Вы здесь

Беларусь – да мора!

Фельетоны

Тое, што Беларусь суседзіць з Расіяй, ведаюць сёння, бадай усе. Што праўда, у сённяшніх выпускнікоў  школаў узнікаюць праблемы з уяўленнем, у якім баку тая Расія ёсць. Што да іншых краінаў-суседак нашых, то лепш пытанняў не задаваць. Каб самому не патрапіць у пастку ўласнае празмернае эрудыцыі.

Вось нядаўна адна студэнтка з апломбам, што не выклікаў сумневу ў яе абазнанасці, адрапартвала мне, што Беларусь мяжуе з Турцыяй. Вы, напэўна ж, шаноўныя чытачы, зададзіцеся пытаньнем “чаму”? А па-першае таму, што тая студэнтка там была летась! А па-другое, Расія ваявала з Турцыяй! Пытанні яшчэ ёсць? Студэнтка БДУ. Пэўна ж, ня горшая…

Цікавасць да геаграфіі Беларусі раптоўна абудзілася ў шаноўнай публікі, калі намеснік міністра адукацыі Казімір Фарына на прэсавай канферэнцыі «Сярэдняя школа на сучасным этапе: стан, праблемы і перспектывы» падкрэсліў, што геаграфію Беларусі, роўна ж як і ўласную гісторыю, беларускія школьнікі на роднай мове вучыць ня будуць.

А патлумачыў гэта тав. Фарына, як адказны работнік Міністэрства адукацыі, нізкім узроўнем валодання школьнікамі моваю. І гэта ня дзіва, бо што можа быць яшчэ шчыльней звязана з ведамі пра родны край, як ня родная мова? Выглядае, што ў беларускіх школах марна вучаць беларускую мову і літаратуру. Ці не праўда, шаноўны чытач, гэта кангеніяльна? То бок, Міністэрства адукацыі апраўдваецца нізкім узроўнем адукацыі! І нават не чырванеюць, не, не чырванеюць, паверце!

Шаноўны чытач, ты, пэўна ж, зацікавіўся, з чаго раптам тав. Фарына, фізік па адукацыі, зацікавіўся гаграфіяй Беларусі, што, у сваю чаргу, зацікавіла яшчэ шмат каго?

А справа ў тым, што літаральна за месяц да таго журналісту «Звязды» міністр адукацыі РБ тав. Маскевіч заявіў літаральна наступнае: “Такая задача пастаўлена і мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага года беларуская мова вярнулася на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю”. Што праўда, не ўдакладніў, кім жа менавіта задача пастаўлена. І, высвятляецца, слушна зрабіў! Бо як ня ён гэта ставіў, то й не яму тую задачу здымаць. А зняў задачу ўжо праз месяц ягоны намеснік, колішні вясковы настўнік фізікі, тав. Фарына. Хіба не элегантна? Колазварот пастаўленых задачаў, жаданняў і абяцанак, як на катрынцы можна круціць бясконца, лёгка і бестурботна ўнікаючы адказнасці за што б там не было.

Тут, шаноўны чытач, самы час нагадаць табе, што пераход на выкладанне гісторыі Беларусі па-рускую раптоўна адбыўся ў 2006 годзе. Пэўна, раней не дагледзілі. І ў  хуткім часе беларуская мова амаль цалкам знікла з урокаў геаграфіі. А беларускія падручнікі былі замененыя новымі. Сродкаў, як патронаў, не шкадавалі! Адно дзеля мэты выкараніць, вытаптаць, або, скажам, ачысьціць школы РБ ад беларускага духу ў геаграфіі. І, атрымалася ў іх гэтая справа выдатна. Нават лепей, чым яны сабе маглі ўявіць.

Бо, натуральна, ня толькі дзеткі, як згаданая мною вышэй студэнтка, урэшце, забыліся на гераграфію Беларусі. Варта толькі азірнуцца, паслухаць, угледзіцца. Вось, напрыклад, купіў сабе тавар паўсядзённага попыту вытворчасці ААТ“Марк Формэль”з Узды і… прыйшоў у поўнае захпаленьне! Ад тавару - само сабой, але ж ад цэтліка яшчэ больш! Беларусь, высвятлецца, выйшла ўжо да мора! Літвы больш няма! Вільня наша!

 

Ура, ура таварышы з Міністэрства адукацыі! Вашая рупнасць дала свой відавочны плён. Цяпер мы ведаем, хто з кім мяжуе. Мы ведам, напрыклад, цвёрда, што Польшча з Латвіяй – ужо “далёкае замежжжа”, а Казахстан з Таджыкістам – “бліжняе”. Яшчэ, праўда, не да канца разабраліся з Украінай, дзе вашывасці  хапае ў кіраўніцтве, але гэта ўжо як геаграфія павернецца…

Выкінуўшы гвалтам беларускую мову з урокаў геаграфіі Беларусі, выкінулі ў адначассе і той досвед, той творчы багаж, што быў напрацаваны за паўтары дзясятка гадоў настаўнікамі. А разам з беларускасцю выкінулі й самі веды.

Праверыць гэта, шаноўныя чытачы, вы можаце лёгка самыя. Напрыклад – задайце школьнікам ці студэнтам пытанні, у якіх абласцях знаходзіцца Шчучынскі раён, адкуль родам міністар адукацыі, тав. Мацкевіч, альбо Мядзельскі, радзіма тав. Фарына?

Нацыянальныя асаблівасці выкладання геаграфіі роднай краіны ўлоўліваюць і замежныя вытворцы, што прадстаўленыя на беларускім рынку. Вось набываеш сабе нештачкі ад “Teranova”, глядзіш у цэтлік –  і высвятляеш, што тое, што для ўсіх “Бангладэш” для беларусаў “Кітай”!

 

Ну і патлумачыць гэта можна чым заўгодна. Хоць бы непісьменнасцю вытворцаў трусоў і шкарпэтак з Узды ці з Бангладэш, або, адсутнасцю жадання бацькоў. Дарэчы, іх, бацькоў школьнікаў, не пыталіся, калі выкідалі мову з урокаў геаграфіі.

Ці вы, дарагія чытачы, ведаце такіх беларускіх бацькоў, якія былі супраць выкладання геаграфіі Беларусі па-беларуску? А цяпер раптам Фарына лічыць, што рашэнне перайсці на беларускую мову ў навучанні геаграфіі можа быць неадназначна ўспрынята і ў многіх сем’ях!

А яшчэ праз колькі гадоў, ужо наступны намеснік міністра асветы, што прыйдзе на месца Фарыны,  зможа, напрыклад, патлумачыць, што фізіку выкладаць больш ня будуць, бо школьнікі не валодаюць матэматыкай. І гэта неадназначна можа быць ўспрынята ў многіх сем’ях! А калі хто здзівіцца, хай глядзіць у канстытуцыю РБ.

Дарэчы, гэты, ужо колішні намеснік міністра, не міргнуўшы вокам  на алімпіядзе школьнікаў «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць» у Гомелі раптам здзівіў публіку адказам на пытанні журналістаў пра мову: «Сёння такія вось правакацыйныя пытанні не маюць пад сабой падстаў, у нас роўная колькасць гадзін на вывучэнне як беларускай, гэтак і расейскай моваў».

Вой, як элегантна: праблемы з мовай няма, а з іншага — вучні яе не ведаюць, каб нармальна ведаць геаграфію сваёй жа краіны!

Зрэшты, падазраю, што сам тав. Фарына добра ведае геаграфію, бо тымчасам, як на ягоны загад школьнкі і студэнты ў РБ капаюць будьбу ў калгасах, дачка былога намесніка міністра адукацыі здаўна жыве ў Галандыі. Пэўна ж, недалёкае для яго, як і іншых таварышаў замежжа!

А вось чаго не магу сказаць з пэўнасцю, то гэта тое, ці набываюць яны бялізну ўздзенскае вытворчасці. Набралісь бы ведаў па геаграфіі РБ, пашырылі бы свой далягляд да самае Балтыкі!

Гары КУМАНЕЦКІ

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: