ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Жывыя рэпартажы з мёртвых выбараў

В фокусе

Парадокс: пры скептычным стаўленні незалежнага грамадства да гэтых выбараў менавіта незалежныя медыі асвятлялі кампанію болей актыўна і разнастайна. Хаця і ім неставала глыбіні ды крэатыўнасці, а некаторым — хаця б элементарнага плюралізму.

Сайты дзяржпрэсы: глуха як у танку

Сайт sb.by 23 верасня сустракаў наведнікаў шапкай “Дзякуй за працу!” і вялікім здымкам з “Дажынак” у Горках. Рубрыка “Выбары” сціпла тулілася ў куце, прычым пад ёй вісеў пастаўлены з самай раніцы застылы тэкст з агульнай інфармацыяй пра асноўны дзень галасавання.

На сайце “Народнай газеты” цвікамі былі матэрыялы пра паралімпійца Ігара Бокія, пасткросінг (сусветны абмен паштоўкамі з выпадковымі адрасатамі) і даведнік “Рыбачым паводле правілаў”. З улікам таго, што апазіцыянеры-байкатысты заклікалі ў гэты дзень пайсці не на выбарчы ўчастак, а на рыбалку, апошнюю публікацыю можна было трактаваць як ціхую дыверсію.

Сайт “Рэспублікі” таксама адкрывала публікацыя пра “Дажынкі”, пад ёй — матэрыял “Грамадзянскі абавязак — найперш” з тызерам “Заўтра — асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання…”.

Аўтарка лапідарнага тэксту Тацяна Уладзімірава вынайшла арыгінальную фармулёўку “рэалізаваць свой грамадзянскі абавязак”. Пры тым што рэалізаваць можна права, абавязак жа выконваюць. І беларускія грамадзяне маюць менавіта права абіраць (і байкатаваць таксама). Але ж так хацелася, відаць, уваткнуць гэты “абавязак” (у духу савецкага імператыву “Усе на выбары!”), што давялося пайсці на лёгкі лінгвістычны гвалт.

Мяркуючы па ўсім, сайт гэтай ўрадавай газеты закансерваваўся да пачатку новага працоўнага тыдня пасля таго, як былі выстаўлены тэксты з суботняга нумара. Так і па сёння працуюць многія дзяржаўныя выданні Беларусі: сайт — толькі люстэрка друкаванай версіі, электронны архіў нумароў. Выбары, катастрофы, любыя сенсацыі у рэальным часе праходзяць міма гэтых анемічных псеўдаанлайнавых рэсурсаў, што сонна функцыянуюць “от сих и до сих”.

БЕЛТА: энергічная гульня ў адны вароты

Сапраўды, а нашто вылузвацца са скуры, калі ёсць БЕЛТА?Усё адно ад генеральнай лініі не адхілішся, “отсебятины” ніхто не дазволіць. Не дзіва, што наверсе вырашылі зэканоміць на агітпрапе і звесці пяць дзяржаўных газет у холдынг.

Што ж тычыцца belta.by, то рэсурс працаваў інтэнсіўна, але фактычна гуляў у адны вароты, закідваючы чытача мажорнымі звесткамі ды каментарамі ў духу “ўсё ціп-топ”. Прычым бравурнасць аж зашкальвала. Калі Сталін у свой час казаў, што “жыць стала лепей, жыць стала весялей”, дапускаючы, што яшчэ ёсць куды рухацца, дык тут — поўны абсалют: “У Беларусі самы шчаслівы народ, мяркуе выбаршчык з Кіева”.

Апафеоз: ужо не проста выспа стабільнасці, а зямны рай, нірвана. І, канечне ж, з Кіева лепей бачна.

Плюралізму на сайце БЕЛТА і ў звычайныя дні няшмат, ну а 23 верасня ім тут і не пахла. Аб альтэрнатыўным поглядзе на гэтыя выбары можны было меркаваць толькі па густых адлупах пятай калоне ды Захаду.

Анлайн: кішкі і матрошкі

У той жа час найбуйнейшыя незалежныя вэб-медыі — nn.by, Naviny.by, svaboda.by,  "Белорусский партизан"   — вялі ў гэты дзень анлайнавыя рэпартажы. Прычым калі на сайце “Нашай нівы” тэкст выстаўляўся доўгай кішкай, то “Навіны” выкарыстоўвалі прынцып матрошкі, укладаючы асобныя публікацыі праз гіперспасылкі, у выніку чаго матэрыял глядзеўся болей кампактна.

Кішкай давала свой анлайн і “Народная воля”, аднак увогуле варта адзначыць прагрэс яе сайта, што да пары да часу быў пераважна гэтакім жа пастфактумным люстэркам друкаванай версіі, як і сайты дзяржаўных газет. Сёння nv-online.info — усё болей паўнакроўны анлайнавы рэсурс, які стараецца працаваць, адвязаўшыся ад мамкі-газеты, хутка даючы ў тым ліку і арыгінальны, эксклюзіўны вэб-кантэнт.

TUT.by назваў свой анлайн таўталагічна-асцярожна — “Дзень выбараў. Беларусь абірае дэпутатаў” (параўнайце: на сайце “Свабоды” — “Дзень выбараў і байкоту. Жывы рэпартаж”), а недахоп солі, перцу і дынамікі паспрабаваў кампенсаваць неймавернай колькасцю фотаздымкаў (некаторыя зроблены, відавочна, з інтэрвалам у лічаныя секунды).

Ходкія жанры — мачылава і вінегрэт

Сайт жа “Свабоды” ў дзень асноўнага галасавання ўсіх заткнуў за пояс што да аператыўнага асэнсавання падзей: увесь вечар аналіз выбараў ішоў у жывым эфіры, нястомны Юры Дракахруст зладзіў аж тры “Праскія акцэнты”!

Дадамо, што і падчас усёй кампаніі гэты рэсурс вылучаўся моцнай плынню аналітычных матэрыялаў на выбарчую тэматыку: каментары, блогі, “Экспертызы”, тыя ж “Праскія акцэнты”. Сістэмна аналізавалася парламенцкая кампанія і на сайце Naviny.by. Прычым разбіраўся па костачках кожны аспект: апазіцыйныя тактыкі байкоту і ўдзелу, выступы кандыдатаў па тэлебачанні, арганізацыя назірання, пазіцыі Еўразвязу ды Расіі…

Такога асэнсавання бракавала ў іншых вэб-медыях. Яны збольшага дэманстравалі рэактыўны падыход: нешта заявіла Ярмошына, нейкую акцыю зладзілі апазіцыянеры, некага затрымалі з улёткамі — з’яўляецца адпаведная інфа (часта — запазычаная і з ацэначнымі рэмаркамі, залежнымі ад сімпатый-антыпатый канкрэтнай рэдакцыі). З іншых жанраў дамінавалі фотарэпартажы з пікетаў.

Некаторыя рэдакцыі перыядычна ладзілі апытанні мінакоў ці знакамітасцяў. “Белорусский партизан” практыкаваў інтэрв’ю з палітыкамі ды аналітыкамі, ствараў пэўны плюралізм думак ды плынь ацэнак праз блогі.

Але недахоп гэтых жанраў у тым, што кожны канкрэтны тэкст зазвычай уяўляе сабой погляд аднаго чалавека (ці вінегрэт меркаванняў у выпадку апытання), прычым аўтар або суразмоўца найчасцей імкнецца не да ўзважанай ацэнкі, а да пракламавання ўласнай пазіцыі (у тым ліку і праз нападкі на апанентаў).

У канцэнтраваным жа выглядзе аднабокасць традыцыйна дэманстравала “Хартыя”. Стоячы на пазіцыі байкоту, яна давала слова толькі прадстаўнікам адпаведнай плыні і пляжыла ўсіх, хто думае іначай.

Багата ляманту, мала аналітыкі

Аналіз таго, як асвятлялася выбарчая кампанія, падводзіць да сумнай высновы: у беларускай журналістыцы — як анлайнавай, так і афлайнавай — вымірае жанр артыкула. Палкай публіцыстыкі (праўда, нярэдка дылетанцкай) аж занадта. А вось артыкулаў — кот наплакаў.

Між тым менавіта гэты аналітычны жанр заточаны пад рознабаковае, збалансаванае асэнсаванне нейкай з’явы, падзеі, праблемы — праз падбор аргументаў, цытаванне экспертаў з адрознымі меркаваннямі, уласнае аўтарскае даследаванне пытання.

Пры тым што менавіта такія тэксты шукае разумны чытач, стомлены пафасам ды лаянкай, прапанова надзвычай бедная. Тут дзве прычыны. Па-першае, аналітыка патрабуе прафесіяналізму ды вялікіх працоўных затрат (і, натуральна, болей-меней прыстойнай аплаты). Па-другое, яна вымагае наступаць на горла ўласнай песні і ставіць медыйныя прынцыпы вышэй за канкрэтны палітычны інтарэс.

Адпаведна, беднасць аналітыкі ў недзяржаўных беларускіх вэб-медыях сведчыць пра брак фінансавых рэсурсаў, прафесіяналізму ды празмерную палітычную ангажаванасць.

Адносным суцяшэннем можа быць хіба тое, што дзяржаўныя вэб-рэсурсы выглядалі на гэтых выбарах яшчэ болей непрафесійнымі ды ангажаванымі. А большасць з іх фактычна байкатавала гэты “трыўмф народаўладдзя”, упаўшы ў анабіёз на “Дажынках”.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: