ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Адкрыць слоўнік і забіцца аб сценку

В фокусе

Чарговы раз спатыкнуўшыся ў нечым тэксце на спалучэнне “по приезду” або “по прибытию”, усё мацней адчуваю сябе моўным дыназаўрам. Я заспеў яшчэ тую дагістарычную эпоху, калі такія ляпы былі ганьбай для журналістаў. Зараз аўтары акругляюць вочы, калі кажаш ім, што трэба “по приезде”, “по прибытии”:  ты што, дзядуля, абкурыўся?

Спрэс ідзе ў тэкстах “грузинов” ды “болгаров”, практычна ўсе ўжо пішуць “ВУЗ” вялікімі, цягнуць недарэчнае “озвучить” туды, дзе трэба “зачитать”, “обнародовать”, “огласить”, ужываюць “апробированный” у сэнсе “опробованный”. А дзеля большай пераканаўчасці могуць перайначыць увогуле на “опробированный”.

Амаль што кожны пісака на пікантныя тэмы без ваганняў лупіць “сексОпильный” — відаць, мяркуючы, што адна з асноў складанага слова ўзыходзіць да дзеяслова “пилить”. Раз-пораз дзеепрыслоўі ўлучаюцца ў канструкцыі кшталту высмеянай яшчэ Антонам Чэхавым“Подъезжая к сией станцыи и глядя на природу в окно, у меня слетела шляпа”.

Дарэчы, наконт чыгункі. Стары анекдот у тэму. Пасажыр у электрычцы чытае нейкую кнігу ды раз-пораз выгуквае:“Ну і ну! Ніколі б не падумаў! Не можа быць!”. У рэшце рэшт заінтрыгаваная суседка не вытрымлівае: “Ды што вы такое чытаеце?” — “Арфаграфічны слоўнік!”.

Цікава, а той пасажыр выпадкова не нашым калегам быў?

 

“Паўгады” — гэта палова нейкай гАдзіны?

Нехта скажа: што нам пераймацца імперскай мовай, мы сваю мусім уздымаць. Але ж і ў беларускамоўных тэкстах Байнэта конь не валяўся. Адно “паўгады” чаго вартае! Нехта запусціў ва ўжытак калечаны варыянт, а неафіты падхапілі, лянуючыся зазірнуць ў падручнік, дзе чорным па белым фігуруе “паўгода”.

Натуральна, любыя спробы гаварыць ды пісаць па-беларуску варта заахвочваць. Хай сабе напачатку будзе і багата памылак. Аднак жа медыі мусяць максімальна датрымліваць стандарты моўнай культуры, быць у пэўнай ступені ўзорам пісьменнасці. І гэта ўжо місія рэдактараў, кіраўнікоў СМІ.

Выкажу і думку, за якую адэпты класічнага (“клясычнага”!) правапісу будуць дзяўбці мяне ў хвост і ў грыву. Сёння выкарыстанне у Байнэце двух варыянтаў арфаграфіі канчаткова збівае з панталыку тую львіную долю публікі, лінгвістычныя веды якой і блізка не сягаюць да ўзроўню Вінцука Вячоркі.

Я сам перажыў рамантычны перыяд захаплення тарашкевіцай, пісаў на ёй ў блог на nn.by. Але потым прыйшоў прыкладна да тых самых высноў, што і Сяргей Дубавец, які ў 2007 годзе абурыў адэптаў артыкулам “Ганс вялікі і Ганс маленькі”: “Што замінае нам прыняць новыя правілы ў якасьці адзіных? Прынцыпы? Дык варта задумацца пра цану, якая некалі будзе заплочана за нашы прынцыпы”.

Зараз аўтар гэтых радкоў перакананы, што “Наша ніва” зрабіла чатыры гады таму абсалютна слушны крок, перайшоўшы на афіцыйны правапіс. А вось сайт радыё “Свабода” ўпарта трымаецца за тарашкевіцу, што, на мой погляд, надае высокапрафесійнаму кантэнту адценне анахранізму, не спрыяе пашырэнню аўдыторыі ды і дадае арфаграфічнай кашы ў галовах.

Напрыклад, напісанне канчаткаў роднага склону назоўнікаў мужчынскага роду  нават у межах наркамаўкі заблытанае. Калі ж уперамежку чытаць тэксты на наркамаўцы і тарашкевіцы, то арыенціры збіваюцца канчаткова: “квартала” ці “кварталу”, “артыкула” ці “артыкулу”?

Бадай, не кожны чытач сайта радыё “Свабода” ўедзе, што Атэны — гэта Афіны. Калі я бачу ў загалоўку “Сырыя”, то патрэбен час, каб асэнсаваць, што гаворка ідзе пра краіну, а не сырыя дровы ці шкарпэткі.

Канечне, выбар правапісу ёсць прэрагатывай самога радыё “Свабода”, але маё перакананне такое: каб болей арганічна ўпісвацца ў айчынны медыйны ландшафт, быць бліжэйшымі да тых беларусаў, што жывуць у самой Беларусі, калегам варта было б пераадолець ментальны бар’ер ды перайсці на афіцыйны правапіс. Ніякай здрадай прынцыпам гэта не будзе, а пісьменнасці аўдыторыі дакладна паспрыяе.

 

Няма на вас Сталіна!

Сёння кіраўнікі медыяў, за рэдкім выключэннем, фактычна не зважаюць на ступень літаральнай пісьменнасці тых, каго бяруць у штат ці каму замаўляюць артыкулы. Ацэньваюць паводле палітычных поглядаў, шпаркасці генеравання кантэнту і г.д., а вось тое, што чалавек элементарна не умее коскі расстаўляць, зусім не бярэцца пад увагу.

За савецкім часам таксама не ўсе аўтары былі ўзорамі пісьменнасці, але тады сітуацыю ратавалі брыгады карэктараў, што чаргаваліся ўвесь час вёрсткі нумара, як зменныя роты на перадавой. У цёплых хустках ды пантофлях, са слоікамі салаты ды пахучымі катлетамі ў ссабойках (дзяжурствы доўгія!), гэтыя цётачкі надавалі суровым рэдакцыйным памяшканням хатні шарм і між тым вялі гераічны няспынны бой з ордамі памылак.

Канечне, страх савецкай сістэмы перад палітычнымі памылкамі ў друку аж зашкальваў, даходзіў да параноі. Памятаю, як годзе ў 78-м (мяне, студэнта, толькі ўзялі ў газету з выпрабавальным тэрмінам) ЦК ставіў на вушы рэдакцыю “Знамени юности” за тое, што “панізілі” Брэжнева, назваўшы старшынём Вярхоўнага Савета БССР. Тады, здаецца, абышлося строгімі вымовамі, а за сталінскім часам рэдактары на такія выпадкі мелі торбу з сухарамі.

Але плюс тагачаснай прэсы быў у тым, што тэксты з гледзішча мовы вылізваліся. Газета была эталонам пісьменнасці: у спрэчных выпадках арфаграфію звяралі па перыёдыку, што трапляў пад руку.

Апынуўшыся на пачатку 1990-х на стажыроўцы ў французскіх медыях, ваш пакорлівы слуга быў уражаны тым, што там газеты робяцца амаль што без карэктараў. І пачуў ад аднаго з шэфаў: мы непісьменных журналістаў не трымаем.

 

Тэст на “Тайланд”

Беларускія СМІ ў постсавецкі час перанялі гэты заходні досвед аднабакова. Штаты карэктараў у дзяржаўных друкаваных выданнях скарацілі, у недзяржаўных — звялі да мінімуму, у інтэрнэт-медыях карэктараў ці стыль-рэдактараў часта няма ўвогуле. Але ж гэта не падмацавалі высокімі патрабаваннямі да пісьменнасці аўтараў тэкстаў.

Яшчэ болей: кіраўнікі СМІ новай генерацыі, сярод якіх не надта багата выпускнікоў журфака ці філфака, у многіх выпадках нават не падазраюць, наколькі непісьменна выглядае іх рэсурс. Яны штудавалі супрамат ці бухгалтарскі ўлік, самавукам засвоілі нейкія палітычныя ды менеджарскія веды, але ніколі ў жыцці не адкрывалі падручнік стылістыкі і літаратурнага рэдагавання. Ды і проста на gramota.ru не зазіралі.

Між тым гэта зусім не дробязі. Гэтак жа, як тэатр пачынаецца з вешалкі, аўтарытэт медыйнага рэсурсу ў вачах адукаванай, саліднай публікі пачынаецца з элементарнай пісьменнасці тэкстаў.

Калі мы сапраўды імкнемся да міжнародных стандартаў журналістыкі, то пісьменнасць мусіць стаць адным з найважнейшых патрабаванняў на медыйным рынку працы. Расійскі мэтр Аляксандр Амзін у сваіх знакамітых “140 правілах інтэрнэт-журналіста” між іншым зазначае:

* Если вы путаете «тся» и «ться», всерьез подумайте о смене профессии

* То же самое касается слов «то же» и «тоже», «так же» и «также», выражений «вы пишете» и «вы пишите» и, конечно, «каково» и «какого»

І нарэшце:

* Проверьте географические названия и имена, убейте себя об стену за «Беджинг», «Мумбай», «Тайланд» и «Гонг Конг»

Ну, аб сценку не варта (дарэчы, па-беларуску правільна менавіта “Тайланд”), але я раіў бы рэдактарам пасадзіць усіх сваіх супрацоўнікаў за дыктоўку для шостага класа. І пасля зрабіць высновы. Зрэшты, калі пагалоўна звальняць двоечнікаў, то, баюся, некаторыя рэдакцыі апусцеюць. Застаецца навучаць. І вучыцца самім.

Эпідэмію непісьменнасці ў айчынных медыях час спыняць, як СНІД.

P.S. Той самы Амзін нагадвае галоўнае правіла карэктара: “Колькі б памылак ні было выпраўлена ў тэксце, заўжды ёсць яшчэ адна”. Тэксты на Mediakritika.by не ёсць выключэннем з гэтага правіла, тым болей што адмысловага карэктара рэсурс таксама пакуль што не мае. Так што не страляйце ў піяніста! 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: