Вы здесь

Галандскі мемарыяльны фонд Ханса Верплога (Hans Verploeg) уганараваў ГА “БАЖ” прэміяй свабоды слова

Прэмія памерам 5 тысяч еўра закліканая падтрымаць дзейнасць арганізацыі і ўзнагародзіць найбольш таленавітых маладых незалежных беларускіх журналістаў, паведамляецца на сайце Фонда.

«Сваёй узнагародай мы спадзяемся прыцягнуць дадатковую ўвагу да становішча журналістаў у Беларусі і разам з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў і АБСЕ забяспечыць ім большую падтрымку на міжнародным узроўні», – паведамляе Фонд.

“Пра ўзнагароду ГА “БАЖ” даведалася напярэдадні 3 мая, але, пакуль не праясніліся пэўныя арганізацыйныя моманты, мы гэтую інфармацыю не распаўсюджвалі, – кажа старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна. – Як толькі гэтая сума паступіць на рахунак арганізацыі, мы заплацім з яе падатак, а астатняе выкарыстаем у адпаведнасці з заяўленай Фондам мэтай – на падтрымку дзейнасці БАЖ і таленавітых калег”.    

Прэмію свабоднага слова заснавалі галандская асацыяцыя журналістаў, галандская асацыяцыя выдаўцоў, тэлеасацыяцыя RTL Nederland, галандская вяшчальная арганізацыя «Catholic Radio Broadcasting».

Мемарыяльны фонд Ханса Верплога спрыяе развіццю свабоднай прэсы ў тых краінах, дзе яна знаходзіцца пад пагрозай. Штогод яе прысуджаюць на Сусветны дзень свабоды прэсы, 3 мая, журналістам альбо арганізацыям, дзейнасць якіх супадае з мэтамі дзейнасці фонда. Адбірае прэтэндэнтаў Рада фонда пасля кансультацый з арганізацыямі Free Press Unlimited, Галандскім саюзам журналістаў і Міжнароднай федэрацыяй журналістаў.

Ханс Верплог на працягу 25-і гадоў быў Генеральным сакратаром галандскай асацыяцыі журналістаў і прысвяціў сваё жыццё распаўсюду і абароне свабоды слова на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Ён памёр у 2010 годзе.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Оценить материал: распечатать Обсудить в: