ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Генерала Зайцава зрабілі бунтаром, а палкоўніка Барадача разжалавалі

В фокусе

Увечары 9 лістапада анлайнавыя рэсурсы запярэсцілі загалоўкамі пра адстаўку кіраўніка КДБ Зайцава. І ўжо сам тэрмін “адстаўка” адлюстраваў журналісцкую неахайнасць. Бо насамрэч Лукашэнка вызваліў генерала ад пасады, а гэта не адно і тое ж.

 

Адстаўка, вердыкт, губернатар — гучна, але недакладна

Паводле закона “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь” адстаўка трактуецца як спыненне службы паводле ініцыятывы самога чыноўніка. Але ж генерал Зайцаў, 48-гадовы мужчына квітнеючага выгляду, на “грамадзянку” ці пенсію відавочна не прасіўся. Рашэнне Лукашэнкі было найхутчэй што як абухом па галаве.

Юрыст Андрэй Бастунец, намеснік старшыні БАЖ, у каментары для Mediakritika.by адзначыў: медыі часта трактуюць тыя ці іншыя тэрміны вальней, чым афіцыйныя дакументы. Напрыклад, называюць любы прысуд вердыктам, хоць насамрэч яго можа выносіць толькі суд прысяжных.

Ад сябе дадам: асабліва дастаюць “мэры”, “губернатары” ды “сенатары”, калі гаворка ідзе пра айчынных функцыянераў. Безгустоўныя, недарэчныя местачковыя патугі паказаць, што і ў нас “усё цывільна”, усё “як у людзей”.

“У ідэале, канечне, журналістам варта прытрымлівацца дакладных фармулёвак”, — сказаў Андрэй Бастунец, дадаўшы, што разумее: на практыцы гэта выконваць цяжка.

Што ж да кадравага рашэння адносна Зайцава, то некарэктнасць медыйных фармулёвак, на думку эксперта Mediakritika.by, відавочная, бо генерала вызвалілі ад пасады пакуль што часова, на перыяд разбіральніцтва ў ведамстве.

 

Пятнічнае паляванне на хоць якіх экспертаў

Між тым некаторыя рэсурсы паспяшаліся жорстка звязаць вызваленне Зайцава з самазабойствам падпалкоўніка Казака, назвалі гэта прычынай. Пра “звальненне старшыні КДБ праз самагубства Казака” паведаміў сайт “Нашай нівы”.

Інтэрфакс болей карэктна назваў самазабойства “падставай” для кадравага рашэння. І сапраўды, дзяржсакратар Савета бяспекі Мальцаў на адмысловай нарадзе, згадаўшы пра гібель афіцэра, дадаў, што датычна працы КДБ маецца і яшчэ шэраг пытанняў, якія патрабуюць пільнага расследавання.

А якія ж сапраўдныя матывы такога жорсткага рашэння Лукашэнкі? Вось гэта і мусіла стаць прадметам аператыўнага аналізу. Аднак большасць вэб-рэсурсаў традыцыйна слізганулі па паверхні тэмы, аддалі яе на водкуп выпадковым ці занадта суб’ектыўным каментатарам.

У складаным становішчы недзяржаўныя медыі (дзяржаўным абсмоктваць такія рэчы не дазволена ў прынцыпе) апынуліся праз тое, што кадравая сенсацыя грымнула пры канцы працоўнага тыдня. І самі журналісты, і эксперты — жывыя людзі, для большасці з якіх прэлюдыя да ўікэнду пачынаецца акурат падвечар у пятніцу.

Аўтар гэтых радкоў, якому часта даводзіцца выступаць каментатарам у чужых матэрыялах, тут мусіць пакаяцца, што выявіў чэрствасць да калег. Паколькі гарэла ўласная праца, я проста адключыў тэлефон пасля першых званкоў, што пасыпаліся пасля афіцыйнага паведамлення пра вызваленне Зайцава ад пасады.

Ёсць вялікае падазрэнне, што каментатараў у той вечар СМІ шукалі паводле прынцыпу “хто пад руку патрапіць”.

 

І тут растваральнікі?

У выніку на анлайнавых рэсурсах з’явіўся россып фрагментарных матэрыялаў, у якіх кадравую сенсацыю каментавалі тыя персоны, што не адключалі свае мабільнікі.

Сярод іх пераважалі палітыкі ды былыя носьбіты розных пагонаў. Хаця практыка паказвае, што надта палітызаваныя ці ангажаваныя ў тэму асобы — не заўжды лепшыя раскладальнікі па палічках. Ім цяжка “адвязацца” ў сваіх высновах.

На публікацыях ляжала пячатка паспешлівасці. Так, “Хартыя” дала нататку з надзіва глыбакадумнай высновай “Рымашэўскі: Адстаўка Зайцава — незадаволенасць дзейнасцю КДБ”. Каб не гэта сентэнцыя, мы б усе думалі, што Лукашэнка такім чынам выказаў захапленне працай спецслужбы.

Ставала і экзотыкі. Адстаўны маёр КДБ Ануфрый Рамановіч у каментары для “Белорусского партизана” выказаў версію, што “КДБ падставіў Лукашэнку з растваральнікамі”.

Якім чынам падставіў, засталося загадкай. Што, афіцыйны кіраўнік не ведаў пра сумнеўны бізнес? Ці спецслужба мусіла схаваць экспарт на мільёны тон і мільярды долараў?

Той жа “Белорусский партизан” даў інтэрв’ю з вядомым палітычным эмігрантам Уладзімірам Барадачом, вынесшы ад яго імя ў загаловак выснову, што “Зайцаў адмовіўся знішчыць двух апазіцыянераў”. Не будзем узважваць імавернасць самога такога загаду, адзначым толькі: у тэксце Барадач кажа, што Зайцаў “не здолеў выканаць загад”.

Карацей, ні пра якую адмову гаворкі не ідзе. Асмелімся меркаваць, што калі б такі бунт на караблі меў месца, то Лукашэнка не стаў бы цягнуць справу да нарады, выбудоўваць мудрагелісты антураж.

Між тым інтэрв’ю з Барадачом падхапілі іншыя рэсурсы. UDF.by пры гэтым перарабіў загаловак, відавочна, каб надаць капіпасту выгляд арыгінальнага кантэнту: “Экс-палкоўнік спецслужбаў: Зайцаў адмовіўся знішчыць двух апазіцыянераў”.

Але ж, па-першае, званне ў адстаўнога палкоўніка вайсковага спецназу ніхто не адбіраў; па-другое, ці можна быць афіцэрам спецслужбаў у множным ліку? Ну хіба што калі ты двайны агент. За што ж пакрыўдзілі сумленнага ваяку?

Галоўнае ж, прыпісаныя яму словы аб нібыта адмове Зайцава выконваць загад пайшлі гуляць ужо як бяспрэчная ісціна.

 

Медыйны вінегрэт на скорую руку

Дзеля справядлівасці зазначым, што і “Белорусский партизан”, і UDF.by звярнуліся па каментары і яшчэ да шэрагу асобаў. Аднак тэма рассыпалася на мазаіку суб’ектыўных поглядаў, пададзеных у розны час у асобных паспешлівых тэкстах. На сінтэз не хапіла пораху. Хаця б на тым узроўні, як гэта зрабіла замежная Gazeta.ru.

Яе мінскі карэспандэнт хай сабе і не надта заглыбіўся, але хоцькі-няхоцькі мусіў збіць усё галоўнае па тэме ў адзін тэкст, бо два пра адну падзею Масква проста не надрукавала б.

У Беларусі ж лічаныя рэсурсы далі хаця б нейкую зборку меркаванняў ды бэкграунд падзеі ў адным флаконе. Не кажучы ўжо пра тое, каб асэнсаваць, што адбылося, зрабіць самастойны аналіз.

Аўтарскі экспрэс-каментар, хоць і з багатым цытаваннем рэсурсу Naviny.вy, прапанавала “Салідарнасць”. Самым жа грунтоўным з надрукаванага па гарачых слядах аказаўся, бадай, артыкул палітолага Паўла Усава на “Хартыі” — “Зайцаў зрабіў сваю справу”.

Імаверныя матывы вызвалення ад пасады аргументавана раскладзены па палічках. Можна згаджацца ці не згаджацца з асобнымі тэзамі, аднак у кожным разе гэта прыклад хуткай і пісьменнай працы прафесіянала па няпростай гарачай тэме.

Можна спрагназаваць, што пасля выхадных аналітычных матэрыялаў на гэту тэму ў Байнэце паболее. Аднак працаваць над рэдкімі ў нашай балотнай рэчаіснасці сенсацыямі з такім часавым лагам, з перапынкам на ўікэнд ёсць прыкметай правінцыйнай дрымотнасці, прафесійнай размагнічанасці.

Увогуле ж бядой нашых анлайнавых (ды і афлайнавых) медыяў застаецца няздольнасць (ці нежаданне) заключаць россып фактуры ды меркаванняў па нейкай тэме ў рамку прафесійнай падачы. Хаця б з мінімальным структураваннем, выбудоўваннем сюжэту, як гэта на аўтамаце робяць тыя ж расійскія інтэрнэт-выданні.

У іх чытачу дастаткова прачытаць адзін агляд, адзін сінтэтычны тэкст, каб мець рознабаковае ўяўленне, што ж адбылося, якая подбіўка. У нас трэба прасканаваць два дзясяткі тэкстаў на розных сайтах, а ў выніку толькі болей заблытаешся.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: