ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Выбухныя тэмы: куй жалеза!

В фокусе

У мінулы панядзелак TUT.BY ушчэнт зламаў мой спланаваны было да хвіліны дзённы графік. Пра што не шкадую, бо атрымаў магчымасць выказацца ў жывым эфіры на выбухную ва ўсіх сэнсах тэму — што адбываецца з КДБ і вакол КДБ. Увогуле TUT.BY паказаў, на мой погляд, добры прыклад хуткай, эксклюзіўнай падачы гарачай тэмы з выкарыстаннем мультымедыйнасці.

Такім чынам, 12 лістапада мае планы перакрэсліў званок вядоўцы тэлебачання TUT.BY Алёны Андрэевай, якая спакусіла эфірам а 13-й.

На месцы, у офісе партала, высветлілася, што сама Алёна з калегам Уладзімірам Чудзянцовым ужо імчыцца ў Віцебск, дзе напярэдадні ўвечары адбыўся выбух ля будынка мясцовага КДБ, а эфір будзе весці галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава. Другім госцем студыі аказаўся аглядальнік Віктар Федаровіч.

 

Ну, на колькі гадоў нагаворым?

Аддаўшы даніну чорнаму гумару: маўляў, на колькі гадоў зараз нагаворым, — мы паехалі. Па ходу ў эфір жыўцом выходзіў праз тэлефоннае падлучэнне яшчэ і вядомы апазіцыйнымі поглядамі былы падпалкоўнік згаданай спецслужбы Валер Костка. Гаварыў што хацеў.

У выніку на сайце TUT.BY з’явілася мультымедыйная публікацыя “Апошнія падзеі вакол КДБ. Палітычная барацьба ці карупцыйная подбіўка?”. Тут вам і аўдыё, і відэа, і россып фотаў, і кароткі тэкставы канспект гутаркі (адразу скажу: занадта лапідарны, многія моманты ды нюансы выпалі), і гіперспасылкі на іншыя публікацыі па тэме.

Адна з вынаходак TUT.BY — вельмі зручная падборка лінкаў непасрэдна пад відэаакенцам. Яна арыентуе, на якой хвіліне пра што гаварылася:

02:00. Хто стаіць за выбухам у Віцебску? Што ён значыць?

04:15. Чаму выбух адбыўся менавіта ў Віцебску, менавіта ў гэты дзень?

06:04. Каму можа быць выгадны выбух? Рэакцыя чыноўнікаў

12:52. Ці могуць такія выбухі адбіцца на паўсядзённым жыцці беларусаў?

…і гэтак далей.

Я не цешу сябе думкай, што многія наведнікі партала гатовыя ахвяраваць гадзіну, каб цалкам прагледзець запіс эфіру. Ды і сам практычна ніколі гэтага не раблю: нават калі тэма цікавая, заўжды катастрафічна бракуе часу. А вось папстрыкаць прыцэльна, убачыць самыя смачныя кавалкі — зусім іншы каленкор.

Звыш таго, TUT.BY паклапаціўся пра даведачны эксклюзіў па гарачай тэме. На сайце аператыўна з’явілася публікацыя “Кіраўнікі КДБ маюць прадпрымальніцкую жылку?” — хроніка кадравых ператрусаў у ведамстве жалезнага Фелікса за часы кіравання Аляксандра Лукашэнкі.

Зазначу, што ўвогуле пытальнікі ў загалоўках уважаюцца за мавэтон. Па ідэі, загаловак мусіць несці выразны інфармацыйны зарад, адказваць на пытанне, а не ставіць яго.

Аднак перабор пытальнікаў ёсць хутчэй не хваробай, а змушанай перастрахоўкай, характэрнай менавіта для беларускай журналістыкі, што працуе ў экстрэмальна жорсткіх для еўрапейскай краіны ўмовах. Каюся: і сам іншым разам ляплю пытальнік-ратавальнік у загаловак матэрыялу, каторы пішу ці рэдагую. Жартам называю гэта абаронай ад дурняў.

 

Ад Грынявіцкага да Вакульчыка

Але вернемся да тутбаеўскай падачы гарачай тэмы.

Добрым бэкграундам для яе стаў эксклюзіўны матэрыял “Беларусы кідаюць бомбы. Кароткая гісторыя выбухаў”. Аўтар Аляксандр Лычаўка добрасумленна разгарнуў гістарычны аспект пытання пачынаючы ад бомбы нараджэнца Клічаўшчыны Ігната Грынявіцкага, кінутай 1 сакавіка 1881 года ў імператара Аляксандра ІІ.

Тым часам рэпарцёры партала дапялі да Віцебска і закінулі ў рэдакцыю матэрыял, што выйшаў пад загалоўкам “Выбух у Віцебску. Рэпартаж з месца падзеі”.

Адразу прыдзяруся: “Рэпартаж з месца падзеі” — гэта алей алейны. Рэпартаж паводле вызначэння ёсць паведамленнем аб падзеі, убачанай на свае вочы. Пра тое дзяўбу студэнтам ЕГУ ды ўдзельнікам медыйных трэнінгаў.

Зрэшты, можна зразумець жаданне TUT.BY падкрэсліць, што матэрыял здабыты з выездам на месца. Не так часта гэта бывае ў наш час трыумфу пластмасавай офіснай журналістыкі, асноўныя інструменты якой — капіпаст ды рэрайтынг.

Аднак ажыятаж вакол ведамства жалезнага Фелікса гісторыяй з выбухам у Віцебску не скончыўся. У пятніцу кіраўнік дзяржавы прызначыў новым старшынём КДБ палкоўніка Валерыя Вакульчыка. На гэту інфармацыйную нагоду TUT.BY адрэагаваў болей традыцыйна — падборкай стандартнай інфы. Ці то стаміліся журналісты ад тэмы, ці то блізкасць уікэнду спрацавала.

Мне ўжо даводзілася адзначаць, што хваробай Байнэту застаецца ўпаданне ў амаль што поўны анабіёз на выхадныя. Можна чакаць, што з панядзелка пойдзе хваля болей грунтоўных публікацый з нагоды новага кадравага ходу Лукашэнкі. Аднак такія паўзы недаравальныя для звышхуткасных медыйных рэалій сённяшняга дня.

 

Лукашэнка маніторыць незалежныя медыі

Маланкавая рэакцыя, лёгкасць на пад’ём, імкненне самому дакапацца да каранёў мусяць быць у крыві журналіста. Вось глядзіце, дзясяткі рэсурсаў перадрукавалі некалькі радкоў сенсацыйнага прызнання былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Сівакова пра асабістую віну за гучныя знікненні 1999—2000 гадоў. Пры гэтым медыі пераважна абмежаваліся менавіта тым пасажам, што прагучаў у інтэрв’ю “Прессболу”.

Рэдакцыйны порах пайшоў пераважна на гучныя загалоўкі кшталту “Сівакоў прызнаў сваю віну ў выкраданні апазіцыянераў” (потым, праўда, некаторыя рэсурсы змякчылі фармулёўку).

А вось рэпарцёр “Еўрарадыё” Зміцер Лукашук вычапіў самога Сівакова і зрабіў з ім эксклюзіў, выцягнуўшы расшыфроўку сенсацыйнай фразы: “Усё, што здарылася ў краіне, ва ўнутраных яе справах падчас маёй працы міністрам — я за ўсё гэта адказваю. Я не магу, не маю маральнага права здымаць з сябе віну”.

Дадамо дзеля справядлівасці, што некалькі фраз каментару ад аўтара рэзананснай заявы дамаглася пастфактум і “Салідарнасць”.

Ці яшчэ прыклад. Зноў жа па многіх рэсурсах разляцелася паведамленне пра трагедыю каля мінскай школы № 23, дзе пад коламі легкавіка (з’ехаліся на бацькоўскі сход, называецца!) загінуў дзевяцігадовы хлапчук.

А вось карэспандэнты Onliner.by выехалі на месца здарэння і паказалі ў мультымедыйным рэпартажы: грэбаванне элементарнымі правіламі бяспекі рана ці позна мусіла прывесці да жахлівага выніку.

На гэтым жа завастрыў увагу БелаПАН у фота- ды відэарэпартажы з пахавання дзевяцігадовага Уладзіка.

Грунтоўна прапрацаваў тэму ўжо згаданы TUT.BY. Зноў жа адбылася дыскусія ў жывым эфіры, быў арганізаваны інтэрактыў “А ваша школа далёка ад праезнай часткі”, паводле сігнала аднаго з бацькоў рэпарцёр выехаў да іншай навучальнай установы і пераканаўся, што веснічкі гімназіі № 5 выходзяць непасрэдна на праезную частку. Карацей, тэму раскруцілі, завастрылі, укінулі ў публічнае абмеркаванне.

Паказальна, што прэзідэнт на нарадзе ў пытаннях рэфармавання МУС 15 лістапада, зладзіўшы разбор палётаў у звязку з гібеллю хлапчука, спасылаўся менавіта на паведамленні медыяў. Не выключана, што каб не розгалас у СМІ, то праблема б і не трапіла ў поле ягонай увагі. Бо самі сілавікі наўрад ці разгоняцца дакладваць пра свае праколы (а тут нядбайнасць ДАІ відавочная).

Менавіта праз вострую, аператыўную працу рэпарцёраў ды аналітыкаў прэса здольная ставіць пытанні рубам нават перад той уладай, што незалежную прэсу выразна не любіць.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: