ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Аўтараў рэжуць без нажа

В фокусе

Астап Бэндэр ведаў 400 спосабаў “параўнальна сумленнага” адымання грошай. Сёння ў Байнэце — эпоха “параўнальна сумленнага” адымання чужога кантэнту. Красці зусім без спасылкі ўжо неяк няёмка. А вось запіхнуць тую спасылку ў глыб скапіяванага тэксту, адрэзаць прозвішча аўтара — гэта як двойчы два.

Такім чынам, сачыце за рукамі, як кажа блогер Малішэўскі. Вось ў інтэрнэт-газеце Naviny.by з’яўляецца артыкул Андрэя Кажамякіна “Дзяржава спрабуе вынайсці ровар для малога бізнэсу”. Нармальны аўтарскі артыкул.

Выдатна ведаю Андрэя: разумны і працавіты хлопец, які практычна штодня выдае на-гара паўнавартасную эканамічную аналітыку. Ды і ўвогуле брэнд Naviny.by трымаецца на якасным уласным кантэнце. Таму яго ахвотна падхопліваюць іншыя рэсурсы.

Але як падхопліваюць? Вось на “Хартыі” літаральна цераз гадзіну з’яўляецца публікацыя “Для малога бізнэсу вынайшлі ровар”. Нешта знаёмае, праўда? Параўнальны аналіз паказвае, што гэта перадрукаваны адзін у адзін артыкул Кажамякіна. Але дзе Андрэй? Капец, прапаў хлопец!

Адно што ў другім абзацы тэксту сарамліва прыхавана нібыта спасылачка на першакрыніцу. Чаму нібыта? Бо недасведчанаму няўцям, што гэтае шэранькае “сообщают “Белорусские новости” тычыцца не адной фразы ці абзаца, а ўсяго тэксту. На добры лад брэнд першакрыніцы трэба ставіць або над публікацыяй, або пад ёй.

Узорам карэктнага стаўлення да перадрукаў (ці, калі хочаце, гэтакай белай варонай Байнэту) ёсць сеціўная “Салідарнасць”. Зірніце: над кожным запазычаным тэкстам акуратненька выстаўлены і прозвішча аўтара, і гіперлінк на крыніцу. Так, напрыклад, пададзены іншы артыкул таго ж Кажамякіна — “Беларусь — Расія: перадканфлікт на калійнай глебе”. А вось сайт “Хартыі” і ў гэтым выпадку выкінуў подпіс ды ўтапіў спасылку. Аналагічным чынам зрабіў і “Белорусский партизан”.

Вось яшчэ свяжэйшы прыклад: у мінулую нядзелю артыкул Ірыны Леўшынай з Naviny.byгрунтоўнае арыгінальнае даследаванне праблем беларускага экспартуімгненна (лета, выхадны, няма чаго ставіць!) злізвае той самы “Партызан”. Пры гэтым загаловак мяняюць, спасылку на першакрыніцу хаваюць у хвост другога абзаца, а прозвішча аўтаркі проста выкідаюць.

Такіх прыкладаў не проста некарэктнага, але і, падкрэслю гэта, незаконнага абыходжання з чужымі тэкстамі ў Байнэце — куды ні плюнь. Аматары пажывіцца чужім кантэнтам дзейнічаюць з размахам, карыстаючыся прававой недасведчанасцю ці, часцей, залішняй рахманасцю аўтараў ды рэсурсаў-першакрыніц. Іншым разам праваўладальнікі прызнаюцца: не хочам звязвацца, бо столькі смуроду будзе!

Сапраўды, цябе ж яшчэ і апляваць могуць. Ад дырыжора аднаго змагарнага сайта ў адказ на прэтэнзіі наконт перадруку без прозвішча я пачуў: а мы падпісваем толькі аўтарскую журналістыку. Во як! Ён, бачыш, вызначае, варты ты подпісу пад сваім уласным артыкулам ці не. Мала таго, што бярэ твой інтэлектуальны прадукт не пытаючыся і не плацячы грошай (тут пралаз у законе ёсць), дык яшчэ і выносіць знішчальны прысуд: на імя не цягнеш! Робіць табе віртуальную сякір-башку.

Ад асобных рэдактараў можна пачуць і такую адмазку: а інфа не падпадае пад закон аб аўтарскіх правах!

Гэта памылковая трактоўка, зазначыў у каментары для Mediakritika.by юрыст Сяргей Зікрацкі, уладальнік юрыдычнай агенцыі ў Мінску, адмысловец у галіне аўтарскага права.

Як вынікае з ягоных слоў, выключэннем можа быць хіба што лапідарная хроніка на тры радкі без налёту крэатыву, кшталту: прэзідэнт падпісаў указ пра тое і тое. Увогуле ж “амаль што любы журналісцкі матэрыял падпадае пад крытэры літаратурнага твору, бо мае творчы складнік, і, адпаведна, ёсць аб’ектам аўтарскага права”.

Так што аматары распаўсюджанага ў Байнэце пірацкага копіпэйсту хай вучаць матчастку — закон “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”. Гэта той выпадак, калі «о сколько нам открытий чудных готовит просвещенья дух».

Так, высвятляецца, што ў ліку асабістых немаёмасных правоў аўтара ёсць права аўтарства і права на імя. Пры перадруку гэтыя правы мусяць датрымлівацца. Прасцей кажучы, выкідаць подпіс нельга.

Яшчэ адзін важны момант: калі аўтар ці рэсурс-першакрыніца абумоўлівае асаблівыя правілы выкарыстання матэрыялу (кшталту: перадрук дазваляецца толькі з пісьмовай згоды), то мусяць датрымлівацца і яны.

Што ж да абавязковай гіперспасылкі на крыніцу запазычання матэрыялу, то гэта выразна прапісана ў нашумелым указе № 60 “Аб захадах што да ўдасканалення выкарыстання нацыянальнага сегмента сеціва Інтэрнэт”.

Закон таксама забараняе тую свавольную пераробку запазычаных тэкстаў, якую дазваляюць сабе асобныя медыі. Даць крыклівы, часта не адпаведны зместу загаловак (варыяцыю на тэму злачыннай дыктатуры), перайначыць “Палату прадстаўнікоў” на “палатку” і лічыць, што такім чынам згенераваны арыгінальны рэвалюцыйны твор — вялікая аблуда. Насамрэч гэта здзек з чужога твору, парушэнне закону. Хочаце лішні раз даць вербальнага выспятка нялюбаму рэжыму — ваша права, але за кошт уласнага кантэнту, калі ласка!

Здаецца, ў нарматыўных актах, хай сабе і не ідэальных, практычна усё разжавана і раскладзена па палічках. Але рэдакцыі многіх вэб-рэсурсаў ігнаруюць як закон, так і прафесійную этыку.

Праблемы інтэрнэт-медыяў, у каторых штаты з камарову дзюбу, зразумелыя. Бракуе творчых сілаў на генерацыю значнай колькасці ўласнага кантэнту. Але ж і выглядаць банальным агрэгатарам не хочацца. Таму пачынаюць маскаваць запазычаныя матэрыялы пад свае, мінімізуючы адпаведныя маркеры. Хаваюць той прыкры факт, што арыгінальных тэкстаў кот наплакаў, што насамрэч кароль голы.

І такая практыка разбэшчвае. Аказваецца, не абавязкова адрываць мяккае месца ад крэсла ў офісе, лезці пад міліцэйскія дручкі і г.д., каб атрымаць гарачы матэрыял. Хай цягаюць каштаны з агня, напрыклад, рэпарцёры БелаПАН. А мы іх тэксты проста шпарка перадзярэм ды хітра замаскуем пад нібыта свой медыйны прадукт.

Іншым разам пад такі банальны крадзеж падводзіцца дэмагагічная база: мы ж у авангардзе змагання, на перадавой, а вы тут лезеце са сваімі дробнымі абыватальскімі прэтэнзіямі! Вам шкада нейкага тэксту дзеля перамогі светлай дэмакратычнай будучыні?

І ўладальнікі аўтарскіх правоў, бывае, бянтэжацца. Ці ўважаюць за лепшае не выносіць смецце з хаты: не хочацца публічнай сваркай, пазовам у суд даваць спажыву афіцыйнай прапагандзе. Той жа толькі дай нагоду пакпіць: так званыя дэмакраты цягаюць адзін аднаго за чубы, не падзяліўшы інтэлектуальны прадукт!

Зрэшты, калі аўтар масціты (або проста скандальны), то яму можа пашэнціць, подпіс пры перадруку ацалее. Ці то нейкае адноснае пачуццё сораму ў копіпэйстараў спрацоўвае, ці то проста пабойваюцца звязвацца. Калі ж гэта персона не надта раскручаная — чакае безыменная “брацкая магіла”.

Маю ўласны досвед высвятлення стасункаў з кіраўнікамі асобных змагарных вэб-рэсурсаў. У адным выпадку давялося нават трохі патроліць. Кажу: вось вы ўладзе закідаеце калгаснасць, а самі піянерыце чужы кантэнт, як п’янтосы — бульбу з калгаснага поля. Як ні дзіўна, падзейнічала! Але калі мае артыкулы сталі перадрукоўваць з подпісам, то матэрыялы многіх маіх калег дасюль ідуць безыменнымі.

Маралітэ: не трэба саромецца адстойваць свае аўтарскія правы. Цярплівая выхаваўчая праца дае свой плён.

Юрыст Сяргей Зікрацкі мяркуе, што сітуацыю з нецывілізаваным копіпэйстам трэба выпраўляць двума шляхамі. Па-першае — павышаць прававую культуру, адукаваць медыйную публіку. Каб аўтары ведалі свае правы і ўмелі іх абараняць, а перадрукоўшчыкі ведалі пра адказнасць. Па-другое — “варта практычна абараняць аўтарскія правы любымі шляхамі, што прадугледжаны законам”.

Мой суразмоўца адзначае, што апошнім часам да яго усё часцей звяртаюцца па адпаведныя кансультацыі, і часта прэтэнзіі задавальняюцца без звяртання ў суд. Цывілізаванасці ў Байнэце более.

Іншымі словамі, чуе котка, чыё мяса з’ела. Дадам, што і маральны чыннік — не пусты гук. Усё ж калі добра прысарамаціць, то чарвячок сумлення пачынае варушыцца. Таму варта уздымаць праблему ў нашай медыйнай супольнасці, выпрацоўваць нейкі этычны кодэкс — пісаны ці няпісаны. У свой час БАЖ ладзіў кампанію “За чысты Байнэт”, і яна адыграла сваю ролю. Але ж чысціню трэба наводзіць рэгулярна!

 

Фота clipset.net, карыкатура Сяргей Камароў, Caricatura.ru

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: