Вы здесь

Адкуль навіны?

Прэсавыя службы дзяржаўных установаў, аддзелы па сувязях з грамадскасцю, намеснікі па ідэалогіі — вось хто фармуе інфармацыйную карціну жыцця краіны, якую падаюць беларускія тэлеканалы штовечар. Нагоды, створаныя дзяржаўнымі піяршчыкамі, — аснова навінавых выпускаў усіх трох тэлеканалаў у тыдзень маніторынгу.

У студзені на тэлеканале «Беларусь 1» такіх навінаў было каля 45 %, на ОНТ — больш за палову (каля 56 %), на «Белсаце» — амаль траціна (каля 27 %). Пры гэтым на «Белсаце» гэтыя інфармацыйныя нагоды становяцца падставай для развіцця тэмы, аўтары ды рэдактары даюць выказацца незалежным экспертам ды радзей — тым жыхарам Беларусі, на якіх уплывае навіна, каго яна тычыцца непасрэдна. А дзяржканалы ў большасці выпадкаў будуюць матэрыялы, не выкарыстоўваючы іншых крыніцаў. То бок сюжэты ў выніку носяць прыкметы карпаратыўнай ці палітычнай замовы.

Пры гэтым уласнай, эксклюзіўнай інфармацыі ў навінавых выпусках усіх трох каналаў практычна не было. Калі выключыць матэрыялы з аўтапрамоцыяй, то ўласнымі сіламі здабытых навінаў за тыдзень у выпусках «Беларусь 1» прайшло толькі 3, на ОНТ — 8, на «Белсаце» — 4.

Усе тры каналы маюць карэспандэнцкія сеткі ў тым ліку ў рэгіёнах, але пераважная большасць беларускіх інфармацыйных нагодаў у навінавых выпусках — з Менска. Інфармацыя з рэгіёнаў носіць маргінальны характар.

Найлепшая сітуацыя тут на ОНТ: рэгіянальныя сюжэты займалі 25 % агульнай колькасці матэрыялаў. Прычым больш за палову з іх адпавядалі амаль усім прафесійным стандартам, былі збалансаванымі, асвятлялі значныя сацыяльныя тэмы. Рэшта насіла галоўным чынам паркетны характар.

На канале «Беларусь 1» матэрыялы з рэгіёнаў занялі каля 14 % ад агульнай колькасці. Рэгіёны з’яўляліся на канале ў асноўным у паркетных матэрыялах пра візіты туды вышэйшых дзяржаўных кіраўнікоў альбо ў нарысах ці праблемных матэрыялах без аператыўнай інфармацыйнай нагоды.

На «Белсаце» ў тыдзень маніторынгу інфармацыйныя нагоды з рэгіёнаў Беларусі мелі ў большасці аператыўны характар ды адпавядалі стандартам навіны. Але агулам такіх навінаў было найменей — усяго каля 13 %.

  1. Матэрыялы з прыкметамі замоўленасці (палітычнай ці карпаратыўнай замовы, камерцыйнай рэкламы, аўтапрамоцыі) альбо цэнзуры

Тэлеканал

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Студзень 2013

Снежань 2012

Лістапад 2012

Кастрычнік 2012

Верасень 2012

Жнівень 2012

«Белсат»

20 (45 %)

24 (51 %)

23 (62 %)

21 (58 %)

20 (56 %)

21 (58 %)

«Беларусь 1»

34 (56 %)

45 (76 %)

31 (53 %)

41 (76 %)

42 (62 %)

47 (82 %)

ОНТ

39 (58 %)

24 (50 %)

28 (61 %)

27 (59 %)

26 (57 %)

34 (60 %)

 

Дзяржканалы

На тэлеканале «Беларусь 1» у найбольшай ступені ў параўнанні з іншымі парушаліся стандарты балансу думак, аддзялення фактаў ад меркаванняў ды верагоднасці. Самы часты спосаб падачы матэрыялу — сюжэт з адным сінхронам, як правіла, прадстаўніка дзяржустановы, ад якой сыходзіць і інфармацыя ў закадравым тэксце. Таксама аўтары ды рэдактары дазваляюць сабе ўласныя каментары і падачу звестак без спасылкі на крыніцы. Так, 25.01 паркетны сюжэт пра рэйд кантралёраў Камітэта дзяржкантролю ды Міністэрства па падатках і зборах па аўтамайстэрнях быў пабудаваны толькі на сінхронах прадстаўнікоў гэтых дзяржустановаў і на відэа аператыўных здымак. Аўтары ды рэдактары дазволілі сабе ўласныя каментары: «Владельцы “теневого” автобизнеса не боятся ни больших штрафов, ни конфискации помещения вместе с оборудованием. Оно и понятно, ведь недостатка в клиентах у таких народных мастеров не бывает. Белорусы, даже несмотря на отсутствие каких-либо гарантий, все равно отправляются в гаражи. В итоге от нелегалов страдает и государственная казна, и владельцы легальных СТО».

Стандарт аддзялення фактаў ад думак парушаўся ў сюжэтах і палітычнай, і сацыяльнай тэматыкі. 24. 01 выйшаў матэрыял пра візіт А. Радзькова на фабрыку «Алеся». Сюжэт меў прыкметы адначасова і карпаратыўнай, і палітычнай замовы. У ім парушаўся стандарт балансу думак: хоць былі пададзеныя сінхроны і работніцы, і дырэктара прадпрыемства, аднак пры гэтым выказванні Радзькова з’яўляліся некалькі разоў і мелі большы хранаметраж. Да таго ж аўтары ды рэдактары дапусцілі ўласныя каментары: «Александр Радьков на фабрике первым делом спрашивает как раз про кадры: нет ли дефицита сотрудников, каков социальный пакет. Забота о персонале — залог эффективного производства, а его динамичное развитие для руководителей — главная цель».

У навінах ОНТ таксама адзначалася частае парушэнне стандарту балансу думак. Як і на телеканале «Беларусь 1», большая частка матэрыялаў будавалася на закадравым тэксце ды адным сінхроне. На ОНТ застаецца найбольшай сярод усіх каналаў колькасць парушэнняў стандарту паўнаты. Аўтары не падаюць істотна важнай для разумення тэмы інфармацыі, у сюжэтах з прыкметамі карпаратыўнай замовы часцей за ўсё адсутнічае бэкграўнд праблемы. Таксама на гэтым канале была найбольшая сярод усіх каналаў колькасць парушэнняў стандарту аператыўнасці, у асноўным за кошт праблемных ці нарысавых матэрыялаў сацыяльнай тэматыкі з рэгіёнаў. Гэтыя сюжэты не мелі актуальнай інфармацыйнай нагоды.

А вось практыка каментавання аўтарамі навінаў на ОНТ змяншаецца з кожным месяцам. Гэтым разам ОНТ зноў мела найменшую з трох каналаў колькасць парушэнняў стандарту аддзялення фактаў ад думак.

«Белсат»

Нягледзячы на складаны палітычна-прававы статус «Белсата» ў Беларусі, што ўплывае на доступ яго супрацоўнікаў да інфармацыі і каментароў, навіны «Аб’ектыва» мелі найменшую сярод усіх каналаў колькасць парушэнняў стандарту балансу думак. Таксама найменшай была колькасць неактуальных матэрыялаў, то бок навінаў з парушэннем стандарту аператыўнасці.

Аднак традыцыйна высокай застаецца колькасць матэрыялаў з парушэннем стандартаў аддзялення фактаў ад думак, верагоднасці ды дакладнасці. Найчасцей у матэрыялах «Белсата» ўсе гэтыя тры парушэнні ідуць поруч. Аўтары ды рэдактары каментуюць падзеі, замест таго каб шукаць, удакладняць інфармацыю, пацвярджаць яе з розных крыніцаў.

Так, 22.01 у сюжэце пра справаздачу Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця пра беларускую эканоміку аўтар дапусціў уласныя каментары: «Можа зрабіцца страшна, калі такая рыторыка з боку Нацбанка — гульня на апярэджванне на выпадак, калі кіраўнік краіны і сапраўды вырашыць надрукаваць беларусам заробкі, каб павысіць унутраны попыт, а ў выніку і ВУП».

У сюжэце ад 23.01 пра заробкі беларусаў аўтары ды рэдактары, замест таго каб даць выказацца па тэме спецыялістам, вырашылі аналізаваць фінансавую інфармацыю самастойна. Аднак прывяло гэта да парушэння стандарту верагоднасці, а проста кажучы, да падачы непраўдзівай інфармацыі. Пра кошт даляра аўтары дапусцілі наступныя сцверджанні: «Апошні ў выніку антыкрызісных захадаў Вашынгтона паслядоўна губляе на сваёй вартасці. Калі параўноўваць кошт “зялёнага”, напрыклад, з унцыяй золата, то з 2008 года ён патаннеў у два з паловаю разы. Іншымі словамі, 500 долараў сёння — гэта як 200 чатыры гады таму». Насамрэч так наўпрост кошты золата ды даляра не карэлююць. Кошт золата, як усялякага іншага прадукту вытворчасці, залежыць і ад выдаткаў на ягоную прадукцыю. Напрыклад за тыя самыя 4 гады сабекошт здабычы золата вырас удвая і праз увядзенне квотаў на ягоны вываз асобнымі краінамі, і праз рост кошту электрычнасці.

1.1. Матэрыялы з прыкметамі палітычнай замоўленасці (альбо цэнзуры)

Тэлеканал

Колькасць

Студзень 2013

Снежань 2012

Лістапад 2012

Кастрычнік 2012

Верасень 2012

Жнівень 2012

«Белсат»

17

21

19

16

16

11

«Беларусь 1»

17

20

25

26

33

22

ОНТ

14

9

18

14

16

21

 

Дзяржканалы

Палітычная замоўленасць у матэрыялах дзяржканалаў выяўляецца галоўным чынам праз незбалансаваную, кампліментарную для ўладаў падачу інфармацыі. Прычым такая падача тычыцца не толькі навінаў палітычнай тэматыкі, але нават у большай ступені сацыяльна-эканамічнай. Досыць часта матэрыялы абодвух каналаў носяць прыкметы адначасова палітычнай і карпаратыўнай замовы. Гэта паркетныя сюжэты пра візіты вышэйшых чыноўнікаў на прадпрыемствы ці ў рэгіёны, пра мерапрыемствы асобных дзяржустановаў, матэрыялы паводле інфармацыі прэс-службаў сілавых структур.

Асобнай катэгорыяй палітычна замоўных матэрыялаў на тэлеканале «Беларусь 1» былі сюжэты пра падзеі замежжа. Так, на гэтым канале 22.01 выйшаў матэрыял з парушэннем усіх прафесійных стандартаў, тэмай якога стала адмыванне грошай праз літоўскія банкі. Фактычна сюжэт насіў антыамерыканскі характар, аўтары ды рэдактары акрамя іншых парушэнняў дапускалі ўласныя каментары: «Относительно своих союзников, похоже, никаких опасений у США не возникает».

На наступны дзень на тэлеканале «Беларусь 1» выйшаў сюжэт пра рэакцыю Расіі на спіс Магніцкага ды скандал з бібліятэкай Шнеерсана. Матэрыял насіў відавочна прарасійскую скіраванасць. Былі дадзеныя толькі сінхроны С. Лаўрова, за кадрам цытаваўся таксама расійскі міністр замежных спраў.

«Белсат»

На «Белсаце» матэрыялы з прыкметамі палітычнай замовы, прысвечаныя падзеям у Беларусі, утрымлівалі, наадварот, негатыўную ацэнку беларускіх уладаў. Менавіта з такіх сюжэтаў пачыналіся выпускі навінаў кожны інфармацыйны вечар.

Прыкметы палітычнай замоўленасці мелі таксама некаторыя матэрыялы пра падзеі замежжа. Так, 21.01 у аглядзе замежных навінаў прайшла інфармацыя пра абвінавачанні супраць адваката Юліі Цімашэнка, пры гэтым падаваўся толькі сінхрон абаронцы былога прэм’ер-міністра Украіны. Таксама ў парушэнне стандарту паўнаты не было важнай інфармацыі, напрыклад, наконт таго, якія дзеянні сталі прычынай пераследу адваката.

1.1.1.         Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу

Тэлеканал

Колькасць

Студзень 2013

Снежань 2012

Лістапад 2012

Кастрычнік 2012

Верасень 2012

Жнівень 2012

«Белсат»

13

21

17

12

12

11

«Беларусь 1»

0

0

0

2

0

0

ОНТ

1

0

0

0

0

0

 

Дзяржканалы

У навінавых выпусках тэлеканала «Беларусь 1» не было негатыўных сюжэтаў пра ўладу.

На ОНТ 23.01 прайшоў адзін негатыўны сюжэт пра беларускіх чыноўнікаў, а менавіта пра былое кіраўніцтва канцэрна «Беллеспаперпрам». Гэты матэрыял прысвячаўся праверцы Камітэтам дзяржкантролю прадпрыемстваў канцэрна. Сюжэт насіў прыкметы адначасова карпаратыўнай ды палітычнай замовы. Аўтары ў сінхронах далі выказацца супрацоўнікам Дзяржкантролю ды новым кіраўнікам канцэрна. Пры гэтым негатыўныя ацэнкі былі накіраваны ў бок прадстаўнікоў старога кіраўніцтва канцэрна, слова якім не было дадзена. У сюжэце парушаўся стандарт паўнаты, бо адсутнічаў бэкграўнд праблемы, а таксама не вытрымліваліся стандарты верагоднасці ды дакладнасці.

«Белсат»

На «Белсаце» негатыўнымі матэрыяламі пра ўладу пачыналіся ўсе навінавыя выпускі. Агулам колькасць такіх матэрыялаў заняла на тыдні маніторынгу больш за чвэрць эфірнага часу «Аб’ектыва». Рэкорд тыдня зафіксаваны ў аўторак 22.01 — ажно пяць першых сюжэтаў падаваліся з парушэннем прафесійных стандартаў і ўтрымлівалі негатыўную ацэнку ўлады. У панядзелак і пятніцу, у параўнанні з іншымі днямі тыдня, першыя сюжэты навінавых выпускаў былі найменей негатыўнымі ў дачыненні да ўлады.

У панядзелак 21.01 першым у выпуску «Белсата» прайшоў сюжэт, прысвечаны прызначэнню Віктара Шэймана. У матэрыяле парушаліся стандарты балансу думак, аддзялення фактаў ад меркаванняў. Аўтары ды рэдактары дапусцілі ўласныя каментары: «Тым больш Шэйман неаднаразова дэманстраваў сваю ўніверсальнасць. Пра гэта сведчаць і важныя для Беларусі венесуэльскія праекты, у якіх палітык займаў пасаду куратара. Аднак вяртанне Шэймана можа мець і палітычна-псіхалагічны аспект — каб прытрымаць і супакоіць “пакрыўджанага” паплечніка. Які, між іншым, можа яшчэ і паслужыць на карысць уладам». Для параўнання: на дзяржканалах гэтая тэма ў той самы дзень асвятлялася адной з першых, толькі ў выпадку ОНТ гэта быў пазітыўны матэрыял пра ўладу, а ў сюжэце «Беларусь 1» вытрымліваліся ўсе прафесійныя стандарты.

Таксама на гэтым тыдні на «Белсаце» часта парушаўся менавіта стандарт аддзялення фактаў ад думак, то бок даваліся ўласныя аўтарскія каментары, недапушчальныя ў навінах. Напрыклад, у сюжэце ад 22.01 пра новы Банкаўскі кодэкс: «Хто не разумее словаў — атрымае па галаве. Такім чынам намеснік старшыні Нацбанка прыгразіў беларускім банкам». Гэты ж стандарт у той самы дзень парушаўся ў сюжэце пра самагубства супрацоўніка МУС: «Чаму прадстаўнікі сілавых ведамстваў выкарыстоўваць службовую зброю ў такіх мэтах?.. Ці значыць гэта, што калі праваахоўнікі не могуць абараніць жыццяў сваіх і калегаў, то і грамадства не можа спадзявацца на абарону з боку праваахоўнікаў?» У гэтым самым сюжэце аўтары дапусцілі маніпуляванне фактамі, то бок парушэнне стандартаў верагоднасці ды дакладнасці: «Гэтак сама замоўчваюць у Міністэрстве ўнутраных справаў і яшчэ адзін гучны скандал, што днямі разгарэўся ў Аршанскім аддзеле Дэпартамента аховы МУС. На былога намесніка кіраўніка Аляксандра Галяцкага завялі крымінальную справу. За абкраданне ўласнага ведамства яму пагражае ад 2 да 6 гадоў зняволення. Адмыслоўцы не выключаюць сувязі паміж абедзвюма падзеямі. Алег Волчак, былы следчы пракураты: “Чалавек, які прайшоў такую школу... Мусяць быць нейкія значныя падставы, або дапамаглі яму пайсці. Магчыма, чалавек хацеў пайсці з жыцця, каб не ганьбіць свайго імя і забраць з сабою нейкую таямніцу”».

У сюжэце пра статыстыку заробкаў беларусаў ад 23.01 парушаліся практычна ўсе прафесійныя стандарты. Традыцыйна для навінаў тэлеканала не вытрымліваўся стандарт аддзялення фактаў ад меркаванняў, аўтар дапускаў уласныя каментары: «Паводле законаў матэматыкі ды беларускай практыкі ўслед за цяперашняй рэкордна высокаю выплатаю мае прыйсці скарачэнне. І гэтак будзе, прадказваюць эканамісты, калі ўлады не зробяць урокаў з ранейшых некалькіх дэвальвацыяў». Таксама ў сюжэце адсутнічаў баланс думак, бракавала неабходнай для разумення тэмы інфармацыі: «Хоць, паводле разрэкламаванага дзяржаўнай прапагандаю прафесара БНТУ Міхаіла Кавалёва, беларусы, наадварот, атрымліваюць ажно 700 даляраў. І хоць з доказам гэтай тэарэмы на практыцы куды цяжэй». Глядач не меў шансу даведацца, калі, пры якіх абставінах і што менавіта сказаў прафесар БНТУ.

1.1.2.         Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу

Тэлеканал

Колькасць

Студзень 2013

Снежань 2012

Лістапад 2012

Кастрычнік 2012

Верасень 2012

Жнівень 2012

«Белсат»

0

0

1

0

0

0

«Беларусь 1»

13

17

21

22

27

22

ОНТ

13

7

14

14

14

21

 
Дзяржканалы

Тэлеканал «Беларусь 1» пачынаў інфармацыйныя выпускі з паркетных пазітыўных матэрыялаў пра ўладу. Ува ўсе дні, акрамя серады, першыя сюжэты «Панарамы» былі прысвечаныя сустрэчам ды візітам Лукашэнкі. У аўторак — нарадзе кіраўніка Дзяржкантролю, відавочна самай значнай паркетнай падзеі дня. Прычым аўтары і гэты сюжэт распачалі з архіўнага сінхрона Лукашэнкі.

У той самы час на ОНТ у аўторак спачатку асвятлялася тэма ўвядзення Банкаўскага кодэкса, затым падаваўся збалансаваны праблемны рэпартаж пра пенсіянерку, у якой недастатковае ацяпленне ў кватэры. І толькі трэцяй тэмай у «Контурах» таго дня сталі рабочыя сустрэчы Лукашэнкі з чыноўнікамі. У сераду нарадзе ў КДК таксама прысвячаўся толькі трэці матэрыял выпуску.

У гэтых паркетных матэрыялах абодва дзяржканалы парушалі галоўным чынам стандарты балансу думак ды паўнаты. Матэрыялы з сустрэчаў ды мерапрыемстваў з Лукашэнкам будаваліся пераважна на досыць шматслоўных сінхронах самога Лукашэнкі, часам дадаваліся невялікія фрагменты выступаў удзельнікаў сустрэч. Так, у панядзелак 21.01 на абодвух каналах выйшлі амаль ідэнтычныя матэрыялы пра рабочую сустрэчу Лукашэнкі і старшыні Вярхоўнага Суда. Аўтары ОНТ збудавалі матэрыял толькі на сінхроне Лукашэнкі, на тэлеканале «Беларусь 1» дадалі таксама фрагмент выступу старшыні ВС. Абодва каналы не далі бэкграўнду тэмы.

Падобным чынам былі пабудаваныя на абодвух каналах матэрыялы пра сустрэчы Лукашэнкі з міністрам прыродных рэсурсаў ды старшынёй Дзяржкаммаёмасці. Тэлеканал «Беларусь 1» аб’яднаў абедзве сустрэчы ў адзін сюжэт, на ОНТ яны былі разбітыя на два матэрыялы. На абодвух каналах тэмы асвятляліся пры дапамозе шматслоўных ідэнтычных сінхронаў Лукашэнкі, таксама падаваліся фрагменты прамовы міністра прыродных рэсурсаў, а на «Беларусь 1» — яшчэ і старшыні Дзяржкаммаёмасці. Ізноў на абодвух каналах не асвятлялася перадгісторыя праблемаў, з якімі былі звязаныя гэтыя сустрэчы.

Выбіваліся з гэтай схемы матэрыялы, якія выйшлі на абодвух каналаў у пятніцу 25.01, пра ўручэнне дыпломаў Лукашэнкам навукоўцам. У гэтых матэрыялах парушаліся стандарты аддзялення фактаў ад думак, верагоднасці ды дакладнасці.

Так, на ОНТ сюжэт пачынаўся нарысамі пра двух навукоўцаў, а само ўзнагароджанне падавалася пры дапамозе шасці сінхронаў з выступу Лукашэнкі. У матэрыяле парушаліся стандарты балансу думак, верагоднасці ды дакладнасці. Аўтары тэлеканала «Беларусь 1» пачалі сюжэт адразу сінхронам Лукашэнкі ды дадалі яшчэ некалькі фрагментаў ягонага выступу. Таксама ў матэрыял былі ўключаныя два сінхроны ўзнагароджаных навукоўцаў, якія дзякуюць кіраўніку дзяржавы. Ува ўсё гэта ўпляталіся кампліментарныя для ўладаў каментары аўтараў: «Вручение дипломов докторов наук и аттестатов профессоров лично Президентом — традиция давняя и яркий показатель: государство придает особое значение интеллектуальной элите страны».

«Белсат»

На незалежным тэлеканале не было пазітыўных,без балансу думак матэрыялаў пра беларускую ўладу.

1.1.3.         Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю

Тэлеканал

Колькасць

Студзень 2013

Снежань 2012

Лістапад 2012

Кастрычнік 2012

Верасень 2012

Жнівень 2012

«Белсат»

0

0

1

1

0

0

«Беларусь 1»

0

0

0

1

2

0

ОНТ

0

0

0

0

3

0

               

 

Ні дзяржканалы, ні «Белсат» не давалі негатыўных, без балансу думак матэрыялаў пра беларускую апазіцыю.

1.1.4.         Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю

Тэлеканал

Колькасць

Студзень 2013

Снежань 2012

Лістапад 2012

Кастрычнік 2012

Верасень 2012

Жнівень 2012

«Белсат»

0

0

0

0

8

2

«Беларусь 1»

0

0

0

0

0

0

ОНТ

0

0

0

0

0

0

 

Ні на дзяржканалах, ні на «Белсаце» не было пазітыўных, без балансу думак матэрыялаў пра беларускую апазіцыю.

1.2.  Матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці, камерцыйнай рэкламы ці аўтапрамоцыі

Тэлеканал

Колькасць

Студзень 2013

Снежань 2012

Лістапад 2012

Кастрычнік 2012

Верасень 2012

Жнівень 2012

«Белсат»

3

2

1

5

5

1

«Беларусь 1»

19

25

14

18

14

5

ОНТ

27

15

17

12

13

3

 

Дзяржканалы

Матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці складаюць важкую частку эфіру дзяржканалаў. Пры гэтым сюжэтаў з прыкметамі наўпроставай камерцыйнай рэкламы гэтым разам было не так шмат, як у папярэднія месяцы. На тэлеканале «Беларусь 1» такіх матэрыялаў было два. Першы з іх — сюжэт ад 23.01 пра новы аўтамабіль БелАЗа — будаваўся на выкарыстанні архіўнага сінхрона Лукашэнкі ды выказванняў кіраўніцтва прадпрыемства. У гэтым матэрыяле парушаліся стандарты балансу думак, аддзялення фактаў ад меркаванняў, верагоднасці ды дакладнасці: «Говорят, новая модель с белорусской маркой произвела фурор, еще не сойдя с конвейера: интерес к самой большой в мире машине уже проявили конструкторские бюро компаний — конкурентов из Японии и США… С запуском производства Белорусский автомобильный завод изменит правила игры на рынке сверхмощных машин, ведь заказы на новую модель уже расписаны на месяц вперед». 25.01 выйшаў сюжэт пра Хоўм Крэдыт Банк. Інфармацыйнай нагодай стала акцыя банка «Бярэш крэдыт — атрымліваеш прыз». У сюжэце былі выкарыстаныя толькі сінхроны функцыянераў банка ды жанчыны, што выйграла такім чынам 25 мільёнаў.

На ОНТ быў толькі адзін сюжэт з прыкметамі камерцыйнай рэкламы — пра атрыманне кампаніяй МТС звання «Брэнд года». Выказваліся ў матэрыяле толькі прадстаўнікі гэтай кампаніі, у відэарадзе інтэнсіўна выкарыстоўваліся лагатыпы МТС.

У параўнанні з папярэднім месяцам у «Панараме» тэлеканала «Беларусь 1» скарацілася колькасць аўтапрамацыйных сюжэтаў. У тыдзень маніторынгу сярод навінаў прайшоў толькі адзін такі матэрыял — пра тэлепраект «Трыумф».

На ОНТ выйшлі 2 матэрыялы з прыкметамі аўтапрамоцыі: пра тэлепраект «Перахват» ды паркетны сюжэт ад 23.01 пра візіт кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Г. Давыдзькі на факультэт журналістыкі БДУ і сустрэчу са студэнтамі. У апошнім аўтарка парушыла стандарты паўнаты, верагоднасці ды балансу думак. Сюжэт будаваўся на сінхронах Давыдзькі, кампліментарных выказваннях студэнтаў у адрас выкладчыкаў ды ўласных каментарах: «Уже с первых минут стало понятно: встреча председателя главного медиахолдинга страны со студентами и преподавателями Института журналистики не ограничится официальным форматом “вопрос — ответ”, это было по-настоящему живое и искреннее общение».

Большая частка матэрыялаў з прыкметамі карпаратыўнай замовы будаваліся на інфармацыі з дзяржаўных устаноў. Тут лідарам з’яўляецца ОНТ — у тыдзень маніторынгу ў «Контурах» было 25 такіх сюжэтаў. У «Панараме» тэлеканала «Беларусь 1» з прыкметамі карпаратыўнай замовы было 16 матэрыялаў. Галоўным чынам гэта сюжэты, цалкам збудаваныя на інфармацыі з адной дзяржаўнай установы ці прадпрыемства. На абодвух дзяржканалах 21.01 прайшлі амаль ідэнтычныя сюжэты пра спрэчку «Белкамунмаша» з Чарнігаўскім аўтазаводам наконт плагіяту беларускіх тэхналогій. Беларускі бок абвінавачвае ўкраінскую кампанію ў тым, што тая скапіявала мадэль беларускага тралейбуса. Інфармацыя на абодвух каналах падавалася толькі з пазіцыі беларускага боку, не было дадзена слова прадстаўнікам украінскага завода ні ў сінхронах, ні за кадрам. У гэтых сюжэтах абодва каналы парушылі стандарты балансу думак. У сюжэце , што прайшоў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» 22.01, пра пасяджэнне Канстытуцыйнага Суда ўтрымліваўся толькі сінхрон старшыні суда Пятра Міклашэвіча, закадравы тэкст будаваўся выключна на інфармацыі з гэтай дзяржаўнай установы. Былі парушаныя стандарты балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад меркаванняў. У той самы дзень прайшлі матэрыялы пра выставу, арганізаваную Міністэрствам лёгкай прамысловасці. У сюжэце былі парушаныя стандарты аддзялення фактаў ад меркаванняў: «Впечатляет не только география участников — к нам, кстати, приехали 80 компаний из 11 стран, — но и размах экспозиции. Под одной крышей попытались собрать все: от иголки до технологических линий. Как известно, главный промышленный тренд сегодня — модернизация. Так что на этом форуме ей тоже место особое. Например, белорусский лен. Обсуждали его сегодня и на выставке, и в правительстве — планы колоссальные, а счет на триллионы рублей». У гэтым жа матэрыяле парушаўся стандарт верагоднасці — інфармацыя падавалася без спасылак на крыніцы: «Что же касается белорусских компаний, то на экспорт предприятия легкой промышленности поставляют около 50 % продукции. В частности, отечественная система компьютерного проектирования одежды уже успела завоевать российский рынок».

На ОНТ сярод сюжэтаў з прыкметамі карпаратыўнай замовы былі матэрыялы, пабудаваныя на ўласнай інфармацыі спецслужбаў: МУС, Пракуратуры, Следчага камітэта, Пагранкамітэта, Мытнага камітэта, Камітэта дзяржкантролю. Гэткія ж хібы мелі сюжэты пра мерапрыемствы дзяржаўных установаў: Мінгандлю, Канстытуцыйнага Суда, Палаты прадстаўнікоў, Акадэміі навук, Мінадукацыі, Нацбанка, Мінэнерга. Так, досыць тыпова былі пабудаваныя 23.01 матэрыялы ад МУС пра канфіскацыю падробленай кавы ды ад КДК пра арышт валютчыка. У закадравым тэксце ўтрымлівалася інфармацыя, падрыхтаваная гэтымі ўстановамі, а таксама было дадзена па адным сінхроне іхных прадстаўнікоў. Найбольш часта ў такога кшталту матэрыялах парушаліся стандарты балансу думак, паўнаты ды верагоднасці (інфармацыя падавалася без спасылак на крыніцу). Тыя самыя хібы былі ў карпаратыўна замоўных сюжэтах ад 24.01 пры выставу ў Акадэміі навук ды справаздачу Пракуратуры па статыстыцы злачынстваў 2012 года. Аўтары ды рэдактары далі ў сюжэтах слова толькі прадстаўнікам гэтых установаў.

«Белсат»

На «Белсаце» было найменей матэрыялаў з прыкметамі карпаратыўнай замовы, рэкламы ці аўтапрамоцыі.

Так, адзнакі камерцыйнай рэкламы насіў адзін сюжэт: пра продаж кнігі журналіста Г. Лабадзенкі ад 23.01. Аўтары далі выказацца толькі аўтару ды падалі кампліментарныя сінхроны пакупнікоў. Сюжэт быў пабудаваны на здымках аўтограф-сесіі Лабадзенкі ў кнігарні. У закадравым тэксце аўтары дапускалі свае пазітыўныя каментары: «Хэндмэйд-выданне сапраўды зробленае цалкам рукамі: самі малюнкі, прадмова, слоўнік цікавых словаў, змест і выходныя звесткі. Выглядае кніга, як нататнік на спружыне, на грубай дызайнерскай паперы. Апроч гэтага, зборнік-цуд збіраецца і сшываецца ўручную». У сюжэце адсутнічалі бэкграўнд тэмы ды незалежнае экспертнае меркаванне.

У тыдзень маніторынгу быў таксама аўтапрамацыйны сюжэт — пра ўзнагароджанне дырэктара канала прэміяй «Еўрапеец года».

Прыкметы карпаратыўнай замовы меў адзін матэрыял ад 24.01. Гэта быў сюжэт пра дапамогу бяздомным, пабудаваны на інфармацыі магілёўскай хрысціянскай дабрачыннай місіі «Табея». У сінхронах выказаліся бяздомныя і прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі, інфармацыя ў закадравым тэксце таксама змяшчала спасылкі на гэтае таварыства. Адсутнічала незалежнае экспертнае меркаванне ці сінхроны прадстаўнікоў іншых арганізацый. Акрамя стандарту балансу думак не вытрымліваўся таксама стандарт аддзялення фактаў ад меркаванняў: «У хрысціянскай дабрачыннай місіі дапамагаюць бяздомнікам ежаю, вопраткаю. Ды кажуць, што гэта можа зрабіць кожны. Проста ў нашым грамадстве яшчэ нестае выхавання ў гэтым кірунку».

  1. Парушэнні стандартаў у матэрыялах з прыкметамі замоўленасці (цэнзуры)

2.1.  Матэрыялы з парушэннямі стандарту балансу думак

Тэлеканал

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Студзень 2013

Снежань 2012

Лістапад 2012

Кастрычнік 2012

Верасень 2012

Жнівень 2012

«Белсат»

16 (36 %)

18 (38 %)

20 (54 %)

20 (56 %)

20 (56 %)

21 (58 %)

«Беларусь 1»

34 (56 %)

34 (58 %)

30 (52 %)

36 (67 %)

42 (61 %)

41 (72 %)

ОНТ

32 (50 %)

23 (48 %)

26 (57 %)

26 (57 %)

25 (45 %)

32 (56 %)

 

2.2. Матэрыялы з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі

Тэлеканал

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Студзень 2013

Снежань 2012

Лістапад 2012

Кастрычнік 2012

Верасень 2012

Жнівень 2012

«Белсат»

13 (30 %)

17 (36 %)

16 (43 %)

20 (56 %)

19 (53 %)

16 (44 %)

«Беларусь 1»

17 (28 %)

18 (30 %)

22 (38 %)

24 (44 %)

33 (49 %)

27 (47 %)

ОНТ

24 (38 %)

11 (23 %)

17 (37 %)

21 (46 %)

17 (37 %)

22 (39 %)

 

2.3. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак

Тэлеканал

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Студзень 2013

Снежань 2012

Лістапад 2012

Кастрычнік 2012

Верасень 2012

Жнівень 2012

«Белсат»

15 (34 %)

18 (38 %)

20 (54 %)

21 (58 %)

15 (42 %)

21 (58 %)

«Беларусь 1»

24 (39 %)

29 (49 %)

29 (50 %)

22 (41 %)

33 (49 %)

32 (56 %)

ОНТ

12 (19 %)

14 (29 %)

27 (59 %)

11 (24 %)

20 (43 %)

29 (51 %)

 

2.4. Матэрыялы з парушэннямі стандарту верагоднасці інфармацыі

Тэлеканал

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Студзень 2013

Снежань 2012

Лістапад 2012

Кастрычнік 2012

Верасень 2012

Жнівень 2012

«Белсат»

15 (34 %)

17 (36 %)

12 (32 %)

12 (33 %)

12 (33 %)

18 (50 %)

«Беларусь 1»

16 (26 %)

18 (30 %)

10 (17 %)

19 (17 %)

29 (43 %)

29 (51 %)

ОНТ

12 (19 %)

17 (35 %)

14 (30 %)

11 (24 %)

17 (37 %)

18 (32 %)

 

2.5. Матэрыялы з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі

Тэлеканал

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Студзень 2013

Снежань 2012

Лістапад 2012

Кастрычнік 2012

Верасень 2012

Жнівень 2012

«Белсат»

8 (18 %)

14 (30 %)

10 (27 %)

12 (33 %)

13 (36 %)

14 (39 %)

«Беларусь 1»

13 (21 %)

17 (29 %)

17 (29 %)

14 (26 %)

24 (35 %)

23 (40 %)

ОНТ

8 (13 %)

8 (17 %)

15 (33 %)

11 (24 %)

16 (35 %)

16 (28 %)

 

2.6. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі

Тэлеканал

Колькасць і доля ад агульнага ліку матэрыялаў (%)

Студзень 2013

Снежань 2012

Лістапад 2012

Кастрычнік 2012

Верасень 2012

Жнівень 2012

«Белсат»

5 (11 %)

6 (13 %)

8 (22 %)

10 (28 %)

11 (31 %)

13 (36 %)

«Беларусь 1»

9 (15 %)

17 (29 %)

16 (28 %)

13 (24 %)

18 (26 %)

20 (35 %)

ОНТ

12 (19 %)

14 (29 %)

20 (43 %)

14 (30 %)

11 (24 %)

24 (42 %)

 

Ключавыя грамадска-палітычныя тэмы, пададзеныя каналамі ў матэрыялах з прыкметамі замоўленасці (цэнзуры)

21.01, панядзелак

Першыя два матэрыялы на абодвух дзяржканалах былі ідэнтычныя. Прысвячаліся гэтыя сюжэты чарговаму прызначэнню Віктара Шэймана ды рабочай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Вярхоўнага Суда. Толькі парадак падачы матэрыялаў быў розны. Тэлеканал «Беларусь 1» на першае месца паставіў сюжэт з Лукашэнкам, ОНТ — навіну пра Шэймана.

«Белсат» таксама першы матэрыял выпуску прысвяціў прызначэнню Віктара Шэймана. Гэта быў негатыўны матэрыял пра ўладу, у якім парушаліся стандарты аддзялення фактаў ад думак ды верагоднасці.

22.01, аўторак

На тэлеканале «Беларусь 1» галоўнай тэмай інфармацыйнага вечара сталі рабочыя сустрэчы Лукашэнкі з міністрам прыродных рэсурсаў ды старшынёй Дзяржкамітэта па маёмасці. Паркетны пазітыўны сюжэт пра ўладу ў парушэнне стандарту паўнаты не ўтрымліваў бэкграўнду па праблеме. Быў таксама парушаны стандарт балансу думак: аўтар цытаваў Лукашэнку ў закадравым тэксце ды падаў ягоныя аб’ёмныя сінхроны.

На ОНТ гэтай тэме быў прысвечаны толькі трэці матэрыял выпуску, а галоўнай тэмай дня стаў уваход у сілу новага Банкаўскага кодэкса. У цэлым сюжэт мог бы лічыцца якасным — аўтары далі слова прадстаўнікам і Нацыянальнага, і камерцыйнага банкаў, а таксама эксперту. Матэрыял адпавядаў і стандартам паўнаты ды дакладнасці. Аднак аўтары ды рэдактары дапусцілі ўласныя каментары ды падачу інфармацыі без спасылак на крыніцы. Таму сюжэт набыў рысы карпаратыўнай замовы.

«Белсат» першы матэрыял выпуску прысвяціў справаздачы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця пра беларускую эканоміку. У сюжэце парушаліся стандарты аддзялення фактаў ад думак, верагоднасці ды дакладнасці. У гэтым негатыўным матэрыяле пра ўладу дапускаліся ўласныя каментары аўтара, адсутнічалі спасылкі на крыніцы інфармацыі, а таксама падаваліся факты, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Другі сюжэт выпуску быў прысвечаны ўвядзенню новага Банкаўскага кодэкса. Гэта быў таксама негатыўны матэрыял пра ўладу, у якім парушаліся стандарты аддзялення фактаў ад думак, верагоднасці ды дакладнасці.

23.01, серада

Два паркетныя матэрыялы сталі галоўнымі ў інфармацыйным выпуску тэлеканала «Беларусь 1». Першым пайшоў сюжэт пра сумесную калегію Пракуратуры ды Дзяржкантролю па праблемах мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі. У матэрыяле адсутнічалі баланс думак ды спасылкі на крыніцы, у парушэнне стандарту аддзялення фактаў ад думак дапускаліся аўтарскія каментары. У выніку атрымаўся пазітыўны матэрыял пра ўлады з прыкметамі карпаратыўнай замовы. Таксама адзнакі адначасова карпаратыўнай ды палітычнай замовы меў наступны паркетны пазітыўны матэрыял пра ўлады, які прысвячаўся візіту Радзькова на фабрыку «Алеся». У сюжэце адсутнічаў баланс думак, аўтар ды рэдактары дапускалі ўласныя каментары.

На ОНТ гэтая тэма з’явілася толькі ў трэцім матэрыяле выпуску. Інфармацыйны вечар распачаўся сюжэтам пра здарэнне на польска-беларускай мяжы — невядомы расіянін пратараніў шлагбаумы ды праехаў пункты пропуску без праверкі. У выніку каментароў аўтара ды адсутнасці балансу думак (у сюжэце выказваліся толькі прадстаўнікі МУС і Пагранічнага камітэта) матэрыял нёс прыкметы карпаратыўнай замовы і фактычна меў характар апраўдання пагранічнікаў.

«Белсат» падаў першым матэрыялам сюжэт, інфармацыйнай нагодай для якога стала інфармацыя Белстата пра рэкордны сярэдні заробак у краіне. Гэты негатыўны матэрыял пра ўладу зроблены з парушэннем практычна ўсіх журналісцкіх стандартаў, ён нават не быў навіной, бо статыстыка была апублікаваная двума днямі раней. Нагодай для другога сюжэта выпуску стала таксама статыстычная справаздача, але ўжо Мытнага камітэта, пра вынікі працы ў мінулым годзе. Гэты таксама негатыўны матэрыял пра ўладу выйшаў зноў жа з парушэннем амаль усіх прафесійных стандартаў.

24.01, чацвер

На абодвух Дзяржканалах першымі матэрыяламі выпускаў былі ідэнтычныя паркетныя сюжэты пра нараду Лукашэнкі па справе развіцця ваенна-прамысловага комплексу. Амаль цалкам матэрыялы будаваліся на фрагментах выступу Лукашэнкі.

Тая самая нарада стала тэмай другога сюжэта выпуску навінаў «Белсата». У гэтым негатыўным сюжэце пра ўладу дапускаліся ўласныя каментары аўтара ды парушаўся стандарт верагоднасці. Першы сюжэт «Аб’ектыва» «Белсата» прысвячаўся прэсавай канферэнцыі ў Следчым камітэце. Матэрыял не меў інфармацыйнай нагоды, бо сам факт правядзення прэсавай канферэнцыі не з’яўляецца навіной. Былі таксама парушаныя стандарты балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад меркаванняў ды верагоднасці.

25.01, пятніца

У пятніцу ўсе тры каналы распачалі інфармацыйны вечар аднолькавымі тэмамі. Першымі ў выпусках навінаў пайшлі сюжэты пра ўзнагароджанне Лукашэнкам навукоўцаў.

Дзяржканалы падрыхтавалі паркетныя пазітыўныя матэрыялы пра ўладу. Пры гэтым у сюжэце ОНТ імітаваўся баланс думак, а аўтары «Беларусь 1» нават не спрабавалі яго зымітаваць, пабудаваўшы амаль увесь матэрыял на сінхронах Лукашэнкі, а ў фрагментах прамоў саміх навукоўцаў пакінулі толькі падзякі ўладам. Абодва каналы ў асвятленні тэмы парушылі стандарты аддзялення фактаў ад думак, верагоднасці ды дакладнасці.

«Белсат» на гэтую тэму падрыхтаваў негатыўны сюжэт пра ўлады. Матэрыял мог бы атрымацца адпаведным прафесійным стандартам — канал падаў неабходную трывожную інфармацыю пра «ўцечку мазгоў» у беларускай навуцы, якой не было на дзяржканалах. Аднак пры гэтым аўтары дапусцілі ўласныя каментары ды некарэктныя спасылкі на крыніцы («навукоўцы каментуюць гэта іначай»).

 

Замоўчаная тэлеканаламі грамадска важная інфармацыя

Выбар замоўчаных тэмаў рабіўся на падставе аналізу стужкі навінаў двух галоўных інфармагенцтваў Беларусі: БелаПАН і БелТА.

Галоўным героем беларускіх навінаў усіх трох каналаў ізноў была ўлада. Пры гэтым усе тры каналы не падавалі навінаў з апазіцыйнага асяродка. На «Белсаце» не знайшлося месца для шэрагу важных палітычных навінаў пра парушэнні праў чалавека. На дзяржканалах такіх навінаў не было ўвогуле.

3. Не асветленыя ў навінавых выпусках грамадска значныя тэмы

Каналы

Студзень 2013

(21.01–25.01)

Колькасць

«Белсат»

39

«Беларусь 1»

41

ОНТ

39

 

21.01, панядзелак

Журналіста Юрыя Гуменюка пахаваюць 23 студзеня на гарадскіх могілках у Горадні — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

У 2013 годзе па знешнім доўгу Беларусь выплаціць 3 мільярды даляраў — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ, на «Белсаце» гэтая інфармацыя прайшла ў сюжэце на іншую тэму на наступны дзень.

У Берасці ў кавярні адбылася бойка, затрыманыя больш за 60 чалавек — не было на ніводным з каналаў.

Гарадзенец спрабаваў увезці ў Беларусь, абмінуўшы мытнае афармленне, прадметы даўніны на 30,5 мільёна рублёў — не было на ніводным з каналаў.

Беларускія пагранічнікі не прапусцілі з Польшчы ў Расію аўтацягнік з хімічнымі рэчывамі — не было на ніводным з каналаў.

За 11 месяцаў 2012 года рэальныя даходы насельніцтва павялічыліся на 20,4 % — не было на ОНТ, на «Белсаце» інфармацыя прайшла на трэці дзень.

У Светлагорску і Менску абясшкоджаныя падпольныя наркалабараторыі — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і «Белсат».

Аб’ём беларускага экспарту за 11 месяцаў 2012 года павялічыўся на 13,4 % — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і «Белсат».

Швецыя прыняла рашэнне дэпартаваць беларускую журналістку Вольгу Класкоўскую — не было на ніводным з каналаў.

Маці і два сыны згарэлі жывымі ў Рагачоўскім раёне — не было на ніводным з каналаў.

Тэрарысты-смяротнікі арганізавалі серыю выбухаў у сталіцы Афганістана — не было на ніводным з каналаў.

Беларусь прыпыняе паўнамоцтвы трох кампаній па прыцягненні інвестыцый у краіну — не было на ніводным з каналаў.

«Белкамунмаш» мае намер судзіцца з украінскім заводам за плагіят беларускіх тэхналогій — не было на «Белсаце».

«Анлайнер» выкупіў домен online.by за 100 мільёнаў беларускіх рублёў, пакупка сталася адной з самых дарагіх рэгістрацый даменнага імя ў зоне .BY. — не было на ніводным з каналаў.

У рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці ў студзені — лістападзе 2012 года працавалі 85,5 тысячы работнікаў Беларусі — не было на ніводным з каналаў.

Беларуская чыгунка разглядае магчымасць будаўніцтва чыгуначнага шляху ў Палескім рэгіёне — не было на ОНТ і «Белсаце», тэлеканал «Беларусь 1» падаў інфармацыю на наступны дзень.

22.01, аўторак

«Онербанк» прададзены, «Крэдэксбанк» перайменаваны — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ, «Белсат» падаў інфармацыю на наступны дзень.

Еўрапейскія дыпламаты ўсклалі ў горадзе Свіслач вянкі да помнікаў кіраўнікам паўстання 1863–1864 гадоў — не было на тэлеканалах «Беларусь 1«» і ОНТ.

Алесь Бяляцкі ўвайшоў у шорт-ліст прэміі арганізацыі «Індэкс цэнзуры» — не было на ніводным з каналаў.

У Маладзечанскім раёне падчас пажару загінуў пяцігадовы хлопчык — не было на ніводным з каналаў.

Анатоль Лябедзька аштрафаваны на тры базавыя велічыні за раздачу інфармацыйных матэрыялаў — не было на ніводным з каналаў.

Беларусь развіталася з гісторыкам, археолагам, пісьменнікам і грамадскім дзеячам Міхасём Чарняўскім — не было на каналах «Беларусь 1» і ОНТ.

У МЗС Беларусі адбыліся перамовы з дэлегацыяю Швецыі — не было на ніводным з каналаў.

У найбліжэйшы час у ВНУ Беларусі можа ўзрасці кошт навучання — не было на ніводным з каналаў.

Дзяржбанк развіцця Кітая выдаткуе крэдыт да 1,5 мільярда даляраў на будаўніцтва беларуска-кітайскага індустрыйнага парку — не было не тэлеканалах «Беларусь 1» і «Белсат».

Вытворчасць аўтабензіну ў Беларусі ў 2012 годзе ўзрасла амаль на 19 % — не было на ніводным з каналаў.

Беларусь абмежавала ўвоз мяса птушкі з Мексікі і Германіі — не было на ніводным з каналаў.

Няпоўнагадовы жыхар Карэлічаў прадаваў праз інтэрнэт зброю, якой насамрэч не існавала, — не было на ніводным з каналаў.

Міжнародны спадарожнікавы тэлеканал «Беларусь 24» атрымаў ліцэнзію на вяшчанне ў Расіі — не было на ніводным з каналаў.

23.01, серада

Гомельскаму актывісту К. Жукоўскаму за вывешаны над ягоным домам бел-чырвона-белы сцяг пагражае невядомы — не было на ніводным з каналаў.

РГА «Перспектыва» запрапанавала Лукашэнку скасаваць Міністэрства гандлю — не было на ніводным з каналаў.

Анатоль Лябедзька абскардзіць у Мінскім гарадскім судзе штраф за раздачу ўлётак — не было на ніводным з каналаў.

Пачаўся збор подпісаў пад петыцыяю да беларускіх уладаў з патрабаваннем арганізаваць перамовы з Еўрасаюзам наконт спрашчэння візавага рэжыму — не было на ніводным з каналаў.

Наваполацкага актывіста БХД выклікаюць у міліцыю з нагоды размешчанай у інтэрнэце фатаграфіі з партрэтам Алеся Бяляцкага — не было на ніводным з каналаў.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця выдаткоўвае беларускаму заводу «Heineken» крэдыт у памеры 5 мільёнаў еўра — не было на ніводным з каналаў.

Карэспандэнту «Еўрадыё» П. Свярдлову МЗС Беларусі не працягнула акрэдытацыю — не было на ніводным з каналаў.

БелАЗ і МАЗ разглядаюць магчымасць стварэння СП у Індыі — не было на ОНТ і «Белсаце».

Спынена пастаўка ў Беларусь з Расіі буйной партыі падробленай кавы «Nescafé» — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і «Белсат».

Беларусь ажыццявіла пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыце МВФ — не было на ніводным з каналаў.

Суд Маскоўскага раёна адмовіў Гары Паганяйла ў кампенсаванні маральнай шкоды за ўключэнне ў спіс невыязных — не было на ніводным з каналаў.

На пажары ў Стаўбцоўскім раёне загінулі жанчына і яе 11-гадовая дачка — не было на ніводным з каналаў.

У Беларусі вызначылі тарыфы на праезд транспартных сродкаў па платных аўтадарогах — не было на ніводным з каналаў.

Беларускім школьнікам плануецца павялічыць колькасць гадзін па фізіцы і матэматыцы — не было на ніводным з каналаў.

Беларуская опера ўпершыню прагучыць у Вялікабрытаніі — не было на ніводным з каналаў.

24.01, чацвер

Шэсць прадстаўнікоў беларускага філіяла «МММ» абвінавачваюцца ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці — не было на ніводным з каналаў.

Лукашэнка ўвёў шэраг абмежаванняў у парадак стварэння і ліквідацыі камерцыйных і некамерцыйных арганізацый і ІП — не было на ніводным з каналаў.

Гомельскі актывіст К. Жукоўскі звярнуўся ў пракуратуру ў звязку з тэлефоннымі пагрозамі ў яго адрас — не было на ніводным з каналаў.

Еўрадэпутат М. Мігальскі просіць міністра замежных спраў Беларусі пра сустрэчу з Д. Дашкевічам і М. Статкевічам — не было на ніводным з каналаў.

Гарадзенскі прафесар Вячаслаў Буко стаў лаўрэатам міжнароднай прэміі ім. аль-Харэзмі ў Іране за даследаванні паталогіі печані — не было на тэлеканалах «Белсат» і «Беларусь 1».

Праверка па справе пра самагубства падпалкоўніка КДБ А. Казака яшчэ не завершаная — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

Старшыня Следчага камітэта паведаміў, што прычына смерці двух грамадзян, што адбывалі арышт у стаўбцоўскім РАУС, пакуль не высветленая — не было на ніводным з каналаў.

Следчы камітэт расследуе чатыры крымінальныя справы пра забойствы маці сваіх дзяцей — не было на ніводным з каналаў.

Менскі актывіст У. Яроменак арыштаваны на 12 сутак за парушэнне прэвентыўнага нагляду — не было на ніводным з каналаў.

Два жыхары Слуцка пагражалі ўзарваць гранату ў дызель-цягніку Асіповічы — Салігорск — не было на ніводным з каналаў.

Суддзя з Салігорскага раёна абвінавачваецца ва ўчыненні некалькіх злачынстваў — не было на ніводным з каналаў.

Тарыфы на транспартоўку нафты па тэрыторыі Беларусі будуць падвышаныя з 1 лютага ў сярэднім на 9,7 % — не было на ніводным з каналаў.

25.01, пятніца

Берасцейскія абласныя структуры сацыял-дэмакратаў і Свабоднага прафсаюза Беларускага падпісалі зварот у падтрымку беларускіх балот, на якіх запланаваная торфаздабыча, — не было на ніводным з каналаў.

Міністр транспарту Літвы заявіў, што краіна не будзе зніжаць тарыфы на грузаперавозкі для Беларусі — не было на ніводным з каналаў.

БАЖ змагаецца за правы фрылансераў — не было на ніводным з каналаў.

Больш за 70 % паступленняў у кансалідаваны бюджэт Менска ў 2012 годзе забяспечылі недзяржаўныя арганізацыі — не было на ніводным з каналаў.

Удовам гомельскіх лётчыкаў, самалёт якіх збіты ў Шры-Ланцы, запрапанавалі страхоўку, эквівалентную 10 далярам — не было на ніводным з каналаў.

У Беларусі вызначаныя новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў — не было на ніводным з каналаў.

Выхавацелькі эвакуявалі 51 дзіця пры пажары ў дзіцячым садку ў Скідалі — не было на ніводным з каналаў.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: