Вы здесь

Вольга Камягіна і Ася Паплаўская: два погляды на пошук інфармацыі

Интервью

Дзве дзяўчыны-журналісткі з Горадні і Мінску распавялі Mediakritika.by, як шукаюць інфармацыю, працуючы на нацыянальныя медыі, хто становіцца іхнімі крыніцамі і чаму варта, перш за ўсё, працаваць на ўласнае імя.

Вольга Камягіна піша для газеты «Комсомольская правда» в Белоруссии», а таксама для гарадзенскага  “Твайго Стылю”.

“На самой справе, я толькі вучуся правільна і эфектыўна шукаць інфармацыю. Прайшло недзе паўгады, як вярнулася ў журналістыку, таму  толькі напрацоўваю кантакты, якія дапамагаюць шукаць навіны больш эфектыўна”, - шчыра прызнаецца Вольга.

На пытанне, якія крыніцы інфармацыі дзяўчына шукае ў першую чаргу, Вольга адказвае: “Людзей, канешне”.

“Мне цікава размаўляць з людзьмі. Глядзець ім у вочы, сапраўды жыць іх жыццём, няхай і некаторы час, імкнуцца зразумець. І калі ты сапраўды цікавішся чалавекам, ён у далейшым стане для цябе добрай крыніцай інфармацыі. Любыя кантакты вельмі важныя. Бо можа атрымацца, што ты напішаш пра аднаго чалавека, а ў працэсе размовы з ім даведваешся нейку іншую інфармацыю, якая можа пацягнуць на рэпартаж. І гэтак далей. Наогул, вельмі цікава назіраць за тым, як гэтая спіраль раскручваецца”, - кажа Вольга Камягіна.

Ці ёсць у журналісткі ўніверсальны рэцэпт пошуку інфармацыі? Так, безумоўна, ёсць. І ён у тым, каб заўсёды быць ў пошуку.

“Я зараз, калі іду куды-небудзь, абавязкова бяру з сабою фотаапарат і дыктафон, бо па дарозе можна нешта цікавае заўважыць.  Канешне, трэба фільтраваць інфармацыю. Не ўсё, што цікавіць мінакоў пэўнага горада, будзе цікавым для жыхароў іншых гарадоў. Таму вельмі важна ўключаць гэты фільтр. З цягам часу ўжо пачынаешь аўтаматычна дзяліць інфармацыю на, калі так можна казаць, розныя ўзроўні.  Для мяне вельмі важна ўмець убачыць у нейкай, на першы погляд невялікай і нецікавай інфармацыі, нешта сапраўды важнае, важкае, што можна дакруціць да навіны, якая будзе цікава ўсёй краіне. Гэты працэс сапраўды захапляе. Нібыта ты няспынна аддзяляеш зерне ад пустазелля”.

Культурны аглядальнік інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Ася Паплаўская кажа, што яе крыніцы інфармацыі “самі знаходзяцца”.

“Складана толькі першыя гады: трэба ўвайсці ў тэму, пазнаёміцца з прадстаўнікамі культурных і калякультурных прафесій, зразумець, што да чаго ў беларускіх медыях і беларускай культуры. Напрыклад, чаму ў "ЛіМ" не возьмуць артыкул пра пісьменніка Уладзіміра Арлова, затое часопіс “Дзеяслоў” яго апублікуе. Некалькі гадоў спатрэбіцца на тое, каб здабыць аўтарытэт і якую-ніякую вядомасць: важна, каб людзі культуры ведалі, што ёсць такі журналіст, які спецыялізуецца на беларускай культуры.

Калі досвед здабыты, да цябе пачынаюць ледзь не штодня звяртацца дзеячы культуры, прадусары, прамоўтары, рэкламшчыкі, дырэктары музеяў. Ты атрымліваеш столькі навінаў і анонсаў на пошту і па тэлефоне, у асабістых размовах, што застаецца толькі выбраць, што найбольш цікава чытачам твайго СМІ.

Натуральна, калі ты штатны супрацоўнік СМІ, вельмі шмат інфармацыі прыходзіць на рэдакцыйную пошту, на твой працоўны мэйл. Калі гаварыць пра сферу культуры, то прэс-сакратар Мінкульта амаль кожны дзень паведамляе  аб цікавых форумах і фестывалях, якія ладзіць Міністэрства. Галоўнае – ісці на кантакт з прадстаўнікамі розных сфераў культуры, умець дамаўляцца, камунікаваць з людзьмі, цікавіцца розным у культуры ў сваёй краіне і за мяжой. Канечне, пры гэтым істотна мець сваю пазіцыю адносна беларускай рэчаіснасці”.

Прызнаецца Ася і ў тым, што часам яе крыніцамі інфармацыі становяцца сацыяльныя сеткі.

“Калі раней я шукала інфармацыю аб цікавых падзеях у блогах, у ЖЖ, то зараз усе анонсы – у Фэйсбуку. З аднаго боку, ФБ як крыніца інфармацыі вельмі зручная рэч: ствараюцца падзеі (прэзентацыі, фестывалі, канцэрты, сустрэчы), ты атрымліваеш запрашэнне, акрэдытоўваешся, калі тое трэба, і ўсё. Ніякіх табе натужных пошукаў тэмы для навінаў. Але тут паўстае іншае пытанне. Этычнага і прафесійнага плану. Ці можа журналіст у артыкуле пазначыць крыніцай інфармацыі Фэйсбук?.. Я не лічу такую практыку прымальнай. Калі нехта паведамляе ў сацсетцы нейкую навіну, робіць заяву, то я як журналіст звязваюся з гэтым чалавекам, бяру ў яго каментар. І тады крыніца інфармацыі – сам чалавек, а Фэйсбук выступае толькі як пляцоўка для паведамленняў. Калі я бачу ў нашых СМІ заявы кшталту “як паведаміў такі-та ў фэйсбуку”, мяне штораз перамыкае. Часта я даведваюся, што журналіст нават не спрабаваў звязацца з чалавекам, словы якога прыводзіць у артыкуле. У гэтым мене бачыцца непрафесіяналізм некаторых журналістаў”.

Яшчэ адной добрай крыніцай беларускай культурніцкай інфармацыі Ася Паплаўская лічыць забароненных творцаў, якія знаходзяцца ў “чорных спісах” дзяржаўных медыяў і таму вельмі ахвотна ідуць на кантакт з незалежнымі журналістамі.

“За апошнія два месяцы я напісала не адзін і не два артыкулы пра тых, каго адхілілі ад удзелу ў нейкім мерапрыемстве. Часта размовы з гэтымі непажаданымі, так бы мовіць, людзьмі (а насамрэч- сапраўднымі дзеячамі беларускае культуры), якія ведаюць цябе як журналіста па тваёй ранейшай працы, ператвараюцца проста ў гутаркі “за жыццё”. У выніку герой артыкула кажа табе: “Я буду ў наступны раз вам першай званіць і паведамляць, калі нешта такое яшчэ будзе паўтарацца”.

Як і яе калега з Горадні Вольга Камягіна мінская журналістка Ася Паплаўская падкрэслівае, што лепей за чалавечыя кантакты ў журналісцкай працы нічога быць не можа. Менавіта размовы з рознымі людзьмі дапамагаюць журналісту шукаць новыя тэмы, даследваць праблемы ці проста натхняюць на пэўныя рэчы.

“Найлепшая, самая каштоўная крыніца інфармацыі – гэта людзі, з якімі трэба размаўляць як з чалавекам, які вам сапраўды цікавы, яго трэба любіць, тады і вашыя чытачы гэта адчуюць па вашых артыкулах. Толькі калі камунікацыя “журналіст-герой” ператвараецца ў “чалавек-чалавек”, вы знаходзіце людзей, з якімі заўжды цікава супрацоўнічаць. Яны будуць падказваць вам цікавыя тэмы, знайміць з цікавымі, значнымі асобамі, дапамагаць парадай і словам”. 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: