ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Раней здымалі, зараз — фоткаюць

В фокусе

Вэб-медыі жахліва панізілі ўзровень патрабаванняў да фотаілюстрацый. Гэта тычыцца як арыгінальных, так і запазычаных здымкаў. Арыгінальны фотакантэнт часта робяць дылетанты, адбіраюць жа выявы з Сеціва ў многіх выпадках рамеснікі-тэхнары — абы нешта паставіць, абы пляма была.

Напісаць на гэту тэму мяне падштурхнуў свежы прыклад, калі рэсурс UDF.BY (далёка не горшы ў Байнэце), даўшы тэкст з экспертным меркаваннем вашага пакорлівага слугі, чарговы раз уляпіў старое фота, “запазычанае” з TUT.BY.

Я не нарцыс, але не разумею, чаму для UDF.by, калі яны даюць інтэрв’ю (ці, строга кажучы, пераказ інтэрв’ю) са мной, такая праблема даць і выяву таго ж суб’екта ў адзіночным ліку, а не здымак з двума персанажамі.

Між тым гэтае пазалеташняе фота з тэлестудыі TUT.BY лупяць ужо каторы раз. Мабыць, некалі закінулі ў базу, а зараз улом мяняць.Чытачам зноў прапануецца віктарына: дзе Класкоўскі, а дзе Валянцін Лопан?

Дарэчы, апошні з гэтае нагоды зазначыў у фэйсбуку: “Вось так вось уцягнуць у палітычныя разборкі, а я і ведаць не буду”.

 

Спадар Заіка, адкрыйце рэцэпт эліксіру маладосці!

Жарты жартамі, а сапраўды неэтычна выкарыстоўваць ў кантэксце вострага каментара, што чапляе як расійскага, так і беларускага прэзідэнта, выяву кіраўніка піяр-агенцтва спадара Лопана. Да тэмы публікацыі ён ні сном ні духам, але шмат хто можа падумаць, што менавіта гэты чалавек і задаваў Класкоўскаму розныя правакацыйныя пытанні пра афіцыйных лідэраў. І даводзь потым, што ты не вярблюд.

Гаворка тут не пра асабістыя амбіцыі, а пра датрыманне прафесійнай этыкі стваральнікамі вэб-кантэнту. Занадта ўжо часта тэксты ў вэб-СМІ ілюструюцца паводле метаду “цяп-ляп”. Выканаўца, якому даручана выставіць матэрыял, пагугліць па прозвішчы ці іншым ключавым слове, выхапіць тое, што пад руку трапіла, ды і замалоціць без згрызотаў сумлення (зазвычай без спасылкі на першакрыніцу).

Многія ілюстрацыі, трапіўшы у базу, потым выкарыстоўваюцца бясконца доўга і ў неверагодна шырокім дыяпазоне тэматычнай прывязкі. Бо абнаўляць тую базу — каму гэта трэба і хто за гэта заплаціць?

Напрыклад, ужо каторы год шмат на якіх рэсурсах бачу побач са свежымі каментарамі адну і тую ж выяву мэтра Леаніда Заікі, які з часу тае гістарычнай фотасесіі змяніў не адзін пінжак і не адны акуляры.

Час ад часу сустракаю ў свежых публікацыях і свае партрэты тых дагістарычных часоў, калі яшчэ не насіў барады. Можа, кабетам такая закансерваванасць і прыемная, але ўсё ж хочацца большай адэкватнасці.

Зрэшты, варта весці гаворку не толькі пра этыку ды аўтарскае права, але і пра якасць саміх ілюстрацый. Спрэс яна — ніжэйшая за плінтус.

 

Сакратарыят шыхтаваў нават мэтраў

Некалі я пачынаў газетную кар’еру з пасады зменнага сакратара “Знамени юности” — на той час (канец 70-х) адной з наймацнейшых моладзевых газет Савецкага Саюза. Дык вось, фотакарэспандэнты ўваходзілі ў сакратарыят на задніх лапках, бо з тузіну прапанаваных здымкаў мы пасля бязлітаснай адбракоўкі пакідалі два-тры.

Не абміналі жорсткай селекцыі нават працы тагачаснай маладой зоркі Віці Драчова. Фотарэпарцёры ціха лаяліся, але мусілі трываць, бо сакратарыятчыкі, пры тым што праца была сабачая, начная і без выхадных, мелі амаль што царскія паўнамоцтвы.

Рэч у тым, што месца ў прэстыжным рэспубліканскім выданні, якое выходзіла толькі на чатырох палосах, было надзвычай дэфіцытным. Таму ілюстрацыі адбіраліся самыя-самыя. І фотакарэспандэнты мусілі шчыраваць. Халтура не праходзіла.

Натуральна, ідэалагічныя рамкі ў чымсьці абмяжоўвалі творчы палёт, але нават рэпартажы з культавага для камуністычнай сістэмы жніва ў выкананні таго ж Драчова былі шэдэўрамі: не лубок, а рэалістычнае адлюстраванне цяжкай сялянскай працы — з буйнымі кроплямі поту, запэцканымі камбінезонамі ды жывымі характарамі зусім не плакатных рабацягаў.

А чорна-белая гама толькі надавала здымкам выразнасці. Гэта былі творы, многія з якіх потым упрыгожвалі прэстыжныя выстаўкі.

 

Трыумф фотасмецця

Даўней ужо сама тэхналогія рабіла фотакарэспандэнтаў асаблівай кастай. Толькі салідныя рэдакцыі маглі забяспечыць дарагой тэхнікай, асобным пакоем з усімі прычындаламі для праяўкі і адносна хуткага друку адбіткаў у нумар.

Фоталабараторыя на рэдакцыйным паверсе была як келля алхіміка (што, зрэшты, не замінала іншым разам цішком ад начальства ладзіць там маленькія сабантуі, бо заўжды можна было зачыніцца, каб “не засвяціць плёнку”).

Зараз любы неафіт, што працуе на нейкі сайт, абвешваецца лічбавымі дэвайсамі, як калядная ёлка. Нярэдка ён і тэкст рыхтуе, і фоткае, і відэа робіць. Прычым ілюстрацыі ўважаюцца за другарадны прадукт: каб тэкст не выглядаў цаглінай.

Такім чынам, для сеціўнага СМІ часта фатаграфуе дылетант, прафан, які элементарна не ўмее ракурс выбіраць. Далей ён або сам завёрствае тыя фоткі практычна без адбору, або аддае іх нейкаму рэдакцыйнаму тэхнару, каторы ў фотамастацтве таксама не надта фішку сячэ. Звыш таго, апошняму па барабане, якімі дэкаратыўнымі ўстаўкамі разбіваць тэкст. Абы пярэстая пляма была.

Прычым на сайт, адрозна ад газетнай паласы, можна паставіць практычна неабмежаваную колькасць здымкаў. У выніку мы бачым пад рубрыкай “Фотарэпартаж” доўгую кішку невыразных аматарскіх выяў, проста скінутых запар з карты памяці. Ні аўтарскага погляду, ні густу, ні элементарнай рэдактуры, ні сюжэту, ні драматызму.

І яшчэ: зараз кожны сам сабе выдавец. Блогі, сацыяльныя сеткі, у якіх багата кампліментарных лайкаў пад любым фотасмеццем, спараджаюць ілюзію, што ў фотасправе ты ўжо схапіў бога за бараду. У выніку крытэры збіваюцца і падобны прымітыў без вагання выстаўляецца і ў вэб-СМІ.

Мяркую, што многім, хто трапіў у кадр з перакошаным тварам, вырачанымі вачыма, недарэчна разяўленым ротам і г.д., такія шэдэўры прыносяць натуральныя маральныя пакуты. Але ж фота дакументальнае, што тут зробіш!

Канечне, ілюстрацыя можа выкарыстоўвацца і як зброя, сродак сатыры, калі ў няўдалым, недарэчным ракурсе наўмысна выстаўляюць тых персон, да якіх рэдакцыя ставіцца выразна негатыўна. Але і тут мусіць быць пачуццё меры. А ўжо даваць проста цераз неахайнасць ды ляноту халтурныя здымкі станоўчых персанажаў— гэта зусім ні ў якія вароты.

 

Адрадзіць элементарную селекцыю

Пры гэтым нельга сказаць, што айчынная фотажурналістыка цалкам дэградавала. Высокую культуру працы з фота дэманструюць, напрыклад, nn.by, “Салідарнасць”. У нас ёсць свая школа, свае зоркі. Дастаткова назваць Юлію Дарашкевіч, Сяргея Грыца, Андрэя Лянкевіча, Сяргея Гудзіліна, Сяргея Балая — і гэта далёка не поўны спіс сапраўдных майстроў.

* За здымак “Штодзённае жыццё”, на якім адлюстраваны абавязковы прагляд “Панарамы” ў вайсковай частцы, Сяргей Гудзілін атрымаў гран-пры “Прэс-фота Беларусі — 2011”.

Зрэшты, некаторыя з гэтых зорак адышлі ад рэпарцёрства, іншыя працуюць на прэстыжныя замежныя медыі.

Зразумела, адной з праблем ёсць тое, што айчынны медыйны рынак не можа добра аплачваць добрыя фота, рэдакцыям жа вэб-СМІ тым болей не па кішэні высокія ганарары.

Але ў кожным разе ёсць магчымасць датрымліваць этыку пры выкарыстанні ілюстрацый, рабіць іх элементарную селекцыю, паставіць заслон дылетанцкім фоткам, узровень якіх ніжэйшы за плінтус. Лепей меней, ды лепей.

Ілюстрацыя ўверсе: Андрэй Прохараў

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: