Вы здесь

Пазьняк — ахвяра баявога Маклюэна

В фокусе

Пазьняк, які крытыкуе апазыцыю — не навіна. Пазьняк, які роўна тое ж робіць на «Белце» і беларускім тэлебачаньні — ня проста навіна, але і скандал.

Сказанае Зянонам Пазьняком пра беларускую апазыцыю не выклікала б той хвалі цікавасьці і абурэньня, не спарадзіла б сусьветных памераў скандалу, калі б было агучана выключна на сайце InterPolit. Калі б Пазьняка не перадрукавала «Белта», калі б зь ім не салідарызаваліся дзяржаўныя прапагандысты, то і навіны ніякай не было б. Бо меркаваньне Пазьняка аб беларускай апазыцыі (як быццам бы ён сам не зьяўляецца часткай паняцьця «беларуская апазыцыя») даўно вядомае. Гэтаксама вядомыя і погляды Пазьняка на Ганса Георга Віка і «здрадніцкую» стратэгію Захаду адносна Беларусі.

Пазьняк, які крытыкуе апазыцыю — не навіна. Пазьняк, які роўна тое ж робіць на «Белце» і беларускім тэлебачаньні — ня проста навіна, але і скандал. Ня толькі таму, што да гэтага і на тэлебачаньні, і на «Белце» ён быў пэрсонай нон-грата. Але (і ў першую чаргу!) з-за таго, як дзіўна і дакладна ўсё сказанае Зянонам Станіслававічам супадае з поглядамі таго, хто зьяўляецца галоўным героем «Белты» і беларускіх дзяржаўных каналаў. Пазьняк на «Белце» кажа, што апазыцыі ніякай не існуе, што ёсьць авантурысты, што прадаліся Захаду, і Лукашэнка кажа: апазыцыі няма, ёсьць «пятая калёна», прадстаўнікі якой прадаліся Захаду.

Зразумела, што Пазьняк «Белце» і БТ інтэрвію не даваў. Але гэта ў новай мэдыйнай сытуацыі, якая апанавала сьветам пасьля таго, як надышла эра Сеціва зь яго агульнай даступнасьцю кантэнту, — неістотна.

 

Прыём, ахвярай якога стаў лідэр КХП-БНФ, я б назваў «баявым Маклюэнам». Канадзкі навукоўца Маршал Маклюэн (якога, пагаджуся, я цытую сапраўды занадта часта) быў першым, хто канстатаваў: важна ня тое, што кажацца. Важна тое, дзе гэта кажацца: пасярэднік (мэдыя) і ёсьць пасланьне.

Пазьняк на InterPolit гучыць як дзяяч супраціву, які стаміўся ад бязглуздых дзеяньняў калег, што засталіся ў Беларусі. Зь ім хочацца салідарызавацца (падкрэсьлю: гэтае жаданьне ў мяне зьнікла адразу пасьля таго, як той сказаў пра крыніцы ў КДБ). Пазьняк на «Белце» гучыць як прыхільнік «моцнай і квітнеючай». Ад ягоных словаў у адрас тых, хто застаўся і, рызыкуючы свабодай і здароўем, спрабуе нешта зьмяняць — робіцца агідна.

Пры тым — папраўце мяне, калі я памыляюся, — ніякіх граматычных ці сынтаксічных скажэньняў на «Белце» няма. Гэта менавіта дакладны пераклад пэўных — найбольш цікавых для «Белты» — фрагмэнтаў. Гэта найлепшая — проста з падручнікаў — ілюстрацыя маклюэнаўскага прынцыпу the medium is the message. Раней на лекцыях я ілюстраваў гэты прынцып адным выпадкам з амэрыканскай палітыкі, зараз буду прыводзіць прыклад пазьнякоўскіх заяваў.

Пры гэтым ня трэба думаць, што баявы Маклюэн (г. з. дэструктыўны для іміджу перанос выказваньня з адной пляцоўкі на іншую) працуе толькі ў адзін бок. Што гэта толькі «Белта» і БТ могуць цалкам зьмяніць эфэкт ад сказанага знаным апазыцыянэрам, проста забраўшы яго цытату да сябе. Роўна тое ж самае мы бачым з нашага, «сьвядомага», боку.

Нагадаю адваротную сытуацыю месячнай даўніны. Актор Уладзімір Гасьцюхін даў інтэрвію расейскаму рэсурсу Ura.ru, у якім заявіў, у прыватнасьці, наступнае: «Аляксандру Рыгоравічу, на мой погляд, адыйсьці б на нейкі час, але…». Акрамя таго, Гасьцюхін заявіў, што раней «ён (Лукашэнка) зьбіраў інтэлігенцыю, была камунікацыя, размовы, круглыя сталы. Зараз гэтага не адбываецца». Вось як гэтае інтэрвію падаў сайт «Таварыш»: «Нават самыя заўзятыя фанаты Лукашэнкі лічаць, што яму трэба сысьці». Навіну перадрукавала «Хартыя» і мы сталі назіраць за тым, як імкліва «апазыянуецца» вобраз Гасьцюхіна. Той нават паспрабаваў абвергнуць свае словы, адмовіцца ад іх, сказаўшы, што яны «вырваныя з кантэксту». Што ён казаў пра посьпехі беларускай эканомікі, а яны…

Паколькі колькасьць ахвяр баявога Маклюэна расьце, вырашыў даць усім, хто выказваецца ў беларускай публічнай прасторы некалькі парадаў з галіны applied communication theory. Яны могуць быць актуальнымі для палітыкаў, аналітыкаў, музыкаў, пісьменьнікаў, паэтаў, тэхнолягаў і нават майстраў ЖЭС, якія жадаюць выкрываць парушэньні падчас выбараў.

1.Першае і самае галоўнае. Думайце, што кажаце.

2.Калі ня думаеце, што кажаце, не крыўдзіцеся потым. Асабліва не крыўдзіцеся на журналістаў і рэдактараў: яны людзі нэрвовыя і з добрай памяцьцю. Глядзіце, каб вы не зьніклі з беларускіх мэдыя назаўсёды. Той, хто не існуе ў мэдыях у нашую эпоху, не існуе наагул — стаміўся ўжо гэта тлумачыць. Да таго ж, журналісты і рэдактары тут не вінаватыя. Адзіны вінаваты тут — вы (гл. пункт 1). А таму — кіньце тэлефанаваць у рэдакцыі. Тэлефануйце лепей сацыяльным тэхнолягам, каб правялі з вамі трэнінг і навучылі камунікацыйнай пісьменнасьці.

3.Кожны раз перад тым, як пісаць прамову, рыхтавацца да інтэрвію, памятайце аб тым, што гэтае інтэрвію можа быць пачутае ў тым ліку і тымі чытачамі, слухачамі і гледачамі, якія не падзяляюць вашых палітычных поглядаў. Што, акрамя «Белты» ёсьць яшчэ «Беларускі партызан». І наадварот. Самае галоўнае: наадварот.

4.Плянуючы тую ці іншую заяву — пра Лукашэнку, Латушку, Пазьняка, Быкава і іншыя эмацыйна выбуховыя тэмы, уяўляйце перад сабой тых гледачоў, што прыналежаць да іншага з вамі лягеру. Зьвяртайцеся і да іх гэтаксама. Трымайце ўвесь час вочы гэтых людзей у галаве. Ня будуць потым сюрпрызам праткнутыя колы ў асабістым аўто.

5.Практычная парада: не выкарыстоўвайце канструктаў «Аляксандр Лукашэнка добры прэзыдэнт, але яму трэба сыходзіць». Асабліва, калі зьяўляецеся прыхільнікам Лукашэнкі. Таму, што мэдыі, якія супрацьстаяць Лукашэнку, пачуюць і перадрукуюць толькі другую частку сказа. І будуць цалкам мець рацыю. Кажыце коратка і ясна. Аляксандр Лукашэнка добры прэзыдэнт. Ці: Аляксандру Лукашэнку трэба сыходзіць. Ні першае, ні другое немагчыма сказіць. Абодва сказы ўтрымліваюць ясную пазыцыю.

6.Калі не жадаеце атрымаць нэрвовы зрыў, не крыўдзіце тых людзей, якія зьяўляюцца кумірамі Сеціва. Не чапайце маральных аўтарытэтаў. Не кранайце тых, хто пацярпеў, адседзеў у турме, пад хатнім арыштам. У Інтэрнэту, нягледзячы на тое, што ён нагадвае статак дзікоў, вельмі нізкі балючы парог этычнага. Абавязкова знойдзецца нехта, хто вельмі афарыстычна патлумачыць вам, што 16 год седзячы ў эміграцыі крытыкаваць людзей, якія правялі некалькі месяцаў у «амэрыканцы», а потым пад хатнім арыштам, можа толькі маральны мутант.

7.Ніколі без фотакопіяў дакумэнтаў, якія даказваюць вашы словы, не абвінавачвайце людзей ў трох рэчах: імкненьні да піяру; супрацоўніцтве з КДБ; шпіянажы на Захад. У дзьвюх трацінах выпадкаў з-за асаблівасьцяў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі, вашы абвінавачаньні ў сьвядомасьці чытача абярнуцца супраць вас самога.

Блог Віктара Марціновіча, "Радыё Свабода"

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: