Вы здесь

Кастусь Каліноўскі раскідваў "Мужыцкую праўду" па вёсках

Интервью

Амаль 250 год мінула з таго часу, як ў Гродна паўстала першае перыядычнае выданне - Gazeta Grodzenska. Пра яе і гісторыю друку на Беларусі - нашая размова з даследчыкам перыядычнага друку на Беларусі, доктарам гістарычных навук Алесем Смаленчуком, які зараз з'яўляецца рэдактарам гарадзенскага  краязнаўчага альманаху “Горад святога Губерта”.

- Спадар Алесь, вы займацеся краязнаўствам і, перш за ўсё, даследуеце гісторыю Гродна і Гарадзеншчыны. Вельмі цікава, якія выданні пакінулі след у гісторыі гэтай часткі Беларусі?

- Калі казаць пра гісторыю друку на Гарадзеншчыне, то, перш за ўсё, след узгадаць Gazetu Grodziensku.  Ініцыятарам яе стварэння быў Антоні Тызенгаўз, гарадзенскі стараста, які хацеў стварыць з Гародні Новую Галяндыю. Спачатку гэта быў перадрук з “Газеты Варшаўскай” і “Газэты Берлінскай”. Аднак памылкі ў выданні не спадабаліся апошняму каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. І тады газэце быў прызначаны рэдактар, які надалей займаўся яе выданнем. Газета праіснавала з 1776 па 1783 год.

- А што ж было далей?

- Былі “Губернскія ведамасці”, які цікавыя для даследчыкаў сваімі артыкуламі па гісторыі і культуры Беларусі, вялікай колькасцю этнаграфічных нарысаў, якія, канешне, пісаліся з пункту гледжання імперскіх пазіцый Расіі, але і там можна знайсці шмат чаго цікавага. А вось непадцэнзурны друк XIX стагоддзя – гэта, ў першую чаргу, “Мужыцкая праўда” Кастуся Каліноўскага. Да сённяшняга часу гісторыкі спрачаюцца, што гэта было газэта, альбо простая ўлётка.  Я больш падтрымліваюся думкі, што гэта была газэта, бо яна нагадвала выданні таго часу.

Па адной з версій “ Мужыцкая праўда” выдавалася ў Гародні. Гэта можна акрэсліць тым, дзе яно распаўсюджвалася: на Гарадзеншчыне, на Беласточчыне, у Літве. Наклад яго невядомы да сённяшняга часу, але вядомы спосаб яго распаўсюду: сам Кастусь Каліноўскі ездзіў у карэце і раскідваў “Мужыцкую праўду” па вёсках.

Гэтую інфармацыю я знайшоў у дакументах, якія былі на станцыях, дзе  Каліноўскі меняў коней. Адметна і тое, што выданне было разлічана на сялянства, якое было збольшага не пісьменнае. Сяляне, калі падымалі гэтую газэту, то неслі яе да таго, хто ўмеў чытаць: ці то да шляхціча, ці то да ксяндза.

Цікавым, што газета надоўга засталася ў народнай памяці. Да прыкладу, Іван Карскі піша вядомаму этнографу Шэйну пра тое, што напачатку ХХ стагоддзя людзі ў вёсках узгадваюць як “пранцуз пабіў цара паб Сістопалям”. Гэтая цытата з “Мужыцкай праўды”, і вясковыя жыхары ўзгадваюць яе праз пакаленне.

- Як змяніўся беларускі перыядычны друк у ХХ стагоддзі?

- Новы век прынёс новыя адметнасці. У Вільні пачалі сваю працу браты Луцкевічы, адзін з якіх выдаваў газэту па-польску, другі  па- расейску. Аднак менавіта такім чынам ў 1912-м яны неслі да беларуса Беларушчыну. Беларус таго часу быў зпаланізаваны і зрусіфікаваны. Я лічу, што і гэты праект адыграў сваю ролю для фармавання беларусу таго часу. Асаблівую ролю ў гэтым адыграў “нашаніўскі перыяд”: перыяд з 1906 году, калі выданне “Наша Ніва” і “Наша доля” замянялі беларусам школы і ўніверсітэты.

- Вайна, змена ўлады, Заходняя Беларусь пад Польшчай. Што мяняецца ў перыядычным друку?

- Часы, калі Беларусь знаходзілася пад Польшчай, гэта можна сказаць росквіт перыядычнага друку. За гэты час выдавалася ад 100 да 150 розных выданняў. Газэты канешне зачынялі, аднак яны маглі змяніць назву і існаваць далей. Такі лёс быў з выданнем “Ніва”. Яно было і “Сялянскай нівай” і “Вясковай нівай” і мяняла шмат разоў сваю назву. Цэнзура ў Польшчы таксама існавала, аднак гэта не была цэнзура сталінскага Савецкага Саюза, таму магчымасць выдання існавала ўвесь час.

- Што цікавага было ў беларускім друку часоў Другой Сусветнай вайны?

- Магчымасць выдання газэтаў існавала толькі на тэрыторыі гэбітскамісарыята Беларусь . Тут было грамадзянскае кіраванне, а не вайсковае. Першым выданнем, што тут з’явілася, была “Менская газэта”, якая ўбачыла свет ўжо ўлетку 1941 году, адразу пасля акупацыі. Пасля гэтае выданне стала называцца па-іншаму – “Беларуская газэта”.

- Скончылася вайна, ці засталіся на Беларусі незалежныя выданні, як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі?

- На маю думку казаць пра беларускую партызанку пасля другой Сусветнай і пра непадцэнзурны друк пасля вайны – гэта казаць вельмі перабольшана. Краіна, ў якой панаваў голад і ў якой амаль не было мужчынаў, не магла змагацца з вялікай колькасцю вайскаў НКУС, што прыехалі сюды пасля вайны. Былі некаторыя асобныя спробы, да прыкладу ў Лідзе ў 1947-1948 годдзе былыя школьнікі абклеілі горад улёткамі супраць калектывізацыі. Аднак гэта былі вельмі рэдкія выпадкі. А эміграцыйныя выданні , што ў гэты час выдаваліся за мяжой, да нас не даходзілі, а калі і даходзілі, не атрымлівалі шырокага распаўсюду, бо нават за тое, што ты меў такое выданне  - ссылалі ў Сібір.

На сённяшні дзень гэтыя пытанні пасляваеннага і міжваеннага часу патрабуюць больш грунтоўнага даследвання. І мы спрабуем іх падымаць у “Горадзе святога Губерта”, аднак ёсць ідэяі, нават неабходнасць, стварыць гарадзенскі часопіс, дзе будзе не толькі гісторыя, але і  літаратура, і паэзія.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: