ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Медыі пра палітыку: так улом уключаць мазгі!

В фокусе

“ЦВК падвёў вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ПП НС РБ” — паведамляе Euramost.org у публікацыі ад 24 жніўня, выклікаючы зубны боль адным ужо кашмарным наборам абрэвіятур у загалоўку.

Добра, ЦВК так ці іначай зрабіў сваю справу, але ці падвёў належным чынам, з рознабаковым асэнсаваннем сітуацыі, вынікі гэтага этапу кампаніі сам рэсурс? Наколькі ўвогуле апраўдвае ён саманазву — інфармацыйна-аналітычны?

Ну, нейкая інфа на сайце фігуруе, хоць часта не першай свежасці, і ў многіх выпадках гэта пераказ “сваімі словамі” паведамленняў іншых крыніц. Што ж да аналітыкі, то чытачу звычайна прапануецца яе сурагат — тое, што за савецкім часам любілі даваць пад рубрыкай “Факт і каментар”.

Вось і ў гэтым выпадку першы блок тэксту — пераказ звестак пра рэгістрацыю. Прычым ключавая лічба даецца з памылкай, бо зарэгістраваны не 362, а 363 кандыдаты. Хутчэй за ўсё, аўтар арыентаваўся на папярэднія звесткі, якія агучыла ўвечары 23 жніўня ў тэлеэфіры старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Назаўтра высветлілася, што кандыдатаў на аднаго болей, але аўтар Euramost.org па інерцыі замалаціў няслушную лічбу.

Стае ў тэксце і іншых неахайнасцяў. Напрыклад, назва адной з партый даецца па-руску так: БСДП (Громода). Да ведама: поўная назва на рускай мове, адлюстраваная ў партыйным статуце, — Белорусская социал-демократическая партия (Грамада). А вось яшчэ перліна: паведамляецца, што ад Партыі БНФ зарэгістраваны 30 з 330 вылучаных”. Аўтар, уляпіўшы лішні нуль, роўна у дзесяць разоў пераацаніў патэнцыял партыі. Насамрэч у яе хапіла пораху на 33 вылучэнцы.

Другі блок тэксту — пераказ меркаванняў палітолага Валера Карбалевіча ды палітычнага аглядальніка Паўлюка Быкоўскага. Прычым гэта яшчэ вялікае дасягненне, што фігуруюць два эксперты. Звычайна аўтары рэсурсу абмяжоўваюцца адным.

Далей, загаловак “ЦВК падвёў вынікі рэгістрацыі…” пасаваў бы да гарачай інфы. А тут — ні два ні паўтара. З гарачай інфой Euramost.org спазняецца (ды яшчэ і блытаецца ў ёй), а да паўнавартаснай аналітыкі недацягвае. Тэкст зроблены без выдумкі, па-рамесніцку, паспешліва і неакуратна.

Вышэйзгаданая публікацыя разабрана па костачках не таму, што яна найгоршая. Наадварот — яна тыповая для айчынных грамадска-палітычных выданняў, асабліва сеціўных. І гэта сумна.

З аднаго боку, у палітыцы, як і ў футболе, разбіраюцца ўсе. З іншага боку, менавіта асэнсавання палітычных падзей і працэсаў у айчынных медыях катастрафічна бракуе.

Не, палітычныя рубрыкі ў выданнях прысутнічаюць і плошча пад іх адводзіцца не такая ўжо малая. Але з усяе палітры жанраў дамінуюць тры: заметка, “факт з каментаром” ды інтэрв’ю. Два апошнія жанры ёсць гэтакім сурагатам аналітыкі. Метода простая, як амёба: з нагоды нейкай падзеі ці заявы афіцыйнай асобы нешта кажа той ці іншы эксперт. Прычым кола такіх каментатараў вельмі вузкае: тыя ж Карбалевіч, Быкоўскі, Мельянцоў, Злотнікаў, Чалы і яшчэ з тузін асобаў з дня ў дзень даюць свае ацэнкі па ўсіх тэмах на ўсіх рэсурсах.

Прэтэнзіі не да гэтых паважаных людзей — прэтэнзіі да журналістаў, якія выязджаюць на адной і той жа абойме персаналій. Так, наша незалежная экспертная супольнасць не такая вялікая, як хацелася б (з вядомых прычын). Але і не такая бедная, як можа падацца, калі праглядаеш сайты.

Загваздка ў тым, што новага цікавага адмыслоўца, знаўцу пытання трэба яшчэ выкапаць, трэба ўсталяваць з ім давяральны кантакт, каб можна было без цырымоній ставіць на вушы ў любы час дня і ночы, не даючы пагаліцца ці нармальна паабедаць (прызнаюся, што зведваю ўсе гэтыя рэчы на ўласнай скуры). Пашыраць кола экспертаў ўлом. Таму — “ба! знакомые всё лица!”.

Пры такім прымітыўным, халтурным падыходзе журналіст у раскрыцці тэмы трапляе ў празмерную залежнасць да персоны суразмоўцы. Маралітэ тэксту цалкам залежыць ад пазіцыі эксперта ў тым ці іншым пытанні. Калі, напрыклад, ён прыхільнік байкоту выбараў (ангажаванасць жа айчынных экспертаў, іх адкрытая ці прыхаваная партыйнасць у шырокім сэнсе слова — асобная вялікая праблема), то і публікацыя атрымаецца ў духу “байкот — наша ўсё”. Калі ж пазіцыя процілеглая, матэрыял будзе адназначна высмейваць байкатыстаў за ляжанне на канапе з дуляй у кішэні.

І нават калі аўтар здзяйсняе подзвіг ды тэлефануе двум экспертам (як рэдактар зноў жа ведаю, што нярэдка гэта робіцца толькі пад пугай), то зазвычай у выніку атрымліваецца нарэзка меркаванняў, а не артыкул. Няма аўтарскай думкі, асэнсавання праблемы.

Звычайна лета — мёртвы палітычны сезон, але не сёлета. Тут вам і плюшавы дэсант, і дыпламатычная вайна са Швецыяй, і калізіі парламенцкай кампаніі, і гучныя адстаўкі ды прызначэнні. Аднак большасць медыяў у асвятленні гэтых тэмаў слізгалі па паверхні, не заглыбляліся.

Напрыклад, амаль што ніхто не скарыстаў тэму дзёрзкага палёту шведаў са Studio Total як нагоду для аналізу сённяшняга стану беларускай супрацьпаветранай абароны і Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА Беларусі ды Расіі, не спрагназаваў наступствы скандалу для дачыненняў між Мінскам і Масквой у вайсковай сферы. Бо тут сцёбам не абыдзешся: патрэбны веды, давядзецца глыбока капаць, вывучаць масіў звестак, апытваць розных адмыслоўцаў. Няма дурняў!

Многія аўтаматам звязалі выдварэнне амбасадара Стэфана Эрыксана з плюшавым бамбаваннем, не зважаючы на доказы таго, што дыпламатычны канфлікт са Стакгольмам быў фактычна запраграмаваны. Адзін з лічаных удумлівых, з арыгінальным поглядам, тэкстаў на гэту тэму апублікаваў на nn.by не прафесійны журналіст, а Дзяніс Мельянцоў, аналітык BISS.

Менавіта аўтарская думка цэментуе сапраўдны аналітычны тэкст. Задача журналіста, які бярэцца нешта аналізаваць, — не проста прыгатаваць вінегрэт з розных пунктаў погляду, а ўзняцца на новы віток асэнсавання праблемы.

Аднак у нашых друкаваных ды анлайнавых медыях практычна не сустрэнеш класічных, паўнавартасных артыкулаў. Гэты жанр, бадай, час ужо заносіць у Чырвоную кнігу.

Чаму так? Бачу некалькі прычын. Па-першае, тут прысутнічае элементарная лянота. Няма ахвоты напружвацца, уключаць мазгі.

Па-другое, у нас практычна не навучаюць пісаць аналітыку. У дзяржаўных ВНУ на мазгі выкладчыкам ды студэнтам цісне саўковы прапагандысцкі падыход. У ЕГУ журналістыка выкладаецца болей па-еўрапейску, але ўвагі да аналітычных жанраў, прычым менавіта ў прыкладным, практычным ключы, на маю думку, усё ж бракуе. БАЖ, іншыя грамадскія інстытуцыі спрабуюць наладзіць адпаведнае павышэнне кваліфікацыі, але робіцца гэта асобнымі імпульсамі, недастаткова сістэмна.

Нарэшце, рэдактары, уладальнікі рэсурсаў звычайна налічваюць ганарар за публікацыю паводле фармальна-экстэнсіўнага крытэру (малы тэкст — вялікі тэкст), а не паводле якасці, глыбіні. Іначай кажучы, як ні вылузвайся са скуры, як ні сушы мазгі, атрымаеш за артыкул столькі ж, колькі калега — за злепленае на скорую руку інтэрв’ю з разраду тых, якія я называю дыктафоннымі. То бок зняў тэкст — і вываліў гэтую сыравіну на сайт.

Канечне, ёсць і добрыя прыклады. Ад пачатку зрабіла стаўку на аператыўныя аналітычныя артыкулы інтэрнэт-газета Naviny.by. Нарошчвае пласт арыгінальнай аналітыкі “Заўтра тваёй краіны”. Прабліскваюць уласныя аналітычныя публікацыі на “Салідарнасці”, хоць і не так часта, як маглі б рабіць яе моцныя аўтары. Друкуе артыкулы “Новы час” (хаця там болей аглядаў). Аператыўна ды нестандартна, цікава, аргументавана каментуюць падзеі на сайце радыё “Свабода” яго масцітыя аглядальнікі, найперш Юрый Дракахруст ды той самы Валер Карбалевіч. Нарэшце, у “СН+” раз на тыдзень выступае з грунтоўнымі публікацыямі… той самы Валер Карбалевіч!

Але сайты і друкаваныя СМІ, што спецыялізуюцца на стварэнні якаснай арыгінальнай аналітычнай плыні, можна на пальцах пералічыць. Затое мы маем “стопіцсот” рэсурсаў, якія гоняць халтурны прадукт у стылі “ПП НС РБ”.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: