ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

“Кейс Зянона”: медыі мусяць “фільтраваць базар”!

В фокусе

Гэта справа для камісіі па этыцы БАЖ была надта мулкай. Зянон Пазьняк, “Радыё Свабода” — для многіх легендарныя, сакралізаваныя брэнды. А тут трэба рабіць непрыемныя для іх высновы.

Але ў рэшце рэшт гэта адбылося. 1 сакавіка камісія прызнала, што леташняя публікацыя Пазьняка “Сутнасць правакацыі” ў блогу на сайце “Радыё Свабода” “утрымлівае парушэнні Кодэкса журналісцкай этыкі ГА “БАЖ” і Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі журналістаў ГА “БАЖ”.

Пастанова бажаўскай камісіі занадта шматслоўная, цяжка прадрацца да заключнага акорду. Адчуваецца, што стараліся ўпакаваць дыпламатычна.

Але сам прэцэдэнт вельмі важны. Маралітэ камісіі, калі пераказваць чалавечай мовай, такое: медыі мусяць адказваць практычна за ўсё, што ў іх друкуецца, нават калі аўтар — персона знакавая і калі гэта так званы карыстальніцкі кантэнт (у нашым выпадку — блог).

Важны прэцэдэнт і таму, што ўзровень нянавісці, канцэнтрацыя абразаў у Байнэце ўжо зашкальваюць. Апошнія войны ў сеціве пра гэта яскрава сведчаць.

 

Фірмавы прыём — абмазаць апанента гноем

Літаральна днямі патрапіў пад раздачу і аўтар гэтых радкоў.

“Белорусский партизан” апублікаваў 4 сакавіка артыкул “Аб выбарах, байкоце, плошчы, “адзіным” и “непераможным” былога афіцэра КДБ Валера Косткі, якому недаспадобы мае каментары на палітычныя тэмы. Здагадваюся, што маецца на ўвазе найперш інтэрв’ю “Класкоўскі: Выбары 2015 года могуць не стаць пераможнымі для апазіцыі”, надрукаванае на тым жа “Партизане”.

Але гіперлінка на гэту публікацыю, як таго вымагаюць правілы культурнай сеціўнай палемікі, вы ў Косткі не знойдзеце. Замест гэтага — перакручаны, карыкатурны пераказ маёй пазіцыі і забойчая выснова: Геніяльна! Чарговую прэмію А.Класкоўскаму ад адміністрацыі прэзідэнта у намінацыі “за самы спрыяльны прагноз для рэжыму”.

Вось ён, характэрны ўзор палемічнага стылю пэўнай часткі палымяных змагароў з гэтым рэжымам: зрабіць апанента дурнем, абмазаць яго гноем, наляпіць ярлык калабаранта, прыслужніка дыктатуры. Бо з пасажу Косткі вынікае, што Класкоўскі рэгулярна атрымлівае за свае артыкулы ды інтэрв’ю прэміі ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Можа, былы падпалкоўнік КДБ можа прад’явіць доказы? Калі ж не, то ці не варта палымянаму выкрывальніку ўзяць свае словы назад?

Цікава, што неўзабаве пасля маёй рэплікі на гэту тэму ў фэйсбуку сказ пра прэмію з тэксту на “Партизане” знік. Але застаўся, напрыклад, у перадруку на сайце “Народнай волі”. А галоўнае, з’явіўся 5 сакавіка і ў яе друкаваным нумары.

Прыкра, што такі стыль стаў ужо для пэўнай кагорты палітыкаў ды каляпалітычнай браціі ледзь ці не мэйнстрымам. Можа, акрамя як навешваць ярлыкі гэтая публіка ўжо ні на што і не здатная? Выкраслі з опусаў абразы, выкрыванне ворагаў-агентаў-здраднікаў — і застанецца голы васэр.

 

Тэрмаядзерны довад: а Пазьняк не сябар БАЖ!

Дарэчы, і сама пастанова камісіі БАЖ справакавала выкід злосных каментаў з боку экзальтаваных прыхільнікаў лідара КХП-БНФ (хаця ўвогуле, варта адзначыць, меркаванні на форумах падзяліліся). Адзін з закідаў: БАЖ як грамадская арганізацыя перавысіла свае паўнамоцтвы, бо ні Зянон Пазьняк, ні пакрыўджаны ягоным матэрыялам гісторык Ігар Кузняцоў не ёсць яе сябрамі. Ды і ў камісіі не ўсе, маўляў, дзейныя журналісты.

Тут — элементарнае неразуменне сутнасці і духу такога кшталту рашэнняў, няведанне прынцыпаў, паводле якіх ладзіцца самарэгуляванне медыйнай прасторы ў цывілізаваных краінах.

Дык вось, ацэньваюцца не персоны, а публікацыі: адпавядаюць ці не адпавядаюць яны стандартам журналісцкай этыкі. І высновы адрасуюцца найперш медыям.

Рэч нават не ў тым, што на “Радыё Свабода” працуюць сябры БАЖ. У прынцыпе каноны прафесійнай этыкі універсальныя. І ў краінах Захаду рэдакцыі медыяў, якія сябе паважаюць, добраахвотна трымаюцца рэкамендацый грамадскіх арганізацый — нацыянальных радаў у пытаннях прэсы (у склад якіх, дарэчы, улучаюцца не толькі прадстаўнікі медыясферы, але і проста грамадскія аўтарытэты).

У нас праз спецыфіку палітычнай сітуацыі такой грамадскай інстытуцыі дэ-факта няма. І таму БАЖ бярэ на сябе місію прасоўвання прынцыпаў самарэгулявання медыясферы, працуючы, калі хочаце, на дэмакратычную перспектыву Беларусі.

 

Новы выклік — карыстальніцкі кантэнт

Раней, у афлайнавую эпоху, рэдакцыям было прасцей. Існавала даволі вузкая каста журналістаў-профі, абазнаных у правілах праверкі фактаў. Няштатным аўтарам матэрыялы найчасцей замаўляліся, а калі атрыманы тэкст выклікаў пытанні, быў час удакладніць. Таксама рабілася строгая селекцыя чытацкай пошты, вартай друкавання.

Эпоха інтэрнэту ўсё перайначыла. На сайтах традыцыйных СМІ, у адмысловых інтэрнэт-медыях з’явілася магутная плынь карыстальніцкага кантэнту: блогі, форумы.

І тут абвастрылася калізія між свабодай выказвання і адказнасцю СМІ, якую ніхто не скасоўваў.

Сёння мы яшчэ не выкараскаліся канчаткова з эпохі дзікага інтэрнэту, калі многім здалося, што ў сеціве дазволена ўсё — ад крадзяжу кантэнту да беспакаранага палівання брудам. Але, дзякаваць богу, мацнеюць цвярозыя галасы: трэба усталёўваць элементарны парадак, ладзіць самарэгуляванне, болей рашуча прасоўваць у анлайн кананічныя прынцыпы журналісцкай этыкі. Іначай мы захлынемся ў брудзе.

Увогуле добра, што ў сеціва пайшлі палітыкі, іншыя публічныя фігуры. Праблема ж у тым, што ў іх аж цераз край экспрэсіі, аднак часцяком не стае тармазоў, якія ёсць звыклымі для прафесійных журналістаў.

Як ні парадаксальна, апошніх прывучыў працаваць акуратна і палітычны рэжым, што ловіць незалежную прэсу на памылках, прыціскае праз папярэджанні Мінінфарма ды суды. Супрацоўнікі недзяржаўных СМІ збольшага навучыліся абыходзіць воўчыя ямы, грунтуючы свае крытычныя матэрыялы на жалезнай фактуры, узважваючы кожную фармулёўку (момант самацэнзуры, які існуе, ёсць асобнай тэмай).

У гэтым сэнсе, дарэчы, відавочная розніца між тымі СМІ, што легальна працуюць у Беларусі, і тымі, што робяцца пераважна з-за мяжы партызанскімі метадамі. У другім выпадку значна часцей “ляцяць качкі”, ужываюцца бяздоказныя ярлыкі, бо прыцягнуць рэдакцыю да адказнасці практычна немагчыма і гэта ў пэўнай ступені разбэшчвае.

 

Не жмурыцца ад бляску імя

У выпадку ж з Зянонам Пазьняком, мяркую, на супрацоўнікаў такога высокапрафесійнага рэсурсу, як “Радыё Свабода”, паўплывала магія персоны. Ну як ты будзеш выпраўляць тэкст гістарычнай постаці!

Права Пазьняка — думаць і пісаць, як ён хоча, але абавязак канкрэтнага СМІ — узважваць кожную публікацыю на шалях медыйных стандартаў. За бяздоказныя абразлівыя ярлыкі медыі ва ўсім свеце, уключна з самымі свабоднымі краінамі, мусяць несці адказнасць.

Зрэшты, пазоў аб абароне гонару і годнасці можа быць пададзены і супраць аўтара (так звычайна і робіцца). Пры гэтым не мае ніякага значэння, ці ёсць ён сябрам БАЖ, КХП-БНФ, суполкі філатэлістаў, ці ўвогуле сам па сабе.

Найлепшае для рэдакцыі выйсце ў канфліктных сітуацыях — адмаўляцца ад аднабокіх выступаў, рыхтаваць збалансаваныя публікацыі, з адлюстраваннем пазіцый бакоў ды незалежнымі каментарамі.

Што ж да рэдагавання ці адбракоўкі матэрыялаў, то гэта было і застаецца правам рэдакцыі. Нават далёка не дасканалы беларускі закон аб СМІ сведчыць, што ніхто не можа прымусіць яе распаўсюджваць адхілены матэрыял.

Застаецца псіхалагічны чынннік: бляск імя і ўсё такое. Тут парада простая: не варта пасаваць ні перад якімі аўтарытэтамі. Трэба выразна разумець: у палітыкаў свае мэты — піяр, прасоўванне ідэалогіі, змаганне з апанентамі; у медыяў свае — даваць грамадзе інфу, аналіз, зрэз меркаванняў (але калі апошнія не ёсць бяздоказнымі нападкамі ці знявагамі). І тут рэдакцыі мусяць упірацца рогам, каб іх не збівалі з іхняй місіі.

Гэтая пастанова бажаўскай камісіі ёсць добрым знакам. Бо самы час чысціць аўгіевы стайні нашых медыяў. Анлайнавая эпоха абвастрыла цэлы шэраг праблем прафесійнай маралі.

І было б добра той самай камісіі разабраць яшчэ колькі актуальных кейсаў, найперш звязаных з пытаннямі карэктнасці перадрукаў, паводзін журналістаў у сацыяльных сетках, адказнасці інтэрнэт-рэсурсаў за змест форумаў.

Адпаведныя пастановы заклалі б грунт для выпрацоўкі правіл самарэгулявання айчынных СМІ з максімальнай адаптацыяй да спецыфікі сеціўнай эпохі.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: