ОБ АВТОРЕ

Публіцыст, мастак, літаратар, гісторык архітэктуры культуролаг, мастацтвазнаўца.

Скончыў Інстытут імя І. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР (1988—1992), цяпер выкладае ў Еўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце (Вільня).

Ад 1991 году - мастацкі рэдактар газэт “Свабода” і  "Наша Ніва". У 1992-1994 -- мастацкі рэдактар часопіса "Бярозка".

Як мастак аздобіў пару тузінаў кнігаў: "Стары гарадзенскі замак", "Песьня пра зубра", "Пан Блішчынскі", "Китайская каллигафия", творы Лесьмяна, Стаффа, Дудзіцкага, Гілевіча, Разавана, Аксак, Арлова ды інш.

Аўтар «Нашай Нівы» з моманту яе аднаўлення.

Стала супрацоўнічае з кампаніяй “Белсат” і з радыё «Свабода».

Суаўтар праектаў "Беларуская Атлянтыда", "Наша страва" ды інш.

Аўтар сямі кніг (“”ПраЧутае”, “Сто твораў ХХ ст.”, “ПрамМоўленае” ды інш.).

Тэксты Харэўскага перакладаліся на венгерскую, польскую, літоўскую, нямецкую, расейскую, украінскую, чэшскую ды інш. мовы.

Супрацоўнічаў са СМІ Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Люксэмбурга.

ЕЩЕ МАТЕРИАЛЫ ЭТОГО АВТОРА

Вы здесь

У смузе

Ціха і незаўважна, у смузе нашае каламутнае будзённасці, прамінуў у Беларусі сёлетні 200-гадовы юбілей пачатку пэрыядычнага друку ў Мінску. Армія Напалеона, апроч незлічоных бедстваў, прынесла ў наш край і вялікія ідэі – Liberté, Egalité, Fraternité, а таксама рэгулярны друк газэтаў.

Менавіта ў 1812 годзе пачала выходзіць у нашай сталіцы «Tymczasowa gazeta Mi?ska», 25 нумароў якое дасёння ёсьць унікальнаю крыніцаю гісторыі журналістыкі.

Апроч друкароў і журналістаў у складзе напалеонаўскае Grande Armée было нямала музыкаў, літаратараў ды мастакоў розных нацыянальнасцяў. Сярод іншых – Фабер дзю Фор, палкоўнік артылерыі, а да таго – юрыст і мастак. Ён пакінуў нам цэлую галерэю выдатных малюнкаў і гравюраў на тэмы жыцця Беларусі 1812 года, што гэтымі днямі экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Аўтарству Фабера дзю Фора належаць абсалютна ўнікальныя віды Улы, Бешанковічаў, Лёзна ды іншых гарадоў і мястэчак, што сталі адзінымі іканаграфічнымі матэрыяламі, дзякуючы якім мы можам праз смугу стагоддзяў разгледзіць родныя мясціны.

Але Фабер дзю Фор ня быў абазнаны ў тутэйшых мовах, а таму некаторыя свае творы падпісваў, спадзяючыся на свой слых. У выніку – тузін краявідаў дасёння так і засталіся не атрыбуціраванымі. Напрыклад, што значаць такі назвы як  Miliathui, Tschoulanoui ці Lionvavitschui, дасёння ніхто ня даў рады разабрацца.

Згадаў пра гэтую гісторыю, калі ўгледзіў аматарскі сюжэт “Видеорепортаж: иностранец пытается прочесть названия станций минского метро в официальной транслитерации”, што быў змешчаны на партале Onliner. У сюжэціку з прэтэнзіяй на дасціпнасць нейкі амерыканец Скот Крыстаферсан, гулец баскетбольнай каманды "Цмокі Мінск" спрабуе чытаць па-беларуску і прызнаецца, што для яго гэта цяжка.  З’яўленне гэтага відэарэпартажу выклікала бурную рэакцыю ў прэсе – у “Звяздзе”, “Новым часе”, "Наша Ніве”, на "Радыё “Свабода”, партале кампаніі “Будзьма!”  ды іншых. Рэха ад  гэтай дыскусіі, нібы колы па вадзе, шырака разыйшлося па блогах, форумах, чатах, стала падставаю для розных жартаў.

Пры тым ідэя звярнуцца ўсё ж да спэцыялістаў-моваведаў прыйшла ў галаву нямногім – на тым жа партале “Будзьма!”  ды "Радыё “Свабода”. Хоць, менавіта з гэтага звароту да адмыслоўцаў і варта было пачынаць.

Напрыклад, пракансультавацца ў супрацоўнікаў Акадэміі Навук Беларусі, якія праводзілі экспертызу і рэкамендавалі гэты нацыянальны варыянт лацінскага алфавіту Арганізацыі Аб'яднаных Нацый для міжнароднага выкарыстання. Пры тым, нагадаю, ужо ад 2000 году беларуская лацінка (удасканалена ў 2007 годзе) зацверджана ў нарматыўным даведніку "Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь" і ў "Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта", што мае заканадаўчы характар.

Выглядае, што жартаўнікі з парталу Onliner гэтага ня ведалі, то бок, вырашылі цалкам пакласціся на сваё пачуццё гумару і густу. У выніку атрымалася аматарская безгустоўная гумарэска, што і насмрэч, абражае нацыянальныя пачуцці. Бо як не круці, ці чытаў бы гэты закіянскі спартсмэн лацінкаю, ці кірыліцаю, ці адмыслова для яго адаптаванай якой “амэрыканіцай” – усё было бы абракадабраю.

Я не філолаг, але ведаю, што нацыянальнымі варыянтамі лацініцы карыстаюцца дзясяткі народаў Еўропы, ад Нарвэгіі да Турцыі. Які такі ўровень IQ трэба мець, каб не здагадацца, напрыклад, ў Румыніі, што Bucure?ti — гэта Бухарэст, у Даніі што København — гэта Капенгаген а, хоць бы, у Крыме, што Ba?çasaray – гэта Бахчысарай?

Я не гісторык пісьменства, але помню са школы, што лацінка ў нас пачала ўжывацца аж з XVI стагоддзя. Перагартайма яшчэ раз школьныя падручнікі, каб пераканацца, што толькі беларускай лацінкаю друкавалі свае творы Вінцент Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Алаіза Пашкевіч – нашая Цётка. Менавіта лацікаю выходзіла “Мужыцкая праўда”, а таксама, паралельна з кірыліцай – “Наша Доля”, Наша Ніва” ды тузін іншых нашых першых пэрыёдыкаў.

Я не лінгвіст, але па ўласным досведзе ведаю, што ў нашых суседзяў – ані ў палякаў, ані ў літоўцаў, ані ў латышоў – няма й ня будзе ніякіх праблемаў з прачытаннем і вымаўленнем таго, што напісана нашаю лацінкаю. Пакуль што іх да нас прыязджае болей, чым землякоў амэрыканскага баскетбаліста Крыстаферсана.

Адкуль жа ўзяліся гэтыя жарсці? Дазволю сабе прыпусціць, што з нежадання ўспрымаць беларушчыну як суб'ект сусветнае культуры, а беларускую мову як паўнавартасную, з глыбокімі еўрапейскімі цывілізацыйнымі каранямі. Пахабныя жарты з беларускасці сталі нормаю ў нашай дзяржаве, ад самага верху ўладнае піраміды.

Гэтая адчужанасць выспела ўжо ў новага пакалення, якое ўсур'ёз прасякнулася вялікай думкаю Лукашэнкі пра тое, што «В мире существует только два великих языка — русский и английский».

Не бяруся тут меркаваць, у якой ступені аўтар гэтае сэнтенцыі валоде англійскаю, але магу з пэўнасцю сцвярджаць, што нават носьбіты ангельшчыны маюць праблемы з прачытаннем і вымаўленнем тапонімаў ва Ўэльсе і Шатляндыі. Сам жа я сутыкаўся з падобнымі праблемамі і ў Іспаніі, і ў Эстоніі  і г.д. Без падказак і без досведу гэта амаль немагчыма. Можна правесці эксперымэнт – завезці аўтараў ёрніцкіх, адносна беларускай лацінкі, камэнтароў разам з амэрыканскім якім спартсмэнам за кампанію, у Партугалію ці ў Албанію і паслухаць, як яны там будуць чытаць на тамтэйшых мовах. Вось жа як смешна, проста бездань гумару і густу!

Дарэчы, раней я думаў, што маё імя і прозьвішча можна транслітараваць лацінскімі літарамі толькі (!)ў 8 варыянтах, ажно… пакуль ня ўбачыў венгерскага варыянту ўласнага імя – Szjarhej Harevszki!

А цяпер, напрыклад, паспрабуйце слушна перадаць, карыстаючыся адно ангельскімі правапіснымі і фанэтычнымі нормамі іншыя нашыя словы, хоць «ззянне» ці «шчаўе»!!!  То бок, якой бы моваю ты не паслугоўваўся, якімі бы літарамі не пісаў, унівэрсальных мадэляў няма і быць ня можа.

Калі ў нас баляць зубы – мы ідзем да стаматолага, калі надумаем шукаць нафту – звернемся да геолага. Так? А чаму ж, пішучы пра лінгвістычныя праблемы, нехта лічыць, што ён сам разбярэцца ва ўсім, пакладаючыся адно на сваю інтуіцыю, і, як бачна на прыкладе аўтараў з Onliner, на ўласную слабую адукацыю? Не саромцеся звяртацца да тых, хто ведае тэму шматкроць лепш за вас! Як і самалячэнне без кваліфікаваных мэдыкаў, гэтак і саматужная прадукцыя СМІ – нябяспечныя. Бо ў смузе жарцяў і непісьменнасці можа нарадзіцца нянавісць.

Ну, а на цяпер, на развітанне,  засталося нам яшчэ раз прыгадаць, што б маглі значыць геаграфічныя назвы, запісаныя Фаберам дзю Форам на графічных аркушах, сыходзячы з таго, што ён хоць і француз, але нарадзіўся і вырас у Нямеччычне –Miliathui, Tschoulanoui ці Lionvavitschui?.. Згадзіцеся, няпроста. А цяпер уявім сабе, каб 200 гадоў таму ён мог прачытаць гэтыя назвы на дарожных знаках лацінкаю, хоць бы той самай, што і ў іншых славянскіх народаў Еўропы…

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: