ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Асаблівасці нацыянальнага палявання на эксперта

В фокусе

Калі званкі пачынаюць даставаць раз-пораз то пад душам, то падчас смажання яечні, то як ужо рассцілаеш ложак, — ганарыся: ты стаў экспертам.

Пакуль гарыць яечня ці на падлозе ўтвараецца лужынка ад вады, што сцякае з цела, ад цябе дамагаюцца вычарпальнага каментара да апошняй Лукашэнкавай заявы, якую ты яшчэ не паспеў прачытаць.

Або патрабуюць выдаць прагноз, на колькі адсоткаў будзе чарговая дэвальвацыя. Або калі рэжым выпусціць палітвязняў. Або на каго пашырыць санкцыі Еўразвяз. Або… Спытаць могуць пра што заўгодна, бо калі цябе захамуталі ў гэту справу, то паводле змаўчання чакаюць універсалізму тытанаў Адраджэння ды празорлівасці Настрадамуса. Вырвацца ж з няўдзячнага амплуа немагчыма, як з абдымкаў мафіі.

 

Бяруць за жэбры

А цяпер сур’ёзна. Ваш пакорлівы слуга, які пасля трох дзясяткаў гадоў медыйнай працы з ухілам у палітычную аналітыку стаў даволі часта фігураваць у публікацыях калег менавіта як каментатар, зараз тут не рысуецца, не какетнічае і не набівае сабе цану.

Ва ўсякім разе, у галіне СМІ, масавых камунікацый і некаторых прылеглых сферах уважаю сябе за такога-сякога знаўцу прадмета. Ды і ўвогуле, калі кагосьці з медыйнага цэха цікавіць маё сціплае меркаванне на актуальную тэму, стараюся адгукацца, іншым разам нават адсоўваючы ўбок уласны тэрміновы артыкул.

Урэшце, як ужо стаў у нейкім сэнсе публічнай фігурай, то не бурчы, трывай, калі тузаюць. Нясі свой крыж. Раздражняюць жа найперш непрафесіяналізм, неэтычнасць.

Гаворка пра тое, што, пабыўшы ў скуры эксперта, пачынаеш лепей разумець, за што многія не любяць журналістаў і называюць журналюгамі.

Пачнем з нібыта дробязяў. Па-першае, далёка не кожны спытаецца, наколькі суразмоўцу зручна кантактаваць ці колькі часу на камент ён можа ахвяраваць. Між тым калі ты ў чарзе да касы ўніверсама пачнеш услых разважаць пра рост інфляцыі і куды глядзіць урад, дык могуць замесці за антыдзяржаўныя лозунгі. Ды мала якія пікантныя сітуацыі бываюць!

Па-другое, не заўжды кажуць, для якога СМІ і ў якім фармаце патрабуецца каментар. Хаця, натуральна, для рознай мэтавай аўдыторыі фармуляваць трэба па-рознаму. І адна рэч, калі хочуць працытаваць паўфразы, іншая — калі маецца на мэце апублікаваць даволі разгорнутае інтэрв’ю.

Па-трэцяе, рэдка хто папярэджвае, што ўключаны запіс. Я ўжо з’еў на гэтым зубы і апрыёры “фільтрую базар”, але ведаю, што некаторыя трапляюць ў непрыемныя сітуацыі.

 

Нашто нам БЕЛТА-2?

Гэта пытанні этыкі. А зараз што да выбару экспертаў увогуле. Ёсць аб’ектыўныя прычыны, што звужваюць кола такіх персон для айчыннага журналіста. Калі ён працуе ў дзяржаўным выданні, то да “пятай калоны” не звернешся ў прынцыпе. Атрымлівацца гульня ў адны вароты.

Зрэшты, іншым разам і мяне цытуюць на дзяржаўным тэлебачанні. Не жыўцом, а выразаюць з артыкулаў пераважна моманты з крытыкай апазіцыі, нейкіх аспектаў палітыкі Еўразвязу. Карыстаюцца тым, што стараюся датрымліваць у сваіх тэкстах плюралізм і не гуляю апрыёры на баку праціўнікаў Лукашэнкі.

Але ж сюжэт дзяржаўнага тэлебачання не перастае ад гэтага выглядаць гульнёй у адны вароты. Я ўжо не кажу пра некарэктнасць вырывання фразы з кантэксту (прычым, здараецца, і са скажэннем).

Для аўтара недзяржаўнай прэсы кола экспертаў звужваецца, у прыватнасці, праз тое, што людзі на казённай службе ці адчувальна залежныя ад вертыкалі неахвотна даюць інтэрв’ю. А калі і даюць, то зазвычай перажоўваюць пастулаты найвышэйшага начальства. Баяцца “отсебятины”. У выніку атрымліваецца БЕЛТА-2.

 

Антырэжымная папса

Аднак ёсць яшчэ некалькі чыннікаў, што ўжо цалкам на сумленні аўтараў. Напрыклад, сцвярджэнне, што людзі з улады не хочуць з намі размаўляць, лёгка ператвараецца ў адмазку, апраўданне аднабокай падачы тэмы.

Звыш усяго, разумны, кампетэнтны адмысловец з дзяржаўнай установы можа адной левай разбіць некаторыя прымітыўныя апазіцыйныя тэзы. Бо ён рэальна працуе ў пэўнай сферы і ведае яе да драбніц, агульныя ж нападкі на рэжым з палітычнага андэграўнду часам дылетанцкія, ідэалагізаваныя.

І што тады рабіць журналісту, калі ў ягоным выданні запатрабаваныя баявыя выступы супраць рэжыму?

Таму журналіст набірае нумар праверанага чалавека з апазіцыі ці каляапазіцыйнай фронды. Нярэдка з наменклатурнай старонкай у біяграфіі, і тады яго падкрэслена падаюць як “былога кіраўніка…”, “экс-старшыню…” і г.д. Між тым чалавек даўно выбіты з сістэмы і ўжо не ведае, як круцяцца яе шасцерні. А можа, і моцна на яе пакрыўджаны.

У выніку замест глыбокага каментару ідзе антырэжымная папса. Пра непазбежнасць хуткай катастрафічнай дэвальвацыі, пра тое, што вось-вось хваля пралетарскіх выступаў ахопіць прадпрыемствы па ўсёй краіне і г.д.

Пагугліце і паглядзіце, колькі ўжо неадбытых крахаў напрарочылі за 18 гадоў Лукашэнкавага кіравання асобныя апазіцыйныя касандры. Я, убачыўшы ў загалоўку пэўныя прозвішчы, даўно не чытаю каментары гэтых персон, бо напамяць вывучыў замыленыя тэзы.

 

Хто такі Казлевіч?

Трэба прызнаць, што ў Беларусі экспертная супольнасць увогуле даволі бедная. Мазгавыя цэнтры запатрабаваны ў дэмакратыях, аўтакраты ж зазвычай не надта давяраюць “яйкагаловым”, тым болей не інтэграваным у сістэму, не даюць абсягу для think tanks, прэсінгуюць іх, нярэдка змушаючы працаваць з-за мяжы (НІСЭПД, BISS).

У выніку, як зазначыў у каментары для Mediakritika.by медыйны аналітык Паўлюк Быкоўскі, “журналісты становяцца ўсяеднымі і робяць экспертамі тых, каго б на Захадзе за эксперта не ўважалі”.

У прыватнасці, мяркуе Быкоўскі, “журналіст паводле вызначэння ёсць дылетантам”. Так, доўга пішучы на нейкую тэму, ён становіцца “прасунутым чайнікам, адносным знаўцам адпаведнай праблематыкі і можа каментаваць яе даволі трапна. Можа стаць нават лідэрам думак. Аднак калі падыходзіць строга, то за экспертаў варта ўважаць навукоўцаў — тэарэтыкаў ці практыкаў, адзначае суразмоўца.

Між тым “у нас, асабліва з каментарамі ў сферы паліталогіі, эканомікі, часта выступаюць людзі, якія проста называюць сябе экспертамі”, кажа Быкоўскі. Нярэдка гэтую ролю прыпісваюць дзейным палітыкам.

Ад сябе зазначу: абмаляваныя крытэры статусу эксперта не азначаюць, што на тэмы палітыкі ў журналісцкім матэрыяле можа выказвацца толькі доктар паліталогіі (тым болей што у нас яшчэ паспрабуй абараніся, калі погляды разыходзяцца з генеральнай лініяй), а пра плюшавы дэсант мае права разважаць толькі той, хто скончыў факультэт супрацьпаветранай абароны вайсковай акадэміі. Проста не трэба кожнага каментатара называць гучным словам “эксперт”, штучна надаючы саліднасці публікацыі.

Паўлюк Быкоўскі між тым адзначае, што часта з сапраўднымі экспертамі прэса не рвецца працаваць таму, што іх тэзы цяжка перакладаць на даступную, папулярную мову.

Дадам: да размовы з адмыслоўцам трэба яшчэ і падрыхтавацца. Ды і пастфактум напружыць мазгі, расшыфраваць яго пакручастыя развагі, канверсаваць навуковы стыль у газетны.

Між тым у квазіэксперта-папуліста напагатове абойма простых высноў ды сентэнцый, калекцыя ярлыкоў на ўсе выпадкі жыцця.

 

Сага пра добрых і кепскіх хлопцаў

Яшчэ адна распаўсюджаная з’ява — маніпуляванне словамі экспертаў. “Вельмі часта ў журналіста ў галаве ўжо ёсць план матэрыялу: вось гэта добрыя хлопцы, а вось гэта кепскія”, — гаворыць Паўлюк Быкоўскі. Больш складаныя, нюансаваныя развагі эксперта аўтар матэрыялу падганяе пад сваю схему, скажаючы іх.

А часам, дадае аналітык, скажэнне ёсць вынікам таго, што журналіст саромеецца ці лянуецца ўдакладняць тыя рэчы, якіх не разумее.

Засведчу ад сябе: апрыёрны схематызм, тэндэнцыйнасць, запраграмаванасць стваральнікаў матэрыялу іншым разам проста дастаюць. Калі табе задаюць пытанне кшталту: вы не знаходзіце, што чарговы выступ Лукашэнкі ёсць паўторам старой кружэлкі і танным прапагандысцкім шоў? — хочацца паслаць падалей. Непрыемна пачувацца марыянеткай у чужым сцэнары.

Таму перш чым патэлефанаваць эксперту, асобным калегам не шкодзіць згадваць рэфрэн са старога анекдота: думай, прапаршчык, думай!

Перш чым скарыстаць нечыя мазгі, журналіст мусіць уключыць свае.

Апошняе, што хачу падкрэсліць на фоне наўмыснай канцэнтрацыі негатыву ў гэтым артыкуле: на шчасце, ёсць шмат калег, якім, нават адчуваючы дыскамфорт ад цяжкіх пытанняў, даеш інтэрв’ю з лёгкай душой. Бо гэта працуюць профі.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: