Вы здесь

Сяргей Дарафееў: Можна яшчэ казаць, што я часткова прадаўся Крамлю

Интервью

Ці становіцца ён ізноў праўладным журналістам, ці можна купіць Дарафеева і навошта яго дыскрэдытуюць, Еўрарадыё расказвае былы вядучы АНТ Сяргей Дарафееў.

?????????Еўрарадыё: Чаму вы прынялі рашэнне памяняць месца працы: пайсці з “5 канала” на “Інтэр”?

Сяргей Дарафееў: Я бачу на “Інтэры” больш магчымасцяў для рэалізацыі сябе як менеджэра і вядучага, чым было на “5 канале”. Што ж тычыцца майго пераходу, то я ніколі не думаў, што навіна пра мой пераход на іншы тэлеканал выкліча такое абмеркаванне – гэтымі днямі і ва Украіне, і ў Беларусі ёсць больш важныя тэмы. І тым больш я не думаў, што з’явяцца такія некарэктныя заявы некаторых маіх калег. Я хачу ўсіх запэўніць, што прынцыпы незалежнай журналістыкі я буду несці і далей – як гэта рабіў і ў Беларусі, і на “5 канале”. А ўсё тое, што зараз адбываецца ва ўкраінскай медыяпрасторы, дае падставы меркаваць, што ў адносінах да мяне пачалася кампанія па дыскрэдытацыі. На жаль, ва Украіне гэта – справа звыклая. З гэтай нагоды я накіраваў ліст ў выданне “Тэлекрытыка” са сваёй пазіцыяй і з тлумачэннямі – што і як насамрэч адбывалася і адбываецца.

Увогуле, пераход вядучых з аднаго канала на іншы ва Украіне заўсёды не ціхі працэс. І хто стаіць за гэтай кампаніяй мне вядома. Але той факт, што ўкраінскаму выданню “Тэлекрытыка” я двума словамі пацвердзіў свой пераход з аднаго канала на іншы, ніякім чынам не парушае маіх дамоўленасцяў з “5 каналам”. У прыватнасці, наконт выпуску прэс-рэліза, дзе ўся інфармацыя будзе выкладзеная падрабязна. З гэтай нагоды мне прыкра, што мае беларускія калегі бяздумна перадрукавалі інфармацыю ўкраінскіх выданняў, і ніхто не паклапаціўся патэлефанаваць мне па камянтар. Чаму няма гэтага боку? Украінскі медыярынак, у адрозненне ад беларускага, насычаны. Кожнае СМІ мае свайго ўладальніка, а значыць, не можа лічыцца незалежным. У звязку з гэтым я хачу давесці свайму беларускаму калегу, які першы падаў інфармацыю пра мой пераход: называць канал “Інтэр” праўладным, а “5 канал” – незалежным, гэта найменш – некарэктна.

Еўрарадыё: Гэта адзіная “недакладнасць”?

Сяргей Дарафееў: Пра сваю працу ў праекце “Позаочі” я ўпершыню пачуў ад выдання “Тэлекрытыка”. І ні пра што такое мэнэджмент “Інтэра” са мной не гаварыў. Таму нават каментаваць гэта не буду. Толькі скажу, што праграму “Позаочі” былая супрацоўніца “5 канала” ніколі не вяла, як піша беларускае інфармагенцтва. Беларускія калегі, уважліва працуйце з крыніцамі інфармацыі.

А што тычыцца такой ўпэўненай заявы генеральнага прадзюсара “5 канала” Юрыя Стэця – у ім няма ні слова праўды! Ён заявіў, што прычыны парушэння маіх дамоўленасцяў з “5 каналам” трэба шукаць у маіх дамоўленасцях з уладальнікамі “Інтэра” Фірташам і Лёвачкіным. А далей, маўляў, дадумайце самі. Ніякіх дамоўленасцяў – ні вусных, ні пісьмовых – з “5 каналам” я не парушаў, ні з Фірташам, ні з Лёвачкіным ні пра што не дамаўляўся. Але яны насамрэч з’яўляюцца акцыянерамі “Інтэра”, і калі яны захочуць са мной сустрэцца, я з імі, безумоўна, сустрэнуся. Як сустракаўся з уладальнікам “5 канала” Пятром Парашэнкам. Гэта нармальна, калі супрацоўнікі сустракаюцца з кіраўніцтвам, з уладальнікамі і акцыянерамі. Усе ўмовы свайго пераходу я абмяркоўваю з супрацоўнікамі топ-мэнэджменту “Інтэра” і “5 канала”.

Еўрарадыё: Быў яшчэ адзін пункт, на які звярнулі ўвагу выключна ўсе СМІ…

Сяргей Дарафееў: Так, я зараз сапраўды рыхтуюся да інтэрв’ю з патрыярхам Кірылам. Але той, хто пра гэта паведаміў і такім чынам хацеў мяне скампраметаваць, пралічыўся – запіс інтэрв’ю прызначаны на дзень, калі ў мяне няма эфіру на “5 канале”. І выйдзе ён у эфір на “Інтэры” тады, калі я ўжо сыду з эфіру “5 канала”. І тое, што я раблю ў свой выходны дзень, гэта мая асабістая справа. Красавік – апошні месяц маёй працы на “5 канале”. Праца цягам гэтага месяца да апошняга дня ўзгодненая з кіраўніцтвам праграмы “Час. Підсумки дня”, вядучым якой я з’яўляюся, як і праграмы “Партрэты”. А пра тое, што я пераходжу на “Інтэр”, на “5 канале” ведалі ўсе. Заява пра звальненне ўжо даўно ляжыць у аддзеле кадраў.

Еўрарадыё: Газета “Украинская правда”, падаючы інфармацыю пра ваш пераход, назвала вас “пралукашэнкаўскім” журналістам…

Сяргей Дарафееў: Гэта выданне страціла для мяне рэпутацыю незалежнага СМІ. Менавіта “Украинскую правду” так актыўна цытавалі беларускія масмедыя. У суботу яны напісалі: “Пралукашэнкаўскі Дарафееў будзе служыць Лёвачкіну”. Прычым, “пралукашэнкаўскі” ў рускай версіі сайта напісана з памылкамі. Я звярнуўся да аўтараў гэтага загалоўка: “Калі вы выкарыстоўваеце слова “служыць”, то не мерайце сваёй меркай усіх астатніх – гэта ваша слова і ваш трэнд працы, як я разумею”. Фразу “пралукашэнкаўскі Дарафееў” мог напісаць толькі той чалавек, які нічога пра мяне не ведае. Роўна, як і фраза, якая сустракалася ў іншых выданнях, “апазіцыйны Дарафееў”, яна таксама не правільная.

Еўрарадыё: Такім чынам, для кіраўніцтва “5 канала” ваш хуткі пераход навіной на стаў?

Сяргей Дарафееў: Свой пераход я абдумваў даволі працяглы час. Не аднаразова сустракаўся з уладальнікам “5 канала” Пятром Парашэнкам, і ўсе нюансы майго пераходу былі з ім абумоўленыя. Ніякіх нечаканасцяў ні для ўладальнікаў, ні для топ-мэнэджмента, ні для супрацоўнікаў “5 канала” ў маіх пераходзе няма. Увогуле, у адпаведнасці з украінскім заканадаўствам я маю права звольніцца 8 красавіка. Але Пётр Парашэнка папрасіў мяне адпрацаваць яшчэ красавік, каб мне паспелі знайсці замену, і я пайшоў насустрач. Хоць разумею, што гэта не радуе топ-мэнэджараў канала “Інтэр”. Але ёсць просьба, я на яе адрэагаваў, і ўсе бакі гэта зразумелі. Таму ўсе спекуляцыі вакол гэтага – не больш, чым кампанія па маёй дыскрэдытацыі, якая зараз распачатая пэўнымі людзьмі, якіх я ведаю.

Еўрарадыё: У чым прычына гэтай “кампаніі па дыскрэдытацыі”?

Сяргей Дарафееў: Адзін канал не хоча мяне адпускаць, іншы – хоча бачыць мяне сваім супрацоўнікам. Прырода ўсіх гэтых працэсаў ляжыць тут. А называць прозвішчы тых, хто за гэтай кампаніяй стаіць, – яны нічога не скажуць беларускай аўдыторыі. Увогуле, гісторыя ўкраінскай журналістыкі мае безліч прыкладаў таго, як людзі пераходзілі з аднаго канала на іншы, маючы такі ж “шлейф”, – нічога надзвычайнага ў гэтай сітуацыі няма.

Еўрарадыё: На іншы канал вы прыйдзіце з нейкімі сваімі праектамі?

Сяргей Дарафееў: Безумоўна, у мяне дастаткова ідэй, як і ў топ-мэнэджмента “Інтэра”, якія яны прапаноўваюць мне. Калі мы сыдземся на нечым канкрэтным, пэўных фарматах, іх асаблівасцях, штатных раскладах праграмы – я падпісваю кантракт. Праца над гэтым зараз ідзе.

Еўрарадыё: СМІ ўвагу звярнулі на тое, што ўладальнік “Інтэра” – кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Украіны…

Сяргей Дарафееў: А чаму беларускія журналісты ў гэтай сітуацыі не кажуць пра тое, што ўладальнік “5 канала” Пётр Парашэнка – багаты чалавек, палітык, лічыць сябе апазіцыянерам. Чаму яны не ўхапіліся за гэта?!

Еўрарадыё: Вось і атрымліваецца, што вы сыходзіце ад апазіцыянера да – праўладнага!

Сяргей Дарафееў: Усе выдатна ведаюць, як я працаваў на канале АНТ, які называюць праўладным ва Украіне. Бо не ведаюць, што ў Беларусі іншых тэлеканалаў няма. Усе ведаюць, як я працаваў на “5 канале”. Таму чакаць ад мяне рэзкай змены пазіцыі, маіх журналісцкіх прынцыпаў на “Інтэры” – так могуць казаць толькі людзі, якія пра мяне не ведаюць нічога. Калі я гадоў праз дзесяць ізноў буду працаваць на канале АНТ – ну, што ж, кажыце пра мяне, што я ізноў праўладны журналіст. Я так стаміўся ад гэтых клішэ, што ўжо не звяртаю на іх увагі! Працаваць альбо на адзін фланг, альбо на іншы – гэта парушае прынцыпы незалежнай журналістыкі. Грамадскіх масмедыя няма ні ва Украіне, ні ў Расіі, ні ў Беларусі. Калі я ўладкоўваўся на “5 канал”, то ўсе казалі: “Сышоў з дзяржаўнага канала і рэзка перайшоў да апазіцыі – усё зразумела!” Зараз, калі я сыходжу на канал, які часткова належыць людзям ад улады, можна крытыкаваць у гэты бок. Дарэчы, частка акцый “Інтэра” належыць маскоўскаму “1 каналу”, былому АРТ. Чаму ж вы тады не абвінавачваеце мяне ў тым, што я сыходжу працаваць на Крэмль? Ведаеце, я ўжо спакойна рэагую на абвінавачванні ў тым, што я – агент ФСБ, што я - агент беларускіх спецслужбаў. У Беларусі гэта толькі набывае моц, а ва Украіне існуе даўно - тролінг на форумах. Цэлыя арміі ботаў, якія адпрацоўваюць тыя ці іншыя замовы па фармаванні, як яны думаюць, грамадскага меркавання.

Еўрарадыё: Вы кажыце пра большыя перспектывы на “Інтэры”, але можа прычына пераходу банальная – ў большым заробку?

Сяргей Дарафееў: Калі я атрымаў прапанову ад канала “Інтэр”, кіраўніцтва “5 канала” прапанавала мне неверагодна выгодныя ўмовы - і фінансы, і кар’ерныя перспектывы. Таму казаць, што Дарафеева перакупілі, не правільна. Калі б я правёў крыху інакш эфір 19 снежня 2010 года на канале АНТ, то атрымаў бы сур’ёзныя дывідэнды. Я гэтага не зрабіў. Гэта мой адказ на пытанне: “Ці прадаецца Дарафееў?”

Еўрарадыё: Вы насамрэч ведалі 19 снежня, што вас чакаюць пэўныя дывідэнды?

Сяргей Дарафееў: Так. Але я не буду казаць, што за яны. Што да “Інтэра”, то там у мяне больш магчымасцяў для рэалізацыі сябе ў якасці медыямэнэджара і вядучага, чым на “5 канале”. “Інтэр” – гэта вялікі тэлезавод. Там я змагу на практыцы рэалізаваць усе мае веды, якія я атрымаў падчас замежных стажыровак, і атрымліваць новыя веды. А калі б мне прапанавалі працу на вялікім расійскім канале, то была б інфармацыя, што я канчаткова прадаўся Крамлю, а не часткова, як зараз.

Еўрарадыё: Вас не палохае тое, што вы дэбютуеце на “Інтэры” з інтэрв’ю з патрыярхам Кірылам, якога не ўсе любяць ва Украіне?

Сяргей Дарафееў: Інтэрв’ю з патрыярхам Кірылам не будзе першым выпускам маёй аўтарскай праграмы на “Інтэры”. Гэта разавае інтэрв’ю, і яно не будзе мець дачынення да маіх будучых праграм. Мой дэбют на “Інтэры” будзе іншым. Што да “царкоўнага пытання”, то не так даўно я ў межах праграмы “Партрэты” зрабіў інтэрв’ю з патрыярхам Філарэтам. Гэта ўкраінская праваслаўная царква, Кіеўскі патрыярхат, які Маскоўскі патрыярхат лічыць некананічным, і ён не прызнаны ні воднай праваслаўнай царквой. Таму абвінавачваць мяне ў тым, што я даю слова толькі аднаму чалавеку, не правільна. Тым больш, што гэта не я даю слова – гэта рашэнне тэлеканала.

Зміцер Лукашук, «Еўрарадыё», фота: ???telekritika.ua

Ведущий ток-шоу «Портреты с Сергеем Дорофеевым» передал «Телекритике» обращение к зрителям, в котором решил прокомментировать сообщения СМИ о своём переходе с 5-го канала на «Интер». 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: