ОБ АВТОРЕ

Окончила факультет журналистики БГУ, Высшую школу журналистики им. М. Ваньковича в Варшаве.

Работала корреспондентом в "Газете Слонімскай", журналистом в онлайн-проекте Ximik.info, была автором и ведущим программы "Асабісты капітал" на телеканале "Белсат".

С 2010 года  координатор кампании ОО "Белорусская ассоциация журналистов" - "За якасную журналістыку".

Член Правления БАЖ.

Руководитель проекта Mediakritika.by

Вы здесь

У Беларусі агрэгатары зарабляюць болей, усе астатнія – нічога

Интервью

Інтэрнэт у сучасным беларускім грамадстве адыгрывае ўсё болей значную ролю. Уплывае ён, безумноўна, і на беларускія медыі. Адныя з якіх сваёй прысутнасцю ў Сеціве “адзначаюць” уласную тэрыторыю, іншыя – спрабуюць развіваць там уласны бізнэс, бяручы за яго аснову новыя тэхналогіі і вечныя законы.

Mediakritika.by распытала журналіста і медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага пра сучасныя тэндэнцыі развіцця Інтэрнэт-СМІ, праблемы манетызацыі кантэнту і узаемаадносіны журналістаў з іхняй аўдыторыяй.

Пра манетызацыю медыяў і адносіны з аўдыторыяй

Адной з галоўных праблем Байнэта медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі лічыць адсутнасць канкурэнтаздольнасці беларускіх рэсурсаў:“Беларускім кампаніям сёння вельмі складана зарабляць грошы так, каб Інтэрнэт прыносіў прыбытак і, адпаведна, інвестыцыі ў Інтэрнэце давалі плён”.

З гэтага, на думку эксперта, узнікае іншая праблема: за кошт чаго існуюць Інтэрнэт-рэсурсы?

“Як правіла, яны існуюць за грошы з па-за межаў выдавецкага бізнэса, ці за грошы, якія ахвяруюцца з выдання прынт-версіі, і таму вялікага прагрэсу ў развіцці Інтэрнэт-СМІ ў бліжэйшай перспектыве мы проста не ўбачым”.

 “Грошы, якія прыходзяць у медыі не з бізнэсу, якія не даюцца ім на ўмовах бізнэсу, са стварэннем адмысловага бізнэс-плану, ацэнкаю эфектыўнасці і гэтак далей, у значнай ступені разбэшчваюць, - адзначае Паўлюк Быкоўскі. - Якія б карысныя і правільныя ідэалы такім чынам не дасягаліся, у любым выпадку ўзнікае сітуацыя, калі губляецца аўдыторыя, для якой гэта робіцца”. 

Так і рэдактары, і журналісты трапляюць у сітуацыю, калі рэферэнтнай групай для іх з’яўляюцца не чытачы і гледачы, а палітыкі, эканамісты, чыноўнікі, з якімі ім цікава размаўляць. Медыяэксперт адзначае, што калі чытачы не ўплываюць сваім рублём на тое, што адбываецца ў медыях, адлюстраванне рэчаіснасці ў іх скажаецца.

“Менавіта таму, грошы, якія ідуць з няпрофільнага бізнэсу, ці грошы, якія атрымліваюцца ад донараў, не заўсёды з’яўляюцца правільным адказам на праблемы. Гэта можа быць часовай дапамогай, але ні ў якім разе не назаўсёды.Акрамя таго, усе донарскія праекты  існуюць ад часу да часу і паступова выгараюць. І таму выданні, якія існуюць на дапамогу, раней ці пазней сутыкаюцца з тым, што адныя дапамагатыя сыходзяць, а іншыя – маюць іншыя прыярытэты. Такім чынам, гэтыя медыі ідуць яшчэ далей ад свайго чытача, рэагуючы на каньюнктуру фандрэйзінга”.

Другі момант, які адзначае Паўлюк Быкоўскі: паколькі гэтыя праекты на прамую не звязаныя з наведваннем, ці паказчыкам колькасці аўдыторыі, то гэта не ўплывае на прыняцце адміністрацыйных рашэнняў.

І трэці аспект праблемы: толькі рэкламадаўцам цікавы пэўная кантэнтная аудыторыя.

“Калі яны хочуць прадаваць аўтамашыны, у іх ёсць сайт “Аўтамалінаўка”, ёсць  TUT.by, ёсць Onliner.by, астатнія для іх не цікавыя ў Інтэрнэце”, - адзначае медыяэксперт.

Пра сацыяльныя сеткі і люстэркі друкаваных выданняў

Але акрамя пытанняў бізнэсу, ёсць у анлайн-СМІ і праблемы кантэнту, формаў узаемадзеяння з чытачамі, адмысловых “правілаў гульні” з аўдыторыяй. Асабліва гэта тычыцца маладых людзей, якія праводзяць у Інтэрнэце шмат часу, але не жадаюць увесь гэты час чытаць вялізныя артыкулы, прыдатныя толькі для друкаванай версіі выдання.

“Маладыя людзі сёння актыўна карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі. І тут узнікае праблема, як пераканаць людзей, якія пішуць вялікія тэксты, ці робяць вялікія ток-шоу, што гэта не той фармат, які цікавы ў інтэрнэце?  Кожны хоча, як артыст у тэатры, сыграць пэўную ролю ў шэкспіраўскай п’есе, ёсць пэўныя стандарты прафесіі, на якія раўняюцца. Але ж стандарт для сацыяльных сетак вельмі лаканічны і моцна адрозніваецца ад таго, што хацелі б рабіць журналісты”, - гаворыць Паўлюк Быкоўскі.

“Хто арыентуецца ў гэтым рынку?  Я б, найперш, сказаў, што гэта «Комсомольская правда» в Белоруссии». Іхняя бізнэс-мадэль уключае працу ў сацыяльных сетках. І я бачу, што яны робяць гэта дастаткова актыўна. Астатнія з большага проста транслююць свае RSS-стужкі, даюць спасылкі на тэксты, напісаныя не для інтэрнэт-аудыторыі”.

“Калі нам ужо добра вядома, што ў друкаваных медыях на ўспрыняцце чытачом інфармацыі працуюць і загаловак, і лід, і здымак, то ў Інтэрнэце ў чытачоў значна меньш магчымасцяў. Акрамя таго яны не вельмі добра арыентуюцца, дзе ўвогуле зараз знаходзяцца, не бачаць рубрыку і г.д. І калі людзі працуюць у фэйсбуку на старонцы свайго выдання, то ім часам прыходзіцца альбо перепісваць загалоўкі, або нічога не рабіць, бо начальства ўсё роўна не ведае, што трэба рабіць”.

Між тым, як адзначае медыяэксперт, зараз ужо з'явіўся трэнд, калі “самыя жывыя выданні” зразумелі, што трэба працаваць у Фэйсбуку і іншых сацыяльных сетках.

“Яны падводзяць чытачоў да публікацый, робяць пэўныя анатацыі на той мове, якую чытае і разумее гэтая аўдыторыя”.

“Калі ж браць тэксты на саміх сайтах, то яны, пераважна, застаюцца люстэркамі друкаванага нумара. І нават, напрыклад, на той жа “Нашай Нівы”, дзе спачатку робіцца інтэрнэт-версія, а потым – друкаваны нумар, інтэрнэт-версія шмат у чым нагадвае друкаваны нумар, бо загалоўкі цікавыя, гульнёвыя, але калі на іх глядзіш праз RSS-стужку, то вельмі часта яны не зразумелыя”.

Пра выкарыстанне інфармацыі з сацыяльных сетак і журналісцкую этыку

Між тым, карыстаючыся сацыяльнымі сеткамі, журналісты нярэдка трапляюць у этычную пастку. Інфармацыі там процьма, а вось, якую і ў якім выпадку можна класці ў аснову сваіх артыкулаў, ці перадачаў, далёка не заўсёды зразумела. Як і не зрзумела наогул, ці могуць сацыяльныя сеткі быць вартымі даверу крыніцамі, на якія журналіст мае права спасылацца?

Тое, што прысутнічае ў публічным доступе, па меркаванню Паўлюка Быкоўскага, цытаваць і перадрукоўваць можна.

«Гэта сусветная практыка, але людзі, якія не вельмі абазнаныя ў працы благасферы і сацыяльных сетак, не заўсёды звяртаюць увагу на статус допісу – публічны ён, толькі для сяброў ці нейкі іншы. Асабіста я, калі  мне даводзіцца пісаць аглядныя матэрыялы пра блогі ці сацыяльныя сеткі, заўсёды сутыкаюся з праблемаю, што ў мяне вельмі шмат сяброў і часам складана адразу адфільтраваць, што з допісаў было «толькі для сяброў». Прыходзіцца пераглядаць, запытвацца аўтара, ці ён сам разумеў, што піша гэта для ўсіх».

«Ёсць людзі, якія маюць пэўны статус, часам у сацыяльных сетках  яны дазваляюць сказаць сабе тое, што для журналіста можа быць вельмі смачным, але яны не ўяўляюць сабе, што менавіта зрабілі. І паколькі я больш імкнуся да якасці матэрыялу, чым да жаўцізны, і, акрамя таго, разумею, што чалавек можа зрабіць памылку, я вельмі  часта перапытваю гэтых людзей. Я не кажу, што гэта стандарт і што толькі так трэба рабіць, але для сябе я такую выснову зрабіў»

«Калі ж чалавек кажа, што ён памыліўся і допіс не быў публічны, я магу яго ці проста не ўжываць, ці пераказаць сваімі словамі, спаслаўшыся на ананімную крыніцу».

Пра абарону аўтарскіх правоў і спрошчаную журналістыку

Аўтарскія правы і бясконцыя некарэктныя перадрукоўкі – яшчэ адна праблема сучаснай беларускай журналістыкі. У анлайне яна выглядае яшчэ больш маштабнай, чым у традыцыйных медыя.

“Сітуацыя хваравітая. Сёння рынак атручаны тым, што вельмі мала эксклюзіўнай інфармацыі і вельмі шмат ці плагіяту, ці кампіляцыі, ці агрэгацыі навінаў. Ва ўсім свеце ёсць канкурэнцыя паміж стваральнікамі ўнікальнага кантэнту і агрэгатарамі. Агрэгатары зарабляюць болей. І ў Беларусі агрэгатары зарабляюць болей, але ўсё астатнія не зарабляюць нічога. Яны могуць ці мець грошы, ці не мець іх, але гэтае не звязанае са стварэннем унікальнага кантэнту. Таму яны ў гэтым асабліва і не зацікаўленыя”, - лічыць Паўлюк Быкоўскі.

“Зразумела, што большасць рэдакцый мае вельмі абмежаваны бюджэт, у выніку чаго яны не тое, што расследванні праводзіць ня могуць, але і ўвогуле рабіць нармальныя журналісцкія матэрыялы. Таму шмат якія журналісты нікуды не ходзяць, бяруць па тэлефоне і скайпе каментары да таго, што пішуць інфармацыйныя агенцтвы”.

“Увогуле, журналістыка ў нас зводзіцца да рэпарцёрства інфармацыйных агенств і да збора каментароў ад  экспертаў па тэмах, якія падкідваюць інфармацыйныя агентствы. Зразумела, што гэта далёка не ўвесь спектр, які мусіць даваць журналістыка. Але ж чытач мае права спадзявацца атрымаць эксклюзіўныя навіны. З гэтай пасткі трэба выходзіць”.

Больш за ўсё абаронай сваіх аўтарскіх правоў зацікаўленыя, на думку Паўлюка Быкоўскага, вытворцы ілюстрацый, фотажурналісты і аператары.

“Мне падаецца, што яны могуць быць першымі, хто зробіць некалькі гучных працэсаў на гэты конт. Не абавязкова судовых працэсаў, але сёння ёсць тэндэнцыя да таго, што гэтыя журналісты змогуць падняць гучны лямант у сувязі з абаронаю свайго візуальнага прадукту”.

З іншага боку, журналістам і выдаўцам, па меркаванню медыяэксперта, трэба памятаць і пра аўтарскія правы іншых людзей і медыяў, якія яны таксама парушаюць.

“З-за канкурэнцыі з сусветным рынкам у нас ужо ўзнікалі праблемы ў сувязі з абаронаю аўтарскіх правоў з боку іншаземных праваўладальнікаў. І калі да нас дакоціцца гэтая хваля абароны аўтарскіх правоў з боку Расіі ці Еўропы, ёсць небяспека, што беларускія выданні папросту будуць зачыняцца, не маючы рэсурсаў для сплаты такіх зыскаў. І застануцца толькі клоны, ці прадстаўнікі замежных выданняў у краіне”

Пра дзяржаву ў Інтэрнэце і аб’яднанне БЕЛТЫ з БЕЛТАЮ

Некалькі гадоў таму дзяржава абвесціла крыжовы паход у Інтэрнэт. На пачатку гэтай восені абвесціла аб стварэнні холдынгу з пяці найбуйнейшых дзяржаўных выданняў. Ці ў бліжэйшай будучыні дзяржаўныя медыі зоймуць вядучыя пазіцыі ў Інтэрнэце? Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі мае сумневы на гэты конт.

“У дзяржаўных медыях ёсць сур’ёзнае абмежаванне, звязанае з генеральнай лініяй кіруючага рэжыму. Калі яны даходзяць да пэўнай мяжы, то мусяць замаўчаць, хоць часам і маюць пэўную інфармацыю. Гэта тычыцца не толькі рэальна забароненых тэмаў, але і інфармацыі, з-за якой могуць трапіць у няміласць да пэўнага чыноўніка. Таму інфармацыя часта аказваецца вельмі куцай. У той жа час незалежныя СМІ такога абмежавання не маюць, хоць і не маюць такога доступу да інфармацыі”, - адзначае эксперт.

“Калі паглядзець структуру дзяржаўнага прадстаўніцтва ў Інтэрнэце, то там дамінуе сайт БЕЛТА. І большасць дзяржаўных выданняў раённага ўзроўню зроблены БЕЛТА і з інфармацыяй гэтай агенцыі. Таму ўзнікае, з аднаго боку, пытанне ўжывання дзяржаўных грошай, з іншага, не ствараецца новы прадукт, бо мясцовыя газеты і так не шмат пішуць, іхнія плошчы займае тэлепраграма і рэклама”.

На патынне, ці не сабраць бы да кучы ўсіх незалежных, як гэта плануюць зрабіць з дзяржаўнымі выданнямі, Паўлюк Быкоўскі адзначае, што агрэгатары навінаў, такія як Charter’97 і “Белорусский партизан”, даўно гэта робяць.

“Можа, вялікіх грошай не зарабляюць, але палітычны капітал – дакладна. Яны не ствараюць, ці вельмі мала ствараюць свайго кантэнту, але збіраюць у адным месцы інфармацыю, якая робіцца цікавай для аўдыторыі”.

Між тым, на думку эксперта, у дзяржавы такая агрэгацыя ўсіх навінаў з розных сайтаў, наўрадці: “БЕЛТУ з БЕЛТАЙ аб’ядноўваць не магчыма”.

“Але, не выключна, што хутка з’явяцца ў Інтэрнэце выданні, якія будуць лаяльнымі да ўладаў, але фармальна будуць выглядаць як незалежныя. Дакладней, яны ўжо сёння існуюць. Звычайна, яны не бяруць дзяржаўных грошай, узнікаюць як бізнэс-ініцыятывы і бываюць досыць паспяховымі. Пры гэтым, паколькі такія выданні ў сваёй аснове маюць арыентаваную на аўдыторыю мадэль, то гэта іх прымушае звяртаць увагу на вострыя праблемы, якія клапоцяць іхніх чытачоў”.

Пра плюсы і… плюсы

Дзе ж шукаць сваю нішу ўжо існуючым і новым анлайн-праектам? На каго арыентавацца і да чаго імкнуцца, каб стаць паспяховымі? І, увогуле, ці ёсць у сённяшнім Байнэце, на думку медыяэксперта, СМІ, якія выглядаюць узорнымі?

“Я бы больш арыентаваўся на бізнэс-праекты, якія не знікнуць, калі знікнуць донары. Такія праекты ёсць, але гэта тыя самыя “старыя лідары” – Onliner.by и TUT.by. Яны добра развіваліся дастаткова працяглы час. Зараз на іх адбіўся крызіс, трохі ідзе скарачэнне людзей, якія працуюць на стварэннем унікальнага кантэнту рэсурсу, але яны, па-ранейшаму, - больш-меньш светлыя плямы Інтэрнэт-журналістыкі”.

“Мне падабаецца чытаць публікацыі ў “Салідарнасці”, менавіта тыя, якія яны ствараюць самі. Мне падабаецца спроба стварэння канвергентнай рэдакцыі з “Нашай Нівы”, дзе прысупнічае і газетная, і інтэрнэт-журналістыка, і відэа. Іншае пытанне, што гэта пакуль не стала тым, на што хацелі б раўняцца іншыя журналісты. Фармальна нібыта ўсё зроблена правільна, але зайздрасці ў іншых журналістаў няма, а гэта значыцца, што усё ж такі, “Наша Ніва” яшчэ не паднялася да пэўнай планкі.  Вось калі будзе зайздрасць, то выданне выканае сваю задачу”.

“У рэгіёнах цікавы досвед у барысаўскага выдання Ex-press.by, якое прарываецца на нацыяльны рынак, не гледзячы на тое, што з’яўляецца рэгіянальным выданне. Шкада, канешне, што гэта часам прыводзіць да перакосаў інфармацыі ў бок агульнанацыяльнай інфармацыі, але тое, што знішчаюцца бар’еры, якія традыцыйна былі ў беларускай журналістыцы, паміж сталічнымі і несталічнымі медыя, мне падаецца цікавым. Цікава развіваецца магілёўскі праект Gorad.by”.

“Калі казаць пра культурныя ці новыя праекты, то іх робіцца вельмі шмат, яны змагаюцца за аўдыторыю, але  яны не перакрочваюць мяжу пляцоўкі для аднадумцаў. У нейкі момант гэтыя выданні могуць стаць значнай з’явай, і мне падаецца, што мы гэта пабачым у бліжэйшай перспектыве. Бо ў такіх выданнях не так важныя грошы, якія даюць донары ці бізнэс, людзям проста часам цікава іх ствараць”.

Фота TUT.by

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: