ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Тэрмінова выдаць журналістам рэвалюцыйныя галіфэ!

В фокусе

Сёння “дзеянні незалежнай, дэмакратычнай журналістыкі неэфектыўныя”, мяркуе вядомы грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч, які ўзяўся за няўдзячную місію яднання праціўнікаў рэжыму. Акурат у ідэалагічнай вайне супраць рэжыму спадар Мацкевіч бачыць місію незалежных СМІ.

 

“Незалежны” як абраза

“Часта сродкі — чалавечыя сілы, таленты і арганізацыйныя намаганні — марнуюцца дарэмна, ствараюцца дробныя незалежныя сайты, газеты, радыёстанцыі за мяжой, нават тэлекампанія, — цытуе Мацкевіча Eurobelarus.info. — Але ўсе яны дзейнічаюць паасобку, усе яны дзейнічаюць не ў межах PR-а, а ў межах павярхоўнага ўяўлення пра журналістыку як пра аб’ектыўнае інфармаванне без таго, каб удзельнічаць у ідэалагічнай, светапогляднай вайне ў барацьбе з рэжымам”.

Са свайго боку, папракае журналістаў за ўхіленне ад палітычнай барацьбы адзін з лідэраў хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі: З яго гледзішча, тут рэгрэс, няма таго, што раньш было: “Прынцып 90-х: “калі ты сапраўдны журналіст, навуковец, бізнэсовец, вайсковец, — то ты і палітык, бо нясеш адказнасць за сваю краіну (такім быў Васіль Быкаў і многія іншыя). Прынцып 2012-га: “калі ты сапраўдны журналіст, навуковец, НДО-шнік... — то ты не палітык, бо “незалежны”.

Гэта не адзіны прыклад, калі слова “незалежны” апазіцыйныя дзеячы вылучаюць грэблівымі двукоссямі, здзеклівай інтанацыяй, гэтак сама як правадыр афіцыйны грэбліва кажа пра “свядомых”.

 

Мёртвы хапае жывога

Некалькі гадоў таму падобным чынам бэсціў недзяржаўныя медыі палітык Аляксандр Бухвостаў. Даводзіў, што калі тыя, “прыкрываючыся нібыта сваёй прынцыповасцю”, крытыкуюць апазіцыю, то дэ-факта працуюць на ўладу.

“Відавочнай ёсць патрэба ў газетах ды іншых выданнях, што неслі б у масы ідэалогію АДС, ідэалогію адзінства ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю, сацыяльныя правы ды гарантыі. Мусіць быць партыйная прэса і журналісты. У нас сёння адна партыя — АДС”, — зазначаў чарговы ментар.

Спадар Бухвостаў, а сёння ваша супермегапартыя дзе? У Карагандзе. Патанула дзіравая пасудзіна. Дык не трэба разам з вашымі партыямі-рухамі-кааліцыямі цягнуць на дно прэсу, спрабуючы зрабіць з журналістаў рабоў на палітычных галерах.

Зараз вось абвяшчаецца павярхоўным разуменне журналістыкі як аб’ектыўнага інфармавання. Тады давайце закляймуем кампанію БелаПАН, якая вызнае міжнародныя стандарты інфармацыйнай журналістыкі. Давайце пераробім БелаПАН у “Хартыю” №2. А таксама створым №3, №4, №5. Выдадзім усім журналістам чырвоныя рэвалюцыйныя галіфэ і — на фронт. Паставім ззаду кулямёт і будзем расстрэльваць дэзерціраў.

Толькі дзе, скажыце, будуць браць інфу для далейшага заточвання супраць ненавіснага рэжыму тыя змагарныя рэсурсы? Сёння яны, як рэжым на нафтавай трубе, сядзяць на прафесійна зробленай белапанаўскай навіновай стужцы. Прысабачваюць радыкальныя загалоўкі і такім чынам наносяць магутныя ўдары па дыктатуры.

Свайго кантэнту — з камарову дзюбу. Няма калі здабываць: дзень і ноч кляймуюць! А мо і не надта умеюць здабываць. А мо і грэбуюць. Яны ж змагары, а не чорная костка, што цягне лямку прымітыўнай “журналістыкі як аб’ектыўнага інфармавання”.

 

Гарматнае мяса для апазіцыйных стратэгій

За ўсім гэтым ментарствам палітыкаў стаіць па вялікім рахунку непрызнанне журналістыкі як прафесіі. Пры тым што яна мае сваю тэорыю, тэхналогію, этыку. Стваральнікаў медыйнага кантэнту раз за разам хочуць зрабіць ідэалагічнай абслугай, падносчыкамі снарадаў.

Ад такога падыходу цярпяць не толькі журналісты. Дзяўбуць НІСЭПД, бо выдае лічбы, каторыя апазіцыйным дзеячам не пад нос: іх рэйтынгі мізэрныя, а яўка, халера, большая, чым хацелася б. Дзяўбуць аналітыкаў BISS, каторыя не падзяляюць геніяльную схему “санкцыі — крызіс — гронкі народнага гневу — нас уносяць на руках на Карла Маркса, 38”.

Карацей, дзяўбуць і раз-пораз спрабуюць пашыхтаваць тых профі, што робяць справу, не зважаючы на кан’юнктуру, зыходзячы з канонаў свайго рамяства.

Увогуле, калі глядзець шырэй, бяда ладнай часткі дзеячаў тытульнай апазіцыі (і тых грамадскіх дзеячаў, што прымерваюць палітычную тогу) ў тым, што яны глядзяць на грамадзянскую супольнасць, улучна з журналісцкім цэхам, як на нейкую недаразвітую апазіцыю, сыраваты чалавечы матэрыял, патэнцыйнае гарматнае мяса для сваіх стратэгій. А потым крыўдзяцца, калі іх з рознай мерай ветлівасці пасылаюць…

І вось чарговы раз журналістаў мабілізуюць на вайну.

“Гэта дастаткова стары погляд, які сягае яшчэ да часоў працы Леніна “Партыйная арганізацыя” і партыйная літаратура”, — зазначыў у каментары для Mediakritika.by медыйны аналітык Паўлюк Быкоўскі. — Журналістыка разглядаецца чыста інструментальна, як інструмент барацьбы”.

Ён дадае, што “ўсе мы выйшлі з савецкага шыняля”, і таму адпаведная канцэпцыя сядзіць у падкорцы нават тых персонаў, што трымаюцца дастаткова ліберальных поглядаў.

 

Чым болей рупараў — тым хутчэй лясне рэжым?

Сапраўды, функцыя прэсы — не толькі інфармаванне. Акрамя журналістыкі фактаў, існуе журналістыка меркаванняў — аналітыка, публіцыстыка. Аднак сумленны аналітык, зноў жа, мае на мэце не мачыць ворага з усіх ствалоў, а даследаваць тэму. Можа, напрыклад, прыйсці да высновы, што рэжым нейкую кампанію зладзіў удала, а вось ягоныя апаненты зноў бяздарна правалілі, павяліся на вуду, рассабачыліся і г.д.

З гледзішча канцэпцыі татальнага антырэжымнага піяру такі аўтар, мусіць, страляе ў спіну змагарам. Дык давайце налепім яму на лоб ярлык калабаранта, агента.

Некаторыя палітыкі фактычна так і робяць следам за форумнымі тролямі. Замест таго, каб асэнсаваць: у прэсы і палітыкаў — розныя місіі.

Naviny.by даюць інтэрв’ю і з Някляевым, і з Ярмошынай, і з Гайдукевічам-малодшым. З тымі, хто апынаецца ў фокусе. Падчас мінулай парламенцкай кампаніі на гэтым рэсурсе атрымлівалі трыбуну і “байкатысты”, і “даканечнікі”. І добра, што ёсць такая плюралістычная пляцоўка. Пры тым што, заўважце, гэта не кіслы вінегрэт, а выданне з пэўнай лініяй.

Паверце, прафесіяналы самі ведаюць, як рабіць рэжысуру СМІ. Не трэба апранаць іх у рэвалюцыйныя галіфэ. Не трэба перакоўваць нармальныя выданні ў рупары, думаючы, што гэта дапаможа хутчэй зваліць рэжым.

І дробныя сайты патрэбныя на сваёй дзялянцы — моладзевай, экалагічнай, культурніцкай і г.д. Невядома, ці будзе калі тая рэвалюцыя (можа, і лепей, каб не было), а вось культура з экалогіяй патрэбныя адназначна.

Канцэпцыю ж стварэння нейкага антырэжымнага супервыдання (ці некалькіх мегарэсурсаў) замест распылення сіл ды сродкаў выказвалі і раней. Аднак, па-першае, “СБ наадварот” ці “БТ наадварот” — гэта апрыёры правальныя праекты з гледзішча самой канцэпцыі. Па-другое, многія журналісты (прычым найболей таленавітыя) не захочуць ісці ў такі калгас.

Так, і медыйны працаўнік ёсць грамадзянінам. Ён мае права на пазіцыю. Дыстыляванай журналістыкі няма. Але на нейкай стадыі трэба выбіраць: або ты палітычны ваяр, або ты журналіст. Сумяшчаць звычайна атрымліваецца кепска. Акурат барыкадная журналістыка дэфармуе, псуе прафесіяналізм. Некаторыя ультрарэвалюцыйныя рэсурсы гоняць той самы прапагандос, што і дзяржСМІ, толькі з супрацьлеглым знакам.

Дарэчы, як паказвае тэлеманіторынг на Mediakritika.by, шмат якія навіновыя сюжэты “Белсата” таксама грашаць аднабокасцю, маюць прыкметы палітычнай замоўнасці. І з гледзішча прафесійнага цэха праблема акурат у тым, каб выправіць перакос. Хай “Белсат” лепей стане нашым беларускім Бі-бі-сі, чым “БТ навыварат”.

 

Не мяшайце боб з гарохам

Так, “Белсат” фінансуецца польскім урадам, “Радыё Свабода” — амерыканскім Кангрэсам, шэраг іншых медыяў маюць падтрымку ад замежных інстытуцый. Але было б глупствам пры гэтым патрабаваць працы не паводле прафесійных стандартаў, а ў парадыгме ідэалагічнага змагання.

Не кажучы пра тое, што такі падыход лье ваду на млын афіцыйнай прапаганды, якая і так дзяўбе: вось, пятая калона з падачы Захаду вядзе супраць нас інфармацыйную вайну.

Так, піяр мусіць быць. Аднак жа, спадары палітыкі, не мяшайце боб з гарохам, не блытайце піяр і журналістыку. Калі ласка, распрацоўвайце медыйныя планы, інфармацыйныя кампаніі ў сваіх партыйных, кааліцыйных штабах, грузіце гэтай місіяй свае прэс-службы, прыцягвайце піяр-фірмы. Хоць лорда Бэла наймайце.

Палітыкам, грамадскім дзеячам трэба вучыцца мастацтву камунікацыі з прэсай, у тым ліку і праз кампетэнтных пасярэднікаў. Але рэфрэны кшталту “мы ў адной лодцы” — няслушныя.

Журналісты, у сваю чаргу, “мусяць супрацьстаяць маніпуляцыям і паказваць грамадству тое, што ёсць, а не тое, што хоча накінуць палітык”, мяркуе Паўлюк Быкоўскі.

Айчынныя СМІ і так хворыя на савок. Як дзяржаўныя, так і многія недзяржаўныя. Бяда акурат у тым, што і там, і там аж зашкальвае змагарнасць і страшэнны дэфіцыт якаснай журналістыкі.

Мо годзе ўжо прыраўноўваць пяро да штыка? Ці ў рэаліях ХХІ стагоддзя — клаву да кнопкі ядзернай вайны з рэжымам.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: