ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

А чацвертай — ядзерная вайна з Польшчай

В фокусе

Кепскі Лукашэнка разам з кепскім Пуціным адточаць ядзерны ўдар па Варшаве. Ну як прапусціць такую выкрывальніцкую навіну? Дзясяткі рэсурсаў замалацілі днямі пераказ публікацыі варшаўскага выдання Polska The Times.

Розніца між перадрукамі была хіба ў тым, што адны медыі сенсацыю наконт меркаванага ядзернага ўдару далі ў загалоўках цалкам сцвярджальна, іншыя ўсё ж сарамліва прыляпілі пытальнік.

Выкарыстанне пытальніка ў сённяшняй беларускай прэсе вымагае асобнага артыкула. Але можна і двума словамі: калі ўлом спраўджваць інфу (наконт арышту нейкага чыноўніка, напрыклад), то лепяць у загаловак гэты нібыта выратавальны знак прыпынку — і хоць трава не расці. Пытальнік — гэта найчасцей за ўсё маркер журналісцкай ляноты, распусты.

Прыкметай ляноты ёсць і тое, што большасць айчынных рэсурсаў скарысталіся перакладам з сайта “Радыё Свабода”; здаецца, ніхто так і не дапяў да першакрыніцы.

А на сайце “Новая Еўропа” мы бачым і ўвогуле псеўдаінфармацыйную матрошку: там анансаваны матэрыял “Белорусского партизана”, які, у сваю чаргу, ёсць перакладам матэрыялу на “Свабодзе”, якая, у сваю чаргу, пераказала польскае выданне!

 

Рэфлекторная журналістыка разносіць кожны чых

Пры гэтым нікому з капіпастэраў не прыйшло ў галаву пазваніць у роднае Міністэрства абароны ці звярнуцца да вайсковага эксперта. Кажу ў адзіночным ліку, бо на ўсю Беларусь, з майго гледзішча, толькі Аляксандр Алесін ёсць дастаткова аўтарытэтнай персонай, што рэгулярна дае незалежныя меркаванні па вайсковай тэматыцы.

І гэта абсалютна фенаменальная сітуацыя для краіны, што была самай мілітарызаванай рэспублікай СССР ды і сёння мае вялікае паводле еўрапейскіх мерак войска (разы ў чатыры большае, чым у літоўцаў, як сказаў мне той самы Алесін).

Тым часам Мінабароны у каментары для БелаПАН прадказальна адкінула “плён фантазіі польскіх журналістаў”. Маўляў, падчас расійска-беларускіх манеўраў “Захад-2013” не плануецца адпрацоўваць ніякіх прэвентыўных ядзерных удараў. І медыі, што днём раней разнеслі сенсацыю-качку, гэтак жа механічна перадрукавалі абвяржэнне з вуснаў палкоўніка Макарава.

На гэтым цікавасць практычна ўсіх айчынных СМІ да тэмы імгненна згасла. Ну а што, адпрацавалі па поўнай праграме, плюралістычна: страшылка ад палякаў, адлуп ад беларускага палкоўніка. Кропка, маніторым ды капіпасцім новыя сенсацыі.

Хоць насамрэч гэта слізганне па паверхні, прымітыў, пра агрэсіўны наступ якога з трывогай кажуць Віктар Малішэўскі, Яніна Мельнікава. Паводле блогера Малішэўскага, медыі сёння займаюцца не журналістыкай, а “рэакцыяй на нейкія падзеі”. Пры гэтым катастрафічна бракуе асэнсавання, аналізу.

Дадам: медыямі, што практыкуюць такую вось, я б сказаў, рэфлекторную журналістыку, вельмі лёгка маніпуляваць за кошт тонка разлічаных укідаў. Што і робяць раз-пораз абазнаныя ў адпаведных тэхналогіях прадстаўнікі розных палітычных сіл ды спецыфічных кантор.

 

Бачыць спружыны піяраўскіх гульняў

На думку ж шэрагу незалежных аналітыкаў, медыйны шум нашых натаўскіх суседзяў вакол манеўраў “Захад-2013” (як і папярэдніх — “Захад-2009”) можна патлумачыць чыста прагматычным клопатам палітыкаў Польшчы ды краін Балтыі пра ўмацаванне сваёй бяспекі пад дахам Паўночнаатлантычнага альянсу. Бо той, з гледзішча яго ўсходніх чальцоў, занадта засяродзіўся на Афганістане ды іншых гарачых пунктах.

І гэта натуральны клопат; гаворка не пра тое, што трэба з гэтай нагоды клеймаваць палякаў ды прыбалтаў. Тым болей што яны маюць цяжкі гістарычны досвед дачыненняў з Масквой. Проста нашым рэдакцыям варта адэкватна разумець матывы адпаведных выступаў у замежнай прэсе і прапаноўваць свае каментары, свой аналіз сітуацыі, каб нават неабазнаны чытач зарыентаваўся, адкуль тут ногі растуць.

У гэтым канкрэтным выпадку, перш чым ляпіць крыклівыя загалоўкі, варта было як мінімум прачытаць першакрыніцу і ўсвядоміць, што польскі аўтар проста экстрапалюе на манеўры “Захад-2013” злівы чатырохгадовай даўніны наконт сцэнарыя “Захаду-2009”.

І яшчэ: кепска, калі ў падачу падобных тэм умешваецца чыннік грубай, трэшавай апазіцыйнасці — з падтэкстам, што ад такіх брыдкіх рэжымаў і ядзернай вайны чакаць можна.

Насамрэч у Крамлі і Драздах — не самагубцы. Сёння Расія і Беларусь настолькі саступаюць Паўночнаатлантычнаму альянсу ў вайсковай моцы, што і параўноўваць смешна. Калі б манеўры “Захад-2009” былі сапраўднай вайной, натаўцы размалацілі б расійскія часткі, што марудна цягнуліся па чыгунцы, задоўга да таго, як тыя даехалі б да беларускай мяжы, кажа Алесін.

 

Алесін: адзін у полі ваяр

Каб кампетэнтна каментаваць вайсковую тэматыку, трэба, як кажуць айцы-камандзіры, вучыць матчастку. У нас жа, пішучы перыядычна пра тыя самыя “Іскандэры”, могуць як двойчы два назваць іх зенітнымі ракетамі. Пастаянна ідзе блытаніна з маркамі самалётаў, адзначае Алесін.

“Журналісцкая моладзь хоча хуткага поспеху, — так тлумачыць мой суразмоўца жахлівую павярхоўнасць у асвятленні вайсковай, ды і не толькі вайсковай тэматыкі.

Для самога Алесіна гэта тэма была яшчэ дзіцячым хобі. Потым, хоць і не стаў кадравым вайскоўцам, але багата досведу набыў на шматлікіх зборах, куды за савецкім часам яго часта заграбалі “проста таму, што прозвішча на А”. Зараз мае кола інфарматараў сярод профі ў пагонах, ездзіць на розныя спецыялізаваныя семінары да канферэнцыі, кантактуе з адмыслоўцамі — як расійскімі, так і натаўскімі.

Алесін упэўнены, што журналістаў для асвятлення вайсковай тэматыкі варта адмыслова рыхтаваць ды кшталтаваць. Агенцтва “Ваяр”, падначаленае вайсковаму ведамству, натуральна, ніяк не заменіць незалежнай плыні ў аналізе праблем арміі ды абаронкі.

Чаму практычна ніхто з айчынных прафесіяналаў (хіба што за выключэннем генерала Паўла Казлоўскага, былога міністра абароны), сышоўшы ў адстаўку, не каментуе для прэсы вайсковыя пытанні? “У беларусаў занадта глыбока ўбіты прынцып “не вытыркайся”, — мяркуе Алесін. Прызнаецца, што і ў яго пасля некоторых публікацый былі “не вельмі прыемныя сустрэчы з людзьмі з аднаго вялікага дома”.

Вось і атрымліваецца, што ён — адзін у полі ваяр. Астатнія ж не грузяцца і пры нагодзе з лёгкасцю “таго самага Мюнхаўзэна”, што між іншым абвяшчаў вайну Англіі, гатовы, ледзьве пачуўшы звон, тыражаваць псеўдасенсацыі пра планы ядзернай вайны з Польшчай.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: