ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Дэпутат Іванавіч з Урнай Сяргееўнай

В фокусе

Нармальнай прэсы ў Беларусі фактычна няма. Да гэтай высновы яшчэ раз падводзіць аналіз паслявыбарчых публікацый Байнэта. Калі б нейкі марсіянін захацеў даведацца, што ж адбылося ў сінявокай рэспубліцы 23 верасня, то ад сёрфінгу па айчынных вэб-рэсурсах у яго б паехаў ягоны іншапланетны дах.

Так, прачытаўшы публікацыі на “Хартыі”, наш марсіянін прыйшоў бы да жалезнай высновы, што “фарс праваліўся”, “удзел псеўдаапазіцыянераў у “выбарах” нічога ім не даў”, а байкот ёсць прысудам для ўладаў.

Ну і яшчэ адзін штрых — “Масавыя арышты назіральнікаў у Мінску”. Загаловак такі, што незразумела, калі гэта адбылося і чым скончылася.

Скончылася ж тым, што групу з двух дзясяткаў удзельнікаў кампаніі “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” адпусцілі з міліцыі цераз тры гадзіны без тлумачэння прычын.

І было гэта, строга кажучы, не арыштам, а затрыманнем (наколькі законным — іншае пытанне). Дарэчы, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, чый каментар прыведзены ў тэксце, будучы юрыстам паводле адукацыі, акуратна аперуе менавіта тэрмінам “затрыманне”. Але ж хай вісіць загаловак пра “масавыя арышты” — так страшней!

“Ура, выборы”, — задорно восклицает мальчик…”

На другім полюсе — паствыбарныя публікацыі на дзяржаўных вэб-рэсурсах. Апафеоз — “Байкот байкоту” Вадзіма Гігіна на сайце ўрадавага агенцтва БЕЛТА.

Наш уяўны марсіянін даведаўся б, што галасаваць — гэта не права беларусаў, а грамадзянскі абавязак (ну прыблізна як служба ў войску). Што ў гэты дажджлівы дзень беларускія мужчыны, нацягнуўшы капюшоны, з раніцы пілуюць не да віннага аддзела, а на ўчастак. Што для тыповага апазіцыйнага назіральніка характэрны “рыпучы ды нейкі зласліва-істэрычны голас”.

Вось фрагменты, вартыя цытавання цалкам:

Передо мной поспешает молодая пара с ребенком, в руках какие-то пакеты с вещами и продуктами — возвращаются с рынка или из магазина. Женщина деловито говорит: “Так, сейчас зайдем, проголосуем — и домой, а то погода сегодня неважная”. “Ура, выборы”, — задорно восклицает мальчик и вприпрыжку поднимается по ступенькам в школу.

(…)

Вечером в воскресенье позвонили знакомые из Копыльского района. Два дня они гуляли свадьбу. Поздравил их еще раз и пожелал совета да любви молодоженам.

— Ну а как выборы? Небось, пропустили, загуляли?

— Да ты что! С утра в воскресенье сходили в сельсовет всей свадьбой. Это ж двойной праздник! Так совпало — значит, счастье будет молодым.

Лубачны тэкст змушаў бы да поўнага выпадзення ў асадак, калі б не інтэрактыў. У доўгай нізцы каментароў сустракаюцца і надзвычай дасціпныя. Так, нехта пад нікам “Піліп Піліпавіч” зазначае, што тэкст ёсць гатовым сцэнаром. І творча развівае яго:

(мужчина выходит из подъезда "морщась" от ветра и мороси - осенняя слякотная дорога (камера смотрит глазами мужчины) - из-за поворота праздничная музыка - школа - домохозяйка (мать) - юная избирательница и брат-гимназист (ранец, румянец на щеках, очки, небольшая картавость, рыжий с веснушками) - ИУ - толпы людей - забавный старичок не может найти свой адрес (обращается к мужчине: Молодой человек, помогите ветерану (немного воспоминаний о советских выборах (сейчас также отлично!) - радостная встреча соседей (член избиркома треплет мальчугана по макушке (маме: он у вас молодец, смышленый (гимназист мило смущается) - смущенной юной избирательнице вручают подарки (сделайте правильный выбор!) - школа со стороны - дождь прекращается и постепенно выходит солнце - мужчина на крыльце счастливо дышит - вдалеке юная избирательница с восторгом что-то говорит маме - крупным планом лицо гимназиста (без картавости): "мое будущее в надежных руках!".

У такім жа сцёбным духу дае парады аўтару і нехта пад нікам Алекс:

Хотите на будущее хорошую идейку? Роженица в день родов просит вместо дитяти принести сначала урну для голосования и новорожденного сына называет скромным именем Депутат Иванычем или девочку Урной Сергеевной.

Допісы самародкаў Піліпа Піліпавіча ды Алекса, — бліскучыя ўзоры стыхійнай медыякрытыкі. Аўтар гэтых радкоў адпачывае.

Адно што варта дадаць: хоць на сайце БЕЛТА няма плюралізму ў матэрыялах, аднак ён у пэўнай ступені дапускаецца ў каментах. І гэта хоць трохі ўратоўвае сітуацыю.

Наш марсіянін, ва ўсякім разе, можа даведацца, што ў сінявокай рэспубліцы ёсць і тыя, хто сцябаецца над прапагандысцкімі лубкамі, вытрыманымі ў духу “Беларуская палітычная сістэма давяла сваю трываласць ды спрацавала як гадзіннік”. На сайце ж “Хартыі” каменты тых, хто сумняваецца ў сакрушальнай перамозе байкоту, шукаць марна.

“Галасавала за жанчыну недзе майго ўзросту”

Далёка не ўсім недзяржаўным медыям удалося пазбегнуць спакусы стаць на адзін з бакоў барыкады, што падзяліла падчас мінулай парламенцкай кампаніі канструктыўнае ды канфрантацыйнае, паводле тэрміналогіі Аналітычнага беларускага цэнтра, крылы палітычнай апазіцыі. У пэўнай ступені медыі аказаліся ўцягнутымі у гэтую вайну востраканечнікаў з тупаканечнікамі, калі карыстацца ўжо вобразам Свіфта.

На пальцах можна пералічыць нестандартныя журналісцкія хады. Бліскучы прыклад, калі скарыстаны прыём “журналіст мяняе прафесію” — фотарэпартаж Кацярыны Сінюк “Як я назірала на выбарах”.

Адрозна ад згаданага вышэй белтаўскага аўтара, карэспандэнтка TUT.by насычае тэкст фактурай, у яе прамаўляюць ды дзейнічаюць не плакатныя ўзорна-лаяльныя персанажы без імёнаў і прозвішчаў, а рэальныя людзі на канкрэтна названым выбарчым участку 289 Паўднёва-Заходняй акругі № 99, што месціўся ў будынку 155-й мінскай школы. І гэты рэпартаж, натуральна, выклікае зусім іншы ўзровень даверу.

Апафеоз жа — фраза старшыні камісіі Аляксандра Цэхановіча:

Вы — наблюдатель, и все, что я могу наблюдателям запретить на моем участке, я запрещаю. Зачем мне потом проблемы?

Воcь і ўсё. Адзін майстэрскі штрых — і сутнасць беларускай электаральнай практыкі як на далоні. І не трэба “много букофф”, шматслоўнай патэтыкі на тэму, ці ёсць у нас выбары.

Таксама просты, але эфектны ход — відэаапытанне БелаПАН “Ці памятаеце вы, за каго галасавалі на выбарах?”. Нізка адказаў кшталту “Не памятаю, але галасавала за жанчыну недзе майго ўзросту” — і зноў жа, палітычны дыягназ настолькі красамоўны, што ніякіх маралітэ не патрабуецца.

Хто найлепей нарэзаў пірог?

Узор прафесіяналізму што да асвятлення хады і вынікаў парламенцкіх выбараў ў быў прадэманстраваны ў эфіры ды на сайце радыё “Свабода”. Гэты сродак масавай інфармацыі і падчас кампаніі, і па яе завяршэнні імкнуўся даваць слова розным бакам і разам з тым стаяць па-над бойкай.

Як байкатысты, так і іх тактычныя антыподы мелі слова ў блогах, рэпартажах, відэакаментарах, падчас анлайнавых канферэнцый. Паліфанія меркаванняў прысутнічала ў аналітычных рубрыках “Экспертыза “Свабоды”, “Пражскі акцэнт”, “Зона “Свабоды”.

Разгул плюралізму назіраўся ў інтэрнэт-газеце Naviny.by. І калі лідэр хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі даводзіў, што байкот-2012 — гэта матч, у якім беларускі народ перамог рэжым з лікам 1:0, то блогер Алесь Горскі сцвярджаў, што апаненты Лукашэнкі не маюць ні кроплі сілы і пацярпелі фіяска.

Дадамо: калі рэсурс уважае сябе за сапраўдны сродак масавай інфармацыі, то мала даць вінегрэт меркаванняў. Патрэбна яшчэ і асэнсаванне праз аналітычныя жанры.

Але гэтага надзвычай бракавала. Мільгануў экспрэс-каментар на “Салідарнасці”, некалькі інтэрв’ю з падсумаваннем кампаніі ды спробай зазірнуць наперад, намацаць абрысы стратэгіі-2015 да прэзідэнцкіх выбараў зрабілі “Белорусский партизан”, udf.by, тая ж “Салідарнасць”… Азнаёміцца з аператыўнай аналітыкай па выніках выбараў запрашаў адмысловы банер на сайце “Свабоды”. Naviny.by далі шэраг артыкулаў ў фірмавай рубрыцы “Выбары”.

Дарэчы, падобныя рубрыкі мала на якіх сайтах можна было знайсці. І гэты штрых лішні раз даводзіць, што сістэмнасці ў асвятленні кампаніі не было.

Можна пачуць: дык жа якія выбары, такое і асвятленне. Гэта слушна толькі часткова.

Глядзіце: паводле традыцыйнага маніторынгу пад эгідай БАЖ, Naviny.by адлюстроўвалі ў сваіх публікацыях дзейнасць звыш трох дзясяткаў суб’ектаў выбарчага працэсу. Вось вам дзеля нагляднасці нарэзаны на шмат кавалкаў пірог на дыяграме аўтараў маніторынгу на чале з сівабародым мэтрам Алесем Анціпенкам (узяты перыяд з 3 па 15 верасня).

У іншых жа нават недзяржаўных медыях адлюстраваныя суб’екты кампаніі можна было пералічыць на пальцах рук: “Народная воля” — 8, “Наша ніва” — 6, “Камсамолка”-таўстушка — 5.

Што да нарэзкі пірага ў дзяржаўнай прэсе — проста ноў комэнт.

Як бачым, пры жаданні россып актараў, паліфанію меркаванняў ды інтарэсаў, калізіі ды інтрыгі, красамоўную фактуру для высноў можна знайсці нават на сумных беларускіх нібыта выбарах. Гэта ўжо выключна пытанне прафесіяналізму.

Карацей, марсіяніну, які хацеў бы за сціслы час атрымаць болей-меней адэкватнае ўяўленне пра тое, што ж адбылося ў Беларусі 23 верасня 2012 года, я б змог параіць літаральна некалькі лінкаў. Астатняе — “ацтой”.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: