Вы здесь

У Гродна ёсць эскурсія па журналісцкіх мясцінах

Интервью

Гарадзенец Віктар Кірэеў ужо шмат гадоў водзіць людзей па Гродна з экскурсіямі. А некалькі месяцаў назад ён прыдумаў новы маршрут  - экскурсію па журналісцкай Гародні.

- Я шчыльна супрацоўнічаю з грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” і праводжу для Універсітэта Залатога Веку http://uzv-hrodna.blogspot.com/ экскурсіі па Гродна на розныя тэмы.  Па  прапанове “Трэцяга Сектара” я і распачаў экскурсію для маладых журналістаў. У сэнсе гістарычнай навукі гэта тэма яна ў нас амаль што не распрацаваная. А матэрыял ёсць і можна нават сказаць найбагацейшы ў Беларусі, бо першыя выданні  выйшлі ў нас у горадзе”, - распавядае Mediakritika.by Віктар Кірэеў. - Ці ведаце вы, што ў 1678 годзе ў нашым горадзе выдавалася газета “Авізы Гродзенске”. Як бачыце ў 17-м стагоддзе, калі з’яўляліся першыя газэты ў Еўропе, у нас таксама была прэса. Спачатку Парыж, потым Берлін, затым Варшава, а незадоўга пасля гэтага і выданне ў Гродна.

- Няўжо вядома месца, дзе гэтае выданне паўстала?

- Зараз складана сказаць пра тое, дзе была рэдакцыя. Некаторыя даследчыкі лічаць, што выданне рабілася па-за межамі Гародні. Гэтае пытанне патрабуе дадатковых даследванняў. На дадзены момант захаваўся толькі адзіны асобнік газеты. Ён знаходзіцца ў бібліятэцы Ягелонскага Ўніверсітэта ў Кракаве.

- Экскурсія па журналісцкай Гародні праходзіць толькі па цэнтральным вуліцам?

- Гэта не толькі цэнтр. Экскурсія тычыцца і тых выданняў, якія месціліся ў Гродна за “польскім часам”,  сярод іх шмат жыдоўскіх. Ёсць здымак адной з рэдакцый жыдоўскай газэты, якая месцілася на сучаснай вуліцы Карла Маркса. Але я пакуль не магу канкрэтна сказаць у якім будынку. Увогуле ў вывучэнні жыдоўскіх выданняў мяне спыняе “моўнае пытанне”, але я спадзяюся, што змагу працягнуць даследванне.

- З чаго можна пачаць расповед  пра журналісцкую Гародню госцю горада?

- З любога месца горада. Напрыклад, з вуліцы Паліграфістаў, дзе месціцца сучасная рэдакцыя “Гродзенскай Праўды”. Там створаны цікавы музейчык, у якім ёсць і матэр’ялы пра Васіля Быкава. Потым прайсціся па вуліцы Маркса, дзе месцілася рэдакцыя знакамітай газэты “Пагоня”. Гэта можа не так даўняя, але таксама гісторыя. На той час гэта было адзінае беларускамоўнае выданне, якую выдаваў Мікола Маркевіч. Такое папулярнае выданне так і не ўдалося аднавіць.

- З якімі знакамітымі асобамі звязаная ваша экскурсія?

- Знакамітых асобаў у нас шмат і гэта перадусім гэта Васіль Быкаў, знакаміты пісьменнік і журналіст. Жыў у Гродна, самыя знакамітыя творы тут напісаў. Але мяне цікавіць яго праца ў газэце “Гродзенская Праўда”. Яшчэ адна цікавая асоба - гэта заходнебеларускі паэт і журналіст Міхась Васілёк.

- Мы як раз вядзем гаворку на вуліцы Савецкай. Вядома, што гэта вуліца звязана з Быкавам…

- Перадусім гэта будынак па адрасе Савецкая, 8, дзе зараз месціцца метадычны цэнтр Народнай творчасці. Менавіта там і месціліся ў пасляваенныя гады і рэдакцыя газэты “Гродзенская Праўда”, і дом, дзе ён жыў. Дом выходзіць на суседнюю вуліцу, на сучасную вуліцу вуліцу Вялікую Траецкую, былую вуліцу Алега Кашавога. На Савецкай таксама месціўся інтэрнат, дзе жылі журналісты. Гэта былі жывыя людзі. Са сваімі хібамі, са сваімі залётамі. Са сваімі станоўчымі рысамі. Гэта было жыццё.

З майго пункту гледжання, той жа Быкаў – кантраверсійная асоба. З аднаго боку – абласканы ўладай Герой Сацыялістычнай працы, з другога – гэта пісьменнік, які прытрымліваўся канцэпцыі вядомай на Захадзе. Ён падобны на пісьменнікаў экзыстэнцыяналістаў і, разам з тым, журналіст, які пісаў розныя матэр’ялы ў чыста савецкай, праўрадавай газэце. Без ніякага водблеска апазіцыйнасці. Менавіта так у нас у правінцыі ўжывалася два ў адным. Такі чалавек, які не прымае сыстэму, і  такі чалавек, які мусіць з гэтым лічыцца.

- А пра якія з сучасных медыя вы распавядаеце падчас экскурсіі?

- Пра газету “Біржа інфармацыі”, якую зачынілі, гэта было ліберальнае выданне, якое, як і “Пагоня”, змяшчала беларускамоўныя матэр’ялы. З таго што застаўся толькі “Вячэрні Гродна”. Я лічу, што нашу беларускамоўную журналістыку чакае росквіт пасля палітычных зменаў у краіне. Выбухі свабоды прыводзілі да росквіту выданняў. Напрыклад 1919 год, калі ў горадзе існавала каля дзесятка беларуска моўных выданняў, такія як “Беларусы”, “Голас Радзімы” і іншыя. Я думаю, мы яшчэ дачакаемся.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: