Вы здесь

Галоўная праблема каталіцкіх СМІ – іх закрытасць

Кангрэс каталіцкіх СМІ сабраў больш за сотню ўдзельнікаў з Беларусі і бліжэйшага замежжа: як прадстаўнікоў каталіцкіх СМІ, так і свецкіх журналістаў-каталікоў. Сустрэча  праходзіла пад лозунгам «Каталікі – мы тут ёсць».

“З атрыманнем свабоды веравызнання Каталіцкі Касцёл у Беларусі распачаў таксама і развіццё сваіх медыяў, як вельмі важных сродкаў евангелізацыі і рэлігійнай фармацыі людзей. На сённяшні дзень выдаюцца шматлікія газеты і часопісы, існуюць два выдавецтвы і вялікая колькасць сайтаў”, - распавёў удзельнікам кангрэсу мітрапаліт Тадэвуш Кандрушэвіч.

Тэмай яго выступу была сучаснасць і будучыня каталіцкіх медыяў на Беларусі. Гэта можа падацца дзіўным, але на Беларусі выдаецца нямала каталіцкіх газетаў і часопісаў,  шмат перыядычных выданняў звязаныя з рознымі манаскіх асяроддзямі і парафіямі. Рэлігійная тэматыка знаходзіць усё больш месца ў Інтэрнэце. Каталіцкі Касцёл у Беларусі развівае свае сайты: Сatholic.by — найбуйнейшы і найбольш папулярны рэлігійны сайт у краіне, які з’яўляецца афіцыйнай інфармацыйнай крыніцай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і вядзецца на беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай мовах, а таксама  партал Grodnensis.by — інфармацыйны партал Гродзенскай дыяцэзіі, які быў заснаваны ў 2008 годзе.

Між тым, на думку кіраўніка касцёла ў Беларусі, у каталіцкіх СМІ ёсць яшчэ не вырашаныя праблемы.

“ За 20 гадоў адраджэння Касцёла мы так і не змаглі падрыхтаваць кадраў у галіне медыя. Нізкай застаецца актыўнасць парафій і манаскіх супольнасцяў у перадачы інфармацыі і распаўсюджванні як перыядычных выданняў, так і рэлігійных кніг. Свецкія вернікі і журналісты ўсё яшчэ застаюцца вельмі пасіўнымі ў выкарыстанні медыя для распаўсюджвання Добрай Навіны, вучэння Касцёла і інфармацыі аб рэлігійным жыцці і яго праблемах. Далёка не заўсёды ў нашых медыя бачна захаванне «sensus Ecclesiae» — «пачуццё Касцёла», што часам прыносіцца ў ахвяру на карысць пошуку сенсацыі, - адзначыў Тадэвуш Кандрушэвіч. - Трэба памятаць, што медыі пакліканы не толькі інфармаваць чалавека, але і фарміраваць яго. Мы павінны дапамагчы свецкім журналістам, якія пішуць на рэлігійныя тэмы, каб падрыхтаваныя імі матэрыялы былі якаснымі і не вызывалі ў людзях непатрэбных непаразуменняў”.

Адзін з самых вядомых блогераў Павел Левушкан, які праводзіў майстар-клас для журналістаў, лічыць, што “першая і галоўная праблема каталіцкіх СМІ – гэта замыканне ў саміх сабе”.

“Каталіцкая царква – яна сусветная, і таму яна павінна быць адкрытая для ўсіх, адкрытая на ўвесь свет. І тут у нас узнікаюць праблемы з  камунікацыяй. Мы размаўляем на розных мовах, выкарыстоўваем розны слэнг, - лічыць Левушкан. – Акрамя таго, мы баімся падымаць вострыя пытанні, мы баімся паказваць розныя пункты гледжання”.

На думку блогера, журналістам трэба рабіць навіны больш прафесійнымі.

“Прафесійная журналістыка, у адрозненні ад прапаганды, заснаваная на тым, што мы даем чалавеку магчымасць убачыць падзею з розных бакоў, і ён сам зробіць высновы. Мы павінны давяраць свабодзе і волі чалавека”, - зазначыў Левушкан.

На думку эксперта, нават у каталіцкіх медыях павінна быць разнастайнасць, іх не варта аб’ядноўваць пад адной шыльдай.

“Мясцовыя выданні распавядаюць пра мясцовыя праблемы. Яны надаюць шмат увагі мясцовай сітуацыі ў Гродна, у Гомелі, ці нейкім іншым горадзе. І мы павінны звяртацца да маленькіх аўдыторыяў. Хай ў нейкага сайту будзе наведвальнасць 200 чалавек. Сайт ведае, з кім ён кантактуе, мае сваю мэтавую аўдыторыю. Сёння нам трэба пераходзіць з вертыкальных структур да гарызантальных. Гарызантальныя – гэта набор маленькіх супольнасцяў, і яны аб’ядноўваюцца ў вялікія на нефармальным узроўні. Гэта сучасны трэнд на стварэнне сеткавых супольнасцяў. Маленькія супольнасці – аб’яднанне па зацікаўленасцям, а не па адміністрацыйнаму прынцыпу”, - падкрэсліў блогер.

Даведка

Друкаваныя каталіцкія выданні

«Каталіцкія навіны». Заснавальнік — Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Штомесячны інфармацыйны бюлетэнь, які выходзіць з 1995 г. у беларуска-польскай версіі і прадстаўляе афіцыйныя дакументы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, пасланні Святога Айца, пастырскія пасланні біскупаў, інфармацыю з Апостальскай Сталіцы, галоўныя навіны каталіцкага свету. 

«Слова Жыцця» — газета рэлігійна-інфармацыйнага характару Гродзенскай дыяцэзіі, выдаецца ад 1997 г., два разы ў месяц на беларускай і польскай мовах. Яе задачай з’яўляецца катэхізацыя і інфармаванне людзей, якія шукаюць Бога. 

«Каталіцкі веснік» — газета Віцебскай дыяцэзіі, выходзіць з 2011 г. раз у месяц у беларуска-рускай версіі ў асноўным з мэтай прадставіць вернікам інфармацыю аб дзейнасці дыяцэзіі.

«Аve Maria». Заснавальнік — Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Выдаецца з 1994 года. Штомесячны рэлігійны часопіс на беларускай мове. У ім прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя жыццю Каталіцкага Касцёла ў свеце і Беларусі, навіны з усіх дыяцэзій і замежжа, артыкулы пра галоўныя каталіцкія святы, разважанні аб пытаннях веры, інтэрв’ю са святарамі, аповеды пра цікавых людзей, моладзевая старонка. 

«Наша Вера». Заснавальнік — Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Выдаецца з 1995 года. Штоквартальны гісторыка-культурна-рэлігійны часопіс на беларускай мове. Прадстаўляе падзеі сучаснага жыцця Касцёла, тэалагічныя артыкулы, даследаванні па гісторыі Каталіцкага Касцёла Беларусі, артыкулы навукоўцаў, мастацтвазнаўцаў, філолагаў, гісторыкаў, вершы і прозу беларускіх і замежных аўтараў і інш. 

«Маленькі рыцар Беззаганнай». Заснавальнік — Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Квартальнік для дзяцей на беларускай мове. Выдаецца з 1996 года. Рыхтуецца рэдакцыяй часопіса «Ave Maria». У ім знаходзяцца рэлігійныя апавяданні для дзяцей, прадстаўленыя ў даступнай форме катэхізацыйныя матэрыялы, цікавая інфармацыя пра святы і малітвы, конкурсы, размалёўкі, крыжаванкі і інш.

«Дыялог» — штомесячны культурна-рэлігійны каталіцкі часопіс у беларуска-рускай версіі. Заснаваны ў 1994 г. парафіяй Мацi Божай Фацiмскай у Баранавiчах. Выдаецца місіянерамі вербістамі. 

«Любите друг друга». Дайджэст з польскага выдання «Mi?ujcie si?». Часопіс для моладзі на рускай мове, выдаецца раз у год з 1999 года. Часопіс закліканы адрадзіць хрысціянскія і маральныя каштоўнасці ў нашых сем’ях, асяроддзі і грамадстве. 

«Дар жизни». Спецвыпуск на рускай мове, закліканы абараняць і захоўваць жыццё ненароджаных дзяцей. Выдаецца з 1997 года.  Распаўсюджваецца па паліклініках, абартарыях, школах.

«Царква» — грэка-каталіцкі квартальнік на беларускай мове. Заснавана грэка-каталіцкай парафіяй святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў г. Брэсце ў 1995 годзе. Прадстаўляе гісторыю Грэка-каталіцкай Царквы і жыццё яе супольнасцяў у Беларусі і ў іншых краінах свету, афіцыйныя дакументы Касцёла, праблемы экуменізму і хрысціянскай еднасці і іншую рэлігійна-асветніцкую інфармацыю. 

Выдавецтвы

«Pro Christo». Заснавальнік — Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Заснавана па благаслаўленні кардынала Казіміра Свёнтка ў 2000 г. для забеспячэння католікаў Беларусі каталіцкай літаратурай і прэсай. За час свайго існавання выдавецтва выдала каля 220 найменняў кніг на беларускай, польскай і рускай мовах, сярод іх таксама пераклады з польскай, нямецкай, італьянскай, французкай, англійскай і іспанскай моў. Прымаючы ўдзел у розных кніжных конкурсах, выдавецтва «Pro Christo» атрымала шмат розных прызоў і ўзнагарод. 

«Выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі». Заснавана Гродзенскай дыяцэзіяй у 1995 годзе. Усяго выдадзена каля 150 пазіцый на беларускай, польскай і рускай мовах. 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: