ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Як зрабіць сенсацыю з Пхі-Пхі

“Макей падтрымаў іранскую ядзерную праграму” — стрэліў загалоўкам сайт радыё “Свабода”. Загаловак трохі правакатыўны, але, як падаецца, у межах этыкі. Бо беларускі прадстаўнік сапраўды галасаваў за выніковую дэкларацыю саміту Руху недалучэння ў Тэгеране, у якой гаворыцца аб праве Ірана развіваць атамную энергетыку.

Такім чынам, за кошт крэатыўнага загалоўка банальная інфа пра нецікавае ў прынцыпе мерапрыемства зайграла. Моцны загаловак і ў газеце вялікая рэч, ну а ўжо ў Сеціве — увогуле як бікфордаў шнур. Чырк! — успышка чытацкага інтарэсу — і публікацыя выбухае інфармацыйнай бомбай. А з вялым, шэрым загалоўкам і добры тэкст можа застацца рэччу ў сабе.

Балансуе на этычнай мяжы, аднак, бадай, таксама не перасягае яе (дарэчы, а як вы мяркуеце?) загаловак “Хартыі”:

Ярмошына канчаткова адмовіла Мілінкевічу

Увогуле ж што да загалоўкаў у Байнеце, то муляюць вока дзве крайнасці. Або дубовасць і канцыляршчына, або свавольства за мяжой фолу. Вось вам прыклад з Euramost.org:

Виктор Корнеенко: Подобные случаи показывает соответствие решений ЦИК и закону, и здравому смыслу

Якія выпадкі? Адпавядаюць рашэнні ЦВК здароваму сэнсу ці зусім наадварот? Суцэльны рэбус, прычым непісьменны. І прэтэнзіі тут не да Карняенкі, а да таго, хто прыдумваў загаловак. Гэта той выпадак, калі на форумах пытаюцца: ты хоць сам зразумеў, што напісаў?

А вось партал UDF.by імкнецца крэатывіць. Аднак хранічна пакутуе на стварэнне псеўдасенсацый за кошт інтрыгоўных загалоўкаў без геаграфіі. Каб падумалі, што нейкая надзвычайшчына здарылася ў Беларусі, хаця насамрэч гэта адбылося ў чорта на рагах. Напрыклад: Затонуло прогулочное судно: судьба 37 человек не известна

У некага пэўна ж ёкне сэрца: а раптам гаворка ідзе пра катастрофу на Свіслачы ў раёне парка Горкага?

Але вось вам расшыфроўка: “Шпацырнае судна, што ішло з вострава Пхукет на астравы Пхі-Пхі ў Таіландзе з 37 турыстамі, двума гідамі і двума членамі экіпажа на борце, перакулілася на высокай хвалі і патанула, усіх пасажыраў і членаў экіпажа пашэнціла ўратаваць, паведамляе ў панядзелак інтэрнэт-версія англамоўнай газеты Phuket News”.

Як бачым, загаловак двойчы некарэктны. Па-першае, не згадваецца месца здарэння, а па-другое, лёс пасажыраў на момант публікацыі ўжо вядомы: дзякуй богу, усе жывыя.

Дарэчы, гэты тэкст — перадрук з РІА “Навіны”. Вядомае расійскае агенцтва геаграфіяй ды лёсам пасажыраў у загалоўку не спекулявала, але таксама дало маху: Прогулочное судно с 37 туристами на борту затонуло у острова Пхукет

Фраза пабудавана так, нібыта турысты пайшлі на дно разам з пасудзінай! Але гэта ўжо праблемы расійскага агенцтва, мы ж вернемся да хібаў Байнэту.

Каб не падумалі, што я дарэмна прысцябаўся да ўвогуле цікавага і дынамічнага рэсурсу UDF.by, вось вам яшчэ прыклады загалоўкаў-псеўдасенсацый за кошт абразання геаграфіі:

Бывший футболист возглавил избирательный список оппозиции (Гаворка пра Грузію і былога спартоўца Каху Каладзе.)

У героя Олимпиады похитили медаль (Тое здарылася ў Расіі з расійскім жа баскетбалістам.)

В прокуратуру поступило заявление на министра финансов (Пракуратура ў Берне прыняла заяву на міністра фінансаў зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія.)

Ва ўсіх гэтых выпадках стваральнікі рэсурсу парушылі элементарныя прафесійныя каноны. Расійскі эксперт Аляксандр Амзін у сваіх знакамітых “140 правілах інтэрнэт-журналіста” (якія цалкам слушныя для ўсіх пісак!) зазначае:

-  “Не інтрыгуйце, удакладняйце. Загаловак “Прэзідэнт загінуў” не мае права на жыццё ў расійскім выданні, калі гаворка ідзе пра прэзідэнта Зімбабве”

-  “Увогуле не прыносьце карэктнасць загалоўка ў ахвяру хвосткасці”.

Але ж так хочацца адхвастаць нялюбы рэжым! І вось чытаем на “Хартыі”:

Диктатор в истерике из-за бойкота

Выбачайце, а дзе істэрыка? Праўду кажучы, здымак да тэксту прысабачаны сапраўды эмацыйны, але ён — з іншай оперы (гэта асобная праблема: ілюстрацыі “не адтуль”; пра яе спадзяюся неяк напісаць асобна).

Так, у спічы перад журналістамі 1 верасня Аляксандр Лукашэнка згадаў аб спробах часткі апазіцыі зладзіць байкот парламенцкіх выбараў. Аднак афіцыйны кіраўнік зусім не нерваваўся, а наадварот, усім выглядам паказваў, што мышыная валтузня яго не цікавіць.

Згодна з Інтэрфаксам, Лукашэнка зазначыў: “Мне сёння не да гэтай апазіцыі, не да вялікай уцягнутасці ў перадвыбарчую кампанію (…) Ёсць людзі, якія гэтым займаюцца, і яны, як я бачу, гэтым паспяхова займаюцца. У мяне ёсць болей важныя пытанні, якія мусяць быць вырашаны. І калі яны будуць вырашаны, то тады апазіцыя будзе такой, якая яна ёсць”.

Чытай: застанецца такой жа маргінальнай, ні на што не здольнай уплываць. Адчуваецца, што танальнасць хутчэй паблажліва-грэблівая, чым істэрычная. У чым лёгка канчаткова пераканацца, прагледзеўшы, напрыклад, сюжэт СТВ (там на Лукашэнку, дарэчы, гальштук слівавага колеру, а не чорны ў крапінкі, як на “Хартыі”).

Так, можна абурацца самаўпэўненасцю кіроўнай вярхоўкі, у якой усё схоплена; можна даводзіць, што менавіта яна і маргіналізавала апазіцыю; можна казаць, што прыніжэнне апанентаў — гэта каронны піяраўскі прыём рэжыму і г.д. Але гэта быў бы ўжо іншы тэкст. Дзеля гэтага трэба ўключыць мазгі, патраціць час і стварыць нешта арыгінальнае. “Хартыя” ж палічыла за лепшае пры перадруку з Інтэрфакса проста выкінуць тую цытату, якую я прывёў вышэй.

Вось такая антырэжымная псеўдажурналістыка, калі прафесійныя нормы ставяцца ў ігнор. Тое ж можна сказаць і пра загаловак на “Белорусском партизане”: Лукашенко снова соберет в Минске российских халявщиков

Гаворка ідзе пра традыцыйны прэс-тур журналістаў суседняй краіны ў Беларусь, які мае адбыцца неўзабаве. Але ці заслужылі яго будучыя ўдзельнікі апрыёры абразлівы ярлык?

Па-першае, яны едуць у камандзіроўку, выконваць свае прафесійныя абавязкі. Па-другое, не ўсе потым пішуць панегірыкі; знаходзяцца і такія, што не купляюцца на пацёмкінскія вёскі, робяць пастфактум не дужа прыемныя для беларускіх уладаў матэрыялы. Па-трэцяе, на такія мерапрыемствы выдаткуюцца грошы з бюджэту саюзнай дзяржавы.

Калегі, ну чаму злётаць у Брусель за кошт Еўразвязу — гэта прагрэсіўна і маральна, а завітаць у Беларусь за кошт іншай інтэграцыйнай структуры — гэта апрыёры непрыгожы ўчынак, пагоня за дурніцай?

Будзьма профі, наклейваць на лоб брудныя ярлыкі багата ахвотнікаў і без нас!

P.S. Этыка — тонкая рэч. І анёлаў тут няма. Той самы мэтр інтэрнэт-журналістыкі Амзін у сваіх правілах мімаходам “хавае” прэзідэнта Зімбабве — відавочна дзеля прыгожага слоўца. Афрыканскі штрых выкарыстоўваецца як сімвал нечага далёкага, занядбанага, мала цікавага айчыннаму чытачу.

Але ж рэч у тым, што ў Зімбабвэ, якая атрымала незалежнасць у 1980 годзе, на момант напісання гэтых радкоў ніводны дзейны прэзідэнт не паміраў. І другі па ліку, Робэрт Мугабэ, які кіруе даўжэй, чым Лукашэнка Беларуссю, з канца 1987 года, на ўсе чуткі пра сваю невылечную хваробу рэагуе ў духу: не дачакаецеся!

Можна не любіць Мугабэ, але ж прафесійная этыка — яна і ў Афрыцы этыка.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: