ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Не трымайце чытачоў за ідыётаў!

В фокусе

Масціты аўтар, журналіст і пісьменнік Яўген Агурцоў выступіў у блогу на “Белорусским партизане” з тэкстам “Не здымайце “скуру” з алімпійцаў!”. Я ж, у сваю чаргу, хачу звярнуцца да шаноўнага аўтара і калег з заклікам: не трымайце чытачоў за ідыётаў!

Я не пра змест матэрыялу. Я пра двукоссе. Рэч у тым, што здымаць скуру — фразеалагізм, а фразеалагізмы ў двукоссе не бяруцца.

Ці мо аўтар палічыў: калі не задвукосіць, то чытачы падумаюць, што гаворка ідзе пра натуральнае жывадзёрства? Ды не ж, такога сярэднявечча не чакаюць нават самыя зацятыя ненавіснікі рэжыму. Усе разумеюць пераносны сэнс ужытага выразу. Дык нашто ж браць тую скуру ў крывыя абцугі залішняй, непатрэбнай маркіроўкі?

Тое самае тычыцца і першай жа фразы згаданага тэксту: “Беларускія спартоўцы заваявалі на лонданскай Алімпіядзе “чортаў тузін” медалёў…”. Чортаў тузін — устойлівы выраз, яго не трэба браць у двукоссе.

Аднак у айчынных медыях мы назіраем проста эпідэмію двукоссяў. Зрэшты, праблема гэта не толькі айчынная і зусім не новая. Яшчэ Міхаіл Святлоў некалі сказаў як у сук уляпіў: “Двукоссе — для ідыётаў”.

Канечне, мэтр гіпербалізаваў. Цытаты (вось і той жа афарызм Святлова ў маім тэксце), словы чужароднага стылю, шэраг уласных назваў мусяць улучацца ў двукоссе абавязкова. Тут іншым разам назіраецца хвароба адваротнага кшталту, калі на англійскі лад пачынаюць даваць без двукосся Радыё Рацыя, Радыё Свабода і г.д. — тое, што згодна з правіламі матчынай мовы мусіць двукосіцца.

Але значна часцей адбываецца наадварот: на ўсялякі пажарны, паводле прынцыпу, што салам кашы не сапсуеш, журналісты і рэдактары лепяць абсалютна непатрэбныя двукоссі. Вось прыклады у загалоўках:

У Мінску легкавік “сышоў” пад зямлю (“Белорусский партизан”)

Варшаўская бойка: за што “уляпілі” беларусам? (Naviny.by)

Зашмат двукоссяў у дзяржаўнай прэсе, асабліва ў раёнках. Паколькі звычайна там пішуць сухім, казённым стылем, то кожнае неафіцыйнае, больш-менш жывое слова здаецца шалёна арыгінальным. Аднойчы я ледзьве не ўпаў з крэсла, убачыўшы публікацыю пра ківі: “Касматы” фрукт. Людцы родныя, дык ён жа касматы ў літаральным сэнсе!

На сайце “Нарачанскай зары” чытаем: “У той жа час “ліпавая” інфармацыя скажае тыя працэсы, якія адбываюцца ў эканоміцы…”. Але пераносны сэнс слова ліпавы даўно зафіксаваны ў слоўніках, зразумелы кожнаму чытачу. Не трэба, не трэба тут двукосся!

На тым жа сайце паведамляецца, што “прамую тэлефонную лінію” правядзе начальнік упраўлення райвыканкама Валерый Валынец.

І зноў жа: прамыя, гарачыя лініі ў двукоссе не бяруцца. Гэта ўстойлівыя выразы. Каню зразумела, што спадар Валынец не будзе цягнуць шпулькі з дротам, як тэлефаністы часоў другой сусветнай.

Гэтаксама без двукосся пішуцца ўсялякія штампы з прэтэнзіяй на метафарычнасць: чорнае золата, круглы стол, чорны спіс (вельмі актуальна для сінявокай рэспублікі!) і г.д. Нават заробкі ў канвертах, студэнцкія хвасты, мяшкі пад вачыма — не такія ўжо свежыя метафары, каб браць у двукоссе.

Між тым на сайце стаўбцоўскай газеты “Прамень” паведамляецца, што пад дах Дома быту “пераехаў” былы фірменны магазін…” (звар’яцець можна, які смелы вобраз: пераехаў!) і што тут можна “таксама “падагнаць” па сваёй фігуры адзенне другіх вытворцаў” (натуральна, без двукосся ўсе б падумалі, што тут кліентаў падганяюць пугай, як каня ў баразне).

Яшчэ трохі — і нашы майстры жывога слова стануць пісаць: праца “кіпіць”, сонца “ўстае”.

Другая бяда — лепяць вялікія літары дзе трэба і дзе не трэба. У адной з раёнак я сустрэў “Віртуальную Дошку Гонару” (камбайнеры адразу самі падраслі, як на яе трапілі!).

Яшчэ адна бяда — варварызмы. То бок словы, проста выдраныя з іншых моваў і часта пададзеныя ў чужой траскрыпцыі. Асабліва часта гэта тычыцца марак аўто.

Можна зразумець, калі арыгінальную транскрыпцыю датрымліваюць розныя там дылеры: ім надзвычай важна зарыентаваць кліента на патрэбны тавар, раскласці па палічках усе мадэлі ды мадыфікацыі. Але ж СМІ не гандлююць легкавікамі, яны найчасцей пішуць пра аварыі. І вось чытаем на TUT.BY, што “у выніку аварыі кіроўца Mazda…” і г.д.

Кіроўца Мазда — гэта ягоная мянушка ці што? Наша мова на прамілы бог просіць скланяць марку аўтамабіля, каб пазбегнуць двухсэнсоўнасці, асабліва калі тэкст успрымаецца на слых! Ды і ўвогуле — нашто столькі замежных літар?

Вось, зірніце, ex-Press.by паведамляе, што “22-гадовая пасажырка “Мазды” загінула на месцы…”., а “Фіят” абрабавалі болей як на тысячу долараў”. А вось nn.by дае: “Сутыкнуліся “Фальксваген”, “Вольва” і “Таёта” — адзін чалавек загінуў”.

Што страцілі матэрыялы ад кірыліцы? Нічагусенькі! Зрэшты, у апошнім выпадку варта пахваліць найперш сайт БЕЛТА, адкуль нашаніўцы ўзялі інфу. Дзяржаўная агенцыя збольшага датрымлівае савецкую традыцыю (не горшую, на мой густ), калі замежныя назвы па максімуме транскрыбаваліся кірыліцай.

Гэта ў 90-х, калі развітваліся з саўком ва ўсіх сферах, стала модна гнаць як мага болей англіцызмаў: маўляў, сучасна, крута, па-заходняму! Цяпер ужо рэдка хто дае кірыліцай, напрыклад, назвы замежных перыёдыкаў. А чаму б і не? Чаму абавязкова пісаць New York Times, а не “Нью-Йорк таймс”?

Я іншым разам напаўжартам пытаюся ў маладых калег: а чаму вы “Жэньмінь жыбао” іерогліфамі не пішаце? Мнуцца: не ведаем як! Дык вось у чым фішка: гэта мы вучонасць паказваем!

Варварызмы апраўданыя, калі гаворка ідзе пра нешта экзатычнае, нязвыклае. Так гадоў 15-20 назад спрэс пісалі: Internet. Цяпер гэта анахранічна. Мова — жывое, дынамічнае асяроддзе, яна паступова адаптуе запазычаныя словы, тыя пачынаюць скланяцца, лацініца саступае месца кірыліцы, гэта фіксуюць слоўнікі. Напрыклад, зараз ужо не толькі анлайн кірыліцай пішуць, але з’явіўся і прыметнік анлайнавы. Таму як заўчорашні дзень выглядае рубрыка Online канферэнцыя на сайце БЕЛТА. Ці згадка пра форум, дзе сабраліся маладыя web-журналісты. Тут ужо салідная агенцыя дала маху.

Бываюць, канечне, спрэчныя, памежныя выпадкі, калі норма не выкрышталізавалася і дапускаецца дваякае напісанне. Аднак увогуле перабор двукоссяў, вялікіх літар, варварызмаў сведчыць пра брак адукаванасці, густу, закамплексаванасць аўтараў ды рэдактараў. Па вялікім рахунку, гэта праявы непавагі да чытача і прыкметы правінцыйнасці.

Так што, калегі, калі не хочаце выглядаць дрымучымі правінцыяламі — бязлітасна чысціце тэксты ад гэтага шалупіння!

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: