ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Каменты ў вэб-медыях: вычышчайце гной, гаспадары!

В фокусе

З раніцы спецыяльна палез у каменты пад публікацыямі айчынных вэб-рэсурсаў (чаго даўно ўжо сістэмна не раблю) — і захацелася добра вымыць з мылам рукі. Не буду даваць адмысловых гіперспасылак, вы можаце элементарна знайсці такія ж кучы гною на многіх сайтах Байнэта.

Так, падчас трэнінгаў па вэб-журналістыцы я сам дзяўбу: інтэрактыў, зваротная сувязь — адна з фішак інтэрнэта. Але апошнім часам усё болей мушу гаварыць пра адваротны бок медаля.

Калі Байнэт толькі пачынаў імкліва, бы новы сусвет, пашырацца, быў перыяд эйфарыі: як гэта крута — поўная свабода слова, задушыць якую ў рэжыму рукі кароткія! Потым разумная, культурная частка публікі ацверазілася і стала чухаць рэпу.

Спачатку сеціўны аўтар-неафіт прагна чытае каменты пад кожным сваім тэкстам. Рве кашулю на грудзях, даводзячы, што ягоныя злыя крытыкі не маюць рацыі. Але з цягам часу стамляецца адбівацца ад брыдкасловаў і троляў (што найчасцей адно і тое ж), праз стыхійны аўтатрэнінг падвышае бар’ер псіхалагічнай уразлівасці, становіцца таўстаскурым ды індыферэнтным: брашыце сабе, мне ні холадна ні горача!

Мяркуецца, што каменты дапамагаюць аўтару (рэдакцыі) лепей адчуць нерв аўдыторыі, глыбей асэнсаваць тэму, узбагаціцца на будучыню і г.д. Але дзеля гэтага каменты мусяць быць разумныя. На форумах жа, дзе няма нармальнай мадэрацыі, знайсці рацыянальнае зерне свежай ідэі гэтак сама няпроста, як жамчужнае зерне ў кучы гною. Ваш пакорлівы слуга, ва ўсякім разе, моцна астыў да такога занятку. Надта ж смуродна.

Сёння я гляджу на сеціўны інтэрактыў без ружовых акуляраў. Так, у ідэале гэта зручная пляцоўка для абмену меркаваннямі, той абсяг свабоды слова, які ўладам цяжка ўзяць пад каўпак. Але там аж зашкальвае бескультур’е, хамства. Яго нават болей, чым у рэале, бо распярэзвае ананімнасць. Схаваўся пад нікам — і брашы, палівай брудам, не рызыкуючы атрымаць пазоў у суд ці проста дастаць у пысу.

У тых рэдакцыях, дзе заведзена глядзець на гэту вакханалію скрозь пальцы, спасылаюцца на свабоду выказвання, але насамрэч цынічна разлічваюць на большую колькасць клікаў, бо любая фільтрацыя адбівае частку наведнікаў.

Між тым лаянка, абразы не маюць ніякага дачынення да свабоды выказвання. Чаму ў звычайным жыцці гэта цягне на 15 сутак (я выношу за дужкі анедатычныя прысуды такога кшталту апазіцыянерам), а на форуме ўважаецца за прыкмету дэмакратызму ды плюралізму? Хам — ён і ў інтэрнэце хам. І, як у рэальным жыцці, у сеціве такую публіку варта ставіць на месца. Не ўмееш сябе паводзіць як чалавек — за дзверы!

Натуральна, калі гэта нечы прыватны блог — справа гаспадара, які градус моцных выказванняў дазваляць (хоць практыка паказвае, што менавіта такія прыватнікі бязлітасна выкараняюць любыя праявы некарэктнасці на свой адрас, баняць па-чорнаму). Але я вяду гаворку пра тыя рэсурсы, што прэтэндуюць на місію сеціўных СМІ.

Увогуле, самарэгуляцыя — адзін з асноўных прынцыпаў інтэрнэта. Варта зважаць і на такі істотны, асабліва ў спецыфічных беларускіх умовах, момант: калі кепска працуе самарэгуляцыя, то ва ўладаў з’яўляюцца лішнія падставы ўлазіць у сеціва са сваім дручком.

Дык вось, што да каментаў, то на беларускіх вэб-рэсурсах прысутнічаюць збольшага чатыры палітыкі:

- даваць усё ці практычна ўсё;

- цэнзураваць у адпаведнасці з генеральнай лініяй;

- не даваць нічога;

- мадэраваць, адкідаючы бруд і флуд, але датрымліваючы плюралізм.

Першы падыход увасабляе “Белорусский партизан”. Апошнім часам там сталі трохі вычышчаць самыя смярдзючыя рэплікі, але ўсё адно такога дабра багата. Ваш пакорлівы слуга загадзя ведае: варта з’явіцца на “Партызане” ягонаму прозвішчу, як тролі на службе чарговы раз зазначаць, што гэты паляк (прозвішча на “-скі” як чырвоная ануча!) прадае сінявокую рэспубліку падступным заходнім монстрам. І гэта яшчэ лагодная характарыстыка.

Я не рву кашулю на грудзях, даводзячы паходжанне з сялянаў Цэнтральнай Беларусі, і ўвогуле даўно трымаюся прынцыпу не карміць троляў. Але ж, незалежна ад маёй персоны, ёсць такія забароненыя законам рэчы, як распальванне варажнечы паводле нацыянальнай прыкметы. І стваральнікам рэсурсу гэтыя рэчы не мусяць быць па барабане, калі яны ўважаюць свой рэсурс за СМІ, а не сметніцу.

Узорам жорсткай цэнзуры, паводле сведчання шмат каго з сеціўнай публікі, ёсць “Хартыя”. Уладныя рэсурсы таксама прапускаюць каменты праз густаватае сіта, але ж, аддамо належнае, і на сайце sb.by, і ў абмеркаваннях пад тэкстамі блогераў на belta.by дапускаецца нейкая доля крытыкі на адрас як аўтараў, так і ўладаў. То бок сайты шэрагу праўладных медыяў болей плюралістычныя, чым радыкальна-апазіцыйныя рэсурсы.

Я ў свой час дзеля спартовага інтарэсу паспрабаваў патрапіць на форум “Хартыі” з некалькімі каментамі, але марна. Прычым каменты былі зусім не праўладныя, а проста трохі не мэйнстрымныя для гэтага рэсурсу.

Тыя, хто мае дачыненне да ягонай палітыкі, кажуць: маўляў, у нас ёсць поўнае права на сваю селекцыю, не хочам даваць пляцоўку тролям рэжыму. Хай сабе так. Але ж шлюз адкрыты не проста для крытыкі ўладаў, а і для грубай лаянкі, абразаў, у тым ліку і на адрас тых апанентаў рэжыму, чые погляды адрозныя ад лініі рэсурсу.

Што, гэта такое аблічча ў новай дэмакратычнай Беларусі? Не, дзякуй, мне не трэба. Мяне ані каліва не натхняюць тыя змагары з рэжымам, што, агаляючы свой маральны ды культурны ўзровень у тэкстах і каментах, паўстаюць такімі ж банальнымі хамамі, як самі ведаеце хто.

Ёсць рэсурсы, якія прынцыпова адмовіліся ад каментаў. У прыватнасці, марна шукаць форму для іх на “Салідарнасці” (максімум магчымага — паставіць адзнаку матэрыялу). І я такую рэдакцыйную палітыку таксама разумею. Ну не хочуць людзі ні кроплі бруду ў складзе свайго медыйнага прадукту — і маюць на гэта права.

Але найвышэйшы пілатаж — гэта калі каменты даюць, аднак эфектыўна і разам з тым без перагінаў мадэруюць.

Асобнае пытанне, каму гэтым займацца. Цікавы досвед мае TUT.BY: да справы падлучана грамадскае аб’яднанне інтэрнэт-карыстальнікаў “Агара”.

Тэхнічна ж усё зводзіцца ў прынцыпе да двух варыянтаў чысткі віртуальных аўгіевых стайняў — або прэмадэрацыя, або постмадэрацыя.

У кожнага метаду свае плюсы і мінусы. Прэмадэрацыя болей зручная для рэдакцыі, здольная гарантаваць максімум чысціні на форуме, але раздражняе аматараў каменціць: пакуль пабачыш сваю рэпліку на сайце, перагарае імпэт! Постмадэрацыя болей напружвае рэдакцыю, аднак дае юзерам адчуванне большай свабоды, спрыяе дынамізму дыскусіі.

Увогуле ж, неістотна, якога колеру котка — абы лавіла мышэй. Так ці так, але мадэрацыя мусіць быць дзейснай, аператыўнай і гнуткай.

Важна знайсці залатую сярэдзіну між адсяканнем гнюснасці і захаваннем крытычнага перцу, смаку жывога слова. Бо дыскусія ў сеціве наўрад ці можа быць акадэмічнай: іронія, сцёб, сарказм часта і надаюць ёй цымусу. Тролінг таксама, дарэчы, можа быць тонкім, таленавітым. Так што выплюхваць з бруднай вадою дзіця не варта.

З інтэрнэт-медыяў, што вызнаюць палітыку талерантнай мадэрацыі, можна вылучыць Naviny.by і nn.by.

“Навіны” выкарыстоўваюць постмадэрацыю. Што трохі дадае стрэсу. Іншым разам адказнаму за каменты супрацоўніку даводзіцца раней, чым ён дазволіць сабе ранішні кубак кавы, чысціць начны гной.

Самыя злосныя парушальнікі рэгламенту форуму баняцца. Што праўда, могуць усплыць пад новымі нікамі. Аднак механізм рэгістрацыі, зазначым, таксама ёсць пэўным бар’ерам. Асабліва пры дапамозе акаўнтаў у сацыяльных сетках.

Калі рэдакцыя рэсурсу паслядоўна і метадычна сочыць за выкананнем правілаў абмеркавання (скласці ды вывесіць іх — таксама важная рэч), то значная доля дыскутантаў прызвычайваецца да гэтага кодэкса, пачынае “фільтраваць базар”, спрачацца болей-меней цывілізавана. Сам прыкмячаў, як на форумах “Навінаў” некаторыя аматары хамаватага нахрапу ды расперазанай лексікі пакрысе абціраліся ў прыстойнай віртуальнай кампаніі, пачыналі напружваць мазгі ды шукаць аргументы замест ярлыкоў.

Сайт “Нашай нівы” выкарыстоўвае прэмадэрацыю, аддамо належнае — даволі аператыўную. Як паведаміў сам рэсурс, выдаляецца 19,33% каментароў, пераважна тэхнічны спам.

Разам з тым, ёсць сціслы набор правілаў каментавання, за выкананнем якіх сочаць мадэратары. Так, вычышчаюцца каменты, што распальваюць міжнацыянальную, рэлігійную і іншую варажнечу, ўтрымліваюць заклікі да гвалту, ненарматыўную лексіку і непрыстойнасці, спробы абразіць аўтараў.

Культурнаму чалавеку такія правілы зусім не муляюць, а вось для хамаў гэта чырвонае святло.

Можна спрачацца, наколькі дасканалая мадэрацыя на той самай “Нашай ніве”, “Навінах”, TUT.BY ды іншых рэсурсах. Нават варта было б зладзіць дыскусію аб прынцыпах і правілах укаранення, датрымання сеціўнага этыкету. БАЖ у свой час спрабаваў раскруціць кампанію “Чысты Байнэт”, але потым справа пакрысе заціхла.

Зрэшты, не варта чакаць, пакуль нехта выпрацуе нейкі ўніверсальны кодэкс. Калі вы ўважаеце свой сайт за СМІ, то трэба элементарна датрымліваць санітарыю, спраўна чысціць аўгіевы стайні форумаў.

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: