ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Шведзікі-мядзведзікі: хто апынуўся ў фоташопе

В фокусе

На тле летняга інфармацыйнага бязрыб’я сюжэт з “плюшавым дэсантам” стаў царскім падарункам беларускім анлайнавым і друкаваным медыям. І хоць не хочацца ўжываць лішні раз падзел на “чэсных” і нячэсных”, але ж мушу адразу падкрэсліць: тое, што для недзяржаўнай прэсы — ласунак, для дзяржаўнай у многіх выпадках — забаронены плод. Без адмашкі зверху — ні-ні!

Улады ж адразу паставілі сябе ў дурное становішча: палёт шведаў на аматарскім самалёціку раніцай 4 ліпеня ў абыход грознай беларускай супрацьпаветранай абароны з парога быў абвешчаны правакацыяй і суцэльным фоташопам. І ніякіх цацачных мядзведзікаў на парашутах з цыдулкамі ў абарону дэмакратычных свабод ніхто, маўляў, не скідаў, гэта фэйк.

Такая рыгідная пазіцыя сістэмы загнала на няўдзячны інфармацыйны (ці хутчэй што прапагандысцкі) пятачок практычна ўсю дзяржаўную прэсу. Пазнейшая маленькая адкрутка з боку сілавікоў: маўляў, правяраем інфу — па сутнасці нічога не змяніла, рамка галоснасці для дзяржСМІ не пашырылася.

“Адразу кідаецца ў вочы замоўчванне гэтай гісторыі ў дзяржаўных СМІ. За выключэннем кароткай інфармацыі пра тое, што ідзе праверка паведамленняў пра магчымае парушэнне паветранай мяжы, амаль нічога не было”, - адзначыў у каментары для Mediakritika.by медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі.

Такую ж карціну мы назіралі летась падчас валютнага крызісу і спажывецкага ажыятажу: пакуль ўлада была ў паралічы, дзяржаўныя медыі таксама маўчалі як вады ў рот набраўшы. Ва ўпор не бачылі боек ля абменнікаў ды апусцелых паліц у гіпермаркетах. І толькі пасля таго, як наверсе адважыліся выйсці на раўнаважны курс “зайчыка”, кіраваныя ўладай СМІ хорам запелі пра яе мудрую фінансавую палітыку.

Але вернемся да нашых мядзведзяў. Пакуль чыны ў пагонах і без маўчалі як партызан на допыце, у незалежны друк праточваліся звесткі пра масштабную праверку вайсковых частак (у салдат-назіральнікаў на мяжы з Літвой нібыта нават бінокляў не было), пра заведзеную КДБ справу аб спрыянні незаконнаму перасячэнню мяжы і пачатак адпаведнага хапуну…

У моманты, калі афіцыёз нямее, народ ломіцца на незалежныя сайты, каб даведацца, як яно насамрэч. І гэта выдатны шанец набраць балы, узняць рэйтынгі, пашырыць аўдыторыю. Наколькі яго скарысталі нашы недзяржаўныя медыі, пагаворым ніжэй.

Адзначу толькі, што, бадай, адзінай рэзананснай контрпрапагандысцкай акцыяй з уладнага боку аказаўся каментар блогера Вадзіма Гігіна, што стала піша на сайце ўрадавага агенцтва БЕЛТА.

Ягоныя “Палёты ў сне і наяве” вытрыманыя ў традыцыйным духу адлупу правакатарам. Можна спрачацца, наколькі пераканаўча развянчаныя іх падкопы (на мой погляд, “аффтар ня жжот”), але ж аддамо належнае: Гігін хоць неяк спрабуе раскласці па палічках фактуру, улазіць у канкрэтыку, чым ужо дае спажыву ўдумліваму чытачу.

Звыш таго, аўтар сам палемізуе з апанентамі на форуме, што рэдкасць нават для незалежных сеціўных журналістаў. Іншая рэч, што карэктнасць палемікі пад вялікім пытаннем, нават калі пагрозы даць “бычка па фэйсу” — гэта такі гумар.

Пры ўсім пры тым болей за чатыры сотні каментаў на час напісання гэтых радкоў — “зачотны” інтэрактыў. Сайт БЕЛТА прымагніціў такім чынам зацікаўленую публіку, бадай, у значнай ступені менавіта праз тое, што іншыя дзяржаўныя СМІ проста прынялі страўсіную позу.

Ну хіба што “Белорусская военная газета” ў сваім фірмавым стылі аблаяла “пятую калону” ды яе медыі, якія, маўляў, ні ражна не петраць ў вайсковых справах, а туды ж — лезуць у абмеркаванне. Карацей, калі яны такія разумныя, то чаму шыхтом не ходзяць?

Увогуле ж дзяржаўныя СМІ ў гэтай гісторыі апрыёры былі пастаўлены ў пазіцыю ўпартага адмаўлення: “Гэтага не можа быць, бо не можа быць ніколі”. У такіх сітуацыях асабліва выразна выяўляецца сістэмная хіба падпарадкаванай уладзе прэсы: яна не можа адхіляцца ад генеральнай лініі. Можа вар’іравацца ступень апантанасці, з якой абараняецца афіцыйная версія, але ў любым выпадку — ніякай “отсебятины”!

Недзяржаўныя ж медыі, не абцяжараныя “вертыкальным” табу, адцягнуліся на тэме “шведзікаў-мядзведзікаў”, на першы погляд, па поўнай праграме. Але гэта толькі на першы погляд.

Насамрэч многія слізгалі па паверхні, не напружвалі мазгі і ленаваліся распрацоўваць веер праблем, узнятых скандальным палётам. Як падкрэслівае медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі, “замоўчванне інцыдэнту афіцыйнымі асобамі і супярэчлівая інфармацыя з боку шведаў прывялі да таго, што ў фокусе ўвагі апынуліся сама імавернасць інцыдэнту, а потым — рэпрэсіі да студэнта Інстытута журналістыкі БДУ Сурапіна”.

Сапраўды самастойнага расследавання, мяркуе аналітык, ніхто не ладзіў, але, прынамсі, недзяржаўныя СМІ звярнуліся па каментары як да афіцыйных асоб, так і да ўдзельнікаў акцыі.

Адзначым, што тут асабліва шчыравала “Еўрарадыё”. Журналісты не задаволіліся дазаванымі заявамі прадстаўнікоў Studio Total, а самі выйшлі на тых шведаў і раз-пораз іх церабілі, выпытваючы ўсё новыя падрабязнасці.

Недзяржаўныя медыі спрабавалі разблытваць клубок інтрыгі, знаходзілі новых персанажаў: рыэлтара Башарымава, ягоную дзяўчыну, потым — 16-гадовую жыхарку Івянца Кацю Скурат, якая, магчыма, і даслала здымкі небараку Сурапіну.

Але спробы расследаванняў выглядалі збольшага млява, што асабліва наглядна ілюструе матэрыял на партале ТUT.BY. Тэкст зводзіцца да пераказу не надта ўдалых спроб навесці даведкі праз тэлефанаванні ў Івянец. У выніку чытач так і не атрымлівае адказу на вынесенае ў загаловак пытанне “Па справе Антона Сурапіна затрымана 16-гадовая дзяўчына?”.

Добры той рэпарцёрскі матэрыял, які не ставіць пытанні, а на іх адказвае. Добры той рэпарцёр, што здольны ўлезці ў вушка іголкі, выкалупаць інфу хоць у чорта на рагах. Але ж гэта татальная бяда нашай інтэрнэт-журналістыкі (зрэшты, не толькі інтэрнэт-): львіная доля тэкстаў робіцца без адрыву мяккага месца ад крэсла ў офісе.

Такім чынам, павярхоўны падыход СМІ прывёў да таго, што фокус тэмы неўпрыкмет ссунуўся. “Замест размовы пра салідарнасць з беларускай апазіцыяй гаворка сышла ў зусім іншы бок”, — адзначае Быкоўскі.

Практычна ўсе медыі палявалі на пікантныя акалічнасці гісторыі. Між тым яна дала падставу прааналізаваць цэлы блок сур’ёзных пытанняў. Напрыклад, пра ступень боегатоўнасці так разрэкламаванай высокім начальствам айчыннай СПА.

Гэтую тэму болей-меней адпрацавалі хіба што Naviny.by. У прыватнасці, Віктар Федаровіч у публікацыі “КДБ ідзе па следзе шведскіх мядзведзянят” распавёў пра даўно прыдуманую айчыннымі навукоўцамі малавышынную РЛС “Раса РБ”, якая, пэўна, так і не дайшла да войскаў. А вайсковы эксперт Аляксандр Алесін выступіў з грунтоўным артыкулам “Беларуская сістэма СПА мае патрэбу ў цыраванні”, у якім давёў, што айчынная супрацьпаветраная абарона тэхнічна не заточаная пад малавышынныя цэлі.

Акрамя таго, Naviny.by закранулі ў святле “плюшавага дэсанту” і праблемы вайскова-палітычных дачыненняў між Мінскам і Масквой. Дагэтуль беларускае кіраўніцтва казырала магутным шчытом ад НАТО і патрабавала болей шчодра аплочваць стратэгічныя паслугі. Цяпер жа, наадварот, Крэмль атрымаў козыр: ну што, селі ў галёш? Падпускайце нас бліжэй да сваёй СПА, іначай не будзе толку!

Увогуле ж прыклады паўнавартаснай аналітыкі на “мядзведжую” тэму ў Байнэце можна пералічыць на пальцах. Бальшыня рэсурсаў проста копіпэйсціла навіны сюжэту, мяняючы загалоўкі. Знаёмы стыль!

Наймацней жа ва ўсёй гэтай гісторыі выглядала адна журналісцкая дзея ў рэале — акцыя салідарнасці з Антонам Сурапіным, зладжаная групай ягоных калег. 18 чалавек па чарзе сфатаграфаваліся, трымаючы ў руках мядзведзікаў з парашутамі.

«Вось гэты мішка — яны былі на самой справе — мы яго знайшлі, мы з ім сфатаграфаваліся, мы выклалі фотаздымкі ў сеціва і мы не баімся за гэта сесці на сем гадоў», — сказала “Белсату” фотажурналіст Юлія Дарашкевіч.

Лаканічна, але выразна падала гэты перформанс сеціўная газета “Салідарнасць”. Што не дзіўна: адным з удзельнікаў акцыі быў журналіст гэтага выдання Сяргей Балай. Зрэшты, нават рэдакцыя nn.by паленавалася і выклала на сайце ўсяго толькі перадрук з belsat.eu, хоць на відэа ў якасці ўдзельнікаў перформансу выразна ідэнтыфікуюцца і нашаніўцы.

Увогуле ж “акцыя васямнадцаці” вялікага розгаласу ў айчынных медыях не атрымала. Болей абсмоктвалі тое, што забралі ў Сурапіна пры ператрусе, з якога разу ўзялі для яго перадачу, што сказала ягоная дзяўчына, якую на адны суткі таксама замялі ў “амерыканку”…

Між тым гэтыя 18 прафесіяналаў годна прадэманстравалі, што ў сённяшняй Беларусі незалежны журналіст — болей чым журналіст.

Гаворка не пра тое, каб кідацца на барыкады, як заклікаюць некаторыя палітыкі. Профі мусіць найперш добра рабіць сваю справу. Але ж у пэўных сітуацыях, у прыватнасці, калі калег хапаюць акурат за выкананне прафесійнай місіі (Сурапін першы выклаў сенсацыйныя здымкі), — менавіта грамадзянскі ўчынак, акт салідарнасці можа стаць самым моцным творам супольнасці прафесіяналаў.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: