Вы здесь

Традыцыя “Твайго Стыля” – беларускамоўнасць

Интервью

Гарадзенскі рэсурс “Твой стыль” – праект, які, у асноўным, стварае моладзь, выпускнікі мясцовай Школы маладога журналіста. Пра тое, чым жыве маладое выданне, на каго абапіраецца і да чаго імкнецца, Mediakritika.by распавёў рэдактар выдання, журналіст і перакладчык Аляксей Шота.

Аляксей, што адрознівае “Твой стыль” ад іншых мясцовых сайтаў і інфармацыйных праектаў?

Думаю, гэта наш чытач – чалавек цікаўны, малады (не абавязкова біялагічна, але, перадусім, у душы), па жыцці ці проста эмацыйна звязаны з Гародняй і Гарадзеншчынай, які разумее  па-беларуску. Хаця, адзін француз нас неяк чытаў праз Гугл Транслэйт.

Я глыбока перакананы, што “Твой стыль” – чытво “не для сярэдніх розумаў”. У тым сэнсе, што гэты сайт, усё ж такі, трэба хацець чытаць, гэта ж не плёткі нейкія, каб забіваць імі час на працы. І мяне цешыць, што нашая аўдыторыя расце. Паволі, пакрысе, з месяца ў месяц, але стабільна павялічваецца. Значыць, камусьці цікава чытаць добрыя тэксты на непапулярнай мове. Калі б яшчэ толькі нашыя чытачы не саромеліся каментаваць, гэтак хочацца часцей бачыць дыскусіі пад артыкуламі!

Мы адрозніваемся не толькі ад іншых гарадзенскіх выданняў, але і ад беларускіх тым, што ставім перад сабой складанае заданне: быць адначасова прафесійным СМІ і пляцоўкай для практыкі  маладых журналістаў. Доўгі час, калі я яшчэ не быў рэдактарам, мне падавалася гэта вялікай слабасцю, аднак зараз мы дасягнулі такога ўнутранага балансу, які не шкодзіць ані навучанню моладзі, ані развіццю сайта як прафесійнага СМІ.

Ну, а калі казаць пра адрозненні менавіта ад гарадзенскіх СМІ, то хто яшчэ ў нас піша пра канцэрты ўсякіх вайцюшкевічаў-вольскіх, пра пераслед выкладчыкаў ва ўніверсітэце, хто адсочвае адначасова літаратурнае, рэлігійнае жыццё і піша пра ЛГБТ-супольнасць, час ад часу разбаўляючы гэта крытычным позіркам на тэатр, кіно? І пры ўсім гэтым не забываецца пісаць пра аварыі і наркатрафік, экалогію і камунальныя паслугі, надвор’е, краязнаўства і кошты на мяса? Можа быць, мы наогул самы ўніверсальны рэсурс у гэтым горадзе?

А як уплывае аўдыторыя на само выданне?

Мы змяняемся, аднак ніколі не робім зменаў дзеля зменаў. Усе змены дакладна абдумваюцца, дыскутуюцца ў рэдакцыі, можа часам і занадта доўга і марудна. 

Аўдыторыя ўплывае на нас перадусім такім чынам, што нашыя чытачы пачынаюць для нас пісаць або, што бывае часцей, нашыя колішнія аўтары не пакідаюць нас назаўсёды, але пераходзяць у групу сталых чытачоў. Калі з імі падтрымліваць кантакт, дык непазбежна пачуеш прапановы па зменах!

Іншы прыклад – тое, як мы сябе пазіцыянуем. Мы “моладзевае выданне якое робяць гарадзенцы для гарадзенцаў”. Але разам з тым, 25-30% нашых чытачоў жыве за мяжой, а сярод беларускіх наведвальнікаў каля 25% з Мінску. Калі гэта гарадзенцы, якія больш-менш стала жывуць там, – гэта адна справа, калі гэта наогул  не гарадзенцы, то інтэпрэтаваць гэтыя лічбы трэба зусім інакш. Я, канешне, схіляюся да першага тлумачэння. Цешыць, што нашыя людзі, нават будучы далёка ад роднага горада, актыўна цікавяцца яго жыццём.

Яшчэ мы бачым сябе як “моладзевае выданне, якое піша пра тое, што нам самім цікава”. Нашая аўдыторыя не самая вялікая, мы маем той камфорт, каб многіх ведаць  асабіста, каб пісаць пра тое, што мы лічым важным.

Ну, і каб разабрацца канчаткова, скажу пра “моладзевасць”. Нядаўна сур’ёзна абмяркоўвалі, што ж гэта значыць, бо ў разуменні некаторых – гэта прымітыўна-цінэйджэрскія штучкі для людзей 15-17 гадоў. На шчасце, мы падыходзім да справы ўзросту рэалістычна: проста лічым, што людзі да 18 гадоў анічога не чытаюць, акрамя сцяны “вКонтакте”, таму і няма патрэбы для іх пісаць. Зарэшты, гэта было б смешна: нашаму аўтару, чалавеку, якому 25 ці 30, ці яшчэ больш год, пісаць штосці ў такім духу –вычварэнства.

А ці ёсць у ваша выдання нейкія адмысловыя традыцыі?

Не ведаю, ці можна казаць пра традыцыі выдання, якому толькі пяць гадоў. І што такое традыцыі? У нашым выпадку гэта, мусіць, беларускамоўнасць. Былі, канешне ж, дыскусіі пра тое, каб зрабіць прынамсі частку кантэнту па-руску, дубляваць нейкія матэрыялы, бо зразумела, што шукае лакальных гарадзенскіх навін на беларускай мове не так шмат людзей, і руская мова дакладна ўзняла б наведвальнасць. Але, з іншага боку, мы - не тыповае навіннае выданне. Прынамсі я так бачу “Стыль” і я, як рэдактар, не працую на большую колькасць актуальных навін. Мне значна цікавейшымі падаюцца грунтоўныя, праблемныя тэксты, інтэрв’ю, дыскусіі, агляды, матэрыялы з падарожжаў. Таму я ўжо нават перастаў лічыць канкурэнтам такі сайт як s13.ru. Ну, што ў нас агульнага, акрамя геаграфіі?

Чаго б хацелася дасягнуць, дык гэта пашырыць нашую даволі вузкую “стылёвую” тусоўку, каб традыцыяй сталі добрыя, цесныя, сяброўскія сувязі з чытачамі. Каб традыцыйнай стала нашая прысутнасць у афлайне. Я перакананы, што гэта перспектыўны шлях пашырэння аўдыторы і стварэння сапраўднага брэнду. Што я хачу ўсім гэтым сказаць: паўстанне рэальных традыцый у нас яшчэ наперадзе. Хацелася б, каб яны былі жывымі, сапраўднымі, а не фармальнымі.

І ўсё ж такі, у чым ваш сакрэт прыцягнення моладзі да беларускамоўнага выдання?

Я перакананы, што нікога нікуды нічым не прыцягнеш, акрамя як якасным зместам і добрай, зручнай падачай. Пакуль у нас здараюцца часам промахі і ў адным, і ў другім складніку, але агулам з абедзьвумя справамі спраўляемся годна. Хапае ідэй, якія варта ажыццявіць, але на ўсё проста не хапае часу. Трэба ўлічыць наш зусім невялікі “штат” людзей, ад якіх я магу штосьці патрабаваць, а не прасіць.

А чытаць па-беларуску – гэта пытанне звычкі. Людзі будуць чытаць, асабліва, калі пісаць пра іх саміх. Людзі любяць чытаць пра людзей, думаю, больш, чым пра мяса ці камунальныя паслугі. Ніякіх адмысловых танцаў з бубном і шаманства для прыцягнення аўдыторыі мы не робім, акрамя таго, што робім якасна сваю працу. Калі гэта не прыцягвае чытачоў, то які ўжо сэнс гуляцца ў SEO ці сацыяльныя сеткі?

І якія планы на будучыню ў "Стыля"?

Планы на будучыню – працаваць якасна, больш аператыўна, больш мультымедыйна, больш афлайнава, з большай колькасцю аўтараў і тэмаў. Магчыма, адновяцца некаторыя рэчы, якія мы, на жаль, страцілі, кшталту кінааглядаў ці радыйнай часткі сайта (але ў нейкім новым выглядзе). Ну, і абновім візуальны бок сайта, усё ж ён не змяняўся ўжо больш за тры гады. Наогул, заходзьце на “Стыль” і сачыце за зменамі!

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: