Вы здесь

Пратэсты гродзенскіх рабочых вачыма СМІ

Адразу хачу адзначыць, сітуацыя з забастоўкамі на гарадзенскіх прадпрыемствах, у тым ліку, і на “Гродна-Азот”, якія адбываліся ў ліпені 2012-га году, знайшла сваё адлюстраванне ў розных сродках массавай інфармацыі.

Аднак, як гарадзенец і чалавек, які ведае пра падзеі не звонку, хачу адзначыць, што намаляваць агульную карціну без вельмі важных, на мой погляд, дэталяў, здолелі далёка не ўсе СМІ. Калі, канешне, здолелі...

Самая бурная дыскусія з чытачамі завязалася пасля артыкула ў мясцовай газеце “Вячэрні Гродна” , у якім распавядалася пра канфлік у цэхах адкрытага акцыянернага таварыства “Гроднажылбуд”.

Артыкул з “Вячоркі” нават быў перадрукаваны на сайце Міжнароднай асацыяцыі працоўных,  і пра мясцовыя рабочыя пратэсты такім чынам даведаліся па ўсім свеце. І хоць многім здавалася, што артыкул ня зможа змяніць сітуацыю, пасля яго дзяржаўны кантроль ініцыяваў праверку, на якую шмат хто спадзяецца.

Што тычыцца астатніх мясцовых газет і інтэрнэт-рэсурсаў, то большасць з іх амаль не заўважыла сітуацыі на “Гроднажылбуд”, “Гродна-Азот” і іншых прадпрыемствах. Ці задаволіліся перадрукоўкамі з агульнанацыянальных выданняў.

Гродзенскі блог s13.ru  у артыкуле  “ФПБ примет участие в решении проблемы с новыми условиями аттестации на ОАО “Гродно Азот”, здаецца, не выклікаў асаблівай рэакцыі ў жыхароў гораду.

“Гродзенская Праўда” гэтую сітуацыю не заўважыла, а рэгіянальнае выданне “Перспектыва” (былая раёнка адміністрацыі гарадзенскага раёну) узгадала “Азот”  толькі ў сувязі з даплатамі дзіцячым аздараўленчым садкам і піянерскім летнікам.

Дарэчы, не заўважыла пратэсты гарадзенскім рабочых і  “Еурарадыё”, яно ўвогуле ў апошні час абмінае гарадзенскія падзеі стараною, ці дае толькі афіцыйную інфармацыю аб іх. “Тэлеграф”  адрэагаваў на гэтую інфармацыю, зрабіўшы перадрукоўку з БелаПАНу. Як заўсёды добрую працу зрабілі "Беларускія навіны", якія асвятлялі вострыя фазы канфлікту.

Але калі гучныя пратэсты сціхі, што было далей ў прэсе Беларусі? Ці спрабавалі журналісты даследваць праблему далей?

Пашукаўшы адказу на гэтае пытанне, звярнуў увагу на паведамленне “Радыё Рацыя” ад 24 ліпеня: “Паводле словаў Сяргея Антусевіча, намесніка старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, які раней сам працаваў на “Азоце”, рабочых могуць пазбавіць даплатаў за шкодныя ўмовы працы, дадатковага адпачынку і права на датэрміновую пенсію на падставе новай атэстацыі.

З пункту гледжання адміністрацыі, парушэнняў ніякіх няма: новая атэстацыя і яе вынікі сапраўды істотна змяняюць умовы працы. Паводле пункта 5 артыкула 35 Працоўнага кодэкса: работнік пры істотных зменах умовы працы папярэджваецца за месяц, і калі ён на гэтыя змены ўмовы працы не згодны, ідзе тады звальненне або скасаванне кантракту”.

Праз некалькі дзён тая ж “Рацыя” падае: “Пераатэстацыя рабочых прадпрыемства “Гродна-Азот”, якая можа пагоршыць іх сацыяльны пакет, перанесена на няпэўны тэрмін”.  

Гэта дарэчы быў адзін з апошніх матэр’ялаў на дадзеную тэму,іншыя СМІ прыкладна гэтым самым перыядам і закрылі тэму гарадзенскага “Азоту”.

Між тым праблема, як і людзі засталіся. А значыцца засталася і ў журналістаў праца.

Што, на маю думку, не зрабілі журналісты апісваючы гэтую сітуацыю? 

Па-першае, сам канфлікт з працоўнымі распачаўся вельмі даўно, некалькі год таму, калі на “Азоце” змянілася кіраўніцтва і яно пастанавіла зменшыць колькасць працоўных. І пра гэта варта было б узгадаць. І пра гэта распавесці.

Па-другое, размова павінна была ісці і пра тое, што сталася з працоўнымі пасля аб’яднання дзьвух гарадзенскіх прадпрыемстваў “Азот” і “Хімвалакно” . А там у многіх цэхах ужо былі знятыя даплаты за кепскія ўмовы працы, так званая “Группа вредности”.

Ну і, нарэшце, сітуацыя на сённяшні дзень не змянілася да лепшага. І, падаецца, калі б мясцовыя і рэспубліканскія медыі не чакалі чарговых выбухаў, а патроху даследвалі б праблему, іхняя аудыторыя б значна пашырылася, з’явіліся б новыя прыхільнікі, хоць з таго ж “Гродна-Азот” ці “Гроднажылбуд”. А там, мо, і самая б праблема вырашылася належным чынам. А не падвісла ў паветры на няпэўны час, пакуль кіраўніцтва прадпрыемстваў патроху не разбярэцца ў усімі тымі, хто падняў галаву і ўжо дазволіў сабе "вынесці смецце з хаты".

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: