ОБ АВТОРЕ

Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Я.Коласа, Беларускі калегіюм, журфак БДУ.

Сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў (2002), Саюзу беларускіх пісьменнікаў (2006), Беларускага ПЭН-цэнтру (2008).

Працуе журналістам ад 2000 года. 2004-2008 –  "Камсамольская праўда" ў Беларусі", 2009-2011 – "Звязда".

Цяпер – фрылансер, выкладчык Школы маладога журналіста, блогер (labadzenka.by)

Фота Джона Кунстадтэра

Вы здесь

Справа не ў тым, каб абражаць – а ў тым, каб перадаць аб’ектыўную інфармацыю

Интервью

Беларуская служба Польскага радыё працуе ад 1992 года. Нязменным кіраўніком рэдакцыі застаецца беларуска з Падляшша Ніна Баршчэўская – прафесарка, доктарка філалогіі, загадчыца кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Хто сёння слухае радыё – і нават піша туды лісты? Чаму ў радыё няма акрэдытаваных карэспандэнтаў у Беларусі? Навошта палякам распавядаць беларусам па-беларуску пра Беларусь? Пра ўсё гэта мы гутарым са спадарыняй Нінай Баршчэўскай у варшаўскай рэдакцыі Беларускай службы Польскага радыё.

 

“Як некаторыя кажуць, здалёк лепш відаць!”

Спадарыня Ніна, часта даводзіцца чуць, што радыйны фармат зжыў сябе, сыходзіць у нябыт. Хто яны – слухачы Беларускай службы Польскага радыё?

Ніна Баршчэўская: Гэта вельмі розныя людзі. З лістоў мы ведаем, што нас слухаюць і студэнты, і людзі больш сталага веку. Адпаведна – нашая праграма для ўсіх, а не для нейкай вылучанай групы грамадства. Мы калісьці праводзілі анкетаванне сярод слухачоў – і выявілася, што гэта ў сярэднім асобы з вышэйшай адукацыяй ва ўзросце да 40 гадоў. Мне б хацелася, каб наша радыё было для ўсіх беларусаў. Бо гэта – голас Польшчы, які ідзе ў Беларусь. Што да радыйнага фармату, то асабіста я вельмі люблю слухаць радыё – нават больш, чым глядзець тэлевізар. Гэта прываблівае – чуць голас і не бачыць чалавека, толькі ўяўляць яго…

Прыгадваю, што паводле аднаго з апытанняў НІСЭПД , вашае радыё заняло першае месца па колькасці слухачоў сярод радыёстанцый, якія вяшчаюць з-за мяжы. Нагадайце, калі ласка, пра гэты факт.

Ніна Баршчэўская: Вынікі таго апытання сапраўды паказалі, што нас слухаюць больш за 5% беларусаў. Як на замежную станцыю, то гэта добрая лічба! Іншы цікавы факт – што паводле колькасці наведнікаў наша служба (сайт radyjo.net) на другім месцы ва ўсёй структуры Польскага радыё для замежжа пасля Англійскай службы, апярэджваем 5 іншых службаў.

Чым інфармацыя, якую дае Вашае радыё, адрозніваецца ад інфармацыі, якую людзі могуць атрымаць з уласнабеларускіх медыя?

Ніна Баршчэўская: Як некаторыя кажуць, здалёк лепш відаць! (смяецца) Гэтую інфармацыю можна падзяліць на некалькі кірункаў. Адзін – гэта інфармацыя пра Польшчу, што адбываецца ў гэтай краіне. Каб людзі маглі даведацца пра гэта на роднай беларускай мове. Другі момант – асвятляць тыя многія мерапрыемствы ў Польшчы, якія тычацца Беларусі.  Трэці – мы даем слова тым, хто ў Беларусі не мае магчымасці шырока выказваць свае думкі. Наступны – мы паказваем розныя погляды прадстаўнікоў Еўрапейскага Звязу на падзеі, што адбываюцца ў Беларусі. Паказваем жыццё беларускай нацменшасці ў Польшчы – маем сваіх карэспандэнтаў на Падляшшы. Таксама паказваем жыццё палякаў у Беларусі. Зразумела, што гэта толькі некаторыя нашыя тэмы, далёка не ўсе.

 

“Можна паставіць пытанне шырэй: навошта палякам увогуле займацца беларускімі пытаннямі?”

Чытаючы і слухаючы матэрыялы вашага радыё, заўважаеш іх спакойнасць, у вас не сустрэнеш “дыктатараў” і “крывавых рэжымаў”. Гэта рэдакцыйная палітыка ці Вашая лінія, як кіраўніка?

Ніна Баршчэўская: Гэта і мой падыход, і падыход усіх нас – супрацоўнікаў рэдакцыі, усіх нашых карэспандэнтаў. Бо справа не ў тым, каб абражаць – справа ў тым, каб перадаць людзям аб’ектыўную інфармацыю. Здаецца, наша мова настолькі багатая, што можна абыйсціся без такіх эмацыйных фармулёвак – калі мы хочам дайсці да самага шырокага кола слухачоў, а не толькі да тых, хто хоча пачуць менавіта такое. У нас бывае крытычны падыход і да беларускай апазіцыі – не заўсёды ўсхваляем. А стараемся глядзець, наколькі дзеянні ідуць на карысць дэклараванай мэты. Калі Беларусь стала незалежная, калі толькі стваралася нашае радыё ў 1992 годзе, то галоўнай мэтай было дапамагаць будаваць добрыя польска-беларускія адносіны – распавядаць беларусам па-беларуску пра Польшчу. І напачатку так яно і было. Але потым  было прынята рашэнне інфармаваць людзей і пра падзеі ў Беларусі – бо заўважылі, што беларусы не маюць поўнага доступу да сапраўды свабоднай і аб’ектыўнай інфармацыі.

Тая першая мэта – прапагандаваць навіны Польшчы ў Беларусі – зразумелая. Але патлумачце шараговаму чытачу, навошта польскаму грамадскаму радыё фінансаваць структуру, якая з Варшавы распавядае беларусам па-беларуску пра Беларусь?

Ніна Баршчэўская: Можна паставіць пытанне шырэй: навошта палякам увогуле займацца беларускімі пытаннямі? Польскія палітыкі тлумачаць гэта пэўнай удзячнасцю за сваю ўласную свабоду. За савецкім часам на Польшчу вяшчала Радыё Свабодная Еўропа – тады, калі ў Польшчы не было свабоднай магчымасці доступу да інфармацыі. Калі палякі здабылі свабоду, у іх з’явілася магчымасць перадаць гэтую сваю ўдзячнасць далей – перадаць вольнае слова на Беларусь.

У такім разе можна падлічыць, што Радыё Свабодная Еўропа, першы чым Польшча стала свабоднай, вяшчала туды больш за 30 гадоў. А Беларуская служба Польскага радыё вяшчае на Беларусь ужо 21 год. Заўважаеце паралелі?

Ніна Баршчэўская: Спадзяюся, што нашае радыё будзе працаваць і пасля таго, як Беларусь стане дэмакратычнай! (смяецца)(Дарэчы, польская служба Радыё Свабода працавала ажно да 1997 года. Г.Л.)  Спадзяюся, што мы аднойчы зможам вярнуцца да першай дэклараванай мэты нашага радыё – распавядаць беларусам пра цікавыя падзеі, якія адбываюцца ў Польшчы.

Спадарыня Ніна, у Мінску няма вашага афіцыйнага карпункта і акрэдытаваных карэспандэнтаў. Ці  былі такія спробы?

Ніна Баршчэўская: У Мінску ёсць акрэдытаваны карэспандэнт агульнага Польскага радыё Уладзімір Пац. Некалі ён, дарэчы, пачынаў сваю працу ў Беларускай службе. Мы і цяпер можам карыстацца ягонымі матэрыяламі. Мы маем у Беларусі нешматлікіх пазаштатных карэспандэнтаў. На жаль, за апошні год пайшлі з жыцця два нашыя карэспандэнты – Юрась Сцяпанаў з Віцебску і Юры Гумянюк з Гродна… Нашыя іншыя карэспандэнты спрабавалі акрэдытавацца ў МЗС. Але ім неафіцыйна адказалі, што Польскае радыё мае ў Мінску аднаго карэспандэнта – і гэтага дастаткова.

 

“Мы захоўваем усе лісты ад 1992 года”

Які сёння аб’ём вяшчання Беларускай службы Польскага радыё?

Ніна Баршчэўская: 1,5 гадзіны штодня на кароткіх хвалях. Гэта дзве перадачы – паўгадзінная і гадзінная. Апрача гэтага, мы маем 4 гадзіны эфіру на спадарожніку. Некаторыя нашыя перадачы рэтрансляваліся ў розныя часы іншымі радыёстанцыямі. Была супраца з “Беларускай маладзёжнай”, з “Радыё 101,2”, са “Сталіцай” – мы рыхтавалі для іх адмысловыя 5-хвілінныя інфармацыйныя блокі. Рыхтавалі супольную перадачу з “Аўтарадыё”, наш карэспандэнт адмыслова ездзіў у Мінск, у жывым эфіры праводзіліся конкурсы для слухачоў. Цяпер нас рэтранслююць “Балтыйскія хвалі”. На сярэдніх хвалях мы ахопліваем цэлую Беларусь, у паўночна-заходняй Беларусі нас можна слухаць на FM-хвалях “Радыё з-над Віліі”. Але рапарты, якія мы атрымліваем ад слухачоў, найчасцей датычаць кароткіх хваляў.

Напачатку Вы сказалі пра людзей, якія пішуць вам лісты. Гэта цяжка ўявіць – пра што і навошта чалавеку сёння пісаць лісты на радыё?!

Ніна Баршчэўская: Лістоў вельмі шмат! Дарэчы, мы захоўваем усе лісты ад 1992 года – і нашыя шафы іх ужо ледзьве змяшчаюць! Лісты розныя. Гэта і згаданыя рапарты – ці добра нас чуваць. Гэта і лісты, якія прыходзяць да нас на конкурсы – слухачы ўдзельнічаюць, атрымліваюць прызы. Некалі мы праводзілі конкурс пра сітуацыю з беларускай мовай у Беларусі. Альбо сітуацыю з беларускай тоеснасцю. У нас кожны тыдзень у эфіры дзве перадачы, якія  з’яўляюцца дзякуючы лістам нашых слухачоў. Гэта “Рэдакцыйная дыскусія” і “Рэдакцыйная пошта”. Значыцца, у нас ёсць, што цытаваць!

Колькі супрацоўнікаў налічвае варшаўская рэдакцыя? Хто гэтыя людзі – палякі ці беларусы?

Ніна Баршчэўская: У Варшаве нас працуе 10 чалавек. Гэта палякі ды беларусы з Польшчы, а таксама палякі ды беларусы з Беларусі. Некаторыя скончылі варшаўскую беларусістыку, некаторыя скончылі журналістыку ў Польшчы (але самі нарадзіліся ў Беларусі). Некаторыя філолагі, а не журналісты з адукацыі – напрыклад, я! (смяецца) Тое, што мы робім – ад шчырага сэрца. Можа, таму ў нашых перадачах не назіраецца варожасці, ярасці, дрэнных эмоцыяў. Для нас важна, каб польска-беларускія дачыненні будаваліся на найлепшых узорах, у тым ліку з мінуўшчыны. Паміж Польшчай і Беларуссю ніколі не было дрэнных адносін як між многімі іншымі народамі. А ўвогуле, мая мара – каб паміж Польшчай і Беларуссю не было мяжы. Каб як цяпер палякі могуць ехаць у Еўразвяз, гэтак грамадзяне Беларусі маглі спакойна ехаць у Польшчу.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: