ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Жарсці на вінзаводзе: без пляшкі не разбярэшся!

В фокусе

У мінулую пятніцу інтэрнэт-рэсурсы застракацелі паведамленнямі пра хваляванні на вінзаводзе ў Полацку. “Полацкі вінзавод страйкуе: рабочыя выйшлі на вуліцу”, — паведаміў UDF.BY. У падобным ключы адстраляліся і іншыя інтэрнэт-медыі, вядомыя крытычным стаўленнем да ўладаў.

Пры гэтым са спасылкай на грузчыка прадпрыемства абурэнне рабочых тлумачылі тым, што ў іх разліковых лістках за жнівень заробак не перавысіў двух мільёнаў рублёў.

Няцяжка адсачыць, што крыніцай сенсацыі стаў мясцовы сайт ximik.info. Аднак рэч у тым, што на ім сюжэт падаваўся хай сабе і не бездакорна, але ж у развіцці. А вось тыя, хто перадрукоўваў, збольшага абышліся першай порцыяй інфы. Той жа UDF.BY безапеляцыйна заявіў, што “раніцай у пятніцу спыніліся ўсе цэхі завода”, зухавата адсекшы пры перадруку “паводле папярэдняй інфармацыі”.

Сапраўды, каб уваткнуць шпільку ўладзе, дастаткова, а далей — хоць трава не расці.

Тэму паспрабавала развіць “Хартыя”, узяўшы каментар у лідэра прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча. Той выказаўся крута: “На іх месцы я б зусім перастаў працаваць, усімі зменамі рабочых. Пакуль кіраўніцтва не заплаціць нармальныя заробкі. Бо на 240 долараў нават сям’ю пракарміць немагчыма”.

240 долараў — гэта, трэба разумець, тыя ж два мільёны ў эквіваленце. Выглядае, што лідэра незалежнага прафсаюза падставілі, падсунуўшы яму гэтыя звесткі як ісціну ў апошняй інстанцыі.

Інтэрнэт-медыі, што паспяшаліся стрэліць сенсацыяй пра страйк, элементарна праігнаравалі азбуку журналістыкі — правіла дзвюх крыніц. Фядыніча альтэрнатыўнай крыніцай не назавеш: па-першае, ён апрыёры, хоць сярод ночы разбудзі, мусіць артыкуляваць абарону рабочых, па-другое, на той момант, гледзячы па ўсім, не валодаў паўнатой інфармацыі.

Пазней БелаПАН, Інтэрфакс далі трактоўку падзей у тым ліку і з гледзішча адміністрацыі прадпрыемства. “Кіраўніцтва Полацкага вінзавода абвергла інфармацыю пра страйк рабочых”, — паведаміў, у прыватнасці, Інтэрфакс. Са слоў дырэктара, сярэдні заробак тамтэйшых працаўнікоў складае 4 мільёны 523 тысячы рублёў, або звыш 500 долараў. Хаця не выключана, маўляў, што хтосьці мог атрымаць за жнівень і значна меней: гэта залежыць ад кваліфікацыі, колькасці адпрацаваных дзён.

Канечне, і дырэктара не варта падаваць як прамоўцу ісціны ў апошняй інстанцыі. Відавочна, ва ўсякім разе, што няма дыму без агня, хваляванні на прадпрыемстве мелі месца. Аднак датрыманне правіла дзвюх крыніц дае стэрэаскапічны, болей збалансаваны малюнак канфліктнай сітуацыі.

Менавіта такім шляхам пайшла інтэрнэт-газета “Салідарнасць”, змясціўшы фотарэпартаж пра калізію на вінзаводзе.

“Аб стыхійным страйку работнікаў Полацкага вінзавода, незадаволеных атрыманымі напярэдадні разліковымі лісткамі, паведаміў у пятніцу сайт ximik.info, — піша аўтарка і дадае: — У гутарцы з карэспандэнтам “Салідарнасці” рабочыя не пацвердзілі гэту інфармацыю”.

Далей прыводзяцца іх сведчанні: сапраўды, прыпынялі працу, але страйкаваць, маўляў, не маем права. Цытуецца і дырэктар Аляксандр Масалаў: “Так, сёння у адным цэху ўзніклі пытанні па налічаным заробку. Мы іх вырашылі”.

Вось гэта і ёсць прафесійны падыход. Прычым увогуле з тэксту вынікае, што праблем на заводзе багата, то бок выданне зусім не выгароджвае адміністрацыю. Але разам з тым імкнецца пазбегнуць аднабокасці.

Зрэшты, удалося гэта не ў поўнай ступені. Апошні здымак фотарэпартажу скадраваны некарэктна: на выяве разліковага лістка кідаецца ў вочы тлуста падкрэсленая лічба голага тарыфу — 1 417 500.00, аднак адрэзаны ніз з радкамі, з якіх вынікае агульная сума за месяц (наколькі можна прыкінуць, ці не ўдвая большая).

Увогуле ж “Салідарнасць” некалькі разоў за апошні час звярталася да падзей на гэтым прадпрыемстве (там трохі раней была спроба пераходу часткі працаўнікоў у Свабодны прафсаюз), прычым знітавала публікацыі гіперспасылкамі, што значна аблягчае задачу чытачу, які хоча мець максімум звестак па тэме. На жаль, многія вэб-рэсурсы пры асвятленні такіх заблытаных сюжэтаў ігнаруюць магчымасці гіпертэксту, які здольны ствараць моцны бэкграўнд.

У гэтым жа канкрэтным выпадку рэдакцыі шэрагу інтэрнэт-СМІ не толькі не звязваліся з адміністрацыяй завода, але і не паклапаціліся хаця б абнавіць сюжэт, даць дадатковыя звесткі на падставе паведамленняў інфармацыйных агенцтваў.

Дарэчы, інтэрнэт-медыі маюць тут перавагу над традыцыйнай прэсай. Там ужо калі далі маху, то давядзецца ў наступным нумары друкаваць папраўку ці абвяржэнне. На сайце ж можна даць побач з загалоўкам у дужках: “абноўлена” ці “абнаўляецца”. Як зрабіў той жа ximik.info. Ёсць і іншыя спосабы падаць сюжэт у развіцці.

Але ж асобныя вэб-рэдакцыі толькі напалохалі (а мо, наадварот, натхнілі) публіку выбухам народнага гневу — і паскакалі далей па чужых сайтах у пошуку псеўдасенсацый.

Між тым гэтую гісторыю капаць ды капаць. Для ўдумлівага журналіста там мора зачэпак, каб зрабіць праблемны матэрыял. Бо ў гэтай інтрызе спляліся і запалоханасць працоўнага люду, і адарванасць прафсаюзаў ад мас, і ўменне ўладаў своечасова кінуць костку, і шчыраванне спецслужбаў, і яшчэ шмат якія моманты.

Скарыстаўшы інфармацыйную нагоду, можна, напрыклад, правесці паралелі з хваляваннямі на мікашэвіцкім “Граніце”, іншых прадпрыемствах, адсачыць тактыку вертыкалі, спрагназаваць перспектывы рабочага руху ў краіне: ці магчымы ў нас нейкі рымейк польскай “Салідарнасці”?

Але ж гэта трэба напружваць мазгі, траціць час, пералапачваць вэб-архівы, тузаць экспертаў, а магчыма і перціся ў няблізкі свет… Інтэрнэт-медыі найчасцей выбіраюць лінію найменшага супраціву, зрываюць вяршкі, прычым і гэта робяць аднабока. Чым выклікаюць іншым разам цалкам зразумелае раздражненне чыноўнікаў: што, цяжка было набраць нумар ды ўдакладніць?

Так, беларускае чынавенства далёка не заўсёды ахвотна каментуе нешта незалежнай прэсе. Але ж вы паспрабуйце, карона не зваліцца! Нават калі ў выніку з’явіцца толькі радок, што ў такой і такой інстанцыі адмовіліся пацвердзіць або абвергнуць пэўны факт — гэта ўжо ў многіх выпадках развязвае рукі для публікацыі: хай цяпер круцяцца тыя, хто адмахнуўся.

Аднак тэза “нам не даюць інфы” часта становіцца адмазкай, апраўданнем ляноты ці прапагандысцкага ўхілу ў палітыцы вэб-рэсурсу.

Кладучы руку на сэрца, трэба сказаць, што і пад раздачу журналісты недзяржаўных СМІ трапляюць не толькі за сваю прынцыповасць: іншым разам яны гараць менавіта на неправеранай фактуры. Так што давайце выразна аддзяляць мух ад катлет: дзе вінаваты рэжым, а дзе — прафесійная нядбайнасць.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: