Вы здесь

БАЖ далучыўся да Хартыі правоў фрылансераў ЕФЖ

У Мінску прайшло пасяджэнне Рады ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

У прыватнасці, сябры Рады ўхвалілі далучэнне арганізацыі да Еўрапейскай хартыі правоў журналістаў-фрылансераў, ратыфікавалі падпісанне ГА “БАЖ” Дэкларацыі аб супрацоўніцтве з журналісцкімі арганізацыямі Украіны, Польшчы, Малдовы і Расіі, а таксама выказаліся за неабходнасць шырокага абмеркавання прапаноў аб увядзенні рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ.

Хартыя правоў журналістаў-фрылансераў, ініцыяваная Еўрапейскай федэрацыяй журналістаў, дэкларуе неабходнасць стварэння роўных умоваў працы для фрылансераў у параўнанні са штатнымі журналістамі СМІ. Паводле Хартыі, кожны фрылансер павінен мець права на абарону сацыяльных правоў на роўных умовах з наёмнымі работнікамі:  напрыклад, аплату бальнічнага ліста журналісту, пенсію па ўзросце, дапамогу па беспрацоўі, дапамогу па доглядзе дзіцяці для маці/бацькі і іншае.

Апроч гэтага, Рада ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прыняла рашэнне далучыцца да Дэкларацыі пра супрацоўніцтва з журналісцкімі арганізацыямі Украіны, Польшчы, Малдовы і Расіі.

У межах Дэкларацыі пра супрацоўніцтва Асацыяцыя польскіх журналістаў, Нацыянальны саюз журналістаў Украіны, Незалежны медыя-прафсаюз Украіны, Саюз журналістаў Малдовы і Саюз журналістаў Расіі маюць намер супольна змагацца з выпадкамі перашкодаў журналістам пры выкананні службовых абавязкаў, праводзіць супольнае навучанне і абмен досведам у рэфармаванні СМІ, ладзіць сумесныя акцыі пад агульнай назвай “Беспакаранасць забівае” і дні памяці забітых калегаў.

– Мы, журналісты Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія маюць аднолькавы досвед камуністычнага таталітарызму, цэнзуры, барацьбы за свабоду слова і незалежную журналістыку, прагнем звярнуць асаблівую увагу на праблемы журналістаў у гэтай частцы Еўропы, – гаворыцца ў Дэкларацыі пра супрацоўніцтва.

Сябры Рады абмеркавалі таксама нядаўняе выказванне намесніка міністра інфармацыі пра магчымасць увядзення ў Беларусі рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ. Сябры Рады выказаліся за неабходнасць шырокага абмеркавання магчымых паправак у Закон аб СМІ з журналісцкай супольнасцю і ўсімі зацікаўленымі ў гэтым працэсе суб’ектамі права.

Рада ГА “БАЖ” прыняла рашэнне падрыхтаваць зварот у Мінінфармацыі і да начальніка Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Усевалада Янчэўскага з просьбай уключыць прадстаўнікоў ГА “БАЖ” у працоўную групу па падрыхтоўцы зменаў у Закон аб СМІ, прадаставіць для азнаямлення пакет рыхтаваных зменаў, а таксама ініцыяваць правядзенне круглага стала альбо іншай формы грамадскага абмеркавання гэтых зменаў.

Апроч гэтага, сябры Рады ГА “БАЖ” вырашылі пытанне памеру сяброўскіх унёскаў, якія з 1 студзеня 2014 года будуць складаць адну базавую велічыню ў год.

Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

Оценить материал: распечатать Обсудить в: