ОБ АВТОРЕ

Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Я.Коласа, Беларускі калегіюм, журфак БДУ.

Сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў (2002), Саюзу беларускіх пісьменнікаў (2006), Беларускага ПЭН-цэнтру (2008).

Працуе журналістам ад 2000 года. 2004-2008 –  "Камсамольская праўда" ў Беларусі", 2009-2011 – "Звязда".

Цяпер – фрылансер, выкладчык Школы маладога журналіста, блогер (labadzenka.by)

Фота Джона Кунстадтэра

Вы здесь

“Да беларускага тэлебачання ў мяне ўсяго тры прэтэнзіі”

Интервью

Абмяркоўваць якасць тэлебачання, хваліць яго ці ганіць можа кожны. Аднак цікава пачуць, што думае пра сучаснае беларускае тэлебачанне прафесіянал. Асабліва, калі гэты чалавек 12 гадоў (1978-1990) узначальваў беларускае Дзяржтэлерадыё – Генадзь БУРАЎКІН. Ці глядзіць Генадзь Бураўкін беларускае тэлебачанне? За што крытыкуе яго? Як было з прапагандай у іх час? Гэтыя пытанні мы задалі самому Генадзю Мікалаевічу.

 

“Апошні раз мяне запрашалі на БТ яшчэ ў мінулым стагоддзі”

Генадзь Мікалаевіч, Вы глядзіце беларускую тэлевізію?

Генадзь Бураўкін: Гляджу вельмі мала – у асноўным, інфармацыйныя праграмы і спорт. Хвалююся за БАТЭ, Азаранку, Домрачаву, Герасіменю… Што датычыць іншых праграм нашага тэлебачання – то я толькі зрэдзьчасу ўключаю тэлевізар – калі ідзе нешта такое, што мяне цікавіць. Скажам, фестываль беларускай песні, свята беларускай культуры, юбілеі нашых майстроў мастацтва… Часамі гляджу некаторыя фільмы. Сучасную бяздарную пошлую папсу не выношу, тупы жарабячы гумар – таксама. Маральная і палітычная пазіцыя многіх праграм тэлебачання мяне проста шакуе. Мне здаецца, раней былі хоць нейкія спробы аналізу – эканамічных спраў, палітычных з’яў… Цяпер жа – нічога няма. Такое ўражанне, што не хочуць, каб людзі задумваліся, прымалі для сябе нейкія рашэнні. Часам прыходзіць нават грэшная думка – ці не прыйшла пара збіраць “нюрнбергскі працэс” – і судзіць тэлебачанне?.. За тое, што разбэсціла грамадства; падтрымлівае самае горшае, што ёсць у людзях… А яшчэ я бачу ўнікальны непрафесіяналізм тэлебачання. Не відно асоб – а на экране мусяць быць цікавыя асобы, якіх хацелася б слухаць. Усе гэтыя каментатары і аглядальнікі накшталт Пракопава – гэта жах: людзі нахабныя, маладасведчаныя, злосныя, ваяўнічыя!..

Калі б заўтра Вам патэлефанавалі з БТ і сказалі, што робяць перадачу, скажам, пра беларускую літаратуру – і запрашаюць Вас паўдзельнічаць. Пайшлі б на БТ?

Генадзь Бураўкін: Не выключаю, што даў бы згоду. Праўда, пацікавіўся б, хто там будзе яшчэ ў гэтай перадачы ўдзельнічаць і з якой мэтаю яна робіцца. Але абавязкова скарыстаўся б трыбунай тэлебачання, каб выказацца пра сённяшняю літаратуру.

Але, я так разумею, што такія запрашэнні нячаста здараюцца?

Генадзь Бураўкін: Такіх запрашэнняў проста няма. Апошні раз мяне запрашалі на тэлебачанне ў мінулым стагоддзі.

 

“Такі чалавек павінен быць звольнены з АНТ як прафесійна непрыгодны”

Вы ўзначальвалі тэлебачанне 12 гадоў. Наіўнае пытанне: бадай, і па падказкі ды парады сёння да Вас звяртаюцца нячаста?

Генадзь Бураўкін: А ім мае падказкі непатрэбныя. Таму што я не прымаю многае з таго, што яны робяць – і яны гэта ведаюць. Таму і не звяртаюцца. Калі ў мяне пытаюцца, у чым самыя вялікія мае прэтэнзіі да беларускага тэлебачання, я кажу, што ў мяне ўсяго тры прэтэнзіі. Гэтае тэлебачанне небеларускае. Гэтае тэлебачанне неінтэлектуальнае. І гэтае тэлебачанне непрафесійнае.

А за эталон Вы, відаць, ставіце тое, што было ў Ваш час? Тады Вам запярэчаць: дык сёння іншыя законы: камерцыя, рэклама, ратацыі…

Генадзь Бураўкін: Я за эталон ніколі не ставіў і не стаўлю тое, што было тады. За эталон я стаўлю высокія ўзоры мастацтва, бо лічу, што тэлебачанне мяжуе (ва ўсякім разе, павінна межаваць) з мастацтвам. А эталоны ў мастацтве –  класіка. Акрамя таго, я цвёрда перакананы, што ўсе перадачы нашага тэлебачання павінны працаваць на беларускую ідэю, на нацыянальную ідэю.

Як Вы, як чалавек культуры, ацэньваеце сюжэты на культурніцкую тэматыку?

Генадзь Бураўкін: Даволі часта – невысока. На АНТ ёсць, напрыклад, малады журналіст Мацяс, які якраз спецыялізуецца “на культуры”. І мяне раздражняе і нават злуе, калі чалавек прыходзіць да вядомага дзеяча літаратуры, які гаворыць з ім на выдатнай беларускай мове – а журналіст пастаянна гаворыць па-руску. Я лічу, што гэта не толькі непрыстойна ў адносінах да суразмоўцы. Гэта парушэнне прафесійных патрабаванняў беларускага тэлебачання. У нас дзве дзяржаўныя мовы – і калі ты прыйшоў працаваць на тэлебачанне, абавязаны свабодна валодаць абедзьвюма. Калі чалавек гаворыць з табой па-беларуску – а ты не можаш падтрымаць гаворку на гэтай жа мове – ты павінен быць звольнены як прафесійна непрыгодны.

А Міхась Равуцкі на БТ?

Генадзь Бураўкін: Ён прафесійны чалавек, дастаткова адукаваны. Праўда, мне ў ім не хапае нейкай жывінкі. І не хапае сапраўды пявучай, мілагучнай роднай беларускай мовы.

 

“Большасць інфармацыйных праграм дзяржаўнага тэлебачання – для начальства”

З тае пары, калі Вы кіравалі тэлебачаннем, якія вартыя рэчы можна было б пераняць сённяшняй тэлевізіі?

Генадзь Бураўкін: Можна было б працягваць прадукаваць тэлевізійныя дакументальныя фільмы. Можна было б мець літаратурны тэатр, дзе выдатныя акцёры неслі б навінкі літаратуры да гледача. Некалі была ў нас праграма “Песню бярыце з сабой”, дзе прапагандавалася беларуская песенная творчасць. У тых канцэртах прымалі ўдзел і славутыя спевакі з Расіі, Украіны, Эстоніі, Малдовы, іншых савецкіх рэспублік… Эдуард Хіль, Іосіф Кабзон, Марыя Пахоменка, Анатоль Макрэнка – спявалі па-беларуску! Альбо тыя ж выставы мастакоў, наш выдатны жывапіс. Людзі з глыбінкі Беларусі не могуць часта прыязджаць у Мінск на выставы. Тэлебачанне можа ўсё гэта паказваць, але не паказвае! Тэлебачанне ўвогуле згубіла функцыю навучання – вучыць бачыць карціны, вучыць разумець тэатр, вучыць чуць сапраўднае мастацкае слова. Гэта сёння чамусьці лічыцца непатрэбным.

Шмат гаворыцца, пра сённяшнюю прапаганду, якая б’е проста “ў лоб”. Як гэта выглядала ў Ваш час?

Генадзь Бураўкін: Усяк бывала. Была прапаганда, і мнагавата. Бо і тагачаснае, і сённяшняе тэлебачанне – дзяржаўнае, яно павінна адпавядаць дзяржаўным інтарэсам. Праўда, мы стараліся даваць не адну толькі “генеральную лінію” – асабліва калі прыйшла славутая Перабудова. Мы ўжо смялей гаварылі пра складаныя рэчы, скажам, пра Курапаты… Я не магу сцвярджаць, што ўсё атрымлівалася. Былі і “лабавыя”, і павучальныя перадачы. Але цяпер жа іншы час! Тады была цэнзура! А цяпер цэнзуры нібыта няма!

Ну як жа няма, калі ні Вас, ні Барадуліна не запросяць на БТ!?

Генадзь Бураўкін: Гэта не цэнзура, гэта палітыка. І праз гэта ідзе свядомае абядненне духоўнага жыцця. Уключыш тэлевізар – і такое адчуванне, што ў нас, апроч папсы, няма іншай музыкі. А Лявон Вольскі, а Зміцер Вайцюшкевіч, а “Ляпісы”, а “Троіца”?.. Дзе яны? Чаму іх замоўчваюць, ігнаруюць? А гэта ж тое, што робіць гонар краіне.

Адказваючы пра беларускую тэлевізію, Вы чамусьці закранулі толькі дзяржаўную – а як жа Белсат?..

Генадзь Бураўкін: Белсат – гэта асобная гаворка. Белсат я гляджу! А адказваў я пра тое тэлебачанне, якое шырока паказваецца і прымаецца – як кажуць, для ўсіх і кожнага. На Белсаце ўсё лепш і лепш працуюць дыктары, усё лепш афармляюцца праграмы – там ужо выходзяць на сур’ёзны прфесійны, еўрапейскі ўзровень. Вельмі хораша там пачувае сябе дакументалістыка. Ёсць неблагія ток-шоў – “Форум”, “Два на два”… Паступова набірае моцы інфармацыйная служба. Аднак Белсату вельмі цяжка працаваць – журналістаў не акрэдытоўваюць, не пушчаюць на прадпрыемствы, на важныя паседжанні. Але малады калектыў Белсата мне вельмі сімпатычны – я зычу ім добрай будучыні! І яшчэ хочацца, каб людзі маглі глядзець Белсат гэтак жа шырока і лёгка, як яны сёння могуць глядзець дзяржаўныя каналы.

Генадзь Мікалаевіч, а тое “шырокае” тэлебачанне – для каго яно, на Вашу думку?

Генадзь Бураўкін: Большасць інфармацыйных праграм дзяржаўнага тэлебачання – для начальства. Таму так многа зацягнутых рэпартажаў пра паездкі розных кіраўнікоў на прадпрыемствы, у калгасы, пра іх паседжанні, нарады. Тут тэлебачанне абслугоўвае бюракратычныя інтарэсы чыноўнікаў. Стараецца яно выканаць і яшчэ адну задачу рознымі канцэртамі і забаўляльнымі праграмамі – адцягнуць увагу людзей ад таго, што робіцца вакол іх. Уключыце тэлевізар – і калі вы не жывяцё тут, якое ў вас уяўленне пра жыццё беларускае? Усе пяюць, усе скачуць. Бясконца, без стомы. Ніякіх праблем няма, усё у нас выдатна. А рэальнае, сапраўднае жыццё зусім інакшае – няпростае, шматграннае, будзённае.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: