ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Самарэгуляванне медыяў: хто, калі не “ЦК БАЖ”?

В фокусе

У Сусветны дзень свабоды друку 3 траўня неба над Мінскам плакала, а з запрошаных прадстаўнікоў дзяржструктур ніхто на круглы стол не прыйшоў. І гэта стала сімвалічнай ілюстрацыяй да парадку дня — “Перспектывы рэфармавання медыясферы: што можа зрабіць журналісцкая супольнасць”.

Дзяржаве свабода выказвання апрыёры супраць шэрсці. І, з аднаго боку, маючы дурную сілу, а з іншага — не маючы сур’ёзнай процівагі, дзяржава тую свабоду будзе проста душыць. Ну, не да канца. Каб заставалася нешта напаказ Еўропе ды дзеля мінімуму зваротнай сувязі (не ў сваіх жа “органах” вычытваць пра сапраўдныя настроі соцыуму). Сёння дастаткова трымаць на горле прэсы руку ў мяккай пальчатцы.

Гэтая дзяржава партнёрам не стане

Я не выключаю, што калі выпусцяць палітвязняў, пачнуць новыя тра-ля-ля з Еўропай, то адновяцца і нейкія супольныя пасядзелкі “чэсных” ды “нячэсных” у медыйных пытаннях. Напрыклад, пад эгідай АБСЕ, як тое было падчас адлігі 2008–2010 гадоў. Праўда, геній дзяржаўнага боку не пайшоў тады далей прапановы сінтэзаваць супольны кодэкс этыкі для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.

У кожным разе кан’юнктуру “адносна вегетарыянскіх”, паводле белсатаўца Міхася Янчука, палітычных перыядаў незалежная журналісцкая супольнасць мусіць выкарыстоўваць, каб адваяваць хоць квадратны міліметр свабоды. Як і ўвогуле прэсінгаваць уладу сваімі прэтэнзіямі ды прапановамі, каб чыноўнікі хоць трохі чухаліся, пра што казалі на круглым стале Андрэй Бастунец, Андрэй Дынько.

Але ілюзій быць не мусіць. Тутэйшая палітычная сістэма грунтуецца на прынцыпе “падзяляй і ўладар”. Прэсу і надалей будуць разводзіць па розныя бакі барыкады, і дзяржаўныя рэдактары, якімі б добрымі хлопцамі ні выглядалі, паводле адмашкі зверху адсунуць убок усе этычныя кодэксы і паслухмяна надрукуюць любое паскудства, змяшаюць з гразёю любога, на каго паказаў палец начальства.

Карацей, без змены палітычнага ладу дзяржава партнёрам незалежнай журналісцкай супольнасці не стане. І таму менавіта апошняй наканавана ўзяць на сябе ўсю няўдзячную працу распрацоўкі медыйных рэформаў на будучыню ды ўсталявання асноў самарэгулявання медыйнай сферы тут і цяпер.

Прафесійная суполка мусіць несці свой крыж

Між тым калі напачатку сакавіка камісія па этыцы БАЖ канстатавала яе, этыкі, парушэнні ў блогавай публікацыі Зянона Пазьняка на сайце “Радыё Свабода”, было шмат шуму. Некаторыя кпілі: “пастанова ЦК БАЖ”. Убачылі ў гэтым напалеонаўскія замашкі, перавышэнне паўнамоцтваў і г.д.

Крытыкі не ўсвядомілі, што тое не было разглядам персанальнай справы Зянона Пазьняка. Гэтае рашэнне камісіі БАЖ таксама не тычыцца наўпрост палітыкі ці спрэчкі пра тое, каго расстрэльвалі ў Курапатах. Такія рашэнні толькі задаюць пэўную этычную рамку для прафесійных медыяў, ні болей ні меней.

У гэтым канкрэтным выпадку сутнасць рашэння ў тым, што рэдакцыі СМІ, калі там уважаюць сябе за прафесіяналаў, мусяць адказваць і за карыстальніцкі кантэнт, не дапускаць зняваг, абраз. Такі парадак і ў дэмакратычных краінах. Там адпаведнай рэгламентацыяй займаюцца нацыянальныя рады ў пытаннях СМІ.

У Беларусі фармальна існуе Грамадская каардынацыйная рада ў сферы масавай інфармацыі, але, нягледзячы на шыльду, гэтая структура — цалкам пад дзяржаўным каўпаком, яе фармуе Мінінфарм. Між тым як у дэмакратыях медыйныя рады ўтвараюцца без удзелу чыноўнікаў, на парытэтных падставах з аўтарытэтных прадстаўнікоў грамадскасці і журналісцкай супольнасці.

Цікава, што найстарэйшую на кантыненце шведскую Раду ў справах прэсы традыцыйна ўзначальвае суддзя Вярхоўнага суда. Пры гэтым варта ўсведамляць, што там суд — сапраўды незалежная галіна ўлады.

У сённяшняй Беларусі стварыць падобную паўнакроўную самакіраваную грамадскую структуру з нацыянальным статусам нерэальна. Хаця б таму, што існуе каласальны масіў дзяржаўнай прэсы, якой камандуе вертыкаль. Гэтак жа нерэальна цяпер заснаваць інстытут прэс-амбудсмена, як у той самай Швецыі ды шэрагу іншых заходніх краін.

Між тым многія пытанні ў медыйнай сферы наспелі і пераспелі. І БАЖ мусіць у пэўнай ступені выконваць місію, якую у дэмакратычных краінах выконваюць нацыянальныя рады ў пытаннях СМІ.

У гэтым сэнсе нашаму прафесійнаму звязу наканавана “шмат на сябе браць”. Задаваць журналісцкі канон, абмалёўваць этычную рамку, што мусіць быць у ідэале арыенцірам для ўсіх СМІ. Таму што болей рабіць гэта няма каму.

І не варта кідаць камяні. БАЖу, мяркую, нашмат утульней было б у амплуа гэтакага элітарнага закрытага клуба ці маленькага прафсаюзіка, які адно што выбівае даброты для сваіх чальцоў. Але БАЖ лезе на ражон, бо хто яшчэ гэта зробіць? У палітыкаў свае гульні, шырокія масы з грамадскага жыцця выключаны.

Інтэрнэт абвастрыў этычныя праблемы

Адметна, што нашумелая публікацыя Пазьняка была змешчана ў рубрыцы блогаў. Гэта лішні раз падкрэслівае: анлайнавая эпоха паставіла перад журналістыкай новыя выклікі. Грахі кшталту плагіяту, канечне, былі і раней, але інтэрнэт іх абвастрыў, а некаторыя заганы набылі характар эпідэміі.

Вось толькі некалькі балючых праблем:

— некарэктна выкарыстоўваецца чужы кантэнт (перадзіраюць без гіперспасылак ці топяць іх, выкідаюць прозвішчы аўтараў і г.д.);

— ігнаруюццца элементарныя правілы праверкі інфармацыі (“качкі” бяздумна копіпасцяцца з шалёнай хуткасцю, у канфліктах даецца слова толькі аднаму боку);

— памылкі у анлайне выпраўляюць цішком (проста перапісваюць ці вычышчаюць непраўдзівую інфу — а трэба даваць папраўкі, каб гэта было бачна чытачу);

— у каментах квітнее хамства, пануюць абразы, вядуць рэй тролі, а мадэрацыя не працуе;

— выклікаюць пытанні паводзіны журналістаў у сацыяльных сетках (няма адпаведнай рэгламентацыі, як за мяжой).

Mediakritika.by ставіць усе названыя ды іншыя праблемы, я сам напісаў “стопіццот” артыкулаў, але гэтага мала. Мусяць быць прапісаны “дурнеўстойлівыя” правілы, якую палітыку варта весці медыям у кожным з гэтых пытанняў. І акрамя БАЖа, гэта ніхто не зробіць.

Трактаваць канон з улікам анлайнавай эпохі

Праўда, у некаторых карыфеяў нашага цэха ёсць такі пункт погляду: не трэба вынаходзіць ровар, паколькі этычныя прынцыпы журналістыкі з часам не змяняюцца, не залежаць ад медыйнай платформы.

Так, па вялікім рахунку, тыя каноны ўніверсальныя. Як зазначае маскоўскі мэтр Міхаіл Фядотаў, журналісту ўвогуле дастаткова Нагорнай казані Хрыста. Але ж — “Хрыстос не ведаў пра гіперспасылкі”. Д’ябал хаваецца ў дэталях. Чамусьці фінская Рада ў пытаннях СМІ не лянуецца даваць інструкцыі, як, напрыклад, супрацоўнікам рэдакцый працаваць з карыстальніцкім кантэнтам (блогі, форумы). Усё распісана па пунктах.

Мяркую, БАЖ не памыліўся б, прысвяціўшы адно з пасяджэнняў сваёй рады менавіта пытанням самарэгулявання медыйнай сферы. На грунце дыскусіі можна было б распрацаваць адпаведны план. У прыватнасці, варта запланаваць апгрэйд Кодэкса журналісцкай этыкі БАЖ, найперш з улікам спецыфікі анлайну.

Але такія дакументы, кладучы руку на сэрца, мала хто чытае, а тым болей перачытвае. Таму камісіі па этыцы БАЖ варта было б рэгулярна разбіраць кейсы, у якіх адлюстраваны тыповыя этычныя праблемы сённяшніх СМІ. І — увага! — не толькі выносіць вердыкт (этычна/неэтычна), але і даваць рэкамендацыі.

Тая ж пастанова пра публікацыю Пазьняка была б нашмат каштоўнейшай і, магчыма, не ўспрымалася б кім-кольвек так хваравіта, калі б яе галоўным сэнсавым акцэнтам сталі парады што да працы рэдакцый з карыстальніцкім кантэнтам.

І хай бы як мага болей такога кшталту практычных рэкамендацый вісела на сайце БАЖ. Каб у канфліктных сітуацыях можна было апеляваць да нейкага канона.

Фота Антона СУРАПІНА.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: