ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Сацыёлагаў — да сценкі!

В фокусе

Прызнаюся: я дапускаў, інтуіцыя падказвала, што вынікі чарговага апытання НІСЭПД стануць сенсацыйнымі. І калі ўвечары 21 кастрычніка ў паштовую скрыню зваліўся прэс-рэліз сацыёлагаў (фішкі: яўка на парламенцкіх выбарах аказалася даволі высокай, байкот не атрымаўся), ваш пакорлівы слуга адразу засеў за артыкул.

Матэрыял “Другога народа ў Бруселя для апазіцыі няма” — аналітычны тэкст з экспертнымі каментарамі і аўтарскай пазіцыяй, далёка не ідэальны, але першы па тэме — быў напісаны ўначы і з’явіўся на Naviny.by 22 кастрычніка а 09.08. Пасля чаго аўтар, задаволены быццам слон, зрабіў зарадку і пачаў назіраць, як прачынаюцца калегі.

У першай палове дня на шэрагу рэсурсаў з’явіўся банальны пераказ прэс-рэліза. Традыцыйна бліснуў “Еўрамост”: у каравым пераказе нароблена яшчэ і памылак, кшталту “по итогам пороса” (добра што не “опороса”).

 

Цэбры бруду для мэтра

Потым нарэшце справа дайшла да каментавання. Так, на “Хартыі” з’явіўся тэкст “Віталь Рымашэўскі: Байкот — факт, што бы ні казаў НІСЭПД”.

Назваць сустаршыню аргкамітэта БХД незалежным экспертам тут аніяк не выпадае. Бо хрысціянскія дэмакраты ўваходзілі на парламенцкіх выбарах у байкотную кааліцыю. Натуральна, што лічбы НІСЭПД аказаліся супраць шэрсці.

Не вытрымлівае крытыкі і аргументацыя каментатара — з гледзішча як фактуры (гэта асобная тэма, не будзем на ёй тармазіць), так і этыкі (фактычна сацыёлагам закідаецца хлусня, пры гэтым вылучаецца недаказальная канспіралагічная версія). Аднак іншага меркавання ў тэксце няма.

І пытанне, трэба думаць, не ў тым, што не было да каго звярнуцца. Загваздка ў тым, што сам гэты медыйны рэсурс паслядоўна і нават агрэсіўна падтрымліваў лінію байкоту. Плюралізм меркаванняў, такім чынам, відавочна прынесены ў ахвяру палітычнай ангажаванасці.

Асобная песня — каменты пад тэкстам. На доктара сацыялогіі Алега Манаева, заснавальніка НІСЭПД, выліты цэбры бруднай лаянкі.

Ведаючы, што на сайце існуе прэмадэрацыя, прычым “жастачайшая”, застаецца зрабіць выснову, што серная кіслата абразаў вылітая на паважанага навукоўца абсалютна асэнсавана. І гэта ўжо не плюралізм, а недазволены прыём, грэбаванне прафесійнай ды і проста чалавечай этыкай.

Адна рэч — жорсткая дыскусія з адкрытым забралам. І зусім іншая — бруднае мачылава пры дапамозе сеціўных троляў (у каторых на дзіва стандартны, як пад капірку, стыль). А потым мы — палітыкі, журналісты, лідэры трэцяга сектара, прадстаўнікі мазгавых цэнтраў — будзем сядзець за круглымі сталамі і глыбакадумна разважаць аб кансалідацыі грамадзянскай супольнасці. Глядзець адзін аднаму ў вочы…

 

Баланс “Свабоды”

Зрэшты, праз два дні “Хартыя” трохі выправіла перакос, апублікаваўшы матэрыял “Рымашэўскі: Байкот стаў здабыткам беларускага народа (Відэа)”. Праўда, матэрыял не арыгінальны, а ўзяты з сайта радыё “Свабода”.

Вось “Свабода” падышла да тэмы прафесійна, даўшы слова за сталом сваёй фірмавай “Экспертызы” суразмоўцам з адрознымі пунктамі погляду. Вядоўца Віталь Цыганкоў пры гэтым выступае ўмелым мадэратарам і добрым знаўцам зыходнага матэрыялу, прэзентаванага сацыёлагамі. Адметна, што прадстаўнік “Радыё Свабода”, задаючы няпростыя пытанні, датрымлівае нейтральнасць.

Таксама пастараўся даць паліфанічнае асэнсаванне тэмы Зміцер Лукашук на “Еўрарадыё”. У ягоным рэпартажы атрымалі магчымасць выказацца атакаваны байкатыстамі сацыёлаг Алег Манаеў і аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў.

Тым часам і ваш пакорлівы слуга міжволі ўсё глыбей ўцягваўся ў скандальны сюжэт: звярнуліся па каментары сайты “Заўтра тваёй краіны” ды UDF.by. Паколькі навукоўцаў пляжылі ўжо з розных бакоў, давялося сканцэнтравацца на контраргументах. Аднак разам з тым пастараўся ўзняцца па-над бойкай.

 

Якаснай аналітыкі — з камарову дзюбу

Я не займаюся тут піярам сваіх каментароў (калі карціць, дык ёсць “Фэйсбук”) і не кажу, што яны геніяльныя. А проста хачу завастрыць увагу на тым, што, адштурхоўваючыся ад лічбаў апытання, можна выйсці на асэнсаванне цэлага шэрагу складаных, балючых праблем нашага грамадства, і найперш — праблем яго трансфармацыі, пошуку шляхоў да наспелых перамен.

На жаль, зноў і зноў даводзіцца канстатаваць, што якаснай аналітыкі ў беларускіх медыях — з камарову дзюбу. Часткова шкодзіць палітычная ангажаванасць тых або іншых СМІ. Аднак галоўная хіба — дылетантызм і лянота. Прычым першае наўпрост звязана з другім.

Прыклад — праца з найкаштоўнейшым матэрыялам, што рэгулярна падкідае прэсе той жа НІСЭПД. Мае назіранні паказваюць, што ў большасці рэдакцый абмяжоўваюцца выкалупваннем пары самых эфектных лічбаў з прэс-рэліза аб выніках чарговага апытання. Натуральна, усе хапаюцца за рэйтынг Лукашэнкі: стаіць ці не стаіць, падае ці ўздымаецца?

Далей за гэты дайджэст мала хто ідзе. Хаця праз лічаныя дні пасля яго сацыёлагі гэтай інстытуцыі нязменна выстаўляюць у публічны доступ нізку арыгінальных разгорнутых каментароў да вынікаў нацыянальнага апытання. Удумліваму журналісту — царскі падарунак, найбагацейшая фактура для абоймы артыкулаў.

Аднак праз ляноту нашай медыйнай браціі гэты скарб застаецца ў значнай ступені незапатрабаваным. Некаторыя выданні, праўда, перадрукоўваюць адзін у адзін гэтыя тэксты НІСЭПД, аднак на мой густ гэта ўсё ж спецыфічныя матэрыялы, якія цяжкавата праглытваць масаваму чытачу: шмат табліц, лічбаў.

Найвышэйшы пілатаж — гэта калі высновы НІСЭПД, іншых мазгавых цэнтраў становяцца для журналіста штуршком да стварэння арыгінальных аналітычных тэкстаў — аргументаваных і разам з тым болей лёгкіх, жывых, чым працы даследчыкаў.

 

Плюралізм у адны вароты

Аднак такіх прыкладаў нягуста. Бо каб брацца за гэты масіў матэрыялу, трэба трохі кеміць у сацыялагічнай кухні. Дарэчы, і шырокай публіцы — праз рэмаркі ў артыкулах, асобныя інтэрв’ю з адмыслоўцамі — варта папулярна тлумачыць, як працуюць сацыёлагі. Бо пасля абнародавання вынікаў кожнага апытання ў інтэрнэт-прасторы рэанімуюцца забабоны-дэжавю кшталту: якая сацыялогія ў дыктатуры!

Менавіта так названы матэрыял, што з’явіўся на “Хартыі” ўвечары 24 кастрычніка — “Сацыялогія” пры дыктатуры”.

Гэта апытанка на першы погляд можа здацца данінай плюралізму, але ў выніку высвятляецца, што слова дадзена выключна прадстаўнікам палітычнай апазіцыі, то бок асобам, выразна зацікаўленым у абвяржэнні непрыемных для іх высноў НІСЭПД (эпіграфам можна ўзяць адно з выказванняў: “Гэта казкі і лухта”). Такой вось апрыёрнай гульнёй у адны вароты падборка меркаванняў да болю нагадвае “голас народа” на БТ, калі трэба патаптацца па “пятай калоне”.

А чаму дзеля сапраўднага плюралізму не даць слова камусьці з сацыёлагаў?

 

Крытыка, але не шальмаванне

Дыктатура дыктатурай, але сацыялогія, як і секс, у Беларусі ёсць. У НІСЭПД працуюць профі, якія добра ведаюць, што такое каэфіцыент страху, спіраль маўчання і г.д., умеюць абыходзіць падобныя пасткі за кошт адмысловай методыкі. Пацікаўцеся — і адпадуць многія стэрэатыпы, паменее ахвоты наскокваць на адмыслоўцаў.

Гэта не азначае, што НІСЭПД, BISS ці іншыя мазгавыя цэнтры ёсць святарнымі каровамі. Але крытыка мусіць быць абгрунтаванай, кампетэнтнай, а не лепетам пакрыўджанага дзіцяці ці адвязаным шальмаваннем.

Так, асобныя меркаванні маюць права на эмацыйнасць і спрэчнасць (толькі не за мяжою фолу), аднак увогуле выбудоўваць збалансаванае асвятленне тэмы — з паліфаніяй поглядаў, асэнсаваннем калізіі і выхадам на абагульненне, прагноз, маралітэ — гэта ўжо прафесійная місія журналістаў і рэдакцый. 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: