ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Журналістыка і рэжым: вайна ўсё спіша?

В фокусе

Да роздуму на гэту тэму падштурхнуў учынак галоўнага рэдактара польскай газеты “Рэч Паспаліта”. Мы вось дзяўбём, што беларускай журналістыцы не стае свабоды. І гэта сапраўды так. Але наспела гаворка і пра другі бок медаля. Скажу непапулярную, дыскамфортную рэч: айчыннай журналістыцы не стае адказнасці.

Прычым менавіта існаванне адной нагой ці цалкам у андэграундзе па-свойму разбэшчвае частку нашых медыяў. Асабліва гэта бачна па анлайнавых выданнях. Яны не рэгіструюцца, адпаведна Мінінфарм не можа ўзяць ды ўляпіць папярэджанне (што ёсць добрым бізуном для друкаванай прэсы). Змаганне ж з імі праз чорныя спісы забароненых сайтаў відавочна неэфектыўнае.

У выніку некаторыя вэб-медыі амаль што адвучыліся правяраць інфу і нават не саромеюцца дэзы. Асабліва заточанай супраць “злачыннага рэжыму”. Вайна ўсё спіша!

А вось вам норавы Еўропы: галоўны рэдактар “Рэчы Паспалітай” Томаш Урублеўскі падаў у адстаўку пасля таго, як не пацвердзілася сенсацыя пра сляды выбухоўкі на абломках самалёта Леха Качыньскага. Кіраўнік выдання такім чынам узяў на сябе віну за ўкід неправеранай інфы, што стала для палякаў як соль на рану. Газета ж публічна прызнала памылку.

СМІ начапілі кайданкі на вертыкальніка, а Лукашэнку скіравалі ў Новы Свет

І цяпер правядзем паралелі.

Што да дзяржаўных беларускіх СМІ, то яны не аднойчы вызначаліся тыражаваннем высмактаных з пальца страшылак (а-ля дыверсанты з дохлымі пацукамі) пра палітычных апанентаў рэжыму. Не будзем спыняцца на гэтым брудзе: з тэхналогіяй яго прадукавання і маральнасцю “зліўных бачкоў” усё зразумела.

Але ж і недзяржаўныя СМІ, асабліва інтэрнэт-рэсурсы, часцяком даюць маху, запускаючы качак.

Класіка жанру — выпадак, калі пазалетась з падачы АФН дзясяткі сайтаў накіравалі беларускага афіцыйнага лідэра з візітам да Уга Чавеса, пры тым што насамрэч Лукашэнка знаходзіўся дома. І каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова было патэлефанаваць прэзідэнцкаму прэс-сакратару.

А сёлета ў жніўні зноў жа дзясяткі сайтаў разнеслі качку пра арышт гомельскага мэра. Яго насамрэч праз паўтара месяца арыштавалі, але ж гэта не ёсць апраўданнем для тых медыяў, што спрацавалі на ўзроўні “адна бабка сказала”, праігнаравалі элементарнае прафесійнае правіла дзвюх крыніц.

А потым было дэжавю: гэтаксама абляцела Байнэт качка пра арышт брата гомельскага мэра — кіраўніка Калінкавіцкага райвыканкама. Калі той асабіста абверг чутку, некаторыя вэб-рэсурсы, замест таго каб сумленна выправіць ляп, сталі прысабачваць пытальнікі да сенсацыйных загалоўкаў пра арыштаванага брата, спрабуючы быць “трошкі цяжарнымі”.

Дохлых качак нават не закопваюць

Асабліва ж распаўсюджаны варыянт “чулі звон”, калі дэза не стопрацэнтная, але вакол рэальнай падзеі накручваецца мноства домыслаў і ў выніку прадукуецца плынь аднабокай, скажонай інфармацыі. Так было, напрыклад, у выпадку з медыйным адлюстраваннем калізіі на Полацкім вінзаводзе, калі лакальнае высвятленнне стасункаў паміж працаўнікамі і адміністрацыяй з нагоды заробкаў падалі як татальны страйк.

Пры гэтым памеры заробкаў занізілі, далі заявы толькі аднаго боку (а дакладней — аднаго грузчыка). Рэсурсы падхоплівалі неправераную інфу, нават не спрабуючы патэлефанаваць у дырэкцыю, бухгалтэрыю прадпрыемства, не кажучы ўжо пра тое, каб паслаць карэспандэнта на месца падзеі.

Добра вядомыя цяжкасці інтэрнэт-СМІ: найперш гэта малыя штаты, бедныя бюджэты. Накіроўваць журналістаў у камандзіроўкі, увогуле генераваць арыгінальны кантэнт — дарагая раскоша. Але мо лепей меней, ды лепей?

Ці шмат карысці ад шалёнага капіпасту ды рэрайтынгу без датрымання элементарных правіл праверкі фактуры? Ці ёсць маральнае права называць сябе прадстаўнікамі незалежнай прэсы, калі насамрэч вы ў татальнай залежнасці ад іншых крыніц, фактычна не ствараеце свайго кантэнту, а перажоўваеце чужое, выяўляючы пры гэтым жахлівую непераборлівасць?

Яшчэ болей: качкі застаюцца вісець на некаторых сайтах нават пасля таго, як высветлілася, што гэта лухта. Рэдакцыі не лічаць патрэбным выправіцца, даць чытачу хоць са спазненнем праўдзівую інфу.

Цяжка сказаць, што часцей спрацоўвае: проста лянота ці нежаданне прызнаваць, што селі ў галёш. Аднак па вялікім рахунку гэта неістотна. Так ці іначай мы маем справу з праявамі страшэннага непрафесіяналізму ды інфантыльнай безадказнасці.

Свежы сюжэт — калі з падачы “Хартыі” шмат якія рэсурсы “застрэлілі” генерал-маёра КДБ. Потым высветлілася, што чалавек жывы-здаровы. І ці нейкі рэсурс выбачыўся перад чытачамі, як тая “Рэч Паспаліта”? Нейкі рэдактар пасыпаў галаву попелам?

Зараз мяне пачнуць дзяўбці: мо яшчэ загадаеш прасіць прабачэння і ў служакаў рэжыму? Але закон мусіць быць роўны для ўсіх, і якраз у такіх калізіях вызначаецца ўзровень нашай прафесійнай ды агульнай маральнасці, культуры.

Калі ў імя барацьбы з рэжымам па-бальшавіцку перакрэсліваецца этыка, калі мяркуецца, што дзеля сакралізаванай перамогі дэмакратыі ўсе сродкі добрыя, у тым ліку і падтасоўка, і абраза, і дэза, і чорны піяр, — то чым мы лепшыя за тых казённых прапагандыстаў, на якіх глядзім з пагардай?

Непадцэнзурная цэнзура

Некалькі дзён таму на канферэнцыі ў Варшаве мне давялося дыскутаваць з галоўнай рэдактаркай “Хартыі” Наталляй Радзінай, якая казала, што ў Беларусі ўсе СМІ змушаны працаваць “ва умовах шантажу ды кантролю з боку КДБ”, і пры гэтым заклікала іх перайсці “з рэжыму выжывання ў рэжым змагання” (што выглядала не зусім лагічна: якое змаганне, калі ўсё пад каўпаком?).

Аўтар жа гэтых радкоў, цалкам пагаджаючыся, што са свабодай прэсы ў нас змрочна, даводзіў, што падставовая місія СМІ тым не меней — гэта інфармаванне ды аналіз, а не татальная вайна з рэжымам. Так, грамадзянская пазіцыя мусіць быць, але барыкадная журналістыка дэфармуе прафесіяналізм.

Пра варшаўскую канферэнцыю я даў справаздачу на Naviny.by, пастараўшыся адлюстраваць розныя пункты погляду, у тым ліку і Наталлі Радзінай, і яе паплечніка Змітра Бандарэнкі.

Трохі пазней з’явілася свая справаздача пра тую ж канферэнцыю на сайце “Хартыі”. І што ж мы бачым? Падборку прамоў тых, хто або сам у камандзе “Хартыі”, або выказваў сімпатычныя гэтай камандзе меркаванні.

Тыя ж, хто выказваўся іначай, у справаздачу проста не трапілі. Гэта да пытання, хто піша болей праўды і дзе болей жорсткая цэнзура ды самацэнзура.

Якасць — праблема агульная

І потым, не магу я згадаць нейкай асаблівай сенсацыйнай праўды пра рэжым ад рэсурсаў, што робяцца з-за мяжы (ці ў асноўным з-за мяжы). Можа, яны выкрылі, напрыклад, нелегальныя схемы продажу зброі, раскапалі нейкія эпахальныя злачынствы наменклатуры, знайшлі “мільярды Лукашэнкі”, якімі ён троліць Амерыку?

Ды не ж, гэтыя рэсурсы з прэтэнзіяй на звышпраўду сілкуюцца пераважна кантэнтам тых СМІ, што працуюць унутры праклятай дыктатуры. Адно што пры перадруку лепяць радыкальныя загалоўкі, маскуюць спасылкі на першакрыніцу ды бесцырымонна выкідаюць прозвішчы аўтараў. А калі даюць нешта сваё, то нярэдка гэта або тая ж прапаганда, толькі з процілеглым вектарам, або качка.

Для мяне галоўнае пытанне не ў тым, каб напісаць вастрэй. У сваіх публікацыях я даю дастаткова жорсткія характарыстыкі і рэжыму, і яго кіраўніку. Для мяне пытанне ў тым, каб напісаць глыбей, даследаваць праблему з розных бакоў ды раскрыць яе перад чытачом найболей адэкватна, адкідаючы кан’юнктуру.

Праблема якасці агульная для ўсёй беларускай недзяржаўнай прэсы. І менавіта на ёй трэба найперш канцэнтравацца. Не варта змешваць у адным флаконе журналістыку і палітычную барацьбу, падзяляць незалежныя СМІ на першы і другі гатунак “імем рэвалюцыі”.

Бяда ў тым, што ў нас няма медыйнага рынку. Адпаведна, рабіць выданне як камерцыйны праект (то бок жыць продажам прафесійна зробленага інфармацыйнага ды аналітычнага прадукту) надзвычай цяжка, амаль што немагчыма.

Калі ж выданне становіцца праектам найперш палітычным, арыентуецца не на рынак, а на спонсарскае сілкаванне, то і крытэры могуць збівацца, і пачуццё адказнасці перад грамадствам прытупляецца.

Учынак галоўнага рэдактара “Рэчы Паспалітай” нагадвае нам, што прафесіяналізм — гэта і адказнасць за кожнае слова.

Ведучы трэнінгі па журналістыцы, я заклікаю маладых калег адмаўляцца ад банальнасцяў, але вось гэтая банальная рэч — мы ў адказе за кожнае слова! — мусіць цвіком сядзець у мазгах журналіста.

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: