ОБ АВТОРЕ

Публіцыст, мастак, літаратар, гісторык архітэктуры культуролаг, мастацтвазнаўца.

Скончыў Інстытут імя І. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР (1988—1992), цяпер выкладае ў Еўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце (Вільня).

Ад 1991 году - мастацкі рэдактар газэт “Свабода” і  "Наша Ніва". У 1992-1994 -- мастацкі рэдактар часопіса "Бярозка".

Як мастак аздобіў пару тузінаў кнігаў: "Стары гарадзенскі замак", "Песьня пра зубра", "Пан Блішчынскі", "Китайская каллигафия", творы Лесьмяна, Стаффа, Дудзіцкага, Гілевіча, Разавана, Аксак, Арлова ды інш.

Аўтар «Нашай Нівы» з моманту яе аднаўлення.

Стала супрацоўнічае з кампаніяй “Белсат” і з радыё «Свабода».

Суаўтар праектаў "Беларуская Атлянтыда", "Наша страва" ды інш.

Аўтар сямі кніг (“”ПраЧутае”, “Сто твораў ХХ ст.”, “ПрамМоўленае” ды інш.).

Тэксты Харэўскага перакладаліся на венгерскую, польскую, літоўскую, нямецкую, расейскую, украінскую, чэшскую ды інш. мовы.

Супрацоўнічаў са СМІ Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Люксэмбурга.

ЕЩЕ МАТЕРИАЛЫ ЭТОГО АВТОРА

Вы здесь

Кропка пастаўлена…

У апошні дзень лета Інтэрнэт-мэдыі абляцела прыкрая вестка: унікальны помнік нашае культуры ў Горках, дом дзе колісь жыў Максім Гарэцкі, - зруйнаваны.

Невялікі двухпавярховы жылы дом на тэрыторыі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках нечакана стаў прадметам грамадскай дыскусіі ў розных СМІ. Вялікі драўляны дом № 3 па вуліцы Агранамічнай у раённым цэнтры, быў добра вядомы тым, што ў ім з 1926 па 1928 год жыў навуковец, пісьменнік ды грамадзкі дзеяч Максім Гарэцкі – адзін з волатаў беларускага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя.

Яшчэ ў 1986 годзе дом, дзе жыў Гарэцкі, быў уключаны ў "Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi", у якім так і было напісана:"Пабудаваны Ў 1925 з дрэва. Сцэны вертыкальна ашаляваны, падмурак з бутавых камянеў. Тут у 1926 - 28 гг. жыў беларускi пiсьменнiк М.Гарэцкi.”. 

У дыхтоўным  выданні, што было падрыхтавана ў свой час Міністэрствам культуры, Акадэміяў Навук Беларусі і Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, будынак значыцца пад нумарам 868, як элемент гісторыка-архітэктурнага комплексу Беларускай сельгасакадэміі. Бо, разам з трыма іншымі падобнымі дамамі ён уваходзіў у ансамбль кампусу старэйшай вышэйшай навучальнай установы нашай краіны.

Насамрэч, гэта быў цуд, што такі драўляны будынак ацалеў у Горках, перажыўшы вайну, без малога 90 гадоў!

Там часам цяперашняе чынавества употай выключыла гэты выключны па сваёй значнасці для нашае культуры аб’ект са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў РБ. Падставаю стала тое, што яго, без усялякіх узгадненняў, на тутэйшы капыл абклалі сілікатнай цэглаю. Затым, у 1993 годзе, на тым сілікатным ужо муры, з’явілася мэмарыяльная табліца, з нагоды стагоддзя з дня нараджэння пісьменніка. Сюды колькі разоў наведваліся нашчадкі і сваякі самога Максіма Гарэцкага.  У 1990-я тут задумвалі стварыць музэй-кватэру класіка… Але раптам, да "Дажынак-2012"гэты дом прызнаюць аварыйным і ўносяць яго руйнаванне ў план.

“Яго абследаваў спецыяльны інстытут, — расставіў усе кропкі над "і" ў тэлефоннай размове намеснік дырэктара горацкага УКП "Камунальнік"Арам Себаян. — Зношанасць усіх канструктыўных элементаў перавышае 61%. Маюцца на ўвазе падмурак, сцены, столь і ўсё астатняе. Аднаўленне дома эканамічна немэтазгодна”,- цытуе важнага чыноўніка журналістка “Звязды” Ілона Іванова.

Што за такі “спецыяльны інстытут”, хто персанальна аддаў загад знішчыць здабытак беларускае культуры – застаецца ў смузе здагадак…

У саміх Горках было сабрана шэсць дзясяткаў подпісаў пад зваротам да тамтэйшых уладаў з патрабаваннем знайсці магчымасць захаваць дом, дзе жыў геніяльны пісьменнік і выбітны дзеяч беларушчыны. Тут варта зазначыць, што ў баку не засталіся ані абодва пісьменніцкія саюзы, ані ТБМ, Таварыства аховы помнікаў, розныя грамадскія і палітычныя арганізацыі… Выключную салідарнасць праявілі людзі розных поглядаў і журналісты з зусім розных СМІ.

Кампэтэнтна і падрабязна асвятлялі праблему ня толькі “Звязда”супрацоўнікам якое, у свой час, быў і сам Максім Гарэцкі, але і «Советская Белоруссия», і “Наша Ніва” , і БелаПАН ды іншыя.

На некаторых этапах гэтага супрацьстаяння з дзікім і нематываваным жаданнем чыноўнікаў раённага маштабу, здавалася, нават блішчэў і прамень надзеі. Але горацкія герастраты не сунімаліся – гэта званы “грамадскі савет па захаванню і прымнажэнню гісторыка-культурных каштоўнасцяў, добраўпарадкаванні і сацыяльнаму развіццю Горак і Горацкага раёна”(!) прапанаваў выключыць са спісу гісторыка-культурнай спадчыны й некалькі дамоў па вуліцах Ціміразева і Мічурына!

Больш за год айчынныя СМІ, дзяржаўныя і недзяжаўныя, сталічныя і раённыя, пісалі пра гэтую праблему. Дом Максіма Гарэцкага ў Горках на гэты мэдыйны год стаў знакам, сымбалем няроўнага змагання з чыноўным вадалізмам і сымбалем грамадзянскай салідарнасці цывілізаваных людзей без розніцы палітычных поглядаў.

Калі з “дому Гарэцкага” нарэшце адсялілі людзей, здалося, што цывілізавасць пераможа і беларуская дзяржава аддасьць належнае Асобе, без якой немагчыма ўявіць саб сёння і паўставанне гэтае самае наша дзяржаўнасці. Здавалася – калі ёсьць грошы на тое, каб усё руйнаваць, то мо знойдзецца хоць якая капейчына і нешта ўравтаць, прыцягнуць ахвочых з усёй краіны.

Віктар Корбут у артыкуле “Дом классика хотят заменить статуей” пісаў пра дом Гарэцкага так: “Да “Дажынак” у Горак есть шанс не потерять, а прыдбаць яшчадзін прыцягальны культурны й турыстычны аб’ект.

Але не! Запушчаны дзяржаўнай уладаю механізм было спыніць немагчыма.

Якія мы можам зрабіць высновы?

Па-першае, цынічны нараканні чыноўнікаў з Мінстэрства культуры, што, маўляў, грамадства само не праяўляе належнае ініцыятывы – хлусня. Кампанія па ратаванні помініка беларускае культуры ў Горках была беспрэцэдэнтна магутнай і ахоплівала ці не ўсе СМІ і ўсе грамадска-культурныя арганізацыі ў краіне.

Гэта была адзіная ў Беларусі кватэра, звязаная з лёсам і творчасцю Максіма Гарэцкага. Горацкія рупліўцы культуры, як і большасць беларускіх інтэлігентаў былі перакананыя, што ў доме можна было б стварыць кватэру-музей Гарэцкага, а ў астатніх памяшканнях зрабіць хоць крамы, хоць офісы, абы захаваўся аўтэнтычны асяродак. Але нават рацыянальныя довады не спрацавалі…

Па-другое, практыка, калі, найчасцей таемна, пры гэтай уладзе нішчацца помнікі, звязаныя менавіта з беларускай культураю, стала складнікам афіцыйнай палітыкі, – відавочная. Гэтак было і з домам сям’і Янкі Купалы ў Мінску, і з домам Максіма Багдановіча ў Вяззі Асіповіцкага раёну, і ў дзясятках іншых месцінах. Гэта вынікае з прынцыповай нянавісці да ўсяго нацыянальнага, беларускага ў вышэйшых уладных структурах.

Па-трэцяе, канфлікт зноў выявіў усе прыродныя, ад натуры самой гэтае ўлады,  заганы. Традыцыйна да “Дажынак” рыхтуюцца праекты, што цалкам ігнаруюць думку тамтэйшых жыхароў, не праходзяць ані конкурсаў, ані грамадскіх абмеркаванняў. Сама практыка падрыхтоўкі і рэалізацыі гэткіх маштабных пераўтварэнняў, што змяняюць аблічча цэлых гарадоў – зусім непразрыстая і цалкам пазбаўлена магчымасцяў уплыву на яе з боку СМІ.

Мяркуючы па апошніх фатаздымках дому, дзе жыў Максім Гарэцкі, ён ня быў ані трухнявы, ані аварыйны. Адно чаго быў варты гранітны падмурак з сутарэннямі!Нічога падобнага сёння ў Горках ужо ня ўбачыш. А тыя падзелкі, што панаставілі ў райцэнтры да “Дажынак”, відавочна не прастаяць 90 гадоў, як той дом.

Днямі, прамінаючы аўтобусам “лінію Сталіна”, звярнуў увагу на вялізарныя вянкі і букеты свежых кветак пад помнікам сатрапу, па віне якога сотні тысячаў беларусаў палегілі ў безыменных магілах ад Курапатаў да Тайшэту. У адной з такіх магілаў ляжыць і слаўны сын нашага народу, вялікі літаратар і шчыры патрыёт Беларусі - Максам Гарэцкі. І тут мне стала раптам усё зразумела ў гэтай прыкрай гісторыі. У краіне, дзе ставяць наноў помнікі сталіным і пакланяюцца ім, ня будзе месца жывой беларушчыне… Таму драматычная й вірлівая гісторыя адчайнага змагання за ўнікальны помнік, адзін з тысячаў, зруйнаваных у нашай краіне ў апошнія паўтары дзястякі гадоў, не магла мець добрага канца. Але ўрок узаемаразумення і салідарнасць людзей культуры і журналістаў з розных СМІ мы, ўсё ж, вынесем. Ёсць такія рэчы, перад якімі мы станем поплеч. Перад нянавісцю да нашае культуры і здзічэннем… Над безданню.

 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: