ОБ АВТОРЕ

 

Скончыў Ліцэй пры БДУ і Інстытут журналістыкі. Працаваў у газетах “Комсомольская правда “в Беларуси” і “Звязда”.

Спецыялізаваўся на журналісцкіх расследаваннях і артыкулах.

Сёння ўваходзіць у штат “Еўрарадыё”, дзе спецыялізуецца на рэпартажах. 

Вы здесь

Памылка журналіста: як выйсці сухім з вады

Журналіст, які працуе інтэнсіўна, раз-пораз дапускае памылкі. Як павярнуць іх у выгодны для сябе бок?

Мой папярэдні артыкул на Mediakritika.by быў перадрукаваны інтэлектуальным часопісам і пераўтварыўся ў якую-ніякую палеміку.

Ананімны інтэрнэт-карыстальнік укусіў мяне крытычна-публіцыстычным ударам:  “У сваім артыкуле Яўген згадвае “папулярныя беларускія сайты, якія жывуць з перадрукаў чужой інфармацыі, падчыстую злізваюць гэту інфармацыю-дэзінфармацыю, нічога не правяраючы”, а таксама журналістаў, “якія капнулі далей”. У першым выпадку, трэба разумець, пад раздачу трапілі КП, НН і, магчыма, Хартыя. У выпадку з глыбока капнуўшым журналістам Яўген сціпла не назваў самога сябе…” – аналізуе гэты чалавек публіцыстычнай мовай (відавочна нейкі калега пастрэльвае з ананімнага акопа…).

На падазрэнні ананімнага аўтара ў нелюбові да калегаў адкажу.  

Некаторых журналістаў з “Камсамольскай праўды” вельмі паважаю і схіляю перад імі галаву.  Нават, нягледзячы на памылкі, якія раз-пораз здараюцца. Сайт “Нашай нівы” чытаю штодня. Часам нават пачынаю свой дзень з nn.by, хоць уласных матэрыялаў там выстаўляюць  часам менш, чым пальцаў на маёй руцэ. Але такая сёння наша журналістыка, і “Наша ніва” далёка не самы горшы яе прыклад.

Гутарка ў маім допісе была пра тое, як выкласці не да канца правераныя факты (бо праверыць на 100% няма тэхнічнай магчымасці) так, каб не парушыць этыку.

У сённяшнім допісе не пасаромлюся распавесці пра ўласныя ляпы і некарэктна пададзеную інфармацыю.

***

Каля шасці гадоў таму, працуючы якраз-такі ў “Камсамольскай праўдзе”, я атрымаў заданне напісаць пра трагічны выпадак з беларускім пілотам: мужчына разбіўся на ўласным самаробным лёгкаматорным самалёце.

Пісаў я гэты артыкул спехам, толькі-толькі вярнуўшыся з Крыму, не выбіўшы з галавы рамантычныя гукі чарнаморскіх хваляў.

Высветліў імя, прозвішча і біяграфію загінулага пілота, знайшоў яго былых калегаў, ягоны фотаздымак, даведаўся пра акалічнасці здарэння. Фактура да інфармацыйнага матэрыяла была сабраная, засталося напісаць.

У працэсе напісання матэрыяла блытаю імя і прозвішча пілота з імём і прозвішчам вядомага расійскага мастака. Як кажуць, пераклініла.  

Артыкул выходзіць, і на наступны дзень тэлефануюць сваякі загінулага: “Вы зганьбілі нашу сям’ю, мы будзем падаваць у суд, тэрмінова прыязджайце на гутарку…”

У гэты час, калі я еду на машыне да “пацярпелых”, нябожчык ляжыць у труне ў сваёй кватэры. Заязджаючы ў двор загінулага пілота, я, расхваляваны, закранаю няўдала прыпаркаваную “капейку”, якая падымаецца на пярэдніх колах. Адрываю бампер на сваім аўто…

Дачка пацярпелага пагражае мне ледзьве не трыбуналам у Гаазе. Абяцаю надрукаваць абвяржэнне, у якім раблю, як на тое ліха, яшчэ адну памылку: няправільна называю звышгукавы самалёт, якім у маладосці кіраваў пілот. Так чарговымі пагрозамі гэта гісторыя і скончылася. І для мяне стала добрым урокам.

А аднойчы мне давялося пісаць пра хату першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана, які нарадзіўся ў мястэчку Моталь на Берасцейшчыне. Дык вось, з’ездзіўшы паглядзець гэту хату, у артыкуле я назваў мястэчка “МотЫль”. Вось гэта была ганьба, тут ужо нічога нельга было паправіць – газета была надрукаваная.

Першая паласа таго самага артыкула з памылкай

Як ўдасканаліць акцэнты ў некарэктна пададзенай інфармацыі?

Калі памылка ў матэрыяле дапушчана, раю асабіста звязвацца з пацярпелым бокам, шчыра выбачыцца і друкаваць абвяржэнне. Прасцей кажучы, абыходзіцца без судоў.

Пры гэтым абвяржэнне можа таксама выглядаць па-рознаму, і зусім не абавязкова выстаўляць сябе ў ім шкадлівым катом. Лічу, што найпрасцейшае абвяржэнне можа будавацца па наступнай схеме: у пачатку нагадваецца, што выходзіў такі і такі матэрыял, потым пазначаецца, што сталі вядомыя новыя акалічнасці, якія ў матэрыяле і выкладаюцца. Ліда-загаловачную сістэму пры гэтым можна рабіць самадастатковай і цікавай. Такое абвяржэнне, мне здаецца, журналіста не ганьбіць і нават часам прыносіць пункты ў кошык яго рэпутацыі.

Падчас Алімпійскіх гульняў на “Еўрарадыё” мне давялося рыхтаваць інфармацыйны сюжэт пра штангістку Новікаву, якую, на думку многіх, засудзілі. Сведкай гэтага здарэння быў двухразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Курловіч, які працаваў на спаборніцтвах суддзёй, хоць сам Новікаву не судзіў.

Натуральна, асноўны ўдар журналістаў прыйшоўся па яму: “не дамовіўся”, “не дапамог”, “не абараніў”… Сам Курловіч падчас Алімпіяды не меў права даваць каментары па гэтай сітуацыі, такія правілы.

Пра пэўную некарэктнасць у падачы інфармацыі  мне намякнуў аўтарытэтны аўтар Кастусь Лашкевіч. І сапраўды, як аказалася, аб’ектыўнасць не была дасягнута. Таму пасля Алімпіяды я звязаўся з Курловічам і прапанаваў яму паўдзельнічаць у чарговым матэрыяле  “Еўрарадыё” па тэме Новікавай. І да аб’ектыўнасці, лічу, удалося наблізіцца.  

Увогуле ж, каб пазбегнуць змазаных акцэнтаў і памылак мусіць дзейнічаць правіла ўсіх бакоў. Здавалася б простая справа. Але ў нашым палярызаваным грамадстве журналісты часам катэгарычна адмаўляюцца звяртацца да некаторых крыніц, прысутнасць якіх у матэрыяле неабходная (гутарка вядзецца пра афіцыйна зарэгістраваныя СМІ). І праўдзівасць змазваецца.

Калі я працаваў у газеце “Звязда”, мудры рэдактар Уладзімір Наркевіч часам развяртаў матэрыялы і прасіў “зрабіць званочак” нязручным для мяне крыніцам. Даводзілася гэта рабіць. У некаторых выпадках гэта дапамагала ўдасканальваць фактуру матэрыялаў, і потым ніхто не мог выставіць нам хоць якія прэтэнзіі.   

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: