ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

“Міжнародка”: дамінуе палітычная папса

В фокусе

Нечакана міжнароднае жыццё беларускіх улад завіравала. Толькі вярнуўся Лукашэнка з Сочы (таксама замежжа!), як давялося ляцець на пахаванне Чавеса, потым — прымаць сербскага сябра Нікаліча, потым — сустракацца з Пуціным у Пецярбургу, а цяпер вось беларускі кіраўнік выправіўся ў Інданэзію ды Сінгапур.

Згаладалыя па “міжнародцы” айчынныя СМІ, як тыя піранні, накідваюцца на такія інфармацыйныя нагоды. Але калі ў дзяржаўных медыях дамінуюць казёншчына ды помпа (візіт Нікаліча называлі гістарычным, хоць заходняя і расійская прэса ўвогуле не звярнулі на яго ўвагі), то ў медыях недзяржаўных, пры значна большай разняволенасці стылю ды ацэнак, пераважае жахлівая павярхоўнасць.

 

З Чавеса сталі ляпіць другога Сталіна

Так, шэраг рэсурсаў ухапіўся за тое, што Чавес памёр у адзін дзень са Сталіным. Кінуліся шукаць у гэтым сімволіку, праводзіць паралелі між “двума дыктатарамі”, “двума тыранамі”.

Параўнанне, аднак, не тое што кульгае, а ўвогуле не ў дугу. Чавес пры ўсіх сваіх аўтарытарных замашках спаборнічаў за ўладу на адносна дэмакратычных выбарах. Летась разрыў між ім і апазіцыянерам Капрылесам склаў меней за дзесяць адсоткаў, прычым той пастфактум не загрымеў у турму, а пераабраўся губернатарам.

І сваіх Курапатаў у наваколлі Каракаса, і ГУЛага ў джунглях Венесуэлы за гады кіравання Чавеса, дзякуй богу, не з’явілася. Так што на тырана экстравагантны папуліст ну ніяк не цягне.

Другім матывам публікацый, звязаных са смерцю камандантэ Уга, было: ну, капец, зараз усе супольныя з Беларуссю праекты ляснуцца! Мусіравалася адна і тая ж тэза, што ўсё было завязана на асабістае сяброўства Лукашэнкі з Чавесам.

Так, ды не зусім так. І чаму было наканавана ляснуцца, тое — гаворка найперш пра пастаўкі нафты праз акіян — ужо ляснулася. Лічбы двухбаковага гандлю сведчаць, што падзенне ягонага аб’ёму ідзе ўжо трэці год.

З іншага боку, супольная нафтаздабыча можа існаваць і далей, гэтаксама як і вытворчасць МАЗаў, іншай тэхнікі беларускіх брэндаў, кажа эканаміст Сяргей Чалы. Пры любым наступніку Венесуэла найхутчэй што дабудуе ствараную пад эгідай Беларусі сістэму супрацьпаветранай абароны, бо яна ўжо гатовая адсоткаў на 70%, сцвярджае ваенны эксперт Аляксандр Алесін. Карацей, двухбаковыя дачыненні чакае не абвал, а хутчэй што застой, прагназуе даследчык міжнародных сувязяў Беларусі Аляксандр Ціхаміраў.

Але калі рабіць артыкулы з апорай на меркаванне адмыслоўцаў, то пэўна ж давядзецца ў значнай ступені ахвяраваць хвосткасцю. Ды і ўлом корпацца ў тых лічбах, разбірацца ў тонкасцях нафтаздабычы ў басейне Арынока. Таму ідзе пераважна палітычная папса кшталту “два тыраны памерлі ў адзін дзень”.

 

Капрылес: прывітанне, зямеля!

Зараз медыі ўхапіліся за тое, што зноў вылучаны адзіным кандыдатам ад апазіцыі Капрылес мае беларускія карані. Хоць па мне значна цікавейшым ёсць тое, што там пры ўсёй пярэстасці праціўнікаў кіроўнай каманды ды гарачым нацыянальным тэмпераменце ўмеюць хутка дамаўляцца пра адзінага кандыдата.

А мо тамэйшыя апазіцыянеры проста неспрактыкаваныя і адрозна ад беларускіх калег не ведаюць, як “набіраць” сто тысяч подпісаў за вылучэнне з дапамогай тэлефоннай кнігі і наколькі болей прагрэсіўнай ёсць тактыка хаджэння на выбары рассыпаным шыхтом?

Калі ж сур’ёзна, то глыбокага і знітаванага з беларускімі рэаліямі аналізу венесуэльскай унутрыпалітычнай сітуацыі ў нашай прэсе практычна не стрэнеш. Зрэшты, як і сітуацыі эканамічнай. У фокусе апынаюцца хіба што форс-мажоры кшталту лютаўскай дэвальвацыі балівара. Сайт UDF.BY даў паведамленне пра яе пад загалоўкам “Чавес паводле прыкладу Лукашэнкі правёў дэвальвацыю нацыянальнай валюты”.

Трэба было неяк прывязаць да беларускай рэчаіснасці — вось і ўляпілі кідкі загаловак. Хаця Лукашэнка тут ніякім бокам. Нявыкрутка была — вось і давялося апускаць балівар. Прычым дэ-факта гэта зрабілі паплечнікі камандантэ, які на той час ужо наўрад ці быў у стане кіраваць краінай. Найхутчэй што ягоным імем цынічна прыкрыліся, каб не выклікаць агонь на сябе.

 

Не аналізуюць, а варожаць

Папсовы характар “міжнародкі” ў айчынных медыях выяўляецца як ў інфармацыйнай плыні (выхопліваюць і ставяць на стужку найперш жаўцізну — скандалы, свецкую хроніку), так і ў павярхоўных, тэндэнцыйных каментарах.

Гэтая папсовасць ў значнай ступені спараджаецца вядомымі праблемамі нашай недзяржаўнай прэсы: малы штат, каб трымаць міжнароднікаў, мала грошай, каб плаціць за грунтоўныя артыкулы. Ну і плюс элементарная лянота.

У выніку, калі трапляе раптам у фокус тая Сербія, Інданэзія, Сінгапур (патрэбнае падкрэсліць), ляпіць тэкст на скорую руку пачынае звычайна пісака-шматстаночнік, не ўпэўнены, на якім кантыненце знаходзіцца Гандурас, затое ўпэўнены, што “Катманду” трэба скланяць.

Зрэшты, нават для дасведчанага журналіста задача абцяжарваецца праблемамі доступу да інфармацыі. Дзяржаўная сістэма вельмі закрытая, чыноўнікі ўмеюць трымаць язык за зубамі. Той жа Нікаліч зваліўся як снег на галаву, пры тым што, аказваецца, беларускі бок запрасіў яго за тры месяцы.

Звыш таго, кола незалежных экспертаў вузкае, ды і яны, кладучы руку на сэрца, часта гадаюць на кафейнай гушчы, бо самі пакутуюць без інсайдарскай інфы.

І ўжо зусім прымітыўная палітычная папса атрымліваецца звычайна ў тых выпадках, калі на каментатараў ангажуюць не знаўцаў тэмы, рэгіёна, а дзеячаў з апазіцыі, для якіх гэта проста магчымасць лішні раз даць вербальнага выспятка рэжыму.

 

Эксперт можа сапсаваць усю маліну

Свежы прыклад малпавання павярхоўнага падыходу да тэмы: з нечай падачы па нашых медыях пайшла гуляць версія, што Нікаліч — эмісар Бруселя (тым болей што, маўляў, сустракаўся напярэдадні з Кэтрын Эштан). Прычым падавалася гэта ў шэрагу тэкстаў безапеляцыйна, без варыянтаў.

Але ж элементарных разваг дастаткова, каб у такой версіі засумнявацца. Пачаць хаця б з таго, што Сербія не ўваходзіць у Еўразвяз, яшчэ болей, мае вялікія “цёркі” з тым Бруселем у косаўскім пытанні. Не тая атмасфера на перамовах бялградскіх кіраўнікоў з брусельскімі функцыянерамі, каб яшчэ і грузіцца беларускім пытаннем.

Уся недарэчнасць версіі выявілася на другі дзень візіту, калі Нікаліч, разняволіўшыся сярод славянскіх братоў, публічна прызнаўся, што параіў Лукашэнку не зважаць (чытай: плюнуць) на тыя еўрапейскія санкцыі. Нішто сабе пасланец Бруселя, які дэ-факта пасылае Брусель!

Зразумела, не заўжды стае часу на грунтоўны артыкул. Але ж вазьміце за правіла званіць як мінімум двум экспертам, каб у тэксце была хоць нейкая паліфанія меркаванняў!

Іншае пытанне, ці заўжды медыі імкнуцца да той паліфаніі. Пазвоніш эксперту, а той скажа, што ніякі Чавес не тыран. А ў цябе ўжо хвосткі загаловак прыдуманы, акурат пра тырана. Ды ну яго, таго эксперта, сапсуе ўсю папсовую медыйную маліну!

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: