ОБ АВТОРЕ

 

Журналіст, блогер, літаратар.

Працаваў для газет "Наша Ніва" і  "Имя", а таксама на радыё  "101,2FM", "Радыё Рацыя" і "Свабода".

Адзін са стваральнікаў брэнду "Будзьма беларусамі!".

Вы здесь

Жалезная заслона ў галаве

Ня так даўно па адным з дзяржаўных каналаў паглядзеў пазнавальны фільм пра Случчыну. Сучасныя дынаміка, графіка, сэнсоўна падабраныя відэашэраг і гук. Не занудна-павучальная ці пафасная падача, а досыць лёгкая і прывабная па форме. "Ня так крута, як анімацыйны фільм "Будзьма Беларусамі/Шалёны народ", - падумаў я, але парадаваўся, што ў спадкаемцы традыцыяў БССР штосці змяняецца ў бок сучаснасці.

Але, калі расповед у фільме дайшоў да 1920 году, нібы штосці штурхнула прайгравальнік і дыск пераскокнуў. З экрану хутка прамармыталі пра ліхалецце грамадзянскай вайны, якой у Беларусі не было (а была польска-бальшавіцкая). А пра вайсковыя дзеянні пад бел-чырвона-белым сцягам супраць чырвоных войскаў - Слуцкі збройны чын - ані слова…

Пазнавальныя фільмы, у тым ліку па гісторыі, папулярныя ў свеце. Інакш не існавала б такіх каналаў як History, National Geographic ды іншых падобных. Я, напрыклад, люблю фільмы-рэканструкцыі пра перыяды Антычнасці і Сярэднявечча. Пра ХХ ст. гляджу значна менш, бо ангельскі ці амерыканкі погляд зразумелы, прынцыпова ня зменіцца, і бясконца глядзець драму высадкі саюзнікаў ў Нармандыі ў 1944 годзе надакучае. Калі канкрэтна пра Другую Сусветную, мне цікавей было б паглядзець фільмы з гледзішча краінаў балтыйска-чарнаморскга рэгіёну.

Але краіны рэгіёну невялікія і незаможныя, і каналы, кшталту History, дазволіць сабе здымаць фільмы пра іхнюю гісторыю ня могуць. Бо любы пазнавальна-адукацыйны прадукт, звычайна, датацыйны. Рэкламу даюць пад скандалы-сенсацыі-расследванні, ці жарты і забавы.

Таму кожная дзяржава, дакладней адпаведныя чыноўнікі сферы медыяў, адукацыі і культуры ў кожнай краіне супольна вырашаюць, колькі варта выдзяляць грошай падаткаплатнікаў на пазнавальнае асветніцтва. І ці варта іх выдаткоўваць, увогуле?

Калі прааналізаваць штодзённыя навіны, то, здаецца, асветніцтву ў іх сапраўды не месца. Вось, напрыклад, топ-10 загалоўкаў з сайту рэйтынгу беларускіх інтэрнет-рэсурсаў, якія я скапіяваў, калі пісаў гэты артыкул, то бок у звычайны будні летні дзень:

- Туристов по Минску будет возить экскурсионный автобус 80-го года

- Семечки не моют, на них спят гастарбайтеры

- Над Минском второй день подряд летают НЛО?

- Сяргей Каваленка напісаў прашэнне аб вызваленні

- Над Минском второй день подряд летают НЛО?

- НОК все еще надеется отправить Лукашенко в Лондон

- Коваленко заставили написать прошение о помиловании

- Минскую семиклассницу убили прямо в ванной

- Лига чемпионов. Вардар — БАТЭ: каждому фанату — по галстуку.

Магчыма, падчас выбараў, катастрофы ці абвалу рубля спіс выглядаў бы інакш. Але дзякуй Богу, катаклізмы адбываюцца ня кожны дзень

Такім чынам у “дзесятцы” апынулася адна культурніцкая навіна, адзін “прыкол”, тры палітычныя навіны, дзве “містычныя”, адзін - шок-крымінал ды яшчэ адзін спорт.

На жаль, няма адпаведнай статыстыкі па YouTube ды іншых пляцовак для відэа, і мы ня можам паглядзець рэйтынг тых ролікаў, якія шукаюць і глядзяць беларусы.

Але праўда жыцця ў тым, што апроч палітычных заяваў начальніка краіны і лідараў апазіцыі, інфармацыі пра парушэнні правоў чалавека, працэнтаў бітвы за ўраджай і выкрыцця польскіх шпіёнаў у жыцці кожнага чалавека штодня адбываецца безліч іншых, цікавых яму - чалавеку - падзеяў, і ўзнікае безліч інтарэсаў.

І пакуль у беларускай медыйнай прасторы будуць выразаць няправільную гістарычную інфармацыю з фільма, ці наадварот распавядаць толькі пра змаганне, большасць з чатырох з лішкам мільёнаў “юзераў” будуць сядзець на замежных сайтах і, сярод іншага, атрымліваць замежны погляд на гісторыю, культуру і сучаснасць.

"Хопіць глядзець на свет вачыма Сенкевіча!", - славуты ў свой час жарт савецкага гумарыста Міхаіла Жванецкага, які нагадваў пра часы СССР,калі пра жыццё ў замежжы людзі даведваліся з праграмы "Вокруг Света" Юрыя Сенкевіча. Калі жалезная заслона абрынулася, савецкія людзі, беларусы ў тым ліку, змаглі пабачыць замежжа на свае вочы.

У сярэдзіне 2000-х з пачаткам масавага распаўсюду інтэрнету абрынулася другая, уласна беларуская, жалезная заслона -- інфармацыйная. І знайсці "ўсю праўду" цяпер можа любы ахвочы.

"Ведаеш, калі чытаць толькі апазіцыйныя інфармацыйныя сайты, можна так спужацца, што ўцячэш з краіны. А калі глядзець толькі дзяржканалы, ператворышся ў гародніну, якая не разумее, што адбываецца ў рэальнасці", - так патлумачыў мне адзін знаёмы, менаджар ІТ-сферы, які хоць і знаходзіцца на дзяржаўнай службе, апошні раз галасаваў гадоў 10 таму, і тое супраць улады.

Ён любіць History, цікавіцца беларускай гісторыяй, дзівіцца чаму так рэдка з'яўляюцца сучасныя/якасныя кліпы беларускіх выканаўцаў. Не разумее, чаму такі анімацыйныя фільм як "Будзьма беларусамі/Шалёны народ" існуе ў адзінкавым экземпляры, калі ў яго больш за мільён праглядаў.

Што яму было адказаць? Што жалезная інфармацыйная заслона ўпала, ды не да канца, заціснутая між дзвюма праўдамі жыцця? :)

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: