Вы здесь

Гонар нацыі

В фокусе

Вядома, хто і пры якіх абставінах разбівае ілбы, калі моліцца. Несупынная чарада правінцыйных скандалаў звязана, апошні часам, з недзяржаўнымі выданнямі кніг і перыёдыкі. Пад выглядам барацьбы ў экстрэмізмам то часопіс “Архэ” канфіскуюць, то паспрабуюць нешта вычытаць між радкоў у газэце “G?os znad Niemna”.

Памятаю, за савецкім часам, наколькі цяжка было фатаграфаваць помнікі даўніны, што па беларускай завядзёнцы, і трыццаць гадоў таму, рыхтык як цяпер, збольшага былі ў руінах. Абавязкова з-за пляча вырастаў нейкі вахцёр, тэхнічка ці хтосьці з пільных падмяталаў, каб раптам, ня з пушчы ні з поля, прадэманстраваць сваю ўладу: “Хто дазволіў? Чаму здымаеце? Пакаж дакуманты!”.

Такія савецкія чалавечкі, зацюканыя і генетычна спужаныя, прыніжаныя і шматкроць зняважаныя, спрабавалі хоць неяк падрасці, хоць бы ва ўласных вачох, выявіўшы дзяржаўную звышпільнасць, безпакарана нахаміць, пільнуючы нейкія нібы таямніцы за дзіравымі платамі. І вось жа дажыліся, праз два дзясяткі гадоў пасля СССР на мяжы з Літвой былі канфіскаваныя фотаальбомы «Belarus Press Photo-2011» у фатографаў Аляксандра Васюковіча і Юліі Дарашкевіч.

Belarus Press Photo — гэта штогадовы конкурс найлепшых фатаграфій, зробленых для СМІ. У альбом яго прызёраў за 2011 год трапілі ў тым ліку шматлікія фоты з “маўклівых пратэстаў”.

Спачатку мытнікі гатовыя былі тыя чатыры дзясяткі альбомаў знішчыць, але пільнае гарадзенскае КДБ вырашыла развіць тэму і знайсці ў альбоме… экстрэмізм! Каб праверыць фотаальбом на наяўнасць чагосці падобнага і прытарнаваць яго да  артыкула Закона РБ “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”(“дзейнасць грамадзян па здзяйсненні дзеянняў, скіраваных на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці з’яўляецца экстрэмісцкай») паклікалі адмыслоўцаў.

Сярод іх апынуліся: Бондар, старшы выкладчык кафедры дызайну Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта (ГрДУ), Скрабко, начальнік упраўлення ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама, Хілюта, загадчык кафедры крымінальнага права і крыміналогіі юрфака ГрДУ, Шульга, загадчыца кафедрай замежных моваў ГрДУ.

Як бачна, збольшага, гэта акурат выкладчыкі таго самага ўнівэрсітэту, у якім выкладчыкаў асабіста, па ўласным жаданні, звальняе тамтэйшы старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра. Той самы, які сёлета шчыраваў перад сходам выкладчыкаў і супрацоўнікаў Гарадзенскага ўніверсітэту, адзначаючы, што рэгулярна чытае зводкі КДБ і ведае ўсё: “Ва ўніверсітэце 16 чалавек, які заклікаюць звергнуць уладу”.

Пра гэта пісалі ў “Нашай Ніве” і “Народнай Волі”, на сайце “Архэ”, таксама паведамілі па Белсату. Пасля чаго, як паведаміў той жа Беласт, адзін з  выкладчыкаў кафедры тэорыі дзяржавы і права, Ігар Кузьмініч, сам зволіўся з такога  ўніверсітэта. 

Ці трэба разумець, што тыя з выкладчыкаў, якія засталіся, гатовы будуць удзельнічаць у падобных экспертызах? Што скаваныя страхам перад Шапірам, яны гатовыя будуць падпісаць усё і знайсці экстрэмізм дзе заўгодна, нават пад уласнай лаваю?

Жадаючыя могуць азнаёміцца з поўным тэкстам гэтак званае “экспертызы”, прадастаўленай адной з куратарак альбому слыннай фотамастачкаю, Юліяй Дарашкевіч,  на сайце Naviny.by  ці “Нашай Нівы”.

З нядаўняга часу лічыцца, што фатаграфаваць ўмеюць нібы ўсё, бо фатаграфіяй, хаця б зрэдчас, займаецца ледзь не палова цывілізаванага чалавецтва.  Але, высвятляецца, у нашай краіне не бракуе ахвочых займацца і мастацтвазнаўчымі экспертызамі. Не бяруся тут рабіць стылістычны аналіз уласна тэксту гэтак званае экспертызы. Бо такія пасажы, кшталту “…весь белорусский народ, в неприглядном виде — нищим, бомжеватого вида на фоне новых западных вещей” самі сабою красамоўна сведчаць пра інтэлектуальны і адукацыйны ўзровень іх аўтараў.

Што ж датычыць высноваў, вартых пяра Міхаіла Булгакава:  “унижает национальную честь и достоинство белорусов как нации” і г. д., то яны зусім неарыгінальныя. Літаральна чатыры гады таму такімі ж словамі ўпікалі ўзбекскую фатографку, рэжэсёрку дакумэнтальнага кіно Уміду Ахмедаву за фільм “Цяжар цнатлівасці” і фотаальбом “Мужчыны і жанчыны: ад захода да світання”.

Суд над гэтай журалісткай і абсурдныя абвінавачанні ташкентскага суда ў стылі сённяшніх рупліўцаў гонару і годнасці “белорусов как нации”з Гродна, выклікалі хвалю міжнароднай салідарнасці фатографаў, журналістаў, творчае інтэлігенцыі. Дзесяткі мастакоў, мастацтвазнаўцаў, праваабаронцаў і журналістаў з усяго свету сачылі за развіццём справы і настойвалі на абсурднасці абвінавачвання, патрабуючы апраўдання Уміды Ахмедавай. 

Аднак Мірабадскі раённы суд па крымінальных справах Ташкента ў лютым 2010 года ўсё ж прызнаў дакументаліста Ахмедаву вінаватай у паклёпе і абразе ўзбекскага народа. Годнасці і гонару Узбекістану гэта не дадало. А ўжо ўзбекскаму народу – і пагатоў!

І вось, урэшце рэшт, і беларускія таварышы падцягуліся да сваіх калегаў з Узбекістана. Што лагічна – бо ж стратэгічныя ж саюзнікі! Цяпер паразумеліся і ў сваім стаўленні да фотарэпарцёраў. Балазе, поплеч стаім у Сусветным рэйтынгу свабоды слова.

У рэпартажных здымках ёсць адно істотнае абмяжаванне – фотарэпарцёру даводзіцца выкарыстоўваць тыя ўмовы, што маюцца, і ў гэтых умовах ствараць дынамічны, цікавы гледачу здымак.  Задача фотарэпарцёра – своечасова заўважыць ці прадбачыць варты кадр, зрэагаваць на яго націскам кнопкі, пры тым зрабіць гэта пісьменна, зважаючы на асяроддзе,  на фон і святло, не забываючы аб кампазіцыі.  І тады народзіцца рэпартажнае фота, напоўненае пачуццём і атмасферай падзеі. 

Злавіць «вырашальнае імгненне» спрабуюць многія, але ўдаецца гэта толькі адзінкам. Пры тым, непазбежная якасць менавіта рэпартажнай фатаграфіі – сумленнасць. Напэўна, менавіта гэта выклікае цікавасць і павагу да яе з боку паспалітых гледачоў і нянавісць чынавенства ва ўсіх краінах. 

У незалежнасці ад таго, што вырашыць суд над фатографамі ў Ашмянах, на падставе экапертызы “мастацтвазнаўцаў” у цывільным, мы маем небяспечны іцыдэнт, што сведчыць ня толькі пра адсутнасць свабоды слова ў нашай краіне, да чаго мы спакаваля ўжо прывыклі, але і пра  растучую палярызацыю ў самім грамадстве, пра нагнятанне палітычнае істэрыі. Перадусім, у падуладным Шапіру рэгіёне. Відавочна, калі абсурдныя закіды абернуцца рэальным прысудам – хваля журналісцкае і інтэлігенцкае салідарнасці пракоціцца па свеце і створыць адпаведны фон для дыялогу Беларусь-ЕС.

…Ілбы гатовыя парасшыбаць, молячыся, як ім сказалі. На каго моляцца – ясна. Але ня ўпэўнены, што ім тое ўсё ж загадалі рабіць. Падобна, гэта ўжо ад шчырага сэрца. Як у савецкіх вахцёраў. Гэта адзіны спосаб прадэманстраваць сваю патрэбу, па-кацінаму прынесшы да ног дохлую мыш. Але, перадусім, гэта рэзка павысіць сваю самаацэнку. Ад таго што людскі боль будзе схаваны ад чыноўнічых вачэй, самапавагі ў нашай нацыі не прыбудзе.Заўважу, што і кар’ернага росту ад тое дохлае мышы, катам ня будзе…

Ад істэрыкі гарадзенскага чынавенства праблемы нашага грамадства, хваробы і пакуты, нікуды ня дзенуцца.

Зрэшты, на шчасце, і нікуды ня дзенецца, перажыве і гэты лад, прыгажосць нашае зямлі, веліч нашага народа і ягоная людская годнасць. І дзеля гэтага натхнёна тварылі, працавалі таленавітыя стваральнікі фотаальбома «Belarus Press Photo», самыя лепшыя фатографы нашае краіны, якім нашая нацыя можа ганарыцца.

Гары Куманецкі адмыслова для Mediakritika.by

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: