Вы здесь

Са спісу неўязных у Еўрасаюз выключаная Ганна Шадрына

Таксама знятыя абмежаванні з дзвюх беларускіх кампаній — "Аквадзіў" і "Спорт-пары".

Як стала вядома Еўрарадыё, 29 траўня афіцыйнае выданне Еўрасаюза скараціла на аднаго чалавека спіс неўзязных беларускіх чыноўнікаў. "Зняты ўсе абмежавальныя меры" ў адносінах да былой намесніцы рэдактара газеты "СБ Беларусь сегодня" Ганны Шадрыной.

На момант складання "чорнага спісу Еўрасаюза" Ганна Шадрына ўжо не працавала ў прэзідэнцкай газеце, адкуль сышла паводле ўласнага жадання. У выданні яна ўзначальвала аддзел культуры і лістоў. Вядома, што ў 2011 годзе яна мела перапіску са структурамі Еўрасаюза, бо была не згодная з фармулёўкамі, праз якія яна апынулася ў спісах. Тады ліставанне было завершанае нічым.

Аспрэчваць у судзе рашэнне Еўрасаюза Ганна не стала. Гэтыя два гады яна займалася гендарнымі даследаваннямі і напісала кнігу  "Не замужам: секс, каханне і сям'я па-за межамі шлюбу".

У тым жа афіцыйным выданні Еўрасаюза паведамляецца, што зняты абмежаванні з дзвюх беларускіх кампаній — спірта-гарэлкавага завода "Аквадзіў" (прадпрыемства падпала пад санкцыі 23 сакавіка 2012 года) і "Спорт-пары" (у чэрвені 2011 года).

Нагадаем, палітычнае рашэнне пра візавыя і эканамічныя санкцыі ў адносінах да Беларусі было прынятае Саветам ЕС 31 студзеня 2011 года ў Брусэлі, калі міністры замежных спраў Еўрасаюза зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах Еўрасаюза павінны быць замарожаныя.

Еўрарадыё

Оценить материал: распечатать Обсудить в: