Вы здесь

БАЖ накіравала ліст падтрымкі ўкраінскім калегам

Нагодай для звароту ў Нацыянальны саюз журналістаў і Незалежны медыя-прафсаюз Украіны стала агульная эскалацыя гвалту ў дачыненні да журналістаў у гэтай краіне і, у прыватнасці, жорсткае збіццё журналісткі Таццяны Чарнавол.

“Зараз культура беспакаранасці, якая пануе на постсавецкай прасторы (у тым ліку ва Украіне і Беларусі), прывяла да жорсткага збіцця блогеркі“Украінскай правды” Таццяны Чарнавол”, – гаворыцца ў лісце.

ГА “БАЖ” далучаецца да заклікаў, адрасаваных украінскім праваахоўным органам, “забяспечыць аператыўнае і аб’ектыўнае расследаванне гэтага злачынства, гэтак жа як і іншых выпадкаў гвалту супраць журналістаў, і прыцягнуць вінаватых асобаў да вызначанай законам адказнасці”.

“Выказваем падтрымку Таццяне Чарнавол і жадаем ёй хутчэйшага выздараўлення”, – гаворыцца ў звароце.

25 снежня ўначы на Барыспальскай трасе пад Кіевам машыну Таццяна Чарнавол атакаваў аўтамабіль невядомых. Яны разбілі шкло ў яе машыне, а калі журналістка выскачыла і паспрабавала збегчы, яны здагналі яе і пачалі збіваць.

Са страсеннем мазгоў, гаматомай на твары і пераломам носа яна знаходзіцца ў рэанімацыі.   

Па факце збіцця распачата крымінальная вытворчасць. Паведамляецца, што міліцыя затрымала ўжо двух з траіх падазраваных у нападзе. Міністр унутраных спраў Захарчанка запэўнівае, што трымае справу на асабістым кантролі. Прэзідэнт Украіны Януковіч даручыў яму тэрмінова зрабіць усе неабходныя захады для расследавання збіцця журналісткі.

Следства разглядае тры версіі, сярод якіх – прафесійная дзейнасць, ДТЗ і правакацыя з боку пэўных асобаў.

Нацыянальны саюз журналістаў Украіны і Незалежны медыя-прафсаюз Украіны выказалі абурэнне жорсткім збіццём журналісткі і актывісткі “Еўрамайдану” Таццяны Чарнавол, якая выкрывала ў сваіх журналісцкіх расследаваннях  карупцыйную дзейнасць чыноўнікаў. У прыватнасці, у дзень перад збіццём яна здымала маёнткі міністра ўнутраных спраў і генпракурора,  адзначаюць украінскія арганізацыі. Яны працягваюць патрабаваць адстаўкі міністра ўнутраных спраў за яго бяздзейнасць па справе пакарання вінаватых.

25 снежня з асуджэннем брутальнага нападу выступіла прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч. “Атакі на журналістаў нельга трываць, нападнікі не павінныя застацца беспакаранымі”, – заявіла яна, дадаўшы, што вітае асуджэнне інцыдэнту Віктарам Януковічам і яго заклік правесці ўсебаковае расследаванне. Міятавіч таксама пацвердзіла свой заклік да украінскіх уладаў гарантаваць бяспеку журналістаў, якая, на жаль, істотна пагоршылася ў апошнія тыдні.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Оценить материал: распечатать Обсудить в: