Вы здесь

У адзінага польскамоўнага выдання Гродна праблем хапае

Интервью

Галоўны радактар адзінай польскамоўнай газеты на Беларусі,  “Глос з-над Нёмна на выгнанні” Гражына Шалкевіч распавяла  Mediakritika.by пра праблемы свайго выдання, чытачоў і тое, чаму яны не адмаўляюцца ад выгнанага з легальнай беларускай медыяпрасторы выдання.

- Нашая газета выдаецца пры Саюзе палякаў на Беларусі, таму і асноўнай тэматыкай выдання з’яўляюцца палякі  і іх жыццё у нашай краіне. Жыццё ва ўсёй яго разнастайнасці: ад культурніцкіх імпрэзаў да палітычных падзей.  Гэтыя апошнія часам даюцца нам ўзнакі. Тым больш, што выданне не зарэгістраванае на тэрыторыі Беларусі,  таму сутыкаемся і з праблемамі распаўсюду.

- Акрамя ваша “Глосу..” ёсць жа яшчэ і другі, зарэгістраваны. Якія адносіны з канкурэнтамі?

- З-за адсутнасці фінансавання дзяржаўнае выданне “Глосу з-над Нёмна” не выдаецца зараз. То канкурэнцыі няма, як няма і інфармацыі ў людзей. Бо зусім нядаўна ў нас канфіскавалі некалькі нумароў выдання. І сталася так, што палякі Гарадзеншчыны не атрымалі ані інфармацыі ад дзяржаўнага выдання, ані ад нас. І гэта засмучае.

-  Але, калі выданне ўсё ж даходзіць да чытача, ці ўсё ў ім вас задавальняе? Ці маглі б рабіць лепш?

- Канешне, задавальняе далёка ня ўсё, але на гэта ёсць шмат аб’ектыўных вонкавых прычынаў. Атрымаць нейкія каментары ад афіцыйных асобаў мы, на вялікі жаль, ня можам з прычыны адсутнасці афіцыйнай рэгістрацыі. Гэта ж як “чырвонае святло” для мясцовых чыноўнікаў. Акрамя таго, часам мы робім актуальныя артыкулы аб нейкіх акцыях, здарэннях, нейкіх “несанкцыянаваных”, як у нас прынята казаць, мерапрыемствах. А вось праілюстраваць іх бывае няма чым. І не таму, што не маем фатографаў, а таму што затрыманні на такіх акцыях сталіся амаль нормаю, а там, дзе затрыманне, засёды ёсць патрабаванне выдаліць здымкі… Вось і выходзяць такія “сляпыя” артыкулы.

- Але ж у вас склалася пэўная аўдыторая, якая нягледзячы на ўсе недахопы чакае кожны нумар газеты. Хто ён - чытач “Глосу з-над Нёмна на выгнанні”?

- Па-першае, ён, зразумела, паляк. Хутчэй за ўсё – чалец Саюзу Палякаў на Беларусі. Выбірае нас, бо ведае, што на старонках газеты заўсёды знойдзе інфармацыю пра важныя і актуальныя падзеі з жыцця польскай меньшасці на Беларусі. Ён любіць сваю культуру і сваю мову. І аддае перавагу нашаму выданню яшчэ і таму, што на польскай мове ў краіне выдаюцца яшчэ толькі некалькі рэлігійных газетаў. Гэтая павага да сваіх каранёў – нашае выратаванне. Толькі ўявіце сабе, нашую газеты нельга набыць у шапіку, яе немагчыма выпісаць дахаты, мы ня можам адкрыта прадаваць яе на вуліцах, але ж неяк распаўсюджваем 3 тысячы экземпляраў газеты. Пры гэтым нам дакладна вядома, што людзі ня проста самыя чытаюць газету, але і іншым перадаюць. Так бы мовіць ідзе “Глос…” з рук у рукі, з дому ў дом.

- Як ты думаешь, калі б у газеты была магчымасць легалізавацца, які б мог быць яе наклад?

- Нават не ведаю,  але хіба што павялічыўся бы. Спадзяюся на гэтае. Бо палякаў на Беларусі шмат. Былі б легальнымі, упэўненая, нас бы чыталі не толькі чальцы СПБ. Але гэта пакуль што толькі мара. Таму, каб пашыраць аудыторыю, мы сталі больш займацца сайтам газеты, каб яе чыталі людзі як у краіне, так і за мяжою. Акрамя таго, робім адмысловую радыёпраграму, ствараем сваю праграму на тэлеканале “Белсат”. То бо шукаем розныя шляхі, каб распаўсюджваць інфармацыю пра жыццё польскай меншасці на Беларусі і пераадольваць тыя цяжкасці, якія пакуль што ня можам змяніць.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: