрацоўнікам.
Бо сёння бывае, што журналіст (-ка) спачатку цалкам прыстойна, прыгожа адпісваецца пра нейкую падзею для СМІ, у рэдакцыі якога атрымлівае заробак, а потым тую ж падзею пачынае з’едліва, адвязанай лексікай каменціць у фэйсбуку. І героі сюжэту паўстаюць ужо ў зусім іншым, карыкатурным ракурсе.
У выніку для газеты ці сайта — адна праўда (за ганарар), для сацыяльных сетак — іншая. Натуральна, гэта б’е па рэпутацыі СМІ.
Тут, канечне, паралельна ўзнікае іншая праблема: наколькі шчырай ёсць рэдакцыйная палітыка таго ці іншага рэсурсу. Але тое — асобны вялікі пласт, які я не буду кранаць у гэтым артыкуле.
Упрагайся, БАЖ!
Акрамя правіл у межах асобнай рэдакцыі, у краінах з развітай свабодай СМІ выпрацоўваюцца і этычныя рэкамендацыі на нацыянальным узроўні. На Захадзе такую місію выконваюць рады і амбудсмены ў пытаннях прэсы.
У нас праз спецыфіку як медыйнай, так і палітычнай сітуацыі падобную місію, мяркую, мусіць узяць на сябе БАЖ.
У прыватнасці, відавочна наспеў разбор канкрэтных кейсаў, звязанных з праблемамі датрымання прафесійнай этыкі ў анлайнавых медыях ды сацыяльных сетках. На грунце разбору палётаў варта выпрацоўваць “дурнеўстойлівыя” рэкамендацыі, вывешваць іх на сайце БАЖ.
Асабліва балючай ёсць праблема датрымання аўтарскіх правоў у Байнэце. Я перакананы таксама, што заўтра мы капітальна ўпрэмся ў праблему мадэрацыі каментаў, блогаў ды іншага карыстальніцкага кантэнту.
Магчыма, першай ластаўкай тут стала свежая пастанова бажаўскай камісіі па этыцы, якая выявіла яе парушэнні ў блогавай публікацыі Зянона Пазьняка на сайце “Радыё Свабода”.
Дык вось, у Фінляндыі, напрыклад, Рада ў справах СМІ зацвердзіла адмысловую інструкцыю для прафесійных медыяў, як працаваць з карыстальніцкім кантэнтам.
Сутнасць у тым, што рэдакцыя мусіць ставіць заслон допісам, якія ўтрымліваюць знявагі, распальваюць варажнечу, парушаюць недатыкальнасць прыватнага жыцця, — карацей, належыць вычышчаць увесь віртуальны гной. Падобны дакумент дзейнічае і для бельгійскіх СМІ.
У нас справа абмяжоўваецца тым, што асобныя парталы ўводзяць правілы каментавання, але і самі не надта іх трымаюцца.
Сродак ад віртуальнага мардабою — сеціўная самарэгуляцыя
Разумею, што ўлягаю ў ідэалізм, выглядаю белай варонай са сваімі прапановамі этычнай рэгуляцыі Байнэту. Філасофія “на вайне як на вайне” непараўнальна папулярнейшая. Ды і самі правілы не зробяць умомант усіх белымі ды пухнатымі. Але з нечага трэба пачынаць. Бо з кожным разам віртуальныя граблі б’юць усё болей балюча.
Нейкі час таму ваш пакорлівы слуга дыскутаваў на форуме Mediakritika.by з нікам malishevski пра рэгламентацыю паводзін журналіста ў сацыяльных сетках. Мне было цяжка, бо дэклараваць бязмежную свабоду перад сеціўнай супольнасцю апрыёры болей выйгрышна, чым прапаноўваць нейкія рамкі.
Дык вось, жыццё падкінула новыя аргументы. Вольнае блогерства — гэта цудоўна, але што ў выніку зрабіў славуты блогер Яўген Ліпковіч, уцягнуты ў канфлікт з Чудзянцовым?
Ён пайшоў і банальна напісаў у кнігу скаргаў TUT.BY патрабаванне, каб чалавека “з такімі маральнымі ўстаноўкамі”, як згаданы супрацоўнік, звольнілі.
То бок — увага! — вольны блогер палічыў за лепшае апеляваць да пэўнага рэгламенту, пэўных правіл, банальна зацверджаных у афлайне.
Яшчэ штрых: тым, каго зачапіў Чудзянцоў, сябры сталі настойліва раіць звярнуцца ў міліцыю ці падаць у суд.
То бок, наеўшыся бязмежнай свабоды выказванняў, народ стаў апеляваць да параграфа. Бо стала відавочна, што свабода без прававых ды этычных межаў балюча б’е бумерангам.
Якое ж маралітэ? Каб як мага радзей даходзіла да судоў, у сеціве мусіць быць дзейсная самарэгуляцыя. Мы зноў упіраемся у пытанне сеціўнай, а калі браць шырэй, то і проста агульнай культуры нашага грамадства. Тут толькі закасваць рукавы ды чысціць, чысціць аўгіевы стайні.
Иллюстрация с сайта Wallpaperscraft.ru