Вы здесь

У Лондане прэзентавалі даклад «За рэформы медыя ў Беларусі»

Прэзентацыя з удзелам намесніка старшыні ГА «БАЖ» Андрэя Бастунца і эксперта «Індэкса цэнзуры» Андрэя Аляксандрава адбылася ўвечары 27 лютага ў Цэнтры "Вольнае слова", дзе месціцца цэлы шэраг праваабарончых арганізацый.

«Нашу прэзентацыю можна назваць «Што магло б стацца ва Украіне, калі б Майдан не адбыўся»», – зазначыў на пачатку сустрэчы Андрэй Аляксандраў. Ён падзякаваў сабраным за цікавасць да сітуацыі ў Беларусі, нягледзячы на тое, што ўвага ўсяго свету цяпер прыкаваная да Украіны.

На прэзентацыю сабралася каля двух дзесяткаў чалавек. Сярод гасцей былі  як прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Лондане, так супрацоўнікі міжнародных арганізацый, што месцяцца ў сталіцы Вялікабрытаніі, – “Індэкса цэнзуры”, “Article 19”, Англійскага ПЭН-цэнтра і іншых.

Тры асноўныя аспекты, на якіх засяроджвае ўвагу даклад “За рэформы медыя ў Беларусі”, – гэта эканамічная дыскрымінацыя незалежных СМІ, рэпрэсіўнае заканадаўства ў гэтай сферы, а таксама фізічная бяспека журналістаў.

“Цяпер дзяржава крыху аслабіла сваю хватку, але яе пальцы па-ранейшаму на шыі журналістыкі. Гэтак жа было ў 2008-2009 гг., напярэдадні драматычных падзеяў прэзідэнцкіх выбараў 2010 г.”, – зазначыў Андрэй Бастунец. Актыўнае прымяненне закона аб барацьбе з экстрэмізмам супраць друкаваных інфармацыйных матэрыялаў, новы закон аб выдавецкай справе, яўны намер узяць пад кантроль анлайн-медыя – усё гэта, на думку юрыста, пацвярджае, што сітуацыя ў сферы прававога рэгулявання дзейнасці СМІ паступова пагаршаецца.  

На сустрэчы дэманстраваліся фрагменты дакументальнага фільма “Хроніка суднага часу”, створанага асацыяцыяй “Белфільм” на працягу 2012-2013 гадоў. Стужка сталася своеасаблівай грамадзянскай рэакцыяй кінадакументалістаў на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, якая істотна пагрошылася пасля падзеяў снежня 2010 года. Удзельнікі лонданскай імпрэзы ўбачылі фрагменты двухгадзіннага фільма, прысвечаныя Ірыне ХаліпАндрэю Пачобуту і Антону Сурапіну – журналістам, якія падвяргаліся крымінальнаму пераследу на працягу апошніх гадоў.  

Пасля прэзентацыі экспертам задавалі пытанні. Людзі цікавіліся, якія спосабы кантролю “непажаданых” інтэрнэт-крыніц ужываюцца ў часе палітычных кампаній у Беларусі, наколькі поўна і прафесійна беларускія СМІ асвятляюць падзеі ва Украіне, якім чынам гэтыя падзеі могуць адбіцца на сітуацыі ў Беларусі, ці магчыма ў нашай краіне з’яўленне паўнавартаснага анлайн-тэлебачання і г. д.  

У Беларусі даклад “За рэформы медыя ў Беларусі”, нагадаем, быў прэзентаваны напярэдадні 5-годдзя ўступлення ў сілу закона “Аб СМІ”, а 19 лютага са справаздачай пазнаёміліся ў Бруселі – акрамя Андрэя Аляксандрава і Андрэя Бастунца, у мерапрыемстве браў удзел эксперт Міжнароднай федэрацыі журналістаў Олівер Мані-Кёрл.

Копіі даклада накіраваныя ў профільную палату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прэзідэнцкую адміністрацыю і Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Оценить материал: распечатать Обсудить в: